haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Общество

05.08.2020 09:27

253 просмотра

0 комментариев

Святлана Ціханоўская: Лукашэнка «майданам» палохае бабуль. Ніхто з нас не хоча крыві

Belsat.eu пагаварыў са Святланай Ціханоўскай аб сацыяльнай мабілізацыі, палітычнай адказнасці і «майдане», у якім Лукашэнка абвінавачвае сваіх апанентаў.

— На вас цяпер вялікая адказнасць, бо шмат людзей прыходзіць на мітынгі. Вы гэтага чакалі?

Я чакала, што на мітынгі будзе прыходзіць шмат людзей. Я разумею, што ў нас у краіне высокія запыты на перамены. На гэтыя мітынгі прыходзяць не толькі прыхільнікі Сяргея Ціханоўскага, але і Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы. Цяпер народ вельмі аб’яднаны. Людзі хочуць пераменаў і выходзяць, каб гэта паказаць.

Рэпартаж

«Працуем бясплатна, кормяць бутэрбродамі». Паказваем мітынг Святланы Ціханоўскай знутры

2020.08.04 00:02

— Тыя, хто прыходзяць на мітынгі, дакладна ведаюць, чаго хочуць, ці яны проста хочуць, каб сышоў Лукашэнка?

Што значыць дакладна? Яны не хочуць, каб іх хапалі на вуліцы, калі стаяць у чарзе. Яны дакладна не хочуць, калі крытыкуюць уладу, каб іх забралі на 15 содняў ці далі грашовы штраф. Яны дакладна не хочуць, каб ім на працы закрывалі раты і абыходзіліся як з рабамі. Хамства квітнее з боку начальнікаў, людзей ні ў што не ставяць.

Людзі хочуць быць людзьмі, а не народцам, як выказваецца наша ўлада.

Святлана Ціханоўская, Вераніка Цапкала і Марыя Калеснікава на мітынгу ў Менску 30 ліпеня. Фота: «Белсат»

— Але беларусы — яны цярпелі столькі гадоў і не выходзілі на пратэсты...

Так, цярпелі. У нас жа былі спробы і ў 2010-м годзе і яшчэ раней — у 96-м. Гэта былі мірныя акцыі, іх душылі. У гэтым годзе сітуацыя змянілася. Па-першае, стала вельмі шмат інфармацыі, яна хутка распаўсюджваецца. Такога ні ў 2010-м, ні раней не было. У 2010-м годзе вельмі жорстка задушылі пратэсты. Цяпер пра Плошчу казаць не варта. У нас ёсць цывілізаваныя метады вырашэння пытанняў. Мы хочам усё рабіць законна.

Ніхто не хоча крыві, ніхто не хоча, каб пакутавалі людзі. Нам апошнім часам дэманструюць і танкі, і войскі, але гэта нікому не трэба. Я не хачу, каб людзі такім чынам пацярпелі. Для таго, каб гэтага не здарылася, дастаткова правесці сумленныя выбары. Хіба мы шмат просім?

— Цяпер сумленныя выбары для Лукашэнкі будуць азначаць страту ўлады.

Страціць і што? Пасля 26 гадоў яе можна і страціць. Прэзідэнт — наёмны работнік.

Hавiны

Лукашэнка звярнуўся да беларусаў: Беларусь — наша, любімая. А любімую не аддаюць!

2020.08.04 12:00

— Калі праходзілі парламенцкія выбары, улады таксама пагражалі рэвалюцыяй, «майданам». У мяне такое ўражанне, што тады беларусы слова «майдан» разумелі як масавыя акцыі пратэсту. Зараз «майдан» часцей разумеецца як тое, што ўлады могуць зрабіць з людзьмі, як масавыя закалоты. Ці гэта сапраўды так?

Хто кажа пра «майдан»? Толькі з экранаў тэлевізараў. Ніхто не хоча ніякага «майдана». Гэта ён палохае бабуль, дзядуляў, людзей, якія глядзяць тэлевізар, што мы «майданутыя». Ніхто з нас ні разу не сказаў слова «майдан».

Мы бачым, што людзі выйшлі падтрымаць незарэгістраваных кандыдатаў. Людзі выйшлі проста стаяць, і такое абыходжанне з імі з боку АМАПу — злачынства. Людзі разумеюць, што выходзіць на плошчы раўнаважна смерці. Прэзідэнту можа хапіць розуму, каб вывесці супраць нашых людзей танкі. Гэтага нікому не трэба.

Бо ёсць іншыя законныя спосабы барацьбы. У нас могуць быць забастоўкі, бо мы абараняем сваё права выбіраць. Гэта прапісана ў Канстытуцыі, якая, на жаль, не працуе. Ніхто не хоча падстаўляцца пад кулі. А ўлада гэты загад, думаю, папросту аддасць.

На мітынгі ў падтрымку Святланы Ціханоўскай у кожным горадзе прыходзяць тысячы беларусаў. Фота: Belsat.eu

— Што ў гэтай сітуацыі можа зрабіць Еўрапейскі Звяз?

