haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Политика

23.03.2019 09:03

558 просмотров

0 комментариев

Пуцін сыдзе і захопіць з сабою Лукашэнку

Мірны транзіт улады ў аўтарытарнай постсавецкай рэспубліцы — унікальны выпадак. Выпадак, які нагадвае іншым палітычным доўгажыхарам, што і яны не вечныя. Нурсултан Назарбаеў склаў паўнамоцтвы прэзідэнта. Казахскі лідар сказаў, што надышоў час даць дарогу маладым, але з палітыкі не сышоў. Першы прэзідэнт Казахстану застаецца ва ўладзе ў якасці Елбасы — лідара нацыі. Гэты тытул дае не толькі сімвалічныя, але і цалкам рэальныя паўнамоцтвы. Якія высновы з казахскай ракіроўкі варта зрабіць уладам Беларусі? Матэрыял Усевалада Шлыкава.

Нурсултан Назарбаеў, экс-прэзідэнт Казахстану:

«Я прыняў няпростае для сябе рашэнне скласці з сябе паўнамоцтвы прэзідэнта Рэспублікі Казахстан».

За некалькі дзён да Наўрузу — нацыянальнага свята надыходу вясны, жыхары Казахстану атрымалі новага, часовага, прэзідэнта. Нагадвае падзеі дваццацігадовай даўніны ў Расеі. Але ёсць істотнае адрозненне. Сыход бяззменнага прэзідэнта быў цалкам чаканы.

Каментуе Вольга Харламава, даследчыца прапаганды:

«Чатыры-пяць гадоў вельмі мэтанакіравана ішла падрыхтоўка да перадачы ўлады. Перш за ўсё былі прынятыя некалькі канстытуцыйных законаў, што вельмі моцна абмежавалі жадаючых паўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах».

Прэзідэнцкія выбары ў краіне пройдуць прыкладна праз год. Чакаецца, што на месца Назарбаева канчаткова сядзе Касым-Жамарт Такаеў — шматгадовы кіраўнік Сенату краіны. Ён ужо агучыў свой першы прэзідэнцкі ўказ.

«Нашая сталіца павінная насіць імя нашага прэзідэнта і называцца Нурсултан», — заявіў Касым-Жамарт Такаеў, новы кіраўнік Казахстану.

Пасля такога жэсту лаяльнасці, падаецца, што менавіта гэтая асоба павядзе краіну ў светлую будучыню старым шляхам. Але ёсць і іншыя варыянты.

Гаворыць Ігар Віняўскі, журналіст «Белсату» з Казахстану, палітычны аглядальнік:

«Такаева можна разглядаць як пераходную фігуру менавіта гэтага перыяду, або пераемніка, які пераможа на выбарах, але з іншага боку цяпер старшыня Сенату — Дарыга Назарбаева, то бок асоба, якая ў выпадку адстаўкі Такаева па нейкай прычыне, прымае ўзды праўлення».

То бок выконвае ролю страхоўкі, як яшчэ нядаўна — сам Такаеў.

Дарыга Назарбаева, дачка Нурсултана Назарбаева і старшыня Сенату Казахстану:

«Я глыбока ўсведамляю ролю парламента ў палітычным жыцці нашай краіны, асабліва ў гэты пераломны момант у жыцці нашага народ».

Назарбаеў, можа і стаміўся, але нікуды не сыходзіць. Статус Елбасы — лідара нацыі і першага прэзідэнту Казахстану, захоўвае за ім лідарства ў кіроўнай партыі краіны і пакідае пажыццёвае старшынёўства ў Савеце бяспекі. Мяркуецца, што загадзя падрыхтаваная перадача ўлады пройдзе гладка.

Працягвае Ігар Віняўскі:

«Канфлікту адназначна не будзе, бо ён нікому ў прынцыпе не патрэбны. Ён не патрэбны ні ўнутры краіны і не патрэбны суседзям, а галоўныя суседзі — галоўныя гульцы на вонкавай палітыцы Казахстану — гэта Расея і Кітай».

