haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Политика

21.03.2018 15:37

1609 просмотров

0 комментариев

Чаму Лукашэнка не змог запусціць заводы

Тэмпы росту ВУП у Беларусі сёння вышэй, чым у многіх прамыслова развітых краінах, аднак яны развіваюцца, а мы — не. Не ў каня атрымаўся корм. Нагадаю, у гэтым годзе, згодна з планамі ўрада, эканоміка павінна вырасці на 3,5%. Наколькі ж пры гэтым павялічыцца дзяржаўны доўг?

Тэлефаную студэнцкаму прыяцелю, які ўсё сваё свядомае жыццё прапрацаваў на Мінскім заводзе шматслойных друкаваных платаў (МЗШДП). Быў такі флагман саюзнага маштабу, што меў найноўшае французскае абсталяванне. Пра былыя поспехі МЗШДП нагадвае 9-павярховы адміністрацыйны корпус на вуліцы Прытыцкага ў Мінску.

Вытворчасць друкаваных платаў, паводле інфармацыі маёй інсайдарскай крыніцы, была спыненая ў лістападзе 2015 года. Маральна і фізічна састарэлае абсталяванне разабралі. Кампаненты, якія змяшчаюць золата, былі здадзеныя на перапрацоўку. Дакументацыя — знішчаная.

А што было рабіць, калі патрэба ў такіх вырабах у Беларусі істотна знізілася, а тую, што засталася, прасцей задавальняць за кошт кітайскага імпарту. Гэта на практыцы і робіцца.

Лёс МЗШДП — не выключэнне, а правіла. Ну як тут не пагадзіцца з наступнай заявай адзінага палітыка (АП): «Так, „беларуская мадэль развіцця“, або „беларускі шлях развіцця“ аб’ектыўна існуе. Усё, што сёння мы маем у эканоміцы, у сацыяльнай і іншых сферах, вынік таго, што мы ўсе гэтыя гады ішлі сваім шляхам, мы жылі сваім розумам. Мы не слухалі „дактароў“ з Міжнароднага валютнага фонду, якія прапісвалі лекі, што больш небяспечныя за саму хваробу».

Дзяржава ў ролі галоўнага інвестара

У тым, што «беларуская мадэль» створаная сваім розумам, сумнявацца не даводзіцца. Але якое дачыненне яна мае да развіцця?

За развіццё не варта прымаць рост. Сярэднегадавы індэкс прыросту ВУП за тры пяцігодкі (1996–2010) у Беларусі склаў 7%, што не перашкодзіла МЗШДП і многім яго высокатэхналагічным таварышам па няшчасці дэградаваць (але гэта так, рэмарка, якой не варта надаваць асаблівага значэння).

Большасць прамыслова развітых краін 7-працэнтнаму тэмпу эканамічнага росту маглі б толькі пазайздросціць. Гледзячы на такую дынаміку, самы час было б казаць пра нараджэнне ў геаграфічным цэнтры Еўропы калі не новага эканамічнага «тыгра», дык, ва ўсялякім разе, новага эканамічнага «цуду». Дарэчы, асобныя аптымісты ад улады гэтым і займаліся.

Шкада толькі, што на працягу апошніх гадоў дадзеная нам у адчуваннях рэальнасць адмаўляецца прадстаўляць новыя падставы для аптымізму.

Крыху афіцыйнай статыстыкі. Калі ў 2000 годзе было выраблена 5,5 тысячы станкоў для апрацоўкі металаў, дык у 2017-м — 1,6 тысячы. Пік вытворчасці трактароў прыйшоўся на 2012 год — 71 тысяча. За наступныя пяць гадоў вытворчасць «жалезных коней» для сельскай і лясной гаспадаркі скарацілася амаль удвая — да 38,3 тысячы. І такая сітуацыя практычна ва ўсіх папулярных яшчэ ў савецкія гады прамысловых брэндаў.

