haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Политика

13.03.2023 18:02

594 просмотра

0 комментариев

Каляндар з 13 па 19 сакавіка. Што святкуем? Па чым сумуем?

Прапануем Вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата — кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і «пасланне ў бутэльцы» для нас сённяшніх. Чытайце, думайце, рабіце высновы.

13 сакавіка

1938. Пачатак русіфікацыі СССР

У гэты дзень 85 гадоў таму была прынята пастанова СНК і ЦК ВКП(б) «Аб абавязковым вывучэнні рускай мовы ў школах нацыянальных рэспублік і абласцей», паводле якой было ўведзена абавязковае вывучэнне рускай мовы па ўсім Савецкім Саюзе.

Так было не заўжды, бо фармальна СССР складаўся з шэрагу рэспублік, кожная з якіх мела прыкметы асобнай дзяржавы і нават права на нібыта свабодны выхад. Так, у Канстытуцыі БССР узору 1927 года замацоўваліся ажно цэлыя 4 дзяржаўныя мовы: беларуская, руская, польская і ідыш. Тады паводле гэтага асноўнага закона гарантавалася ўсебаковая і бясплатная адукацыя на любой з дзяржаўных моваў.

Сітуацыя змянілася карэнным чынам у 30-я гады, калі распачалася ўніфікацыя Савецкага Саюза. Беларуская мова страціла статус паноўнай, а потым паступова выводзілася з масавага ўжытку. За ёй замацаваліся хіба што некаторыя сферы: літаратура, мастацтва, культура.

14 сакавіка

1863. Бой у Гародні

У гэты дзень у Гародні на чыгуначным вакзале адбыўся бой атрада паўстанцаў з царскімі войскамі, які скончыўся паразай інсургентаў.

Група гарадзенскай моладзі на чале з начальнікам станцыі Лявонам Кульчыцкім зрабіла спробу выехаць цягніком з Горадні ў Парэчча, каб далучыцца да партызанскага атрада Людвіга Нарбута. Але ім перашкодзілі гэта зрабіць расійскія жаўнеры. Завязаліся кароткія баі ў ваколіцах вакзала, пасля чаго большасць разбеглася па дамах. Да Нарбута дабраліся ўсяго 7 ці 8 чалавек.

Усіх паўстанцаў, якія бралі ўдзел у тых падзеях, засталіся ў горадзе і якіх потым здолелі высачыць царскія жандары, чакалі канфіскацыя маёмасці, пазбаўленне правоў, высылка ў Сібір або на катаргу.
Уласна паўстанне 1863–1864 гадоў было кепска падтрыхтаваным і таму заканамерна пацярпела паразу — сілы былі папросту няроўнымі. А следам за разгромам паўстання наступілі доўгія дзесяцігоддзі рэакцыі.

15 сакавіка

1722. Нарадзіўся Габрыэль Лянкевіч

Гэты вядомы каталіцкі рэлігійны дзеяч паходзіў са шляхецкага роду Лянкевічаў і з’явіўся на свет на Полаччыне.

Габрыэль Лянкевіч атрымаў цудоўную адукацыю для свайго часу: у 1748–1751 гадах ён вывучаў філасофію, у 1752–1754 матэматыку, астраномію і архітэктуру ў Віленскай акадэміі, у 1754–1758 гадах тэалогію ў Варшаве. З 1745 года быў далучаны да Ордэна езуітаў, а ў 1757 годзе стаў ксяндзом.

Пасля выдання ў 1773 годзе Папскае булы аб скасаванні Ордэна езуітаў, ён разам з Станіславам Чарневічам дамогся захавання дзейнасці езуітаў у межах Расійскай імперыі і адкрыцця ў 1780 годзе ў Полацку навіцыята. У 1782–1786 гадах быў рэктарам Полацкага калегіума.

Менавіта пры ім Полацк ператварыўся ў буйны культурніцкі, адукацыйны і навуковы цэнтр на беларускіх землях, які меў багатую бібліятэку, лабараторыю і музей натуральных навук. Акрамя гэтага, Габрыэль Лянкевіч быў аўтарам шэрагу архітэктурных праектаў.

Памёр 10 лістапада 1798 года.

16 сакавіка

1964. Нарадзіўся Уладзімір Давыдоўскі

Уладзімір Давыдоўскі — вядомы беларускі журналіст, пісьменнік і музыкант, адзін з заснавальнікаў легендарнага беларускага рок-гурта «Мроя».

У 1984 годзе скончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя Глебава, а ў 1995 годзе факультэт журналістыкі БДУ. Удзельнічаў у музычных і кнігавыдавецкіх праектах, якія былі тэматычна звязаны з гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага.