З кім бы не размаўляла з еўрапейскіх краін, калі ёсць такая магчымасць, заўсёды прашу нейкім чынам паўплываць на Лукашэнку. Каб нават калі раптам людзі захочуць выказаць свой пратэст супраць фальсіфікацыі выбараў, ён не аддаваў загад страляць у людзей. Гэта злачынства.

Я разумею, што Еўрапейскі Звяз зараз не вельмі хоча ўмешвацца. Для нас істотная любая дапамога, нават неспакой і заклапочанасць.

— Ёсць яшчэ ЗША. Ці не могуць яны неяк паўплываць?

Думаю гэтак жа, як і Еўразвяз.

Вы ўяўляеце, як яму прачынацца і разумець, што народ яго больш не любіць. У гэтай краіне больш немагчыма так жыць. Людзі не хочуць гэтага прэзідэнта.

— А ці Польшча адыгрывае нейкую ролю для беларусаў тут, а таксама асабіста для вас?

Вядома, мы ставім Польшчу ў прыклад. Мы калісьці пачыналі з аднаго ўзроўню прыкладна. І Беларусь тады жыла лепей. Паглядзіце, дзе цяпер палякі — шчаслівыя людзі, нашыя людзі ездзяць у Польшчу на заробкі, за будматэрыяламі і прадуктамі. То бок, у палякаў даход вышэй і ўсё танней. А ў нас даход ніжэй, а ўсё даражэйшае. Значыць, мы ідзем не тым шляхам развіцця.

Маладое пакаленне на сустрэчы са Святланаю Ціханоўскай у Барысаве, 23 ліпеня. Фота: Аліса Ганчар / Belsat.eu

— Ці лёгка будзе змяніць вектар развіцця краіны і разгарнуцца з Всходу на Захад?

Разумееце, лёгка не будзе, гэта зойме гады. Але калі прыйдзе годны кіраўнік, які разумее, як працуе эканоміка, бізнес, з выразным планам развіцця краіны, можна гэтага дамагчыся. Я больш, чым упэўненая, як толькі ў нас зменіцца прэзідэнт, які будзе арыентаваны на ўзаемавыгадныя адносіны з памежнымі краінамі, суседзі пойдуць нам насустрач. Пойдуць на нейкія саступкі, каб даць штуршок для развіцця нашай краіне.

Хоць Польшча ітак дапамагае нашай краіне, напрыклад, у гуманітарнай сферы. Думаю, яны не кінуць нас, калі ўсё абрынецца. Мы разумеем, што ў нас ёсць вонкавы доўг і яго трэба пагашаць. Ніхто з Еўразвязу не будзе ставіцца да нас негатыўна.

— Але Беларусь цяпер вельмі трывала звязаная з Расеяй, ёсць Саюзная дзяржава. Гэта таксама трэба неяк вырашыць?

Нам не трэба ні з кім сварыцца. Няўжо ў XXI стагоддзі нельга сябраваць з усімі краінамі? Няўжо абавязкова выбіраць Усход ці Захад? Навошта?

Валанцёр раздае сцяжкі перад мітынгам у Баранавічах. 02.08.2020, Баранавічы, Беларусь.

Фота: Аляксандр Васюковіч / Вот так

— Украіна хацела сябраваць з усімі шмат гадоў, праводзіла шматвектарную палітыку, але ўсё скончылася вельмі дрэнна. Расея — моцная краіна, і прыцягвае да сябе вельмі моцна. Так ці інакш, будзе момант, калі вам прыйдзецца зрабіць выбар.

Я думаю, што выбар зробіць новы прэзідэнт, якога абярэ народ. Мне няма сэнсу задаваць такія пытанні, таму што ў мяне тут канкрэтная задача: перамагчы і арганізаваць новыя выбары.

— Але вы можаце зноў выйграць наступныя выбары і быць прэзідэнтам!

Я дакладна не буду балатавацца. Я не люблю слова ўлада, я не ўладны чалавек. Мне дастаткова гэтай місіі, якая цяпер на мяне ўскладзеная.

Калі новы прэзідэнт вырашыць, што я магу стаць галоўным настаўнікам краіны, я магу пагадзіцца. Я жартую, але сур’ёзна прэзідэнт — гэта няпростая задача, гэта больш, чым складана. Толькі чалавек, які разумее, як усё гэта працуе, з адпаведнай адукацыяй, можа справіцца з гэтым. Якая Ціханоўская...

У мяне свае складанасці. Мне даводзіцца выступаць, з людзьмі размаўляць, гэта вельмі вялікая адказнасць. У мяне ёсць свае псіхалагічныя барʼеры. Я ж ніколі перад людзьмі не выступала. Я была звычайнай мамай і жонкай.

Паволі спраўляюся. Раз трэба — значыць трэба.

Размаўляў Пётр Пагажэльскі/МВ

belsat.eu

Последние новости