Але чаму плюс змяніўся на мінус? На сваіх першых прэзідэнцкіх выбарах будучы АП перамог не ў апошнюю чаргу дзякуючы абяцанню «запусціць заводы». Для рэалізацыі абяцанага дзяржава ўзяла на сябе ролю галоўнага інвестара, ад якой і сёння не адмаўляецца. Адкрыем прэс-рэліз, прысвечаны сакавіцкай справаздачы ўрада, Нацыянальнага банка, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама: «У гэтых мэтах (гаворка ідзе пра стварэнне новых прадпрыемстваў) наша небагатая дзяржава па крупінках збірае грошы і накіроўвае іх у інвестыцыйныя праекты».

Ці не з-за гэтых «крупінак» дзяржаўны доўг, згодна з інфармацыяй, агучанай АП, у 2017 годзе рос хутчэй, чым эканоміка? Канкрэтных лічбаў ён, на жаль, не прывёў, таму мне давялося шукаць інфармацыю на сайце Нацыянальнага банка. Прыводжу вынік свайго пошуку: «Дзяржаўны доўг РБ на 1 студзеня 2018 г. склаў 42,2 млрд. рублёў і павялічыўся ў параўнанні з пачаткам 2017 г. на 5,2 млрд. рублёў, або на 14,1%». Што тычыцца ВУП, то за мінулы год ён вырас на 2,4%. Такім чынам, тэмпы росту доўгу апынуліся ў 5,9 разы вышэй за тэмпы росту эканомікі!

Не ў каня атрымаўся корм. Нагадаю, у гэтым годзе, згодна з планамі ўрада, эканоміка павінна вырасці на 3,5%. Наколькі ж пры гэтым павялічыцца дзяржаўны доўг?

Ад перадавых галін да перадавых тэхналогій

У якасці каментара працытую вядомага расійскага эканаміста Уладзіміра Мау: «Цяпер тэхналагічны рывок нельга забяспечыць шляхам канцэнтрацыі сродкаў у руках дзяржавы. У індустрыяльную эпоху краіны, што паспяхова вырашалі задачы мадэрнізацыі, якая даганяе (Германія, Японія, СССР), вылучаліся падвышанай доляй бюджэту ў ВУП, калі параўноўваць з самымі развітымі краінамі. У апошнія ж паўстагоддзя ўсе паспяховыя прыклады скарачэння разрыву краінамі, якія даганяюць, — гэта выпадкі, калі бюджэтная нагрузка была ніжэйшай, чым у развітых краінах».

У чым галоўная асаблівасць сучаснасці? У хуткасці зменаў. Не паспеў пакупнік нарадавацца апошняй мадэлі iPhone — а яна ўжо састарэла. Хуткая змена тэхналогій робіць неэфектыўнымі вытворчасці, у якія трэба гадамі «па крупінках збіраць грошы» для інвеставання, а потым дзесяцігоддзямі чакаць, калі яны акупяцца.

Калі тэхналогіі мяняюцца некалькі разоў за адно пакаленне, праца ў рамках доўгатэрміновых стратэгій раўназначная кансервацыі адставання. У адрозненне ад індустрыяльнай эпохі, у постіндустрыяльную немагчыма вызначыць галіны, у якія дзяржава ўкладала б рэсурсы і атрымлівала пры гэтым станоўчы эфект.

Гэта ў СССР любілі разважаць пра перадавыя галіны (ракетабудаванне, электроніка ды інш.). Сёння мае сэнс абмяркоўваць перадавыя тэхналогіі. Яны могуць быць у любой галіне. Возьмем, да прыкладу, сельскую гаспадарку. У 2016 годзе нямецкі хімічны і фармацэўтычны гігант «Bayer» набыў найбуйнейшага ў свеце вытворцу генетычна мадыфікаваных прадуктаў «Monsanto» за 66 мільярдаў долараў, г.зн. па цане расійскага «Газпрома».

