haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Общество

13.05.2020 18:36

316 просмотров

0 комментариев

На Віцебшчыне каранавірусам заразіліся больш за 1500 мэдыкаў, на Гомельшчыне — больш за 500

Больш за 1500 мэдыкаў на Віцебшчыне заразіліся каранавіруснай інфэкцыяй, на Гомельшчыне — больш за 500.

«Эпідэміялягічная сытуацыя на Віцебшчыне пры ўсёй стабільнасьці застаецца складанай, з 1 красавіка па 12 траўня выпісалі больш 5400 пацыентаў, якія выздаравелі пасьля пнэўманіі. Да працы прыступілі 308 мэдыкаў, якія перанесьлі каранавірусную інфэкцыю», — паведаміў 13 траўня начальнік галоўнага ўпраўленьня па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкаму Міхаіл Вішнявецкі, яго цытуе газэта «Віцьбічы».

Колькі ўсяго мэдыкаў Віцебшчыны заразіліся каранавірусам з пачатку эпідэміі, Вішнявецкі не ўдакладніў.

Учора, 12 траўня, Вішнявецкі казаў, што «20% мэдработнікаў, якія былі інфікаваныя каранавірусам, выздаравелі, у тым ліку і ад пнэўманіі, і прыступілі да працы». Калі лічыць, што 20% — гэта тыя ж 308 работнікаў і лічба за апошнія суткі не зьмянілася, атрымліваецца, што на Віцебшчыне агулам заразіліся каранавірусам 1540 мэдыкаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Сьмяротнасьць ад COVID-19 сярод мэдыкаў у Беларусі ў 15-30 разоў вышэйшая за іншыя краіны Эўропы? Як такое атрымалася

У Гомельскай вобласьці тым часам каранавірусам COVID-19 заразіліся ўжо больш за 500 мэдыкаў, паведамляюць «Сильные новости» са спасылкай на некалькі незалежных крыніц. Усяго на дадзены момант у Гомельскай вобласьці афіцыйна пацьверджаныя больш за 2600 выпадкаў заражэньня COVID-19, удакладняе выданьне.

Мінздароўя Беларусі не паведамляе статыстыку колькасьці заражэньня каранавіруснай інфэкцыяй і сьмерцяў ад яго сярод мэдыцынскіх работнікаў.

Свабода зьбірае гісторыі пра лекараў, фэльчараў і мэдсясьцёр, якія сёлета страцілі жыцьцё, ратуючы беларусаў ад новай для чалавецтва хваробы. Дапоўніць сьпіс можна тут.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Як каранавірус пашыраецца ў сьвеце. ІНТЭРАКТЫЎНАЯ КАРТА

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​
  • Паводле: https://www.svaboda.org/a/30610150.html

Последние новости