haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Общество

23.05.2020 13:36

356 просмотров

0 комментариев

«Агідная хвароба». 21-гадовы студэнт з добрым здароўем 5 тыдняў лячыўся ад каранавірусу

Студэнт Лінгвістычнага ўнівэрсытэту Іван, у якога не было ніякіх хранічных захворваньняў, праляжаў з каранавірусам у розных шпіталях агулам 5 тыдняў. Да пнэўманіі не дайшло, але дагэтуль хлопец ня чуе пахаў і смаку. Праз два тыдні зьбіраецца здаць плязму, каб дапамагчы іншым цяжка хворым на COVID-19.

Першай захварэла маці — спачатку бессымптомна. А бабуля памерла

Студэнт Іван родам з Жыткавічаў Гомельскай вобласьці. Разам са сваёй дзяўчынай у Менску наймае кватэру. На пачатку красавіка ён паехаў дадому — наведаць маму і старэнькую бабулю. 72-гадовая бабка была «ляжачая», 4 месяцы не ўставала з ложку, а тут стан яе рэзка пагоршыўся: пачала задыхацца, кашляць. 6 красавіка яна памерла — Іван якраз пасьпеў на пахаваньне.

Сям’я пачала высьвятляць, што магло здарыцца. Вырашылі, што першай каранавірусам заразілася 44-гадовая Іванава маці. У Жыткавічах тады была ўспышка — у райцэнтар заразу завёз чалавек, які вярнуўся з Італіі. Магчыма, маці Івана ўжо была інфікаваная, і хвароба ў яе спачатку праходзіла бессымптомна, а вось аслаблены бабулін арганізм ня вытрымаў. Тэст на каранавірус бабцы ніхто не рабіў, яе не ўскрывалі — у даведцы напісалі, што памерла ад старасьці.

Іван пасьля пахаваньня бабулі адразу вярнуўся ў Менск. А ў Жыткавічах маці пагоршала. Пайшла ў паліклініку, ёй прапісалі арпетол. Стала яшчэ горш — маці настаяла на рэнтгене, які паказаў пнэўманію. Зрабілі тэст на каранавірус, аказаўся станоўчы. З Жыткавічаў маці тэрмінова перавялі ў гомельскі інфэкцыйны шпіталь.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Плюс 945 інфікаваных і 6 памерлых. Апублікавалі афіцыйную статыстыку COVID-19 у Беларусі на 21 траўня

«Не адчуваў пахаў — здавалася, што ўсё сьмярдзіць хімікатамі, не адчуваў смаку»

У Менску ў Івана паднялася тэмпэратура, балела горла. Ён самаізаляваўся на найманай кватэры. Піў парацэтамол, спадзяваўся, што хутка прастуда пройдзе.

«Калі маці паведаміла пра станоўчы тэст, я сам пайшоў у студэнцкую паліклініку № 33, каб зрабіць тэст як кантакт першага ўзроўню — бо прыехаць да мяне мэдыкі адмовіліся. Я ўжо страціў нюх — здавалася, што ўсё сьмярдзіць хімікатамі, таксама не адчуваў смаку. У студэнцкай паліклініцы тэст зрабілі і параілі тэрмінова ехаць дадому ў Жыткавічы, там чакаць выніку тэсту і лячыцца», — кажа хлопец.

Іван на сваёй машыне паехаў у Жыткавічы, там яму таксама зрабілі тэст.

Вынікі двух тэстаў — менскага і жыткавіцкага — прыйшлі ў адзін дзень, абодва станоўчыя.

«Адразу ж мяне накіравалі ў Гомель, у перапрафіляванае пад COVID-19 анкалягічнае аддзяленьне, там я праляжаў 2 тыдні. Калолі антыбіётыкі, іншыя прэпараты, давалі таблеткі — лячылі інтэнсіўна. Адтуль перавялі ў іншы шпіталь — для хворых у лёгкай форме, там ужо проста ляжаў, лячэньня амаль не было. Настаяў, каб далі хоць самы просты прэпарат ад кашлю — амбраксол.

Агідная хвароба — цяжка дыхаць, быццам бы і папраўляесься, а слабасьць страшэнная», — узгадвае Іван.

