haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Политика

29.01.2019 14:27

776 просмотров

0 комментариев

Падатак на дармаедзтва — трэці за апошнія 100 год і адзіны ў свеце. Як кайзэр, Хрушчоў і Лукашэнка прымушалі беларусаў працаваць

У Беларусі доўгая гісторыя змаганьня з дармаедамі. Сацыяльных утрыманцаў тут судзілі ня толькі за саветамі, але яшчэ падчас Першай сусьветнай вайны. Якімі мэтадамі нямецкі кайзэр Вільгельм ІІ, Мікіта Хрушчоў і Аляксандар Лукашэнка прымушалі беларусаў да працы, — у гістарычным аглядзе Свабоды.

Тэкст упершыню апублікаваны на сайце Радыё Свабода 28.01.2018.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Тэст: Даведайцеся, ці вы «дармаед»?

1916 год. «Karać sztrafam da 3.000 marak hraszmi abo adsidkaj»

«Прыказ аб дармаедах» 1916 году стаў вядомы летась. Гэта быў адзін з экспанатаў выставы «Бывай, мільянэр!», перадаваў «Твой стыль». Надрукаваны беларускай лацінскай, «Prykaz» быў выдадзены нямецкай адміністрацыяй 3 сакавіка 1916 году. Ён распаўсюджваўся на «крэпасны рэён Гродны» і «рэён Этапнай Інспэкцыі ХІІ Арміі».

Штрафам да 3 тысяч марак або «адсідкай» (у турме ці пад арыштамі) гразіліся пакараць тых, хто супраціўляецца выдадзеным загадам аб працы на ральлі, зьбіраньні ўраджаю, паляпшэньні скаціны. Праца была абавязковая, але за яе плацілі.

Пункт 2 «Прыказу» (тэкст прыведзены ў арыгінале):

«Hetkaj že karaj (jak pakazana u punkci 1.) karacimuć kožnaho wiaskowaho ci miestawoho žychara, katory-by z nieachwoty rabić, lenaści abo inszaj pustoj pryczyny nie pajszou na kožnuju predłoženuju jamu za platu rabotu».

Войскі кайзэра Вільгельма ІІ былі ў Горадні да 1918 году. Аднак невядома, колькі часу дзейнічаў гэты загад і колькі дармаедаў былі асуджаныя акупацыйнымі ўладамі.

1961 год. Дармаедам давалі працу ці высялялі за межы гораду

Чарговым разам дармаедаў у Беларусі сталі вышукваць і асуджаць праз 45 год, у часы кіраўніцтва Мікіты Хрушчова. У 1961 годзе Вярхоўны Савет СССР выдаў указ «Аб узмацненьні барацьбы з асобамі (лайдакамі, дармаедамі, паразытамі), якія ўхіляюцца ад грамадзка-карыснай працы і якія вядуць антыграмадзкі паразытычны лад жыцьця».

Дармаедаў у СССР выяўляла міліцыя. Пра гэта Свабодзе расказаў Мечыслаў Грыб. З 1962 году ён працаваў у органах унутраных спраў БССР, з 1985 году ўзначальваў Упраўленьне ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкаму.

Былы кіраўнік Беларусі Мечыслаў Грыб

«Дармаед часоў Савецкага Саюзу і дармаед у Рэспубліцы Беларусь — гэта розныя катэгорыі людзей. Тады была зусім іншая аснова барацьбы з дармаедзтвам», — сказаў Грыб.

Дармаедамі ў СССР лічыліся людзі, якія ўхіляліся ад працы. Іх вышуквала міліцыя, а ўлады прымусова працаўладкоўвалі. А калі чалавек адмаўляўся працаваць, яго маглі пасадзіць на суткі. А ўпартых дармаедаў зь Менску і абласных цэнтраў высялялі за межы гораду — высылалі на соты кілямэтар.

«Катэгорыя дармаедаў была даволі абмежаваная, — кажа Грыб. — Хто злоўжываў сьпіртнымі напоямі і нідзе не працаваў, жабракі, працаздольныя людзі, што жылі за кошт бацькоў і не працавалі — гэта былі дармаеды. Але да жанчын, якія гадавалі дзяцей і вяскоўцаў, ніхто не прад’яўляў ніякіх патрабаваньняў».

У СССР барацьба з дармаедамі мела ідэалягічны характар, а ў Беларусі — эканамічны. Савецкае заканадаўства не прадугледжвала штрафаў і тым больш падаткаў за дармаедзтва. Наадварот, дармаедаў забясьпечвалі працоўнымі месцамі.

«Барацьба з дармаедамі ні да чога не прыводзіла, — кажа Грыб. — Калі дэмакратыя прыйшла, мы ўсё гэта паадмянялі. Толькі ў двух выпадках прымусовая праца можа прымяняцца ў краіне: ці падчас надзвычайнага становішча, ці па рашэньні суду. І гэты дэкрэт (аб сацыяльным утрыманстве. — РС) не адпавядае дзевяці артыкулам Канстытуцыі».

2015 год. «Любымі спосабамі трэба прымусіць гэтых людзей працаваць»

У найноўшай гісторыі пра дармаедаў упершыню згадалі ў сакавіку 2012 году. Віктар Гумінскі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў, прапанаваў увесьці законапраект аб барацьбе з дармаедзтвам.