Новыя тэхналогіі ствараюць не проста новыя правілы гульні на рынку, але фармуюць новае палітычнае і сацыяльнае асяроддзе, якое складаецца з адносна аўтаномных і незалежных ад улады галін сацыяльнага жыцця (эканоміка, навука, культура, адукацыя, суд). Сувязь паміж імі ў эканамічна паспяховых краінах ажыццяўляецца праз добраахвотны абмен рэсурсамі, прававымі нормамі і маральнымі прынцыпамі.

Што тычыцца «беларускай мадэлі», якая жыве сваім розумам, дык, паводле ўласнага прызнання яе галоўнага архітэктара, ён з’яўляецца прыхільнікам таго, што «дзяржаве ёсць справа да ўсяго». Ні пра якую аўтаноміі пры гэтым не можа быць і гаворкі. Таму ў якасці адзінага ўмацавальніка выступае ўладная «вертыкаль». Гэты па-свойму стройны і дасканалы механізм здольны кіраваць (камандаваць) выключна ў «ручным» рэжыме. Толькі вось на развіццё ён працаваць не здольны.

«Гарызонт» супраць Panasonic

Прыхільнікі Сталіна — а такіх у Беларусі хапае — любяць разважаць пра эканамічны рывок, дасягнуты ва ўмовах разрухі, галечы і масавай непісьменнасці пад кіраўніцтвам «бацькі народаў». Рывок быў забяспечаны за кошт будаўніцтва ў гады даваенных пяцігодак тысяч перадавых для свайго часу прадпрыемстваў. Сёння ж, калі што і будуецца, дык выключна гандлёвыя цэнтры.

У 1939 годзе гарадское насельніцтва ў БССР складала 20,8% (79% — у 2016 годзе) і толькі 24 студэнты прыходзілася на 10 тысяч насельніцтва (471 студэнт у 2011 годзе), што, аднак, не перашкодзіла перад пачаткам Другой сусветнай вайны вырабляць у рэспубліцы 10% металарэзных станкоў ад агульнасаюзнай вытворчасці.

Цікавая заканамернасць! Чым больш гарадскога насельніцтва і чым вышэйшы ўзровень адукацыі — тым больш праблем у станкабудаванні. Растлумачыць гэты парадокс толькі адной прычынай немагчыма, што не перашкаджае мне вылучыць галоўную. Сталінская эканоміка была надзейна абароненая ад знешняй канкурэнцыі, дый унутранай канкурэнцыі практычна не было. Таму на прадукцыю любога прадпрыемства, незалежна ад яе якасці, заўсёды быў павышаны попыт.

Людзям майго пакалення не трэба тлумачыць, што на побытавай мове ў СССР азначала слова «фірма». Для моладзі ж растлумачу, што так называлі любы прадмет шырспажыву, выраблены за мяжой. Да перабудовы людзі былі гатовыя з ночы займаць чэргі за італьянскімі ботамі, фінскімі гарнітурамі або французскай касметыкай. Пры гэтым канкрэтны вытворца ботаў значэнне не меў, галоўнае, каб яны былі італьянскімі і ўжо таму — «фірмовымі».

А што мы маем сёння? Са 100 прададзеных у 2017 годзе тэлевізараў толькі 8 былі айчыннай вытворчасці. А колькі яшчэ тэлевізараў завезлі беларускія аматары шопінгу з Польшчы і Літвы?

Працаўнікам «Гарызонту» і «Віцязя» не пазайздросціш. Тое, што яшчэ ўчора праходзіла па катэгорыі абстрактнай «фірмы», сёння даступна ў выглядзе Sony, LG, Samsung, Panasonic. Што можна супрацьпаставіць гэтай дружнай кампаніі? Ну хіба што беларуска-расійскую праграму «Саюзны тэлевізар».

Сяргей Нікалюк

https://novychas.by

Последние новости

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
  • список комментариев пуст