Агулам малады чалавек правёў у шпіталях 5 тыдняў — 10 красавіка яго паклалі, а выпісалі 15 траўня. Прычым ніякіх хранічных захворваньняў у яго няма, фізычна моцны, займаецца спортам.

6 дзён дамагалася тэсту дзяўчына Івана як кантакт першага ўзроўню. У яе тэст аказаўся адмоўны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Статыстыка «завісла»: тры тыдні ў Беларусі каля 918 новых выпадкаў COVID-19 і 4-5 прызнаных сьмерцяў

«Вынікаў тэстаў давялося чакаць па 8–9 дзён»

Асобная гісторыя — гэта тэсты на каранавірус. Усяго Івану іх зрабілі 6. Першы ў Менску, другі ў Жыткавічах, чатыры ў Гомлі.

«Вынікаў тэстаў давялося чакаць па 8–9 дзён. У гомельскім шпіталі тэст узялі 5 траўня, ён быў станоўчы. Другі, 6 траўня, ужо аказаўся адмоўны — пра вынікі абодвух я даведаўся адначасова толькі 13 траўня. Такое ўражаньне, што тэсты тыдзень назапашвалі, а потым хутка за пару дзён усе зрабілі. Мой пяты тэст за 9 траўня недзе згубіўся. 13 траўня зрабілі ўжо шосты тэст — ён аказаўся адмоўны. Пасьля гэтага мяне выпісалі.

Са мной у адной палаце ляжаў мужчына таксама з Жыткавічаў, яму зрабілі чатыры тэсты. Першы станоўчы, другі адмоўны, трэці зноў станоўчы, чацьвёрты адмоўны. Вось і вер іх дакладнасьці!» — кажа Іван.

Дарэчы, цяпер «каранавірусных» выпісваюць пасьля аднаго адмоўнага тэста. Шпіталі перапоўненыя, трэба іх разгружаць. Івану таксама прапаноўвалі пасьля першага адмоўнага тэсту вярнуцца дадому на самаізаляцыю.

Сустракаліся і вельмі цяжка хворыя: 62-гадовы мужчына ляжаў у шпіталі 2,5 месяца — з 3 сакавіка па 15 траўня. У яго было і спыненьне сэрца, і на ШВЛ ён ляжаў — яго літаральна выцягнулі з таго сьвету.

Ня верыць Іван і ў статыстыку Мінздароўя.

«Нам заяўляюць: зроблена, да прыкладу, 30 тысяч тэстаў, працэнт захварэлых — 8,7. Але ж мэдыкам абавязкова робяць адзін тэст на два тыдні. Мінімум кожнаму „кавіднаму“ робяць 3 тэсты. Мне асабіста зрабілі 6 тэстаў. Яны ж ня лічаць новыя выпадкі. Як тады яны лічаць працэнт?» — дзівіцца малады чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Беларусі сьмяротнасьць ніжэйшая чым у Швэцыі ў 22 разы. Гэта добра — але ці праўда?

Іван зьбіраецца здаць плязму, каб дапамагчы іншым хворым

Маці Івана перанесла хваробу цяжэй: у яе каранавірус, ускладнены двухбаковай пнэўманіяй. Тыдзень таму пасьля аднаго адмоўнага тэста яе накіравалі далечвацца ў санаторый «Жывіца» пад Гомлем. У санаторыі 12 асобам адразу ж прапанавалі паехаць дадому на самаізаляцыю, бальшыня пагадзілася. Маці не пагадзілася і засталася далечвацца. У пятніцу яе, магчыма, ужо выпішуць.

Пачуваецца хлопец яшчэ ня вельмі здаровым, кажа, што нюх і смак дагэтуль цалкам не вярнуліся.

«Ем шакалядку, а яна мне падаецца салёнай — пакуль вярнулася толькі адчувальнасьць да салёнага, а да салодкага — не», — кажа Іван.

Праз два тыдні Іван зьбіраецца здаць тэст на антыцелы, каб стаць донарам — здаць плязму, дапамагчы іншым хворым.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Пачуў пра парад і сьмерць сьвятара і вырашыў дапамагаць людзям». Як і хто здае плязму для людзей з COVID-19

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Як каранавірус пашыраецца ў сьвеце. ІНТЭРАКТЫЎНАЯ КАРТА

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​
  • Іна Студзінская
  • https://www.svaboda.org/a/30625835.html


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Последние новости