haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Политика

15.04.2018 08:04

685 просмотров

0 комментариев

Усё, што трэба ведаць пра авіяўдары ў Сырыі

Хто і як бамбіў Сырыю, што адбываецца вакол канфлікту зараз — Свабода сабрала адказы на галоўныя пытаньні пра начныя авіяўдары і іх наступствы.

Раніцай у суботу ўзброеныя сілы ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі нанесьлі ўдары па шэрагу аб’ектаў у Сырыі. Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп асабіста заявіў пра атаку. Па розных дадзеных было выпушчана ад 30 да 103 ракетаў. Па папярэдніх зьвестках пацярпелі тры жыхары Сырыі, інфармацыі пра загінулых няма.

Што вядома пра ўдары

Атака пачалася ў 3:42 раніцы (па менскім часе) і працягвалася да 5:10. Па розных зьвестках было выкарыстана ад 30 да 103 ракетаў, у ліку якіх «Тамагаўк».

Сырыйсія сілы супрацьпаветранай абароны перахапілі 71 крылатую ракету. Пра гэта заявіў начальнік Галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня Генштабу Ўзброеных сіл Расеі генерал-палкоўнік Сяргей Рудзкі. Пры гэтым сырыйскія аэрадромы, па якіх быў нанесены ўдар, не пацярпелі.

Расейскае міністэрства абароны паведамляла, што ўдары наносіліся з двух караблёў ВМС ЗША з Чырвонага мора, тактычнай авіяцыяй над акваторыяй Міжземнага мора, а таксама амэрыканскімі стратэгічнымі бамбавікамі B-1B з раёна Гэт-Танф.

У сваю чаргу сырыйскія ўзброеныя сілы выкарыстоўвалі сродкі СПА С-125, С-200, «Бук» і «Квадрат» для абароны ад ракеты. Большасьць сырыйскай ваеннай тэхнікі была выраблена яшчэ ў савецкія часы.

Падкасты Свабоды
Тэлеграм Свабоды
Інстаграм Свабоды

Чаму пачалася бамбёжка Сырыі

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп патлумачыў, чаму былі выпушчаныя ракеты па Сырыі.

«У мінулую суботу рэжым Асада зноў выкарыстаў хімічную зброю для масавага забойства нявінных грамадзянскіх асоб — на гэты раз у горадзе Думе, недалёка ад сырыйскай сталіцы, Дамаска. Гэта бойня стала значнай эскаляцыяй у выкарыстаньні хімічнай зброі гэтым жахлівым рэжымам.

Суграмадзяне-амэрыканцы, нядаўна я загадаў узброеным сілам Злучаных Штатаў пачаць нанясеньне высокадакладных удараў па цэлях, зьвязаных з хімічнай зброяй сырыйскага дыктатара Башара Асада.

У 2013 годзе прэзыдэнт Пуцін і ягоны ўрад абяцалі сьвету, што яны гарантуюць ліквідацыю хімічнай зброі Сырыі. Нядаўняя атака Асада — і сёньняшняя рэакцыя — зьяўляюцца прамым вынікам таго, што Расея ня выканала гэта абяцаньне».

Нагадаем, што 7 красавіка ў сырыйскім горадзе Дума, па дадзеных сырыйскай апазыцыі, адбылася хімічная атака, у выніку якой загінулі ад 40 да 175 чалавек.

Якія былі цэлі абстрэлаў

Мапа авіяўдараў

Па інфармацыі газэты «Камэрсант», ракеты кааліцыі трапілі ў наступныя аб’екты

  • Штаб Рэспубліканскай гвардыі. Батальён 105 (Дамаск)
  • База СПА, разьмешчаная пад гарой Касьюн (Дамаск)
  • Аэрапорт Меза (Дамаск)
  • Аэрапорт Ад-Думейр (Усходняя Гута)
  • Навукова-вайсковы цэнтар у Барзе (раён Дамаска)
  • Штаб-кватэра навуковага цэнтра ў Джамрая ў прыгарадзе Дамаска
  • Батальён 41-га спецназа (прыгарад Дамаска)
  • Вайсковыя падразьдзяленьні ў Каламуне (паўночны прыгарад Дамаска)
  • Вайсковыя аб’екты ў Кісве (прыгарад Дамаска)
  • Вайсковыя склады ў Хомсе

Ці ёсьць пацярпелыя сярод цывільнага насельніцтва

На брыфінгу ў Пэнтагоне ваеннае кіраўніцтва ЗША заявіла, што ўсе намечаныя ваенныя цэлі ў Сырыі былі пасьпяхова зьнішчаныя.

Паводле інфармацыі Міністэрства абароны ЗША, пры ракетных ударах па аб’ектах хімічнай інфраструктуры рэжыму Асада цывільнае насельніцтва не пацярпела.

Як адрэагавала міжнародная супольнасьць

Амбасадар Расеі ў ЗША Анатоль Антонаў наракае, што папярэджаньні Расеі засталіся не пачутымі.

«Ажыцьцявіўся загадзя напісаны сцэнар. І зноў, нам пагражаюць. Мы папярэджвалі, што падобныя дзеяньні не застануцца без наступстваў. Уся адказнасьць за іх кладзецца на Вашынгтон, Лёндан і Парыж».

З асуджэньнем удараў выступілі Уладзімер Пуцін, улады Ірану, Кітаю.

У сваю чаргу Нямеччына, Вялікабрытанія, Францыя, Турцыя віталі рашэньне аб абстрэлах вайсковых аб’ектаў у Сырыі.

