haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Политика

15.04.2019 07:15

460 просмотров

0 комментариев

Шчырасьць Аляксандра Лукашэнкі і гарачая падзяка Віктара Пракапені

Падчас наведваньня Аляксандрам Лукашэнкам Парку высокіх тэхналёгій (ПВТ) і сустрэчы з прадстаўнікамі ІТ-супольнасьці быў адзін цікавы сюжэт.

Вядомы бізнэсовец, заснавальнік інвэстыцыйнай кампаніі VP Capital Віктар Пракапеня, як і ўсе іншыя ўдзельнікі сустрэчы, горача дзякаваў кіраўніку дзяржавы за падтрымку ІТ-галіны ў Беларусі. Цытую паводле БелТА:

«У СМІ часта пішуць, што ў нас асаблівы падатковы рэжым, беспрэцэдэнтныя льготы. Так, гэта так. Але ў Расеі і Ўкраіне льготы вельмі падобныя. Ва Ўкраіне 5% падаходны падатак. Але ў іх такога росту няма, як у нас. Чаму? Таму што самая галоўная інвэстыцыя, якую зрабілі ў парк, у іншым — у словах. Вы ўвесь час нас публічна падтрымліваеце, пра нас кажаце, паказваеце, што ІТ — гэта важна і добра. Людзі вераць, прыходзяць — і дзяржзаказчыкі, і праграмісты, і інвэстары».

Такім чынам, як упэўнены Віктар Пракапеня, галоўны чыньнік посьпеху ПВТ — гэта ня льготы, а словы Аляксандра Лукашэнкі. Не законы, ня правілы, не незалежны суд, а публічная падтрымка кіраўніка дзяржавы, якому інвэстары бязьмерна вераць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка — айцішнікам: «Я сваімі рукамі, як умеў, вас ствараў»

Каму не вядома ў Беларусі, што Аляксандар Рыгоравіч — чалавек слова.

Але ў зьвязку з гэтым чамусьці прыгадваецца адна напалову забытая гісторыя. Пра яе зусім нядаўна расказаў сам Лукашэнка падчас «Вялікай размовы» 1 сакавіка. Апавядаючы якраз пра падтрымку ПВТ, ён, паводле афіцыйнага сайту, заявіў:

«А прапановы ўсе паходзілі выключна ад гэтых айцішнікаў. Аднаго нават з турмы дасталі. Ня буду называць прозьвішча, вы яго ведаеце. Калі да мяне прыйшлі і кажуць: вось ёсьць хлопец такі-сякі. Я кажу: „За што трапіў?“ — „Там падаткі і іншае“. — „Падаткі! Гэта нават размовы быць ня можа!“ Але заплаціў ён там, і лішняе пераплаціў, і іншае. І той, хто за яго прасіў, калі шчыра, так за яго заплаціў у бюджэт не адзін мільён даляраў. Я кажу, на такіх падставах — добра, я выкарыстоўваю сваё права, чалавека амністуюць, і я не шкадую. Ён прынёс велізарную карысьць, і ад іх паходзілі прапановы».

Хоць Лукашэнка не называе прозьвішча гэтага «айцішніка», але мне здаецца, што гаворка магла ісьці якраз пра Віктара Пракапеню. З гэтага аповеду вынікае, што яго амніставаў пэрсанальна кіраўнік дзяржавы, прымусіўшы заплаціць за свабоду вялікі выкуп («не адзін мільён даляраў»). Цяпер Пракапеня дзякуе Лукашэнку за падтрымку. Гучыць двухсэнсоўна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пракапеня расказаў пра СІЗА і распрацоўку відэагульні для сына

Але працягваем расказ Лукашэнкі пра тое, як зьявіўся дэкрэт аб падтрымцы ПВТ:

«Я іх запрасіў, кажу: „Вось за гэта, гэта, гэта вы будзеце адказваць!“ — „Аляксандар Рыгоравіч, згодныя!“ А чым адказваць? У іх у кожнага кампанія з добрай капіталізацыяй, кожная за 100 мільёнаў даляраў коштам. Думаю: ёсьць чым адказваць. Вось я ім „нарэзаў“ гэтую адказнасьць».

Тут варта адзначыць шчырасьць Лукашэнкі. Ён прызнаўся, чаму падтрымаў ільготы для айцішнікаў. Бо яны багатыя, ім ёсьць чым адказваць. У выпадку чаго заплацяць «не адзін мільён даляраў». У Беларусі свабода каштуе дорага.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Чаму Лукашэнкі няма ў сацсетках

Валер Карбалевіч

https://www.svaboda.org

Последние новости