haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Политика

06.03.2019 07:48

435 просмотров

0 комментариев

Аўтар падараванай Лукашэнку кнігі: Беларусь цяпер у тым часе, у якім была Ўкраіна пры Януковічу

Герой «Інтэрвію тыдня» — украінскі палітоляг Яўген Магда, кіраўнік Інстытуту ўсясьветнай палітыкі. Менавіта ягоную кнігу «Гибридная агрессия России. Уроки для Европы» перадаў Аляксандру Лукашэнку падчас «Вялікай размовы» беларускі журналіст Зьміцер Лукашук. Спадар Магда выказвае пажаданьне, каб Лукашэнка прачытаў ягоную кнігу «хаця б па дыяганалі», лічыць, што Беларусь стаіць перад пагрозай расейскай гібрыднай агрэсіі, і заяўляе, што Ўкраіне «не патрэбна яшчэ тысяча кілямэтраў варожай мяжы».

Мы ва Ўкраіне ўжо перажылі расейскую гібрыдную агрэсію, і я б не жадаў гэтага Беларусі

— Калі беларускі журналіст Зьміцер Лукашук перадаў з рук у рукі вашую кнігу Аляксандру Лукашэнку, то вы ў Фэйсбуку пакпілі з гэтай нагоды, апублікаваўшы фота Лукашэнкі з вашай кнігай — маўляў, глядзіце, хто рэклямуе маю творчасьць. Скажыце, ці павялічыліся продажы кнігі пасьля гэтага?

— Гэта трэба пытацца ў выдавецтва. Але ў мяне асабіста некалькі людзей ужо спыталі — «Як купіць вашу кніжку?». Я ня буду хаваць, што прасіў Зьмітра гэтую кнігу перадаць, але, вядома, ня думаў, што ён здолее зрабіць гэта падчас прэсавай канфэрэнцыі.

Яўген Магда

Я думаю, што для любога дасьледчыка цікава, калі прэзыдэнт эўрапейскай краіны бярэ ў рукі ягоную кніжку і паказвае яе іншым людзям. Таму я ўдзячны і Зьмітру, і прэзыдэнту Лукашэнку за такую ўвагу да маёй творчасьці.

— Лукашэнка, аднак, адразу выказаўся, што не гарантуе, што будзе гэтую кнігу чытаць, але абавязкова яе пагартае. Ведаючы Лукашэнку як палітыка — па-вашаму, ці будзе ён чытаць вашу кнігу?

— Я б хацеў, каб ён яе прачытаў. Хаця б па дыяганалі, як ён паабяцаў. Я б хацеў, каб ён зразумеў, што Беларусь на сёньня стаіць перад дастаткова сур’ёзнымі пагрозамі і ён як прэзыдэнт можа шмат чаго зрабіць, каб гэтых пагрозаў пазьбегнуць. Я спадзяюся, што сама інфармацыйная нагода прывядзе хаця б да прагляданьня маёй кнігі памочнікамі Лукашэнкі, і, адпаведна, гэта паўплывае на яе далейшую ролю ў разуменьні таго, што адбываецца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка пра адносіны з Расеяй: нахлебнікамі абзываюць, ціснуць, дзе толькі можна

— А вы слухалі адказ Лукашэнкі на пытаньні Зьмітра Лукашука, калі ён задаваў сваё пытаньне і заадно «рэклямаваў» вашу кнігу? Адказ Лукашэнкі зводзіўся да таго, што, маўляў, ня трэба перабольшваць так званую расейскую пагрозу, расейцы нам браты і гэтак далей.

— Вядома, было б дзіўна, калі б Лукашэнка, пабачыўшы кнігу пад назвай «Гибридная агрессия России. Уроки для Европы», сказаў бы пры ўсіх, што будзе яе чытаць і вывучаць. Я разумею, што кропля камень точыць. Беларусь знаходзіцца ў катэгорыях сацыяльнага часу прыблізна на той стадыі, на якой Украіна была ў 2010–13 гадах, падчас кіраваньня Януковіча. Мы перажылі ўжо расейскую гібрыдную агрэсію, і я б не жадаў гэтага Беларусі. Таму прапанаваў беларускім сябрам пазнаёміцца з нашым досьведам, які ў тым ліку сабраны ў гэтай кнізе.

Урок Украіны ў тым, каб быць уважлівымі, глядзець на тое, што адбываецца вакол і ўсярэдзіне краіны

— Вы цікава параўналі, што Беларусь — гэта Ўкраіна часоў Януковіча. Аднак расейская агрэсія пачалася акурат пасьля таго, як Януковіча скінулі. Беларускі «Януковіч» пакуль пры ўладзе. Навошта расейцам ажыцьцяўляць сваю гібрыдную агрэсію супраць Лукашэнкі, які іх збольшага задавальняе?

— Рэч у тым, што прэзыдэнцкі тэрмін у Пуціна заканчваецца ў 2024 годзе, і ён заяўляў, што ня будзе балятавацца на новы тэрмін. Пэрспэктыва для яго легітымна застацца пры ўладзе — гэта пэрспэктыва стаць лідэрам «саюзнай дзяржавы». Ці захоча гэтага Лукашэнка — не магу сказаць. Я пакуль бачу бясплённыя перамовы Лукашэнкі і Пуціна цягам апошніх месяцаў. Інтэнсіўныя, але бясплённыя.

Думаю, з майго боку было б няправільна даваць парады нашым беларускім сябрам. Няма ўнівэрсальнага рэцэпту, як засьцерагчыся ад таго або іншага кроку Расеі, як захавацца ад гібрыдных атак. Але тое, што трэба ўзмацняць нацыянальную самасьвядомасьць, узмацняць разуменьне беларусаў, што яны беларусы, — гэта відавочна.

