haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Политика

27.07.2019 21:22

356 просмотров

0 комментариев

«Тыя, хто падпісваецца ў інтэрнэце»

Актуальнасць публічных развагаў адзінага палітыка (АП) на тэму незалежнасці і суверэнітэту расце літаральна на вачах. Калі ў тэксце выступлення на ўрачыстым сходзе 2 ліпеня 2018 года слова «незалежнасць» згадвалася 9 разоў, то праз год — 16!

Свет відавочна не становіцца больш бяспечным. Але адкуль варта чакаць чарговую пагрозу? Некалькі разоў уважліва перачытваю тэкст. Пагрозы, як вядома, дзеляцца на знешнія і ўнутраныя. Пра знешнія сказана неяк няпэўна. Цытую: «За чвэрць стагоддзя сваёй незалежнасці ва ўмовах магутнага палітычнага, інфармацыйнага, эканамічнага ціску (памятаеце, гэта зусім нядаўна было) нам удалося абараніць суверэнітэт, захаваць мір і парадак у краіне, — гэта стала нашай з вамі агульнай перамогай у найноўшай гісторыі. Перамогай без вайны, што вельмі важна».

Не ведаю, як для чытачоў, але асабіста для мяне ў прыведзенай цытаце ключавым стаў дзеяслоў «было». Я як яго пабачыў — так ад сэрца адлягло. Падумаць толькі, чвэрць стагоддзя трымацца адначасова пад уздзеяннем трох прэсаў: палітычнага, інфармацыйнага і эканамічнага! Аднак мы выстаялі! Усе гэтыя жахі з кашмарнай цяпершчыны засталіся ў мінулым. Адразу і не згадаеш, якому яшчэ народу давялося перажыць такое.

Аднак не варта расслабляцца. Перамога над знешнім, так да канца і не апазнаным праціўнікам, не вызваляе нас ад абавязку «сачыць за тым, што адбываецца ў краіне».

Але беларусам пашанцавала. Нездарма ж будаўніцтва беларускай дзяржаўнасці пачалося з узвядзення ўладнай вертыкалі. З яе вяршыні і атрымалася заўважыць «некалькі тэмаў, якія бурна абмяркоўваюцца». І дзе б вы думалі? Ну, вядома, у інтэрнэце — у нашай вялікай «сметніцы».

Дазволю сабе яшчэ адну цытату: «І вось я апошнім часам заўважыў некалькі тэмаў, якія бурна абмяркоўваюцца. І яны, канешне ж, тычацца перш за ўсё вас. Не сялян, не працоўных, не лекараў, настаўнікаў, нашай інтэлігенцыі, якія працуюць кожны дзень. Нас — эліты, якая кіруе дзяржавай. Разгарнулася бурная палеміка: як будзем служыць у войску? Чытай — як будзем абараняць сваю зямлю, сваю Айчыну?»

Мяркую, з першага разу не кожны зможа зразумець сэнс цытаты. Яе аўтар падзяліў беларусаў на тых, «якія працуюць кожны дзень», і «нас — эліты, якая кіруе дзяржавай». Нічога арыгінальнага ў гэтым няма. Шматлікія тэорыі элітаў займаюць далёка не апошняе месца ў гуманітарных навуках.

Але чаму пытанні «як будзем служыць у войску?» і «як будзем абараняць сваю зямлю?» датычацца, перш за ўсё, «вас», г. зн. «нас — эліты»? Ці азначае гэта, што служыць у войску будуць выключна прадстаўнікі «вас-нас-эліты», ці гаворка ідзе толькі пра тое, як будуць служыць тыя, «якія працуюць кожны дзень»?

Тут ёсць над чым паламаць галаву. Свой жа варыянт адказу я прапаную ў канцы гэтай «Азбукі паліталогіі».

