haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Общество

20.05.2020 09:35

754 просмотра

0 комментариев

Хроніка выздараўлення ад каронавірусу адной шумілінскай сям’і, якая лячылася і ў Гарадку

Калі ў свеце загаварылі пра каронавірус, калі ён дабраўся-такі да нашай краіны і нават да раёна, многія з нас працягвалі адмаўляць магчымасць заражэння. Маўляў, мяне гэта абыдзе. Дык вось, Уладзімір Юпатаў не з такіх. Прызнаўся, што заўжды цвяроза ацэньваў сітуацыю і разумеў, што здарыцца можа ўсякае. І здарылася...



26 сакавіка мужчына адчуў стомленасць, слабасць у целе і ламоту. У яго знік смак, вышэй за 39 градусаў узнялася тэмпература – загарэўся твар. Здавалася, што ў роце быццам абпалена. У той жа дзень дрэнна сябе адчула і жонка Ала. Назаўтра раніцай Юпатавы адправіліся да тэрапеўта ў паліклініку. Ім далі бальнічны, прызначылі лячэнне. Потым жанчыне стала горш, і яе на «хуткай» адвезлі ў інфекцыйную бальніцу ў Гарадок. Калі аналіз на каронавірус паказаў станоўчы вынік, туды ж накіравалі Уладзіміра, а потым і двух дзяцей, у якіх таксама ўзнялася тэмпература.

Дзён шэсць сям’я лячылася ў Гарадку, затым Уладзіміра з дзецьмі перавезлі ў Шуміліна, дзе працягвалі лячэнне, Алу накіравалі ў абласную інфекцыйную бальніцу. Яе стан хутка пагаршаўся – развілася двухбаковая пнеўманія.

– Мы з дзецьмі перанеслі хваробу ў лёгкай форме, а вось за жонку вельмі перажывалі, асабліва, калі яна трапіла ў рэанімацыю, – прызнаўся мужчына. Калі пайшла на папраўку, Алу перавялі ў «афганскі» цэнтр, дзе яна праходзіла рэабілітацыю.

Зараз сям’я Юпатавых дома. Кантрольныя аналізы на каронавірус паказалі адмоўны вынік. Адчуваюць сябе здаровымі. Вялікую ўдзячнасць выказваюць медыкам Шумілінскай, Гарадоцкай раённым і абласной інфекцыйнай бальніц. Адзначаюць іх прафесіяналізм, зладжаную работу, самаадданасць.
– Каму зараз сапраўды няпроста, дык гэта дактарам, – упэўнены Уладзімір. – Яны літаральна жывуць на рабоце, дома не бываюць, змагаюцца на перадавой.

Загадчыку інфекцыйнага аддзялення Гарадоцкай ЦРБ Таццяне Куцкінай, раённаму педыятру Лідзіі Суханавай, намесніку галоўнага ўрача Святлане Лінкевіч (Шумілінская ЦРБ), загадчыку аддзялення абласной інфекцыйнай бальніцы Вользе Рагавенка – гэтым і іншым медыцынскім работнікам, што змагаліся за іх жыццё і здароўе, сям’я Юпатавых выказвае шчырыя словы ўдзячнасці. А таксама родным, сябрам, калегам, якія ўвесь гэты час маральна падтрымлівалі.

Уладзімір Юпатаў гатовы здаць кроў на плазму. А яшчэ ён раіць усім не расслабляцца – вытрымліваць нескладаныя правілы гігіены і сацыяльнага дыстанцавання. Сам, калі ідзе ў краму, надзявае маску, абавязкова апрацоўвае рукі антысептыкам. Берагчы сябе трэба!

Наталля ЧАРНІЧЭНКА.

"Герой працы"

Чытаць цалкам: http://www.shumilino.by/?p=54613

Последние новости