haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Общество

03.06.2020 15:58

309 просмотров

0 комментариев

Пра Глыбокае і збор подпісаў: «Тое, што я пабачыў, нельга назваць народным гневам. Гэта мірнае, але рашучае жаданне перамен»

1 чэрвеня ў Глыбокім праходзіў пікет па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Святланы Ціханоўскай. Я накіраваўся ў Глыбокае, каб паглядзець і паспрабаваць зразумець, што адбываецца. Чаму асцярожныя і нешматслоўныя жыхары беларускай правінцыі ўзялі пашпарты і сотнямі пайшлі падпісвацца за тое, каб прэзідэнтам быў не Лукашэнка?

Чарга ахвотных паставіць подпісы расцягнулася ўпоперак Цэнтральнай плошчы — самага сэрца Глыбокага, дзе з XVI стагоддзя быў рынак, цэнтр грамадскага і гаспадарчага жыцця Глыбокага і ваколіц. Цяпер тут — роўная, выкладзеная пліткай і... звычайна малалюдная плошча. На адным баку плошчы стаіць сяміпавярховы будынак райвыканкама, які глыбачане называюць Белым Домам, з другога адкрываецца прыгожы від на возера Кагальнае, адно з пяці азёраў у горадзе.

Плошчу перасякаў ланцужок людзей. У чарзе да пікета я налічыў дваццаць дзевяць чалавек. Каля дванаццатай гадзіны найбольш было мужчын перадпенсійнага веку, простых рабочых.

Чую, як двое знаёмых размаўляючы, крытыкуюць уладу за нізкія заробкі, за нізкія пенсіі. «Нам трэба пра ўнукаў думаць. Каб ім не выязджаць у Еўропу там старым сракі падціраць», — кажа рабацяга.

Фота Кастуся Шыталя.

Хто падпісаўся — сыходзяць, новыя людзі становяцца ў чаргу. Наступныя гадзіны ў чарзе заўсёды стаяць больш-менш чалавек трыццаць. За гадзіну праз пікет праходзіць, пакінуўшы подпісы, трыццаць-сорак чалавек. За дзень — а пікет стаяў з 12 да 22 гадзіны без перапынку — было сабрана каля 350 подпісаў.

Больш за палову людзей стаяць у чарзе, адзеўшы маску. Наогул, у горадзе не рэдка можна сустрэць людзей у масках — эпідэмія каранавіруса закранула Глыбокае, ёсць і смяротныя выпадкі.

Заўважна, што многія людзі ішлі без масак, а апраналі іх, падыходзячы да чаргі. Цікава, ці тут болей праяўляецца жаданне асабістай бяспекі, ці людзі ўспрымаюць нашэнне маскі як добры тон, як праяву адказных грамадзянскіх паводзін у сённяшняй сітуацыі.

Між сабой разважаюць пра выбарчую кампанію, пра фальсіфікацыі пры падліку галасоў, пра нядаўнюю правакацыю супраць Ціханоўскага ў Гродне.

«Ай, Ярмошына ўсё ўжо выбрала», — кажа адзін з прысутных.

Пра відэаблогера з суседняга мястэчка, які праз смартфон вёў стрым на YouTube, людзі падумалі, што гэта міліцэйскі аператар. «Ай, няхай здымае, мы па законе маем права», — кажуць.

Я прыслухоўваюся да размоў і спрабую зразумець, якія настроі кіруюць людзьмі, якія прыйшлі на пікет. Не, гэта не злосць. Не адчуваецца злосці, хоць часам

у выказваннях людзей пра ўладу — ведама ж, простыя рабацягі — праскокваюць нецэнзурныя словы.

Моцнай надзеі на перамены таксама не адчуваецца, кажуць пра фальсіфікацыі і рэпрэсіі. «Я ведаю, што гэта нічым не дапаможа, але... трэба», — кажа пенсіянерка, прыхаджанка глыбоцкага касцёла.

Наогул, размаўляюць мала. Зусім не збіраюцца ў купкі, не дыскутуюць. Толькі са сваімі знаёмымі перакідваюцца колькімі словамі. Пераважна стаяць моўчкі, з пашпартамі ў руках чакаючы сваёй чаргі.

На пікет прыйшлі новыя людзі, якія раней не ўдзельнічалі ні ў палітычнай дзейнасці, ні ў якой-небудзь незалежнай ад уладаў грамадскай актыўнасці.

«Старыя» актывісты з асяроддзя, якое калісьці гуртавалася пры суполцы БНФ, рэдакцыі «Вольнага Глыбокага» і цэнтры «Барміца», прыйшлі таксама. Але яны не склалі б і дзясятай часткі тых, хто прыйшоў падпісацца. Абсалютная большасць — новыя людзі, якія раней не пераймаліся палітыкай.

Фота Кастуся Шыталя.

Каля стала, дзе збіраюць подпісы, сустракаю жанчыну ў чырвонай куртцы. Гэта «зорка Ютуба», прадпрымальніца Людміла Барэйка.