«Вас-нас-эліта»

Падчас разграбання «сметніцы» АП зрабіў адкрыццё ў сацыялогіі. Ці зможа яно прэтэндаваць на ролю аналага жамчужнага зерня з байкі Крылова — пакажа час. У цяперашні ж момант даводзіцца канстата­ваць, што з адзінага і згуртаванага беларускага грамадства ўпершыню атрымалася вылучыць асобную групу, што супрацьпастаўляе сябе грамадству. Імя гэтай групы — «тыя, хто падпісаўся ў інтэрнэце».

Удзельнікі групы, якая яшчэ не паспела выразна сфарміравацца, ужо адзначыліся некалькімі дзеяннямі. У прыватнасці, патапталі ўздоўж і папярок «беднага Раўкова» (міністра абароны), уся віна якога палягала толькі ў тым, што ён не тое прапанаваў на разгляд парламента.

Важнае тлумачэнне: «тыя, хто падпісаўся ў інтэрнэце», да нас не з Марса прыляцелі і не былі таемна закінутыя з радзімы вынаходнікаў сусветнага павуціння (ЗША). З вяршыні ўладнай вертыкалі ўдалося разгледзець, што касцяк «падпісантаў» складаюць тыя, «хто, перш за ўсё, турбаваўся пра суверэнітэт і незалежнасць». Але адна справа — дбаць з дапамогай падпісвання (ад жадаючых тут не адбіцца), і зусім іншае — выконваць свой патрыятычны абавязак.

«Суверэнітэт і незалежнасць — гэта самыя дарагія рэчы». АП пра гэта не стамляецца паўтараць. Што ж нам прапануюць «тыя, хто падпісваецца»? Іх прапановы зводзяцца да своеасаблівага падзелу працы. Прыводжу яго ў выкладанні АП: «Адны — рабочыя і сяляне, як звычайна, у каго наогул жа ўлады няма, — яны будуць абараняць нас, мы ім дадзім стрэльбы, і хай там паміраюць, абараняючы нас. А мы, вядома, за мяжой ці яшчэ дзесьці будзем атрымліваць адукацыю і будзем выбіраць, дзе нам жыць і працаваць, але абараняць мы не будзем, ваяваць мы не будзем».

У прыведзенай цытаце тых, хто хаваецца за займеннікамі «нас», «нам» і «мы», не варта блытаць з «вас-нас-элітамі», нягледзячы на тое, што АП надзяліў усю гэтую кампанію правам раздаваць стрэльбы. Мяркую, з нагоды раздачы стрэльбаў АП пагарачыўся. Тым не менш, ідэю наконт падзелу працы ён перадаў правільна.

Нічога крамольнага ў гэтай ідэі няма. З часоў Полацкага княства для арганізацыі эфектыўнай абароны ўсё насельніцтва падзялялася на два саслоўі: служылае і падатнае. Прадстаўнікі першага (прафесійныя воіны) ваявалі, прадстаўнікі другога — займаліся прадукцыйнай працай і плацілі падаткі, з якіх і аплачвалася ратная праца служылага саслоўя.

Гісторыі вядомыя два выключэнні з правіла. Першае мы знаходзім сярод качавых народаў, у якіх кожны дарослы мужчына сумяшчаў выкананне воінскага абавязку з абавязкамі жывёлаводаў. Адпаведна, качэўнікі не плацілі падаткі, што не перашкаджала «вас-нас-элітам» жыць сваім элітарным жыццём, для чаго даводзілася абкладаць данінай заваяваныя народы.

Не плацілі падаткі і грамадзяне старажытнагрэчаскіх гарадоў-дзяржаў. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што кожны грамадзянін поліса сумяшчаў занятак прадукцыйнай працай з абавязкам «Радзіму бараніць». Прычым узбройваліся патрыёты за свае кроўныя грошы.

