haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Политика

31.01.2019 14:21

720 просмотров

0 комментариев

Пражывем і без Расіі

Мы ўжо чвэрць стагоддзя жывём у суверэннай дзяржаве. Час нарэшце гэта зразумець. А ўсім «аб’яднальнікам» я задам адно пытанне: што нам можа даць Расія?

«Саюз — калі ласка. Аб’яднанне — калі ласка, але толькі гэта людзі павінны вырашыць, а не мы. Мы не адмаўляемся ні ад аднаго тэзіса», — сказаў надоечы Лукашэнка.

Шэсць прарасійскіх арганізацый Беларусі апублікавалі заяву з патрабаваннем ліквідацыі партыі БНФ. Зварот падпісаны чатырма грамадскімі аб’яднаннямі, адной прыватнай установай і адной каардынацыйнай радай левых партый. У ліку падпісантаў экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў і адзін з нядаўніх кіраўнікоў Камуністычнай партыі Беларусі Валер Драко, які арганізоўваў у Мінску шэсце «Несмяротны полк» і заклікаў далучыць да «Саюзнай дзяржавы» непрызнаныя «ДНР» і «ЛНР» на мінскай вечарыне памяці забітага лідара «ДНР» Захарчанкі.

Некаторыя дзяржаўныя (!) дзеячы кажуць, што «без Расіі нам нікуды». Цытаты шырока разышліся па інтэрнэце. А ў мяне ўзнікае адно пытанне. Што нам дасць Расія? Якую мы выгаду атрымаем з такога яднання? Вось проста, з калькулятарам?

Новыя тэхналогіі? З якімі ў космас лётаюць на «Прагрэсах» узору 1970 года, што рэгулярна падаюць у акіян, у той час, як Ілан Маск ужо запускае модулі, якія вяртаюцца з космасу, і рыхтуе экспедыцыю на Марс? Што можа нам даць краіна, якая займае 1/6 частку зямлі, але не здолела выпусціць свой смартфон? У той час як у Беларусі ёсць свае мабільнікі, напрыклад, Flycat? Краіна, якая, валодаючы велізарнымі чалавечымі рэсурсамі, замест лідарства ў інтэрнэце прапануе абмежаваць інтэрнэт?

Расія можа даць нам грошы? Не смяшыце... Расійскі рубель каштуе тры беларускія капейкі — хто да каго павінен далучацца? «Аб’яднанне грашовых сістэм» на такіх умовах? Не больш, чым міф. Можа, прапанаваць Расіі больш стабільны беларускі рубель?

Расія дасць нам танныя энерганосьбіты? А давайце палічым, ці танна гэта? Што Расія выканала з дамоўленасцяў па ЕАЭС, па Мытным саюзе? У гэтым годзе павінен быў бы ўжо пачаць працу адзіны рынак энерганосьбітаў. Але «не лёс». А чаму так?

А мы, «свяцейшыя за Папу Рымскага», у межах ЕАЭС забілі сваіх прадпрымальнікаў. Мы выконваем патрабаванні стандартаў ЕАЭС, на якія ў Расіі чхаць хацелі. Яны не выдаюць даведкі аб сертыфікацыі ЕАЭС нашым ІП, якія ім даюць грошы і ў іх жа закупляюцца... А нашы фіскалы такія даведкі патрабуюць. Таму што — «свяцейшыя за Папу Рымскага». Мы да літары выконваем усе дамоўленасці. А яны?

Мне рэгулярна па каментары тэлефануе ўкраінскі канал «112». Тры разы яны пыталіся: «Чаму Беларусь у ААН галасуе супраць Украіны»? Тры разы я ім спрабаваў растлумачыць — у нас з Расіяй агульная знешняя палітыка, стратэгію якой падпісвае Макей на два гады ў рамках агульнай знешнепалітычнай дактрыны. І таму Беларусь у ААН галасуе супраць Украіны, што не дадае нашай краіне ні аўтарытэту, ні павагі... Мне сорамна за тое, што я павінен апраўдвацца перад сваімі сябрамі-ўкраінцамі і тлумачыць, што ўлада і народ — не адно і тое ж. А Расія хоць раз выступіла на баку Беларусі? Хоць разок агульная знешнепалітычная дактрына спрацавала на карысць Беларусі, а не Расіі?

Што Расія можа даць Беларусі? Сваю сістэму адукацыі? Імперскія амбіцыі? Дзякуй, не трэба. Што яна можа прапанаваць у абмен на аб’яднанне, чаго б мы самі ўжо не мелі б? Вось шчыра — што?

Давайце проста сядзем з калькулятарам — і палічым. Што, хто, каму і навошта?

Мы Расіі даём многае. Транзітны калідор на Захад. Адзінага саюзніка ў Еўропе на міжнароднай арэне (гэта, на самай справе, шмат чаго варта). Адзінага партнёра, які можа ў любы момант працягнуць руку дапамогі ў ААН. А што нам дае Расія?

Чарговую чачэнскую вайну? Грузінскую вайну? Украінскую вайну? Што мы будзем мець ад саюзу з Расіяй? Алігархаў? Прыватызацыю ў іх рукі найбольш прыбытковых прадпрыемстваў? Наша войска, уцягнутае ў міжнародныя канфлікты? У Сірыю?

Растлумачце мне: што мы маем ад саюзу з Расіяй? І што мы страцім, калі саюза не будзе? Цэны на энерганосьбіты? Прабачце. Ёсць між­дзяржаўныя дамоўленасці, ёсць цана транзіту, і ёсць суд у Гаазе.

Я рэальна не разумею, што мы набываем ад гэтага саюза. Нічога? Дык навошта ўвесь гэты цырк?

Патлумачце мне, калі ласка. З калькулятарам.

Сяргей Пульша

https://novychas.by

Последние новости