СМС і Вайбер-кантакт з рэдакцыяй
17:32 Сілавікі пачалі разганяць калону, што рухаецца па вуліцы Кальварыйскай у бок метро «Пушкінская». За ёй пэўны час рухаўся дзясятак мікрааўтобусаў з сілавікамі.
Каля квартала «Каскад» сілавікі выйшлі з бусаў і пачалі хапаць людзей у хвасце калоны. Пратэстоўцы разбегліся ў двары.

17:15 У Менску калона пратэстоўцаў каля ізалятара. Яны крычаць «Выпускай!»

17:00 Калоны пратэстоўцаў у Менску ідуць па Нямізе, Цэткін і праспекце Прытыцкага.

16:40 «Вясна» паведамляе імёны

Акцыі, апроч Менску, праходзяць сёння ў Бабруйску, Віцебску, Жодзіне, Жабінцы, Берасці, Горадні ды іншых гарадах.

16:20 У Менску галава найбуйнешай калоны дайшла да станцыі метро «Пушкінская».

16:13 Некалькі тысяч чалавек ідуць ад Гарадскога Валу па Кальварыйскай у бок «Кароны» па праезжай частцы.

Яны не даюць праехаць калоне вайсковай тэхнікі, якая вымушаная павольна рушыць за імі, бо аб’ехаць не можа.

16:06 Менскі пратэст сёння раздзелены на некалькі калонаў. Вось адна з іх:
16:00 У Менску супраць пратэстоўцаў прыгналі новыя вадамёты. У Віцебску сілавікі ўжылі слезацечны газ.

15:52 У Віцебску вызвалі журналістаў Таццяну Мацвееву і Сержука Серабро.

15:45 На Машэрава дэманстранты закідалі вадамёт камянямі. Пратэстоўцы раздзеленыя, некаторыя ідуць з праспекту Пераможцаў у напрамку Кальварыйскай і Нямігі, некаторыя па Раманаўскай слабадзе набліжаюцца да стэлы.

15:35 На Машэрава дэманстранты абступілі вадамёт, дасталі з яго кантэйнеры з каляровай вадкасцю і вылілі іх на дарогу. Пасля гэтага вадамёт зламаўся, ён бесперапынна ліе ваду ўгору фантанам і вымушана з’язджае пад улюлюканне пратэстоўцаў, перадае «Наша Ніва».
На Нямізе адбываецца хапун.
15:32 У Менску людзі выйшлі на Машэрава і рушылі ў бок скрыжавання з Ціміразева. Ідуць па праезнай часткі. Па Старажоўскай працягвае рушыць калона.
15:22 Дзясяткі тысяч чалавек занялі праезную частку праспекта Машэрава. Дэманстрантаў папярэджваюць з гукаўзмацняльнікаў, што забараняецца хаваць твар за маскай. Такога раней не бывала.
15:17 Калоны людзей у Менску сцягваюцца да Стэлы з усіх бакоў. Людзі ідуць ад Нямігі, па Старажоўскай, па Багдановіча, з боку Опернага тэатру і павяртаюць на праспект Пераможцаў. Каля Палацу Спорту супраць пратэстоўцаў уключылі вадамёт.
15:10 У Бабруйску, як паведамляецца затрымалі 50 чалавек — усіх, хто выйшаў на акцыю. Сярод затрыманых таксама журналісткі Марына Малчанава і Алеся Лацінская. Затрыманні пачаліся таксама ў Горадні, вядома прынамсі пра трох чалавек. У Віцебску затрымалі хлопца з бчб-сцягам.
З самае раніцы ў падтрыманне ўсіх, хто ідзе на сённяшні марш выказалася Святлана Ціханоўская.
«Кожны з вас выходзіць на пратэсты, у першую чаргу, за ўласную свабоду. Але сёння — марш за свабоду палітвязняў. Гэта людзі, якія, як Сяргей Ціханоўскі, не бачылі сям’ю і дзяцей ужо некалькі месяцаў. Гэта людзі, якія пацярпелі за свае перакананні — і пакутуюць дагэтуль. І наша задача — вызваліць іх. Таму я падтрымліваю кожнага, хто выйдзе сёння на вуліцу свайго горада. Хай увесь свет бачыць: беларусы хочуць жыць на волі, а не ў турме».
У сваёй заяве народная абранница таксама выказалася пра загінулага пасля побыту на Акрэсціна Дзяніса К.
«Страшна, што людзі гінуць, што іх забіваюць у засценках. Страшна, што іх смерць затуляюць відавочнай хлуснёй. Страшна, што ў турмах Беларусі дагэтуль знаходзіцца велізарная колькасць людзей, кінутых туды за тое, што асмеліліся змагацца за свабоду».
14.50 У Віцебску і іншых гарадах таксама натоўпы ідуць на акцыі, прымеркаваныя вызваленню палітычных вязняў.

14.45 Аўтазакі стаяць і каля музычнага тэатру ў сталіцы.

14.35 Каля ГЦ «Мега» ў Віцебску затрымалі журналістаў TUT.by і «Народных навінаў Віцебску».
14.20 Віцебскіх журналістаў Таццяну Матвееву, Алеся Пілецкага і Сержука Серабро вязуць у Першамайскі РАУС пакуль толькі дзеля праверання дакументаў паведаміў па тэлефоне Сяржук Серабро.
14.00 Беларусаў, якія ідуць на «Марш вызвалення палітвязняў» у раёне стэлы «Менск — горад-герой» чакаеа вайсковая бронетэхніка і вадамёты. Каля палацу Незалежнасці стаяць БТР-ы. Частка аўтазакаў запаркаваныя каля Купалаўскага тэатру.
13.50 Закрытыя шэраг станцыяў сталічнага метро. У прыватнасці, «Плошча Перамогі», «Кастрычніцкая», «Плошча Леніна».
13.30 У Менску на праспекце Машэрава ціхары спыняюць мінакоў і пасля праверкі дакументаў. Фіксуюць усё на камеру, праводзяць тлумачальную гутарку.
ЮЦ Belsat.eu