Уласна ў Расеі, куды больш пераймаюцца лёсам казахстанскага транзіту. Маўляў, елбасы — тытул, канешне прыгожы, але з кожным днём ягоны ўплыў будзе падаць на карысць прэзідэнта.

Каментуе Андрэй Суздальцаў, палітолаг, Масква:

«Не факт, што ўсё, што хоча былы прэзідэнт Назарбаеў — атрымаецца. Сур’ёзныя супярэчнасці элітаў, супярэчнасці нацыянальныя, канфесіянальныя. Карупцыя — неверагодная і праблемы тут будуць».

Але калі і будуць — то толькі ўнутры краіны. Для Расеі Казахстан важны, як ці не апошні рэальны вайсковапалітычны хаўруснік, улічваючы цяперашняе напружанне ўнутры Саюзнай Дзяржавы. Кітай — таксама зацікаўлены ў стабільным паўночна-усходнім суседзе. Паднябесная заінвеставала ў казахскую эканоміку амаль 28 мільярдаў долараў і дынаміка ўвесь час расце. Падавалася — б падобная сітуацыя і ў Беларусі — хаўрус з Расеяй, апошнімі гадамі прыходзяць і кітайскія інвестыцыі, але беларускі рэжым — куды слабейшы, кажуць адмыслоўцы.

Андрэй Суздальцаў працягвае:

«У Беларусі ўлада бязмежна слабая, яе выручае толькі тое, што ўнутраная апазіцыя яшчэ слабейшая. Там ідзе барацьба слабых, а любы вонкавы ціск можа цалкам змяніць сітуацыю — што з Захаду, што з Поўдня, што з Усходу».

Таму кожны выбрык расейскіх прапагандыстаў настолькі моцна адчуваецца ў Менску. І Лукашэнка ўсё часцей заводзіць гаворку пра тое, што будзе пасля яго. Запэўнівае, што не пасадзіць сыноў на прэзідэнцкае крэсла, што зменіць Канстытуцыю — невядома як, і невядома калі.

«Ёсць пытанне ўзросту, ёсць пытанне здароўя, таму я б сказала, што гадоў праз пяць праблема транзіту ў Беларусі стане досыць востра. Гэтая сістэма цалкам будавалася пад Лукашэнка, і калі ў яе ня будуць унесеныя змены, без наяўнасці асобы, што яе стварыла, яна проста ня зможа існаваць», — дадае Вольга Харламава.

І хоць з аднаго боку, Лукашэнку да назарбаеўскага ўзросту яшчэ чатырнаццаць гадоў, пытанне далейшага палітычнага лёсу можа паўстаць яшчэ раней. Бо і сыход Назарбаева ня быў рашэннем выключна казахскага лідара — намякаюць у Маскве, бо і Пуціну пасля гэтага тэрміну давядзецца сысці.

«Натуральна, ён хацеў бы вырашыць перадусім нейкія вонкавапалітычныя праблемы — перадусім у сваім рэгіёне. І натуральна, у межах галоўных хаўруснікаў — Беларусі і Казахстану. Прэзідэнт Пуцін не сыдзе з прэзідэнцкае пасады, не захапіўшы з сабою спадара Назарбаева і спадара Лукашэнку. Першы пайшоў», — падсумоўвае Андрэй Суздальцаў.

Але для расейскага лідара ёсць і іншае выйсце. Калі другі раз перапісваць канстытуцыю можа быць няёмка, то, як адзначае шэраг назіральнікаў, у Крамлі ня могуць не разглядаць іншага варыянту. Калі Пуцін застаецца ў якасці прэзідэнта, толькі ўжо не Расеі, а Саюзнай Дзяржавы.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык 22.03.2019

Міжнародны часопіс тэлеканалу «Белсат» «ПраСвет» з Алінаю Коўшык ды Сяргеем Пелясою глядзіце штотыдзень у пятніцу а 21:25. Заходзьце на Facebook праграмы!

https://belsat.eu

Последние новости