haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Политика

01.11.2018 13:09

2111 просмотров

0 комментариев

#загонБРСМ: настаўніца расказала, як заганяюць у праўладную арганізацыю

У рэдакцыю Свабоды трапіла відэа, зьнятае ў адной зь менскіх гімназіяў, дзе навучэнцаў пагрозамі прымушаюць уступіць у БРСМ. На момант публікацыі відэа паглядзелі больш за 242 тысячы разоў. Ніжэй — рэакцыі карыстальнікаў сацсетак публікацыі Свабоды.

Юлія, настаўніца ангельскай мовы

«Працую ў школе шмат гадоў, і вы ня ўяўляеце, што мне прыйшлося выслухаць, калі ня ўсе дзеці ў клясе ўступілі ў БРСМ. Я іх добра разумею, там веруючыя каталіцкія сем’і, там строга без камсамолу. Але ў кабінэце дырэктара я сама вось такое выслухоўвала, як на відэа, я радзіме я здрадзіла, і ўсё.... Усё роўна дзецям дазволіла не ўступаць».

Кацярына

«Калі я навучалася ва ўнівэрсытэце, на першым курсе прыйшлі з дэканату і ўсіх нас прымусілі напісаць заяву на ўступленьне ў БРСМ. Усе 5 гадоў была цішыня. А калі здалі выпускныя экзамэны і трэба было забіраць дакумэнты, то нам іх не аддавалі, пакуль ня выплацім усе ўзносы за 5 гадоў. Зараз я свайму дзіцяці таксама не дазволю ўступаць. Калі яна яшчэ ня там».

Аляксей

«Навучаўся ў Магілёўскім унівэрсытэце харчаваньня, прыйшлі прапанавалі ўступіць у БРСМ і прафсаюз. У прафсаюз уступлю, у БРСМ — не. Ніхто не настойваў. Сказалі, маўляў, добра, і ўсё».

Арцём, студэнт

«У нас у дзявятым прымушалі ўступіць, пагражаючы тым, што не аддадуць пасьведчаньне аб базавай адукацыі. Ужо чатыры гады з таго часу прайшло, за БРСМ не плачу, але куратар увесь час пужае і пагражае. Кажа, ня будзеш плаціць — заваляць на дыплёме».

Міла

«Калі была на практыцы ў школе, з 10-м класам таксама прыкладна ў такім тоне размаўлялі. Настаўніца зьвярнулася да мяне, каб я падтрымала, а я кажу „ну, я 4 курсы адвучылася і ня бачу ў БДСМе неабходнасьці“. Але пасьля няёмкай паўзы настаўніца працягнула пра складанасьці пры паступленьні, атрыманьні інтэрнату і гэтак далей.

На перапынку сказала вучням, што адзінае адрозьненьне ў мяне ад БРСМаўскіх — са стыпэндыі грошы не адлічваюць на БРСМаўскія патрэбы».

Юлія Капуліна

«Некалькі гадоў таму дакладна гэтак жа загналі ў БРСМ маю дачку на падставе таго, што ня возьмуць у школу ў 10-11 клясы, а пасьля не паступіць у інстытут.

Але ж хто зь кіраўнікоў прызнаецца, што так і ёсьць? Савок у горшых яго праявах. А мы хутка пачнём жыць так, як жывуць у Паўночнай Карэі!»

Сяргей Гоўша

«Заганялі і заганяюць! Я ў Баранавічах жыву, а дачка зараз — у Менску. Дык вось, калі яна вучылася ў Баранавіцкім вышэйшым пэдкаледжы, дамовілася зь сяброўкамі, што ня будуць уступаць у БРСМ. Ды выйшла так: з кіраўніком БРСМ прыйшоў у групу дырэктар пэдкаледжа і прапанаваў усім падтрымаць іншую групу і аднагалосна ўступіць у БРСМ. Як думаеце, які вынік атрымаўся? Хто з маладых дзяўчатак вытрымае і скажа „не“, калі кожнай зь іх здаецца, што менавіта на цябе глядзіць кіраўнік каледжа.

Усе паднялі рукі, акрамя маёй дачкі Алены. Прыйшоўшы дадому, яна моцна плакала, што яе выганяць, але найбольш плакала ад таго, што ёй здрадзілі сяброўкі, і нам доўга прыйшлося яе супакойваць. Але яна маладзец, выстаяла! Але вось яе найлепшая сяброўка ня вытрымала, здрадзіла, затое потым стала за гэта ідэолягам баранавіцкага гарвыканкаму. Вось так ламалі на калена моладзь і працягваюць гэта рабіць. Думаючыя людзі з такіх ужо не атрымаюцца, гэта будуць паднявольныя, бязвольныя рабы сыстэмы».

Яўген

«Мяне таксама прымушалі ў 2008 годзе (у 9-й клясе) уступаць у БРСМ. У квітках толькі расьпісваліся. Аргумэнты былі: не паступіш — не атрымаеш нармальных адзнак, не дадуць мэдаль (я з залатым скончыў) і іншыя жахі. Ужо ў ВНУ неяк на лекцыі пра любоў да Радзімы я ўстаў і папрасіў падняць руку тых, каго таксама прымусілі, запалохалі ўступіць [ у БРСМ] — паднялі ўсе, апроч хлопцаў зь Менску. Ім тады можна было па жаданьні.

