haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Политика

26.05.2019 13:26

441 просмотр

0 комментариев

Менчука асудзілі на 3 гады «хіміі» за антырасейскі камэнтар у сацсетках

45-гадовага менчука Зьмітра К. асудзілі на тры гады «хіміі» за камэнтар у сацсетках са словамі «мас...і» і «сьвіна...» (грэблівыя мянушкі расейцаў), паведамляе «Еўрарадыё».

Справу разглядаў 23 траўня Менскі гарадзкі суд. Ён прызнаў Зьмітра К. вінаватым у распальваньні нацыянальнай варожасьці (ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэксу Беларусі) і асудзіў яго на 3 гады абмежаваньня волі з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу і высылкай — так званую «хімію».

На здымку, вакол якога разгарэлася судовае разьбіральніцтва, вугорскія вайскоўцы перадаюць зброю ўкраінскім салдатам. Зьміцер зьмясціў яго на сваёй старонцы ў кастрычніку 2017 году, а ў камэнтары да выявы напісаў пра сваё стаўленьне: вось, маўляў, «выдатная касілка» супраць «мас...ёў» і «сьвіна...». Пост, паводле сьледчых, «пабачыла ня менш за 29 чалавек».

Паводле Зьмітра К., празь некалькі месяцаў яму патэлефанавалі са Сьледчага камітэту. Расьсьледаваньне і суд агулам цягнуліся 10 месяцаў, 5 псыхіятраў рабілі яго псыхіятрычную экспэртызу, распавёў мянчук.

«У справе ёсьць 80 старонак лінгвістычнай экспэртызы. Там некалькі прафэсараў разважаюць пра тое, хто такі м...ль. Творы Тараса Шаўчэнкі разглядаюць. І прыходзяць да высновы, што фраза „Кожны м...ль павінен быць зьнішчаны“ зьяўляецца абагульняльнай — абагульняе ўсю нацыю ў цэлым. Гэта значыць, я заклікаю да нацыянальнай варожасьці», — распавёў «Еўрарадыё» Зміцер К.

Дагэтуль Зьміцер ня меў праблем з законам. Ён вельмі зьдзіўлены прысудам і зьбіраецца яго абскарджваць.

У Зьмітра — цяжарная жонка і невялікі ўласны бізнэс.

Словы «бульбаш», «маскаль», «хахол», «жыд» ды іншыя, якія адпаведныя нацыі могуць палічыць крыўднымі, у Беларусі не забароненыя, вынікае са сьпісу экстрэмісцкіх матэрыялаў, — хоць забараняюцца асобныя матэрыялы з гэтымі словамі.

Паводле афіцыйнага адказу, які раней на запыт актывістаў даў беларускі Інстытуту мовазнаўства, толькі «маскаль» і «нігер» маюць «выразна нэгатыўную канатацыю», але выявіць іхны абразьлівы характар можна толькі пры ўжываньні ў пэўным тэксьце, у канкрэтнай камунікатыўнай сытуацыі.

А вось фраза «Хто ня скача, той м...ль» прызнана экстрэмісцкай, а яе любае выкарыстаньне забаронена незалежна ад носьбіту інфармацыі.​

Навіна з сайта www.svaboda.org

Последние новости