Яна ўжо на пенсіі, але працягвае працаваць. Яна таксама не займалася палітыкай, але ў канцы сакавіка прыйшла на сустрэчу з Сяргеем Ціханоўскім. Яе прамова (Людміла казала, што не рыхтавалася і не збіралася выступаць) раптоўна набрала мільён праглядаў. Глыбоцкі суд ацаніў прамову ў дзесяць базавых велічыняў штрафу.

А землякі сталі падыходзіць на вуліцах, выказваць падтрымку. І вось цяпер дзве жанчыны падышлі і папрасілі сфатаграфавацца з Людмілай.

Фота Кастуся Шыталя.

У тым сакавіцкім стрыме Людміла Барэйка параўнала беларускую сітуацыю з казкай Чукоўскага «Тараканішча». Ціханоўскі ператварыў гэтае параўнанне ў лозунг «Стоп Таракан!», а ягоныя гледачы сталі прыходзіць на пікеты з тапкамі ў руках. Праўда, у Глыбокім на пікет ніхто не прынёс тапкі, а словы «спыніць таракана» я пачуў толькі ад дваіх прысутных.

У сярэдзіне дня падняўся вецер, ён зрываў са сталоў, вырываў з рук аркушы з подпісамі. Пікетоўцы перайшлі з плошчы ўніз, у бок возера, дзе схіл пагорка закрываў іх ад ветру. На плошчы застаўся толькі банэр з назвай канала Ціханоўскага «Страна для жизни». Да гэтага часу знікла і чарга. Аднак зборшчыкі подпісаў не засталіся без занятку: увесь час хто-небудзь ды падыходзіў падпісацца. Актывісты не маглі адлучыцца паабедаць, дык глыбачане прыносілі ім каву і ежу.

Фота Кастуся Шыталя.

Пасля пятай гадзіны на пікеце з’явілася здымачная група Белсата — прыехалі з Мінска, каб правесці стрым. Карэспандэнты трохі перажываюць, што малавата людзей, што не змогуць паказаць гледачам чаргу, якая была ў сярэдзіне дня. Але каля шостай гадзіны людзей зноў стала прыходзіць болей — цяпер ужо болей прыходзіла моладзь, сем’і. Зноў утварылася чарга, якая пастаянна налічвала каля дваццаці чалавек. Большасць людзей ахвотна выказваліся на камеру, адказвалі на пытанне, чаму яны прыйшлі падпісацца.

Я перагледзеў стрым пазней, і адзначыў для сябе, пра што найчасцей казалі глыбачане, якія прыйшлі на пікет.

Па-першае, людзі кажуць, што сённяшняя палітычная сітуацыя ім надакучыла. «Дваццаць шэсць гадоў... Колькі ўжо можна... Трэба перамены, трэба пусціць маладых», — гэтыя словы людзі паўтаралі часцей за ўсё.

Па-другое, людзі казалі, што хочуць сумленных і канкурэнтных выбараў. Многія адказвалі, што прыйшлі не дзеля Ціханоўскіх, а дзеля таго, каб на выбарах была альтэрнатыва. Пра Сяргея Ціханоўскага некалькі чалавек выказаліся пазітыўна, бо ён на канале «кажа праўду», «кажа ўсё як ёсць».

Па-трэцяе (а можа, па-першае?), людзі хочуць працы і годнага заробку. Наракаюць, што многія атрымліваюць такі заробак, за які можна «толькі выжыць». Многія з прысутных або працавалі на заробках за мяжой, альбо збіраюцца выязджаць на заробкі ці ў эміграцыю. Пры гэтым яны сцвярджаюць, што хацелі б жыць і працаваць на радзіме — калі б толькі была праца, на якой можна зарабіць на годнае жыццё.

Пры ўсім гэтым людзі выказваюцца спакойна, у іх словах не чуваць злосці, агрэсіі, нянавісці. Гэта мяне прыемна здзівіла.

У мінулыя гады я перыядычна сустракаў крытыкаў улады з ліку простага народа, і многія выказваліся пра ўладу, пра Лукашэнку са страшнай нянавісцю. На пікеце ў Глыбокім я гэтага не сустрэў. Можа, выбіралі словы, калі казалі перад камерай? Але і без камеры выказваліся стрымана, не выяўляючы рэзкіх эмоцый.

Дык усё ж такі, што адбываецца ў Глыбокім і іншых гарадах Беларусі?

Тое, што я пабачыў, нельга назваць народным гневам. Гэта спакойная, мірная, але адначасова і рашучая дэманстрацыя жадання перамен.

Калі я правільна падсумаваў свае назіранні — падпісацца супраць Лукашэнкі выйшлі людзі, якія раней не асабліва цікавіліся палітыкай, не асабліва вінавацілі ў сваіх праблемах уладу, не ішлі на канфлікты. Яны будавалі сваю будучыню ўласнай працай. Яны імкнуліся да дабрабыту і спакойнага, годнага жыцця для сябе і сваіх дзяцей.

Але да вясны і лета 2020 года яны прыйшлі да высновы, што для годнага жыцця ім неабходныя палітычныя перамены.

Кастусь Шыталь, Глыбока
https://nn.by/?c=ar&i=252849

Последние новости