Я прывяду такі прыклад. Мы ва Ўкраіне да вясны 2014 году былі ўпэўненыя, што ва Ўкраіне моцная армія. Але калі пачалася анэксія Крыму, мы даведаліся, што дзейных баяздольных частак — ня больш за 5 тысяч вайскоўцаў.

Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка і прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка ў Чарнобылі. 26 красавіка 2017 году

Я ведаю, што ў Беларусі часта праходзяць вучэньні з расейцамі. Бачыў у Менску білборды, якія рэклямуюць беларускую армію. Я шчыра спадзяюся, што яна сапраўды моцная і адданая прысязе. І лепш было б не правяраць гэта на практыцы. Бо мы ва Ўкраіне заплацілі дужа дарагую цану, калі былі вымушаныя перабудоўваць і ўзмацняць армію на хаду.

Але ўрок Украіны, сярод іншага, у тым, каб быць уважлівымі, глядзець на тое, што адбываецца вакол і ўсярэдзіне краіны, рэагаваць на розныя пагрозы. Бо асаблівасьць гібрыднай вайны якраз у тым, што яна можа праявіцца ў самых розных сфэрах.

— Украінская тэма прагучала некалькі разоў, у розных аспэктах. Лукашэнка нават два разы паўтарыў, што, на ягоную думку, на выбарах у красавіку пераможа цяперашні прэзыдэнт Пятро Парашэнка. Як бы вы ацанілі такія заявы? І як ва Ўкраіне іх ацанілі?

— Ва Ўкраіне гэта ацанілі спакойна, бо цяпер ніхто ня можа прадбачыць вынік выбараў, сытуацыя ўвесь час мяняецца. У пазыцыі Лукашэнкі няма нічога дзіўнага, ён быў і на інаўгурацыі Парашэнкі ў 2014-м, і, у прынцыпе, заўжды дэманструе пазыцыю, прыязную да Ўкраіны. Таму я тут ня бачу нічога дзіўнага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

За каго Лукашэнка «прагаласаваў» на ўкраінскіх выбарах?

— Гэта проста пажаданьне Лукашэнкі (каб выйграў Парашэнка), бо яму так хацелася? Ці гэта актыўная спроба паўплываць на думку ўкраінскіх выбарнікаў, бо Лукашэнка, як сьведчаць сацыялягічныя дасьледаваньні, — самы папулярны замежны палітык ва Ўкраіне?

— Ён сапраўды самы папулярны замежны палітык ва Ўкраіне. Але сказаць, што ягоная рэкамэндацыя будзе вызначальнай для ўкраінскіх выбарнікаў — гэта было б перабольшваньнем.

У Лукашэнкі свая лёгіка — я б назваў яе лёгікай няспыннага манэўраваньня. Ён увесь час робіць розныя «гімнастычныя трукі»

— Яшчэ адзін цікавы аспэкт беларуска-ўкраінскай тэмы праявіўся ня так даўно, 14 студзеня, калі Аляксандар Лукашэнка сустрэўся зь Віктарам Медзьведчуком. Ва Ўкраіне, калі я не памыляюся, Медзьвядчук успрымаецца як прарасейскі палітык, да таго ж сьцьвярджаецца, што ён кум Уладзіміра Пуціна. Што яны маглі абмяркоўваць, і як гэта ўспрымаецца ва Ўкраіне?

— Гэта ягонае права як прэзыдэнта сувэрэннай дзяржавы — сустракацца, з кім ён лічыць патрэбным. Я толькі заўважу, што за некалькі тыдняў да гэтага Лукашэнка сустракаўся зь цяперашнім кіраўніком трохбаковай кантактнай групы ад Украіны Яўгенам Марчуком.

У Лукашэнкі свая лёгіка — я б назваў яе лёгікай няспыннага манэўраваньня. Ён ідзе на розныя «гімнастычныя трукі», увесь час іх робіць. Да чаго гэта прывядзе — на сёньня мы ня ведаем. Але судзіць яго за перамовы зь Медзьведчуком я б ня стаў — паўтаруся, гэта ягонае права.

— За апошнія месяцы ці зьмянілася неяк стаўленьне ўкраінскай палітычнай эліты і ўкраінскага насельніцтва да Беларусі? Як украінцы глядзяць на напружаньне ў беларуска-расейскіх адносінах і безвыніковыя перамовы Лукашэнкі і Пуціна?

— Лукашэнка — дастаткова дасьведчаны палітык, і ён, я думаю, сам разумее, якія могуць быць вынікі ягоных перамоваў з Пуціным. Што тычыцца беларуска-ўкраінскіх адносінаў — для ўкраінцаў важна разумець, што беларусы — гэта не ўкраінцы, а ўкраінцы — не беларусы. У нас у кожнай дзяржавы ёсьць уласныя інтарэсы, мы суседзі, але ня родзічы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ва Ўкраіне за месяц да выбараў успыхнуў карупцыйны скандал, апазыцыя хоча імпічмэнту Парашэнкі

Нам не патрэбная яшчэ тысяча кілямэтраў варожай мяжы, у нас ужо ёсьць дзьве тысячы кілямэтраў варожай мяжы з Расеяй. Таму Ўкраіна зацікаўленая найперш у тым, каб у нас усё было нармальна і прадказальна. Тым болей што гандлёвыя адносіны паміж краінамі досыць стабільныя і ўзаемавыгадныя, у нас ёсьць супольныя інтарэсы і супольныя магчымасьці, якія мы можам рэалізоўваць.

Віталь Цыганкоў

https://www.svaboda.org

Последние новости