haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Политика

29.01.2018 18:51

2270 просмотров

0 комментариев

Абяцанкі — цацанкі або «Аляксандр Рыгоравіч думае — просім не перашкаджаць мазгавому працэсу»

«У мяне для вас вельмі кепская навіна. Да нас едзе рэвізор», — прыкладна пад такім дэвізам прайшоў тыдзень у кіраўнічай вертыкалі. Беларусь наведаў спецпрадстаўнік Парламенцкай Асамблеі АБСЕ Кент Харстэд. Наведаў, фактычна, з адным пытаннем: чаму краіна не выконвае рэкамендацыі АБСЕ па паляпшэнні выбараў?

Зменаў у беларускіх выбарах Еўропа будзе чакаць яшчэ доўга. Бо навошта Лукашэнку ламаць тое, што выдатна працуе? Размовы Ярмошынай пра мадэрнізацыю Канстытуцыі, рэферэндум і тое, што менавіта гэтыя акалічнасці тармозяць выкананне рэкамендацый АБСЕ, — толькі размовы.

АБСЕ выдавала свае рэкамендацыі і па прэзідэнцкіх выбарах 2015 года, і па парламенцкіх 2016-га. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына звыкла зацягвала вырашэнне пытання, каб гэтак жа звыкла адказаць: «Распачалася новая выбарчая кампанія, а коней на пераправе не мяняюць». Зараз да адказу на пытанне пра адсутнасць рэакцыі на рэкамендацыі АБСЕ яна падышла даволі крэатыўна. Маўляў, Аляксандр Рыгоравіч думае мадэрнізаваць Канстытуцыю, а змена Канстытуцыі адначасова з’яўляецца і зменай выбарчай сістэмы. Таму просім не перашкаджаць нашаму мазгавому працэсу.

Заўважым, што рэкамендацыі АБСЕ наконт беларускіх выбараў насамрэч ніяк не тычацца канстытуцыйнага ладу. Заўваг АБСЕ, па факце, тры: разабрацца з нашым фенаменальным датэрміновым галасаваннем, уключаць у склад выбарчых камісій прадстаўнікоў апазіцыі і здзяйсняць празрысты падлік галасоў, каб назіральнікам паказвалі бюлетэні. Ніякай карэкціроўкі Асноўнага закону для гэтага не трэба рабіць.

Безумоўна, беларуская Канстытуцыя патрабуе мадэрнізацыі: пра гэта кажуць ужо гадоў пяць. У сённяшнім варыянце гэтага дакумента дагэтуль існуе Эканамічны суд, які Лукашэнка даўно скасаваў. І таму Канстытуцыю трэба прывесці ў адпаведнасць з рэаліямі, што зрабіць можна толькі на рэферэндуме. Але, зноў жа, выключэнне з Асноўнага закону неіснуючага ўжо суда ніяк не тычыцца выбарчай сістэмы, а таму не можа замінаць выкананню рэкамендацый АБСЕ.

Пра якія ж змены ў Канстытуцыі кажа Ярмошына?

Беларускія палітолагі і аналітыкі кажуць, што асноўны варыянт магчымых зменаў — даўно абмяркоўваемы пераход ад мажарытарнай сістэмы выбараў на мажарытарна-прапарцыйную (змешаную) сістэму, калі частка дэпутатаў абіраецца па партыйных спісах.

Але ў той жа час днямі ў Мінску прайшоў з’езд праўладнага грамадскага аб’яднання «Белая Русь». І колькі кажуць пра змешаную сістэму выбараў — столькі ж кажуць пра пераўтварэнне «Белай Русі» ў партыю ўлады. Гэтага пераўтварэння на з’ездзе не адбылося. А значыць, і выбараў па партыйных спісах не будзе — як мінімум, да наступнага з’езду арганізацыі.

Разумныя галовы абмяркоўвалі яшчэ шмат ідэяў, як можна змяніць Канстытуцыю, закрануўшы выбары. Узгадалі прапанову ЛДПБ пра павелічэнне тэрміну паўнамоцтваў прэзідэнта да сямі гадоў, а дэпутатаў — да пяці. Праслізнула думка пра выбары прэзідэнта не народам, а парламентам. Але ўсё гэта — праекты, над якімі яшчэ думаць і думаць, калі Лукашэнка ўвогуле пра гэта задумваецца.

Але, хутчэй за ўсё, бліжэйшым часам ніякага рэферэндуму мы не дачакаемся. Зараз 2018 год, і неўзабаве пройдуць выбары ў мясцовыя саветы. А значыць, бюджэт і ліміт выбараў сёлета вычарпаны. У мінулым нумары мы пісалі пра тое, што Ярмошына хоча развесці па часе парламенцкія ды прэзідэнцкія выбары 2020 года і адны з іх перанесці на 2019-ты. Такім чынам, нейкая палітычная кампанія нас чакае ў наступным годзе. А сумяшчаць яе і рэферэндум, калі ўжо развялі выбары, будзе нелагічна. Народ справядліва запытае, чаму разам праводзіць парламенцкія і прэзідэнцкія выбары нельга, а выбары і рэферэндум — можна.

У 2020-м будзе яшчэ адна выбарчая кампанія. Пытанне ўзнікне тое ж.

І, калі кіравацца логікай, рэферэндум па Канстытуцыі адкладаецца на 2021 год. Праўда, логіка ўлады можа быць адрозная ад нашай. Але і тут ёсць пэўныя моманты. Напрыклад, ці зручная зараз сітуацыя, каб нешта мяняць у выбарчай сістэме і Асноўным законе?

Адказ на гэтае пытанне: «Хутчэй не, чым так». У народа расце незадаволенасць дзеяннямі ўладаў: нізкімі заробкамі, тым, што па словах Лукашэнкі, «мы жывем не добра, а сціпла», рэспубліканскімі і мясцовымі праблемамі і поўнай адсутнасцю перспектыў кардынальнага паляпшэння сітуацыі. Увогуле, большасць беларусаў занятая зараз проста выжываннем, што яскрава паказвае кампанія па выбарах у мясцовыя саветы: ужо зарэгістравалі кандыдатаў, але асаблівага ажыятажу з гэтай нагоды што ў прэсе, што сярод насельніцтва няма.

Абвяшчаць у такіх абставінах рэферэндум, а тым больш забяспечыць на яго яўку — задача звышскладаная. А на ім жа трэба яшчэ і атрымаць «элегантную перамогу»! Наўрад ці нехта будзе рабіць рэферэндум нашармака.

Дый навошта Лукашэнку ламаць тое, што выдатна працуе?

Такім чынам, размовы Ярмошынай пра мадэрнізацыю Канстытуцыі, рэферэндум і тое, што менавіта гэтыя акалічнасці тармозяць выкананне рэкамендацый АБСЕ, — толькі размовы.

АБСЕ можа не чакаць выканання сваіх рэкамендацый як мінімум да 2021 года. Таму што ў нас зноў выбары тры гады запар, і зноў «коней на пераправе не мяняюць». А далей — як у показцы пра Хаджу Насрэдзіна: альбо ішак здохне, альбо султан памрэ.

Сяргей Пульша

http://novychas.by

Последние новости

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
  • список комментариев пуст