Праз паўгода пра 400 тысяч дармаедаў ужо казаў прэм’ер-міністар Міхаіл Мясьніковіч. Ён паабяцаў, што ў Беларусі будуць змагацца зь фіктыўным працаўладкаваньнем, а дармаедаў і ўтрыманцаў прыцягнуць да сплаты падаходных падаткаў і фармаваньня пэнсійнага фонду.

Міхаіл Мясьніковіч

«Многія з гэтых так званых непрацуючых, вядома, працуюць, але падаходны падатак ня плацяць, адлічэньні ў пэнсійны фонд ня робяць, а ўсімі сацыяльнымі дабротамі — мэдыцынай і гэтай далей — карыстаюцца, як і ўсе, — казаў Мясьніковіч. — За кошт каго?»

Праз год упершыню прагучала ідэя падатку на беспрацоўных. Працаздольныя людзі, якія не зарэгістраваныя на біржы працы, паводле словаў Мясьніковіча, павінны будуць плаціць падатак. Каб стымуляваць людзей да працы, Мясьніковіч абяцаў стварыць новыя прадпрыемствы па ўсёй краіне — па дзесяць малых вытворчасьцей у кожным раёне кожны год.

А ў канцы 2014 году Аляксандар Лукашэнка канчаткова вызначыўся з новым законам: ён павінен працаваць з 1 студзеня 2015 году.

Аляксандар Лукашэнка

«Хочаце вярнуць паняцьце „дармаедзтва“ — вяртайце, — сказаў Лукашэнка. — Гэта будзе больш зразумела для народу. Любымі спосабамі, якія мы ведаем і ўмеем рабіць, трэба прымусіць гэтых людзей працаваць!»

Як таго і патрабаваў прэзыдэнт, «падатак на дармаедзтва» пачаў дзейнічаць з 1 студзеня 2015 году. Праўда, прынялі яго задняй датай — 2 красавіка 2015-га.

Дэкрэт № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства» абавязваў грамадзян, якія пастаянна пражываюць у Беларусі і ня ўдзельнічалі ў фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў або ўдзельнічалі менш за паўгода, сплачваць збор памерам 360 беларускіх рублёў (20 базавых велічыняў). Інакш ім пагражаў штраф або адміністрацыйны арышт.

У 2017 годзе збор сплацілі больш за 54 тысячы чалавек з 470 тысяч, якім былі разасланыя паведамленьні, казалі ў Міністэрстве падаткаў і збораў.

Дэкрэт выклікаў хвалю пратэстаў у Беларусі ўвесну 2017-га. Удзельнікі «Маршаў недармаедаў» патрабавалі яго адмяніць. Вулічныя акцыі жорстка разганяла міліцыя, іх удзельнікаў штрафавалі і каралі адміністрацыйнымі арыштамі. Увесну 2017 году, пасьля масавых акцыяў пратэсту па ўсёй краіне, Лукашэнка загадаў прыпыніць дзеяньне дэкрэту на год, але пазьней заявіў, што не адмовіўся ад «падатку на дармаедаў». Ад чыноўнікаў гучалі розныя прапановы, як абнавіць дэкрэт, у тым ліку супярэчныя Канстытуцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Улады нічому не навучыў 2017 год, хай рыхтуюцца да пратэстаў, — Фядыніч

«Дармаедзкі» дэкрэт № 3 перапісалі

У студзені 2018 году Лукашэнка падпісаў абноўлены дэкрэт № 1 «Аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва», які абавязвае ўсіх «не занятых у эканоміцы» грамадзян Беларусі ў поўным аб’ёме плаціць за датаваныя дзяржавай паслугі ЖКГ, пачынаючы з 2019 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Як перастаць быць «дармаедам», патраціўшы ня больш як 30 рублёў

У абноўленым дэкрэце новага азначэньня «дармаедаў» няма. У пастанове Савету Міністраў ад 31 сакавіка выкарыстоўваюцца азначэньні «працаздольныя грамадзяне, не занятыя ў эканоміцы», і «працаздольныя грамадзяне, якія не працуюць».

«Не занятымі ў эканоміцы» лічацца грамадзяне Беларусі, якія не ажыцьцяўляюць працоўную, рамесную, творчую, навучальную ці іншую дзейнасьць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Колькі трэба патраціць часу, каб знайсьці сябе ў «базе дармаедаў»

10 сьнежня Лукашэнка таксама пазбавіў семʼі, дзе ўсе працаздольныя — «дармаеды», права на атрыманьне дзяржпадтрымкі пры будаўніцтве жытла.

  • Паводле пастановы Савету міністраў, у «базу дармаедаў» занесьлі каля 500 тысяч чалавек. У іх лік трапілі, напрыклад, грамадзяне, якія сплацілі падаходны падатак, а таксама частка тых, хто стала пражывае за мяжой.
  • Каб давесьці ўладам памылковасьць занясеньня ў базу, неабходна зрабіць шэраг бюракратычных захадаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Якія міжнародныя законы, пакты, канвэнцыі парушае «дармаедзкі» дэкрэт

Імаверна, пастанову Саўміну аб «дармаедах» ад 31 сакавіка прынялі задняй датай. Вядома, што 4 красавіка гэтай пастановы яшчэ не было.

Сёньня Беларусь застаецца адзінай у сьвеце краінай, дзе падатковым зборам абкладаюцца беспрацоўныя. Аднак магчымую «сацыяльную плату» на беспрацоўных грамадзян абмяркоўваюць з 2015 году і ў Расеі.

Антон Трафімовіч

https://www.svaboda.org

Последние новости