haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Политика

09.07.2019 08:53

345 просмотров

0 комментариев

«Шэрыя кардыналы» Лукашэнкі. Хто найбольш дапамагаў беларускаму кіраўніку

Сьмерць Уладзіміра Замяталіна, якога ў 90-я гады называлі «шэрым кардыналам» беларускай ідэалёгіі, нагадала пра іншых вельмі блізкіх да Аляксандра Лукашэнкі людзей.

Публіцыст Аляксандар Фядута, які на пачатку кар’еры Лукашэнкі таксама ўваходзіў у атачэньне прэзыдэнта, лічыць, што сам тэрмін «шэры кардынал» не адпавядае беларускай рэчаіснасьці.

/**/ /**/ /**/
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Чорны палкоўнік», кар’еру якога пахаваў сын: 6 фактаў пра Ўладзімера Замяталіна

«У Лукашэнкі ніколі не было „шэрых кардыналаў“ у гістарычным сэнсе гэтых двух словаў. Ягоная пазыцыя адносна свайго атачэньня была такая: я вас слухаю не да той пары, пакуль вы са мной, а да таго часу, пакуль я гэтага хачу. І калі яму нешта не падабалася, ён іх проста выкідваў», — сказаў Свабодзе Аляксандар Фядута.

Але нават калі так, усё ж побач з кіраўніком дзяржавы былі людзі, чые здольнасьці ён выкарыстоўваў.

Міхаіл Мясьніковіч, які забясьпечыў кадрамі

Міхаіл Мясьніковіч

Менавіта ён вызначаў кадры ва ўладную вэртыкаль. Падчас першай прэзыдэнцкай кампаніі Мясьніковіч ачольваў выбарчы штаб кандыдата на прэзыдэнта Вячаслава Кебіча, тады прэм’ер-міністра. Лукашэнка і ягоная каманда моцна крытыкавалі Мясьніковіча. І раптам, усяго праз адзін год пасьля выбараў, былы «начштаба» галоўнага Лукашэнкавага суперніка сеў у крэсла кіраўніка адміністрацыі... Лукашэнкі. На гэтай пасадзе ён працаваў з 10 кастрычніка 1995 году да 12 верасьня 2001 году. Менавіта «кадры» Мясьніковіча «майстравалі» перамогу Лукашэнкі на другіх (2001 год) прэзыдэнцкіх выбарах.

/**/ /**/ /**/
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Мясьніковіч скрытыкаваў усіх, акрамя Лукашэнкі

Урал Латыпаў, які пабудаваў вэртыкаль улады

Урал Латыпаў

Лічыцца, што гэта ён канструктар вэртыкалі ўлады, якую Мясьніковіч запаўняў праверанымі людзьмі. Татарын па нацыянальнасьці, Латыпаў нарадзіўся ў Башкартастане, але ў 1974 годзе скончыў Вышэйшыя курсы КДБ СССР у Менску. Тут ён ажаніўся зь дзяўчынай зь сям’і слуцкіх настаўнікаў і застаўся ў Беларусі. Як сапраўдны чэкіст, ён падчас выбарчай кампаніі не засьвяціўся ў сваіх сымпатыях да некага з прэтэндэнтаў, але неўзабаве пасьля перамогі Лукашэнкі быў прызначаны ягоным памочнікам. З 15 ліпеня 1995-га і да 4 сьнежня 1998 году кіраваў сакратарыятам прэзыдэнта ў рангу першага памочніка кіраўніка дзяржавы.

Іван Антановіч, які перанёс Дзень незалежнасьці на 3 ліпеня

Іван Антановіч

Ягоны лёс нагадвае зыгзаг Міхаіла Мясьніковіча. Ён гэтаксама быў у камандзе Вячаслава Кебіча, афіцыйна займаючы пасаду дырэктара Беларускага інстытуту навукова-тэхнічнай інфармацыі і прагнозу. І гэтаксама перабег у каманду пераможцы.

Калі некаторыя называюць Замяталіна аўтарам двух беларускіх рэфэрэндумаў, то гэта няпоўная праўда. Антановіч таксама шчыраваў на гэтым полі. Журналіст Раман Якаўлеўскі кажа, што ў ягоных архівах ёсьць копія ліста Антановіча на імя Аляксандра Лукашэнкі. Менавіта яму належыць задума перанесьці сьвяткаваньне Дня незалежнасьці Рэспублікі Беларусь з 25 сакавіка на 3 ліпеня, «каб выбіць глебу з-пад ног нацыяналістаў».

/**/ /**/ /**/
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Іван Антановіч пра Машэрава і Сьлюнькова, місію КНГ АБСЭ, таямніцу гібелі Купалы і канфлікт у Драздах

Віктар Шэйман, які дагэтуль побач

Віктар Шэйман

Гэты чалавек сярод атачэньня Аляксандра Лукашэнкі займае адмысловае месца. Ён застаўся практычна адзіным з тых, хто быў побач з будучым прэзыдэнтам ад першага дня выбарчай кампаніі 1994 году да сёньняшняга. За чвэрць стагодзьдзя Шэйман пабываў на пасадах дзяржсакратара Рады бясьпекі, генэральнага пракурора, кіраўніка прэзыдэнцкай Адміністрацыі, памочніка прэзыдэнта па адмысловых даручэньнях, кіраўніка спраў прэзыдэнта.

Шэймана абвінавачвалі ў арганізацыі так званых «эскадронаў сьмерці», якія нібыта зьдзейсьнілі забойствы лідэраў апазыцыі і апэратара тэлебачаньня Завадзкага. З красавіка 2006 году яму забаронены ўезд у ЗША і краіны Эўразьвязу.

Ніводзін зь беларускіх чыноўнікаў ня можа зраўнацца з Шэйманам па колькасьці ўзнагародаў. Ён мае 18 беларускіх і замежных ордэнаў і 106 мэдалёў.

Сталі сьведкам падзеі? Зьнялі эксклюзіўнае фота ці відэа? Дасылайце ў Тэлеграм нашаму рэдактару

@SvabodaBelarus Ананімнасьць гарантуем
/**/ /**/ /**/
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Чатыры зь дзевяці: Хто зь беларускіх прэм’ераў публічна гаварыў па-беларуску

Уладзімер Глод

https://www.svaboda.org

Последние новости