haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Политика

14.05.2017 09:53

162 просмотра

0 комментариев

Самазабойчы рэферэндум 1995-га

Здавалася б, ну чаго з гэтым сцягам і мовай насіцца? Значна больш важныя пытанні дэмакратыі, паўнамоцтваў прэзідэнта ды парламенту... Але з часам апынулася, што і мова, і сімволіка — гэта не толькі трызненні рамантыкаў-«адраджэнцаў», але яшчэ і пытанне нацыянальнай бяспекі.

Першы, але не апошні за гады праўлення сённяшняга кіраўніка Беларусі, рэферэндум адбыўся 14 мая 1995 года. Першы і... лёсавызначальны. Тактычна кіраўнік Беларусі тады перамог, стратэгічна — прайграў

Як мы памятаем, падчас рэферэндуму на галасаванне былі вынесеныя чатыры пытанні: аб замене нацыянальнай сімволікі, аб наданні рускай мове роўнага статусу з беларускай, аб інтэграцыі з Расіяй ды аб наданні прэзідэнту права роспуску парламента.

Ці былі вынікі галасавання аб’ектыўнымі? Спрэчкі ідуць дагэтуль. Пра працэнты, парушэнні, само права на рэферэндум з юрыдычнага боку. Пытанне ў іншым: ці магчыма наогул выносіць на галасаванне (ставіць пад сумнеў) прынцыпы, якія дазваляюць народу звацца народам і ў далейшым самастойна вызначаць свой лёс?

Адсоўванне нацыянальнай сімволікі ды мовы з дзяржаўнага ўзроўню стала для Беларусі самазабойчымі крокамі. Герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг на доўгія гады апынуліся па-за законам — за іх выкарыстанне тысячы людзей трапілі пад рэпрэсіі, гістарычныя сімвалы сталі фактычна забароненымі. Родная мова апынулася дэ-юрэ «роўнай» з расійскай, але дэ-факта — выкінутай з ужытку, нацыя анямела.

Здавалася б, ну чаго з гэтым сцягам і мовай насіцца? Значна больш важныя пытанні дэмакратыі, паўнамоцтваў прэзідэнта ды парламенту... Але з часам апынулася, што і мова, і сімволіка — гэта не толькі трызненні рамантыкаў-«адраджэнцаў», але яшчэ і пытанне нацыянальнай бяспекі. Маеш мову і гісторыю, пазначаную сімваламі, — значыць, маеш права на незалежную дзяржаву. Карыстаешся чужой мовай і бутафорыяй замест гісторыі — чакай гасцей. Прыклад Украіны, дзе пад удар Расіі трапілі акурат русіфікаваныя дэнацыяналізаваныя рэгіёны, — выдатнае таму сведчанне.

Пасля падзеяў у Крыме і ў Данбасе падалося, што дзяржава пачала разумець: перагнулі з чысткай усяго беларускага, трэба назад адкручваць. Але як адкруціш, калі дзеці з рускамоўных школаў не тое што размаўляюць — разумеюць па-беларуску з цяжкасцю? Як адкруціш, калі для тысяч сілавікоў, выгадаваных пры Лукашэнку, нацыянальныя сімвалы сталі аб’ектам нянавісці на падсвядомым узроўні?

Па вялікім рахунку, рэферэндум не проста ўзаконіў новыя герб са сцягам ды рускую мову, ён даў дабро на вынішчэнне ўсяго нацыянальнага пад корань. Нацыяналізм стае галоўным ворагам кіраўніка і ўсёй ягонай вертыкалі. Але і тут захаваная міна запаволенага дзеяння: дэмакратаў перамагчы можна, асабліва калі дзейнічае сацыяльная дамова — улада ўзамен на стабільнасць. Якія там справядлівыя выбары, калі ў лядоўні поўна? Ці багата хто захоча сядзець у засценках за абстрактныя «правы чалавека» ці абяцанні рэформаў?

З нацыяналістамі — складаней. Якія б добрыя дарогі ні будаваліся, як бы ні раслі заробкі ў «хлебныя» гады, ім усё адно няймецца: «Беларусь мае быць беларускай!» І нічога тут не паробіш. Зміцер Дашкевіч некалі казаў, што прыйшоў у пратэстны рух менавіта праз змену нацыянальнай сімволікі ў 1995-м. Маладога яшчэ будучага палітыка, палітвязня і «вулічнага байца» абурыла падмена натуральных рэчаў, якія ёсць у кожнай дзяржаве, на бутафорыю. А калі ў чалавека забіраюць нешта натуральнае, як паветра, — выбару няма: трэба ісці да апошняй мяжы...

Міраслаў Лазоўскі, адзін з ключавых фігурантаў «Справы патрыётаў», неаднойчы казаў: «Мне няма розніцы да прозвішча прэзідэнта, галоўнае — незалежнасць». Упэўнены, што такой пазіцыі трымаецца абсалютная большасць хлопцаў, якім зараз шыюць 287-ы артыкул. Натуральная рэч — незалежнасць. Тыя, хто без грошай і спадзеваў на высокія пасады будзе яе бараніць, — залаты фонд нацыі: не здрадзяць, не разбягуцца, не здадуць. Але ж не: «нацыяналіст» для ўладаў па-ранейшаму вораг. А як інакш? Прагаласаваў жа народ яшчэ ў 1995-м...

Вядома, той рэферэндум быў зроблены як пад замову Расіі, так і пад замову сацыяльную: Лукашэнка адчуў народ з ягонай настальгіяй па СССР і бязмежнай любоўю да «старэйшага брата». Адчуў — і сыграў. Але ведаць псіхалогію «простага чалавека» — гэта яшчэ далёка не ўсё ў палітыцы. Трэба троху далей глядзець, на крок наперад.

І тут Лукашэнка прайграў — выкінуў адразу ўсе карты. Можна ж было і гайкі заціскаць, і з Расіяй фліртаваць, але пры гэтым умацоўваць нацыянальны складнік, нават з прагматычных пазіцыяў, каб больш упэўнена пачуваць сябе ў гульні. Урэшце, ёсць прыклад Казахстану, дзе кіраўнік і Пуціну руку цісне, і мову з кірыліцы на лацінку пераводзіць, нібы кажучы: «Мы — іншыя. Тут не «русский мир».

Тактычна Лукашэнка ў 1995-м перамог, стратэгічна — прайграў. Але ці ён адзін? Прайграла ўся Беларусь разам з мёртвымі, жывымі і ненароджанымі — уся нацыя ў перспектыве прасторы і часу. Вяртацца на нацыянальныя пазіцыі для Лукашэнкі зараз — нібы здрадзіць самому сабе, пакінуць усё, як ёсць, — згубіць краіну. Цяжкі выбар, дылема. Але ці бывае па-іншаму ў складаныя часы?

Алесь Кіркевіч

https://novychas.by

Последние новости

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
  • список комментариев пуст