haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Общество

30.07.2021 07:18

669 просмотров

0 комментариев

Недабор у Вайсковай акадэміі, прахадны — усяго 120 балаў. Які конкурс сёлета ў сілавыя ВНУ?

За апошні год імідж сілавых органаў істотна змяніўся. Ці шмат моладзі сёлета паступае на следчых, судэкспертаў і вайскоўцаў? «Наша Ніва» прааналізавала лічбы ўступнай кампаніі.

Акадэмія МУС

Найбольшай папулярнасцю сёлета карысталіся кірункі «аператыўна-вышуковая дзейнасць» (135 заяў на 110 месцаў, конкурс — 1,2) і «судова-пракурорска-следчая дзейнасць» (114 заяў на 75 месцаў, конкурс — 1,5). Будучаму аператыўніку неабходна 195 балаў (сума па трох ЦТ і сярэднім бале атэстата), каб вучыцца бясплатна, следчаму — 210. Летась прахадныя балы на гэтыя кірункі былі на 10 пунктаў вышэй.

Самы вялікі конкурс — на судэксперта сярод дзяўчат: 4,4 чалавека на месца. Там адкрыта ўсяго пяць месцаў. Хапае ахвотных дзяўчат працаваць у Дэпартаменце выканання пакаранняў: на адпаведным кірунку прэтэндуе амаль два чалавекі на месца.

Недабор чакаецца толькі на двух спецыяльнасцях на факультэце міліцыі — «адміністратыўна-прававая дзейнасць» і той жа кірунак у інтарэсах Мінабароны. Колькасць пададзеных туды заяў на 37 менш за план прыёму. Паступіць на бюджэт на юрыста зможа нават троешнік, які набраў 135 балаў (атэстат + тры ЦТ).

Вайсковая акадэмія

Сёлета недабор у Вайсковай академіі — больш за 100 чалавек (382 заявы на 484 месцы). Пры гэтым чвэрць абітурыентаў паступае без уступных іспытаў ці па-за конкурсам.

Найменш прывабнымі для моладзі былі факультэты супрацьпаветранай абароны і ракетных войск і артылерыі. Колькасць заяў там амаль у два разы менш за план прыёму.

А самы вялікі конкурс ізноў на спецыяльнасць для дзяўчат, гэта тлумачыцца тым, што для дзяўчат у сілавых ВНУ выдзяляюць вельмі мала месцаў. На ваеннага псіхолага — 3,5 чалавекі на месца (возьмуць толькі дзвюх абітурыентак).

Мяркуючы па пададзеных заявах, паступіць на факультэт ваеннай разведкі ці ўнутраных войск можна са 121 балам (гэта ў сярэднім па 30 балаў за атэстат і ЦТ). Параўнайце: у 2020-м для залічэння туды патрабавалася 179 і 157 балаў адпаведна.

Выпускнікоў, якія панеслі дакументы з 300 баламі і больш, адзінкі.

Летась конкурс у акадэмію складаў ад аднаго да двух чалавек на месца ў залежнасці ад спецыяльнасці. Выключэнне — ваенны псіхолаг для дзяўчат, дзе конкурс быў 4,3.


https://nashaniva.com/?c=ar&i=275835

Последние новости