У 1992 годзе стварыў гурт «Вялікае Княства» і запісаў музычны праект «Голас Дажджу». У свой час працаваў дызайнерам у беларускай Акадэміі навук, быў намеснікам галоўнага рэдактара тыднёвіка творчай інтэлігенцыі «Літаратура і мастацтва», рэдактарам і вядучым праграм радыёстанцыі «Беларуская маладзёжная» і Радыё «Рацыя».

Лаўрэат конкурсу імя Ежы Гедройца Польскага Інстытута ў галіне журналістыкі за 2008 год. Каардынатар колішніх інтэрнэт-парталаў «Вялікае Княства. Навіны» ды «Вялікае Княства. Эліта».

17 сакавіка

1898. Нарадзіўся Ізі Харык

Ісак Давыдавіч Харык, больш вядомы як Ізі Харык, з’явіўся на свет у мястэчку Зэмбін пад Барысавам у сям’і шаўца.

Пачатковую адукацыю атрымаў у хедары, затым у рускай народнай школе ў Зембіне. У юнацкія гады працаваў рабочым на заводах і фабрыках у Барысаве, Мінску і Гомелі. З 1917 года стала пражываў у Мінску. У 1919 годзе пайшоў добраахвотнікам у Чырвоную Армію.

Літаратурную дзейнасць распачаў у 20-я гады, калі ў маскоўскім часопісе «Коммунистический мир» былі надрукаваны яго першыя вершы «Ён і яна» і «У буры». Ізі Харык пісаў на яўрэйскай мове, але яго творчасць цесна звязана з Беларуссю і часта прысвечана ёй. Ён быў у прыязных адносінах з Янкам Купалам, Якубам Коласам, Платонам Галавачом, Змітраком Бядулем, Алесем Звонам і іншымі паэтамі і пісьменнікамі.

Акрамя ўласна творчасці Ізі Харык быў рэдактарам часопіса «Штерн», членам ЦВК БССР, членам-карэспандэнтам Акадэміі навук БССР. Арыштаваны ў верасні 1937 года. Расстраляны ў ноч з 29 на 30 кастрычніка. Рэабілітаваны ў 1956 годзе.

18 сакавіка

1921. Падпісанне Рыжскай мірнай дамовы

У гэты дзень у Рызе адбылося падпісанне мірнай дамовы паміж РСФСР і УССР з аднаго боку і Польшчай з другога. Беларускія дэлегацыі ні ад БССР, ні ад БНР не былі дапушчаныя да падрыхтоўкі і падпісаньня дамовы.

Дэлегацыя БССР прысутнічала ў Рызе з самага пачатку перамоваў, але яе паўнамоцтвы не былі прызнаныя польскім бокам. Згодна з прэамбулай, расійская дэлегацыя падпісвала дамову «з даверанасцю» ўрада БССР і УССР.

У выніку Рыжскага міру да Другой Рэчы Паспалітай адышла Заходняя Беларусь плошчай больш за 110 тысяч квадратных кіламетраў і насельніцтвам у 4,5 мільёны чалавек. Таксама РСФСР пагадзілася вярнуць Польшчы шэраг культурных каштоўнасцей і выплаціць 30 мільёнаў рублёў золатам.

Для Беларусі гэтая падзея апынулася катастрофай, паколькі гістарычныя беларусія землі аказаліся разарваныя паміж дзвюма дзяржавамі. Беларуская нацыянальная інтэлігенцыя негатыўна прыняла Рыжскі мір, аб чым сведчаць вершы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Уладзіміра Дубоўкі і іншых.

19 сакавіка

1612. Памерла Соф’я Алелька-Радзівіл

Вядомая асветніца, якая была прылічана да ліку святых, нарадзілася ў сям’і слуцкага князя Юрыя Алелькавіча i Кацярыны з роду магнатаў Кішкаў. У 1586 годзе, на першым годзе яе жыцця, адзін за адным памерлі бацькі, i дзяўчынка адразу атрымала ў спадчыну траціну радавога багацця.

Потым цягам некалькіх гадоў памерлі яе бяздзетныя дзядзькі Аляксандр i Ян Сымон, у выніку чаго Соф’я стала самай багатай нявестай у Вялікім Княстве Літоўскім. Апекунамі непаўнагадовай Соф’і былі прызначаны магнаты Хадкевічы. Яны выхавалі дзяўчынку i ў 1600 годзе выдалі яе замуж за Януша Радзівіла.

Муж увесь час выпраўляўся на войны, таму Соф’я падоўгу заставалася адна i цалкам сябе прысвячала дабрачыннай і рэлігійнай дзейнасці: дапамагала хворым, апекавалася гнанымі аднаверцамі, ахвяравала на праваслаўныя манастыры i цэрквы, матэрыяльна падтрымлівала царкоўныя брацтвы, распачала будаўніцтва некалькіх шпіталяў для бедных, паломнічала па святых мясцінах.

Пайшла з жыцця ў час родаў, яе дачка таксама не выжыла.

Будзьма беларусамі! budzma.me

Последние новости