haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Общество

03.05.2020 14:44

409 просмотров

0 комментариев

270 пацыентаў з пнеўманіямі, 12 памерлых за месяц — першая афіцыйная статыстыка са Стоўбцаў. І ні cлова прабачэння...

У дзяржаўным выданні з’явіўся першы матэрыял з афіцыйным прызнаннем асаблівай сітуацыі з каранавірусам у Стоўбцах. Прыкладна 70 пацыентаў са Стоўбцаў накіраваныя ў бальніцы іншых рэгіёнаў, а шпіталь у райцэнтры цалкам запоўнены хворымі з пнеўманіяй.

Пра гэта распавяла галоўная доктарка Стаўбцоўскай раённай бальніцы Святлана Глебка ў інтэрв’ю mlyn.by. Але ні слова прабачэння за месяц замоўчвання і замест іх — новыя выпады на адрас тых «хаваючыся па кутах, фатаграфавалі, як машыны хуткай дапамогі пад’язджалі да дамоў жыхароў рэгіёна».

«З самага пачатку пандэміі мы былі гатовыя да наплыву пацыентаў і правялі мэтанакіраваную падрыхтоўчую працу, — з гэтага пачынае доктарка. — Пачынаючы з сакавіка абсталявалі аддзяленні кіслародам, падрыхтавалі персанал, закупілі неабходныя сродкі індывідуальнай абароны, размеркавалі абавязкі. Таму, калі мы атрымалі ўсплёск каранавіруса на тэрыторыі раёна і, адпаведна, рост кантактаў першага ўзроўню, мы пачалі выразна гэта ўсё адпрацоўваць».

«Так, было складана, — працягвае яна. — Думаю, што вірус насіў завозны характар: на тэрыторыі раёна былі і дальнабойнікі, і людзі, якія вярнуліся з Іспаніі, Італіі і Германіі. Мабыць, усё гэта і дало такі вынік.

Першыя выпадкі былі вельмі цяжкімі. Пад ударам аказалася сталае насельніцтва са спадарожнымі захворваннямі».

«У нас быў трохтыднёвы перыяд інтэнсіўнай працы. Так, мы вазілі пацыентаў у іншыя рэгіёны. Нават пры наяўнасці такой падрыхтаванай базы разумелі, што калі не даставім чалавека ў іншы раён, дзе няма такога напружання, мы яго проста страцім. Вазілі — дзякуй калегам — і ў Валожын, і ў Капыль, у Мар’іну Горку, і ў Салігорск. Такім чынам, мы ратавалі людзей, якім патрэбна была рэанімацыйная дапамога.

Мы палічылі, што накіравалі ў іншыя рэгіёны 60–70 чалавек.

Сярод іх былі і пацверджаныя пнеўманіі, і верагодныя», — паведаміла С. Глебка

Графік колькасці пацыентаў з пнеўманіямі ў бальніцы Стоўбцаў. Яна мае 159 ложкаў, і ў канцы красавіка пнеўманійнікі занялі іх цалкам. Вялікую частку іх, а таксама людзей з іншымі хваробамі сталі адпраўляць у іншыя гарады.

«На працягу гэтага тыдня ў нас стабілізавалася абстаноўка, — кажа Святлана Глебка. — 

У папярэдні перыяд да нас паступала па 30 чалавек з пнеўманіяй у суткі. Зараз у сярэднім 8, — сказала доктарка. — Мы ўжо выпісваем здаровых пацыентаў. Учора, напрыклад, выпісалі 30 чалавек. Сёння — 19.

Гэта не толькі каранавірусная пнеўманія. Сёння ўвесь наш інфекцыйны шпіталь адкрыты на 159 ложкаў [18 красавіка ў інтэрв’ю раённай газеце Глебка сцвярджала, што ў шпіталі 134 месцы. Магчыма, пад уплывам абставін пад прыём кавіднікаў за гэты час прыстасавалі дадатковыя памяшканні — НН].

Практычна ўсе яны былі занятыя гэтымі пнеўманіямі, сёння засталося 119 чалавек.

Вядома, яшчэ трэба перажыць выходныя. Таму што, як бы мы ні прасілі насельніцтва берагчы сябе, нашы людзі ўсё роўна ідуць у госці, наведваюць месцы масавага збору людзей, бачацца са сваякамі. Ну а мы, медыкі, працаваць будзем усе выходныя.

— А з моманту ўспышкі каранавіруса колькі пацыентаў з пнеўманіямі праз вашу бальніцу прайшло?

— Дзесьці 260–270 пацыентаў. Але такія лічбы звязаны і з тым, што мы выяўлялі пнеўманію на ранніх стадыях праз выдадзеныя раней лісткі непрацаздольнасці. Гэта значыць, асаблівую ўвагу надалі людзям, якія хварэлі на ВРВІ і знаходзіліся на бальнічным. Яны праходзілі дадатковыя медыцынскія агляды. Так выяўлялася пнеўманія на ранняй стадыі, і дзякуючы своечасова прызначанаму лячэнню хвароба праходзіла лёгка, а часам бессімптомна», — сцвярджае С. Глебка.

«З моманту пачатку эпідэміі 7 пацыентаў з пацверджаным дыягназам COVID-19 сышлі з жыцця», — кажа Святлана Глебка і дадае. — у рэанімацыі памерла яшчэ 5 пацыентаў з адмоўным тэстам на каранавірус«.