Ужо ў ВНУ спрабаваў выйсьці з БРСМ і перастаць плаціць — зноў пачалі запалохваць, нейкія вылікі рабілі са стыпэндыі, хацелі нейкі чэк прад’явіць, абыходныя, яшчэ нешта (ня памятаю). У выніку парэзаў білет і выкінуў. Мясцовых ідэйных (хто быў кіраўніком мясцовай ячэйкі камсамолу) папярэдзіў, каб мяне са сьпісаў сваіх выкрасьлілі».

Ульяна, вучаніца гімназіі

«У класе сёмым нас прымушалі ўступіць у піянэры. Галоўны аргумэнт, які чуў у адказ кожны, хто быў супраць, — бяз паперкі вы нікуды ня зможаце паступіць, бо, робячы выбар паміж вамі і кімсьці, у каго такая паперка ёсьць, прыёмная камісія абярэ не вас. А нязгодных было шмат, што не дзіва — гімназія, як заяўляе шыльда на ўваходзе, беларускамоўная (аднак беларуская мова ў большасьці настаўнікаў такая, што выць хочацца), таму ў асноўным бацькі ды самі навучэнцы разумеюць, на што нас жадалі падпісаць. Увогуле, тады намесьнік дырэктара ды пэдагог-арганізатар змаглі атрымаць згоду з чалавек пятнаццаці з 23. Але тым, хто не пагадзіўся, паабяцалі, што аднойчы мы ўсе пачуем, што той наш выбар быў вельмі і вельмі няправільным.

Што датычыцца сеньняшняга дня, дзявяты клас, час уступаць у БРСМ, на нас пачынаюць ціснуць: амаль кожную сераду зганяюць у актавую залю, дзе распавядаюць аб тым, якія магчымасьці дасьць нам гэтая арганізацыя. Кожны раз заканчэньнем гэтага мерапрыемства зьяўляюцца словы: „А зараз вы можаце падысьці да... і ўзяць паперку, каб падпісаць згоду, грошы здаць у N кабінэт“.

Але майму класу яшчэ вельмі пашанцавала, бо ў нас вельмі адэкватная класная, якая сама добра разумее сытуацыю і таму гатовая да таго, каб выслухоўваць незадаволенасьць лікам уступіўшых ад намесьніка дырэктара. Апошняя гаворыць нам, што без БРСМ у 10-11 клас не возьмуць. Але ж не возьмуць у гэтую гімназію — возьмуць у іншую. Бо дакладна ведаю, не ўсюды такі маразм».

Алеся

«Як большасьць бяспраўных школьнікаў, нас у адной зь Дзятлаўскіх школ дабраахвотна-прымусова заўпэўпэўнівалі ўступаць у БРСМ. Памятаю, што адмыслова зьбіралі ўсіх у актавай залі і намесьніца дырэктара па выхаваўчай працы дэманстратыўна выклікала на сцэну ўсіх, хто адмаўляўся насіць „ганаровае званьне патрыёта Радзімы“. Паказальнае прыніжэньне бедных дзяцей, якое ніколі не забудзецца. З довадаў было прадказальнае „будуць праблемы з атэстатам, не паступіце ў ВНУ і гэтак далей“.

На той момант мае палітычныя погляды яшчэ не былі належным чынам сфарміраваныя, таму я зьбегла гэтай часткі прыніжэньне. У мяне ў прыярытэце было паступленьне на бюджэт праз фінансавыя складанасьці, таму баялася якіх-небудзь праблемаў, хоць і гучала гэта непераканаўча.

Што тычыцца ўнівэрсытэту, Горадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт (матэматычны факультэт) таксама ня чым не адрозьніваўся ад іншых дзяржаўных адукацыйных установаў. Яшчэ на першым курсе куратар папярэдзіла, што лепш застацца ў БРСМ калі зацікаўлены ў пасьпяховай вучобе. Ніякай карысьці яд білету БРСМ за ўсе гады я так і не атрымала, яшчэ і прыйшлося выплаціць нармалёвую суму ўсіх унёскаў за 5 гадоў.

Лічу гэтую арганізацыю паразытуючай, і спадзяюся, што мае дзеці ня будуць удзельнічаць у гэтым маразьме, а абіраць толькі са сваіх поглядаў».

Варвара Гузарэвіч:

«Калі я вучылася ў 9 класе, у школе была актыўная БРСМ-агітацыя. Памятаю, падчас уроку настаўніца пачала на мяне крычаць, таму што я не хацела фатаграфавацца для білета БРСМ. Яна казала, што я падводжу школу, не паважаю настаўнікаў, што мяне не возьмуць ва ўнівэрсытэт і гэтак далей па сьпісу.

Я здалася. Зрабіла фота і напісала заяву, каб мяне ўзялі ў БРСМ. Дома ўжо дала сабе волю, ды расплакалася, з-за гэтага псыхалягічнага ціску. Бацькі мяне падтрымалі, сказалі, каб я вярнулася ў школу, ды выкінула гэтую заяву ў смецьце. Я так і зрабіла.

У 11 класе нас засталося 3 чалавекі на паралель, хто так і не стаў часткай БРСМ. Мне гэта не перашкодзіла атрымаць добры атэстат, нават трапіць на дошку гонару ды паступіць у БДУ».

Навіна цалкам на сайце: www.svaboda.org

Последние новости