haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Политика

25.08.2019 07:29

355 просмотров

0 комментариев

Лукашэнка прачытаў «Тантамарэскі»

Новая кніга Бібліятэкі Свабоды «Тантамарэскі» расказала пра судовы працэс 58-мі мытнікаў памежнага пункту Каменны Лог, асуджаных на турэмныя тэрміны ад 5 да 11,5 гадоў за карупцыю без адзінага абʼектыўнага факту віны.

Калі Лукашэнка казаў, што чытае кніжкі, ня ўсе паверылі. А дарма.

Тыповы для сёньняшняй Беларусі працэс выклікаў гнеў кіраўніка дзяржавы. На вялікай нарадзе з праваахоўнікамі ён пераказаў сутнасьць кнігі.

Выбітыя ці купленыя ў часе сьледзтва прызнальныя паказаньні як адзіны «доказ» віны, фальсыфікацыя судовых пратаколаў, якая не дазваляе наступнай судовай інстанцыі перагледзець «касякі» папярэдняй, фармаваньне калектыўнай «віны» пры поўным забыцьці той індывідуалізацыі, якой патрабуе закон — то бок, расчалавечваньне ўсёй праваахоўнай сыстэмы, для якой фактар чалавека быў цалкам заменены фактарам статыстыкі — вось пра што даведаўся з «Тантамарэсак» і ў чым дакараў сілавікоў Лукашэнка. Сытуацыя аказалася тыповай ня толькі для мытных працэсаў, але і для ўсіх «тэматычных» масавых спраў, прычым ня толькі карупцыйных, але і, напрыклад, зьвязаных з наркотыкамі.

/**/ /**/ /**/
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

7 галоўных парушэньняў праваахоўнікаў, якія заўважыў Лукашэнка. Коратка

У аснове палітыкі — чалавек, — сказаў Лукашэнка. — А праваахоўныя органы цікавіць ня лёс чалавека, а лічбы справаздачнасьці. Чаму так — не сказаў. А прычына ў тым, што справаздачнасьці патрабуюць зьверху, найперш сам Лукашэнка. Калі яму сапраўды дарагі чалавек, чаму б не зірнуць на статыстыку апраўдальных прысудаў, якіх у Беларусі 0,1%, тады як у іншых эўрапейскіх краінах — 20–30%? Пагатоў і заканадаўства ў нас патрабуе апраўдваць невінаватых, а не наадварот — саджаць невінаватых.

І фальсыфікацыя крымінальных спраў, пра якую з «Тантамарэсак» даведаўся Лукашэнка, мае тую самую прычыну — пакаральную справаздачнасьць. Ёсьць, праўда, яшчэ адна прычына, пра якую ён прачытаў, але не сказаў: гэта беспрэцэдэнтная ў Эўропе колькасьць праваахоўнікаў, якім даводзіцца імітаваць дзейнасьць, апраўдваць сваё існаваньне.

Прымяненьне сілавых мэтадаў, несувымерных для сытуацыі, заўважыў Лукашэнка ў «Тантамарэсках». А як інакш, калі прызнальныя паказаньні выкарыстоўваюцца ў якасьці адзінага доказу віны. Насуперак закону, дарэчы. У мытным працэсе Каменнага Логу фігуравалі дзясяткі тысяч (!) эпізодаў перадачы грошай, заўважце, усе пад камэрамі відэаназіраньня. Але не было прадстаўлена ніводнага (!) факту аўдыё- ці відэафіксацыі. Толькі прызнальныя паказаньні на сябе і іншых. Пытаньне да Лукашэнкі: за што сядзяць тыя мытнікі, якія сваёй віны не прызналі? У тым ліку асьветнік і краязнаўца Алесь Юркойць? Дзе «жалезабэтонныя» доказы віны яго і ягоных калег, якія ў судзе даказалі, што грошай ня бралі і браць не маглі? І што іх абгаварылі тыя калегі, якіх «прыжучылі»?

Алесь Юркойць

Не зьдзіўляюся, што «Тантамарэскі» так уразілі Лукашэнку, што ён мусіў склікаць вялізную нараду з усім сілавым блёкам. Але як зьмяніць сытуацыю, не сказаў. Таму што крыніца ўсіх гэтых заганаў — ён сам.

Прэзумпцыя невінаватасьці добра прапісаная ў беларускім заканадаўстве. І ўсё, чым абураўся Лукашэнка, забараняецца законам. Але ж гэта Лукашэнкавы словы: А мне справядлівасьць важнейшая за любы закон. Гэта першае.

Другое — поўная залежнасьць судовае ўлады. У Беларусі толькі адзін чалавек можа прызначыць або звольніць судзьдзю. Гэта Лукашэнка. І нічога дзіўнага, што супрацоўнікі КДБ ад ягонага імя пагражаюць судзьдзям, што могуць іх «нахіліць».

Трэцяе — вяршэнства грошай. Важней не апраўдаць невінаватага і кампэнсаваць яму страты, а пасадзіць яго з поўнай канфіскацыяй і «возмещением» у трох-пяціразовым памеры. Хіба ня гэтага патрабаваў Лукашэнка яшчэ да суду над мытнікамі Каменнага Логу? Ну і як патрабаваў — жэстачайша, калёным жалезам... Якая ж тут гуманізацыя, які зламаны лёс чалавека, пра што ён шмат разоў казаў на нарадзе зь сілавікамі.

/**/ /**/ /**/
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лявон Вольскі прэзэнтаваў песьню пра асуджанага краязнаўца Алеся Юркойця. ВІДЭА

На добры лад вынікам гэтай нарады мусіла б стаць масавая амністыя тым асуджаным, хто віны не прызнаў, і яшчэ больш масавы перагляд спраў, дзе віна «даказаная» не абʼектыўнымі фактамі, а толькі прызнальнымі паказаньнямі. Але ні пра што падобнае Лукашэнка не сказаў. Толькі сілавікі зашушукаліся пра перастаноўкі ў сваіх шэрагах, што, натуральна, справы ня зьменіць.

А якую выснову зрабіў Лукашэнка? Праваахоўныя органы павінны працаваць ня проста эфэктыўна, а якасна, талкова. Мог бы сказаць і наадварот: ня проста якасна, талкова, а эфэктыўна. То бок, ні пра што. І зноў паўтарыў: пакладзіце ў аснову ня толькі закон, а справядлівасьць. Маўляў, закону недастаткова.

А якраз у гэтым сьцьверджаньні і схаваная прычына ўсяго, пра што ён казаў на гэтай «гістарычнай» нарадзе. Бо закон для ўсіх адзін, а справядлівасьць у кожнага свая.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Спампаваць кнігу Сяргея Дубаўца «Тантамарэскі», PDF

Замовіць папяровую кнігу можна тут.

Сяргей Дубавец

https://www.svaboda.org

Последние новости