Святлана Глебка сцвярджае, што за 4 месяцы гэтага года ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага колькасць памерлых у раёне паменшала на 7 — з 254 выпадкаў да 247. Такія нізкія лічбы смяротнасці ў першыя месяцы года могуць быць звязаныя з цёплай зімой і тым, што практычна не было хвалі грыпу і ВРВІ.

«Калі адштурхоўвацца ад гэтых лічбаў, то тады абсалютна незразумелая гэтая паніка», — заўважае ў адказ журналіст.

Святлана Глебка, у сваю чаргу, доўга і падрабязна спыняецца на тым, якія яшчэ хваробы былі ў памерлых носьбітаў каранавіруса, нібыта пацвярджаючы знакамітую тэзу, што «ад каранавіруса ў нас ніхто не памёр».

Глебка таксама прызнала, што ў Стоўбцах на каранавірус захварэлі і 4 супрацоўніцы бальніцы. «Хоць усе былі ў ахоўных супрацьчумных касцюмах. Захварэлі 3 маладыя дзяўчыны і я. Так, вы добра пачулі, я. Можаце не перажываць, учора быў закрыты мой бальнічны ліст.

Я знаходзілася на ізаляцыі ў сваім кабінеце, тут і жыла. Дадому мне ехаць нельга было па ўсіх сацыяльных паказаннях, бо ў мяне дома муж і пажылая мама. Адчувала я сябе нармальна, таму з кабінета каардынавала працу.

Я хварэла, можна сказаць, без адрыву ад вытворчасці. Нашы дзяўчаткі-дактары таксама добра сябе адчуваюць. Настроены аптымістычна», — кажа доктар Глебка.

У інтэрв’ю не прагучала ні слова прабачэння за месяц замоўчвання сітуацыі, ні слова спачування родным памерлых, а толькі новыя выпады на адрас «блогераў».

«Я прыехала ў Стоўбцы ў 2015 годзе, — кажа доктар Глебка. — Я душу ў гэты калектыў ўклала. Мы прызнаныя найлепшай бальніцай ў гэтым годзе. І калі паліўся гэты бруд, вы разумееце, як нам было балюча.

Я доўга трывала, але зараз скажу. Гэта проста крык душы. Яны, таварышы блогеры, лепш бы прыйшлі і дапамаглі мне гэты балон кіслародны цягаць. А не, хаваючыся па кутах, фатаграфавалі, як машыны хуткай дапамогі пад’язджалі да дамоў жыхароў рэгіёна. Гэта нахабства, гэта хамства. Не ведаю, як ім не сорамна пісаць усе гэтыя паскудствы, раскідвацца з’едлівымі выказваннямі, неадпаведнымі рэчаіснасці. Навошта ўсё гэтае цкаванне?

Я на адным з рэсурсаў убачыла, што сітуацыю каментуе нібыта працаўніца нашай бальніцы. Але гэтая жанчына ў нас ужо гадоў 10 не працуе.

Хочацца сказаць: „Адчапіцеся ад гэтых Стоўбцаў!“ Я ўпэўненая, што нармальных людзей больш, і яны зразумеюць, што мы робім усё, каб гэты перыяд хутчэй прайшоў».

Журналіст, у сваю чаргу, не пацікавіўся ў галоўнай доктаркі, ці была б хваля заражэння меншай пры ясным, вычарпальным і паслядоўным інфармаванні пра небяспеку каранавіруса, якога не было ні на нацыянальным, ні на раённым узроўні.

Толькі 18 красавіка Святлана Глебка дала першае інтэрв’ю ў раённай газеце, у якім у даволі абцякальнай форме ўпершыню прызнала экстраардынарны ўсплёск пнеўманій у раёне.

23 красавіка ў незалежным СМІ з’явіліся сведчанні таго, што сітуацыя ў раёне зайшла далёка.

Чытайце таксама: У Стоўбцах шматлікія смерці ад пнеўманій і каранавіруса. Расказваюць сваякі

Тым не менш, усяго 5 дзён назад, 27 красавіка, назад стаўбцоўская дзяржаўная раёнка зноў апублікавала артыкул, у якім сцвярджалася, што ад пнеўманіі ў раёне ніхто не памёр і высмейвала матэрыялы, дзе сцвярджалася, што райённы шпіталь перапоўнены. Пасля таго, як публікацыя выклікала шквал абураных каментароў грамадзян, яго на нейкі час выдалілі з сайта выдання, але пасля вярнулі.

Мяркуючы па разрозненай інфармацыі, сабранай СМІ і агучанай тымі чыноўнікамі і дактарамі, якія прарываюць заслону маўчання, Стаўбцоўскі раён стаў адным з самых уражаных пандэміяй. Такая ж напружаная сітуацыя склалася ў Віцебску, Докшыцкім, Бешанковіцкім раёнах Віцебскай вобласці, Мінску, Лунінецкім раёне Брэсцкай вобласці. У апошнія тыдні пагоршала сітуацыя ў Асіповічах, Маладзечне, Баранавічах, Наваполацку, Пастаўскім, Глыбоцкім і Лёзненскім раёнах Віцебскай вобласці.


Последние новости