Арганізацыя жыцця згодна з прынцыпам «два ў адным» стварала праблемы для антычных аматараў вертыкаляў улады, а такіх хапала і да нашай эры. Але кандыдатам у старажытнагрэчаскія «бацькі» даводзілася мець справу з узброеным народам, што, натуральна, не спрыяла падтрыманню стабільнасці, якая разумеецца як магчымасць знаходзіцца ва ўладзе неабмежаваную колькасць тэрмінаў.

Дзвюм волям у адным бярлогу не ўжыцца

Які ж з неаднаразова апрабаваных у гісторыі варыянтаў прапануе сёння АП? Старажытнагрэчаскі варыянт адпадае адразу. Ён патрабуе дэмакратыі. Айчынны вопыт падліку галасоў такой форме палітычнага ладу наўрад ці б паспрыяў. Да таго ж у Афінах класічнага перыяду (V стагоддзе да нашай эры) большасць службовых асоб і чальцы калегіяльных органаў кіравання выбіраліся паводле лёсавання.

Старажытныя грэкі лічылі, што такім чынам выяўляецца воля багоў. Але так званая «моцная дзяржава» ў Беларусі ёсць механізм рэалізацыі волі аднаго канкрэтнага чалавека. Дзвюм волям, падобна двум мядзведзям у адным бярлогу, не ўжыцца. Любая няпэўнасць, непазбежная пры лёсаванні, разбурыць стабільнасць. Да такой жа жалю вартай сітуацыі прывядуць і выбары, калі іх вынікі не будуць прадказальныя. Таму выбары ў Беларусі — гэта іспыт. Яго здае ўладная вертыкаль камісіі, уладнай вертыкаллю і сфарміраванай.

Пра пагрозу нявызначанасці, якую спараджаюць «тыя, хто падпісваўся ў інтэрнэце», і папярэджваў АП 2 ліпеня на ўрачыстым сходзе да Дня Незалежнасці. Але панікаваць не трэба. І тым, «якія працуюць кожны дзень», і шчасліўчыкам з ліку «вас-нас-эліты» АП даходліва растлумачыў: «Гэта мая праблема. Я яе буду вырашаць. Я апошнім часам крыху адцягнуўся ад звычайных спраў (ведаеце чаму, уся краіна гэтай падзеяй жыла, я таксама быў недалёка)».

Вось як бывае! 7 верасня 2017 года ўдзельнікі пашыранага пасяджэння Выканкама Нацыянальнага алімпійскага камітэта разглядалі II Еўрапейскія гульні як падзею, «якая павінна надаць магутны ідэалагічны імпульс нашаму грамадству, яшчэ больш кансалідаваць нацыю».

Работа па падрыхтоўцы гульняў закіпела. У яе ўцягнуліся мільёны. Натуральна, і АП увесь час «быў недалёка». На нейкае імгненне склалася ўражанне, што ідэалагічны кантроль у краіне аслабеў, чым і паспрабавалі скарыстацца «тыя, хто падпісваўся ў інтэрнэце». Яны сталі нахабнымі да такой ступені, што пачалі адкрыта абмяркоўваць прапанаваны «бедным Раўковым» законапраект.

* * *

Час падвесці рысу. І ў XXI стагоддзі неабходнасць абараняць дзяржаўную незалежнасць і суверэнітэт ніхто не адмяняў. Але адкуль сёння зыходзяць пагрозы? Ад правільнага адказу на гэтае пытанне залежыць многае, калі не ўсё.

АП, што разважае катэгорыямі мінулага, спрабуе паставіць пад ружжо ўсё мужчынскае насельніцтва краіны. Гэтым жа шляхам імкнуліся ісці бацькі-заснавальнікі СССР. Вынік вядомы. Самая шматлікая армія ў свеце практычна без адзінага стрэлу капітулявала перад масавым жаданнем «чалавека савецкага» спажываць. Крылатым і іншым ракетам не было чаго супрацьпаставіць супермаркетам і Макдональдсам.

Навіна з сайта: novychas.by

Последние новости