«Гаворка не ідзе пра ўмешваньне ў грамадзянскую вайну. Гаворка ня йдзе пра зьмену рэжыму. Гаворка ідзе пра абмежаваныя і прыцэльныя ўдары, падчас якіх зроблена ўсё, каб пазьбегнуць наступстваў для мірнага насельніцтва і якія не прывядуць да далейшай эскаляцыі супрацьстаяньня ў рэгіёне», — заявіла прэмʼер-міністр Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй у сваім відэазвароце.

Эўразьвяз заклікае ўсе краіны, асабліва Расею і Іран, выкарыстоўваць свой уплыў для таго, каб прадухіліць далейшае ўжываньне хімічнай зброі, асабліва сырыйскім рэжымам. Пра гэта гаворыцца ў заяве галоўнага дыплямата Эўразьвязу Фэдэрыкі Магерыні.

Яна падкрэсьліла прыхільнасьць ЭЗ палітычнаму ўрэгуляваньню сырыйскага канфлікту, заклікала да выкананьня ўсіх пагадненьняў аб спыненьні агню і дапусьціла ўзмацненьне жорсткасьці санкцый.

Што думае на гэты конт Беларусь

«Рэспубліка Беларусь рашуча асуджае ўдары, нанесеныя па тэрыторыі Сырыйскай Арабскай Рэспублікі 14 красавіка 2018 года, — такое паведамленьне распаўсюдзіла прэс-служба беларускага МЗС. — Тым самым сытуацыя ў Сырыі фактычна ператвараецца ў міждзяржаўны ўзброены канфлікт, што небясьпечна далейшай некантралюемай эскаляцыяй, якая выходзіць за рамкі рэгіёну».

Што вядома пра пазачарговую сэсію Рады бясьпекі ААН, АДКБ і NATO

Расея склікала экстранае паседжаньне Рады бясьпекі ААН, каб абмеркаваць дзеяньні ЗША і іх хаўрусьнікаў. Пра гэта заявіў Уладзімір Пуцін. Паводле яго словаў, удар па краіне, якая супрацьстаіць тэрарызму быў нанесены ў парушэньне статуту ААН і міжнароднага права.

«Расея самым сурʼёзным чынам асуджае напад на Сырыю, дзе расейскія вайскоўцы дапамагаюць законнаму ўраду ў барацьбе з тэрарызмам», — сказаў Пуцін.

Тут можна глядзець трансьляцыю з паседжаньня Рады бясьпекі ААН.

У выніку Рада бясьпекі ААН адхіліла праект рэзалюцыі, прадстаўлены Расеяй, пра асуджэньне ўдараў ЗША і іх саюзьнікаў па Сырыі.

«За» праект прагаласавалі толькі тры краіны, уключаючы Расею. Восем краін выказаліся супраць, яшчэ чатыры ўстрымаліся.

Таксама Расея склікала экстранае паседжаньне пастаяннай Рады Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ). У АДКБ уваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кіргізістан, Расея і Таджыкістан.

Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявіў, што ўсе краіны-члены Паўночнаатлянтычнага саюзу выказалі падтрымку ўдарам па Сырыі, якія нанесьлі ў ноч на суботу ЗША, Вялікабрытанія і Францыя.

Столтэнбэрг зрабіў заяву пасьля пасяджэньня Паўночнаатлянтычнага савету — галоўнага палітычнага органа NATO. Па словах генэральнага сакратара, краіны NATO не імкнуцца да эскаляцыі і заклікаюць Расею паўплываць на Дамаск, каб ён вярнуўся за стол перамоваў аб урэгуляваньні ў Сырыі.

Ці ёсьць доказы знойдзенай хімічнай зброі

Арганізацыя па забароне хімічнай зброі (АЗХЗ) у суботу пачынае місію «па ўстанаўленьні фактаў» у сырыйскай Думе, дзе, як мяркуецца, была ўжытая хімічная зброя.

Арганізацыя пацьвердзіла, што спэцыялісты працягнуць працу, нягледзячы на начныя атакі.

Расейскі ўлады сьцьвярджаюць, што ўдары былі нанесеныя раніцай у суботу, каб стварыць складанасьці для місіі АЗХЗ, якая сёньня пачынае сваю працу ў Думе.

Ці будуць працягвацца авіяўдары

Міністар абароны ЗША Джэймс Мэціс падкрэсьліў, што тры краіны «адправілі выразны мэсэдж Асаду і яго спадарожнікам-забойцам», што за любую наступную хімічную атаку яны будуць несьці адказнасьць. Паводле яго словаў, сёньняшні ўдар «дэманструе міжнародную рашучасьць» і папярэджаньне, што ніхто ні пры якіх абставінах ня можа так парушаць міжнароднае права.

Мэціс таксама заявіў, што новых удараў па Сырыі не плянуецца.

Абмежаваны ўдар па Асаду. Ці будзе працяг?

Ці будзе ваенны адказ Расеі

Сяргей Рудскі лічыць, што цяпер Расея можа вярнуцца да пытаньня аб пастаўках у Сырыю зэнітных ракетных сыстэм С-300.

«Некалькі гадоў таму, улічваючы настойлівую просьбу некаторых нашых заходніх партнэраў, мы адмовіліся ад паставак у Сырыю зэнітных ракетных сыстэм С-300. З улікам таго, што адбылося, лічым магчымым вярнуцца да разгляду гэтага пытаньня. І ня толькі ў дачыненьні да Сырыі, але і іншых дзяржаў», — сказаў генэрал.

https://www.svaboda.org

1 оценка 5.0

Последние новости

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
  • список комментариев пуст