haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Политика

25.08.2019 15:49

222 просмотра

0 комментариев

28-ая гадавіна Незалежнасьці Ўкраіны: Зяленскі — на Майдане, Парашэнка — у Міністэрстве абароны. ФОТА, ВІДЭА

Ва ўкраінскай сталіцы адбылося адразу некалькі сьвяточных захадаў, прымеркаваных Дню незалежнасьці.

«Шэсьце годнасьці», арганізаванае ўладамі замест традыцыйнага вайсковага параду, пачалося з ускладаньня кветак прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім і ягонай жонкай Аленай да помніка Герояў Нябеснай сотні на вуліцы Інстытуцкай.

Укранскія вайскоўцы на сьвяткаваньні Дня Незалежнасьці Ўкраіны

«Давайце пачнем з падзякі тым, дзякуючы каму мы можам быць тут сёньня пад яскравым сонцам і чыстым блакітным небам. І каб гэтыя воплескі пачулі нашыя абаронцы, якія зараз абараняюць Украіну на ўсходзе. Дзякуючы ім мы сёньня адзначаем 28-ю гадавіну Дня незалежнасьці», — заявіў Уладзімір Зяленскі.

Уладзімер Зяленскі і яго жонка Алена

Прэзыдэнт Украіны ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды вайскоўцам і паведаміў, што падпісаў указ аб заснаваньні 29 жніўня дня памяці загінулых у барацьбе за сувэрэнітэт краіны.

На афіцыйным мерапрыемстве на Майдане Незалежнасьці былі прысутныя папярэднія прэзыдэнты ўкраінскай дзяржавы — Леанід Краўчук, Леанід Кучма і Віктар Юшчанка.

Пятро Парашэнка «Шэсьце годнасьці» праігнараваў. Разам са сваёй жонкай Марынай папярэдні кіраўнік дзяржавы ўзяў удзел у цырымоніі ўшанаваньня памяці загінулых у часе расейскай агрэсіі ўкраінскіх вайскоўцаў. Ужо некалькі гадоў запар такія цырымоніі ладзяцца ля Міністэрства абароны Ўкраіны, дзе ўсталяваны мэмарыяльны звон.

Пятро Парашэнка ўшаноўвае памяць загінулых вайскоўцаў

«Асаблівае месца для мяне — кожны раз, калі чую званы памяці, згадваю імёны загінулых, яшчэ глыбей адчуваю, якая высокая цана незалежнасьці. Сёньня звон ударыць пятнаццаць разоў — столькі ўкраінскіх салдат паклалі жыцьцё ў гэты дзень дзеля нашай з вамі свабоды. А маўчыць ён толькі каля трыццаці дзён у годзе», — заявіў Пятро Парашэнка.

Ён падкрэсьліў, што для яго важней правесьці Дзень незалежнасьці з тымі, хто адстойвае незалежнасьць.

Шэраг грамадзкіх вэтэранскіх арганізацый, абураныя скасаваньнем сьвяточнага вайсковага параду, арганізавалі альтэрнатыўны захад — «Марш абаронцаў». Яны сабраліся ў іншым месцы Кіева, ля помніка Тарасу Шаўчэнку. Калёны фармаваліся па асобных добраахвотніцкіх батальёнах і армейскіх падразьдзяленьнях, якія ваявалі на Данбасе.

Арганізатары гэтага захаду заклікалі ўдзельнікаў маршу ўстрымацца ад дэманстрацыі партыйных сьцягоў.

Грамадзяне Ўкраіны цягам усяго шэсьця віталі вэтэранаў воплескамі і выгуквалі словы падзякі, а перад калёнамі, у якіх несьлі партрэты загінулых вайскоўцаў людзі станавіліся на калені. Удзельнікі маршу трымалі сьцягі добраахвотніцкіх батальёнаў і крымскіх татараў, а таксама дзяржаўны ўкраінскі сьцяг.

У захадзе ўдзельнічалі і беларускія добраахвотнікі, якія служылі ў батальёнах «Азоў», «Данбас» і «Правы сэктар». Як вядома, тры грамадзяніна Беларусі, якія ваявалі на баку Ўкраіны на Данбасе, ужо атрымалі ўкраінскае грамадзянства паводле ўказу прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага.

У часе руху калён вэтэранаў на Майдане Незалежнасьці лунаў бел-чырвона-белы сьцяг.

Бел-чырвона-белы сьцяг падчас сьвяткаваньня Дня Незалежнасьці Ўкраіны

Марш, у якім, паводле папярэдніх ацэнках, узялі ўдзел больш як 15 тысяч чалавек, завяршыўся каля сьцяны памяці на Міхайлаўскім саборы, дзе кіраўнік Праваслаўнай царквы Ўкраіны Эпіфаній адслужыў малебен за загінулых.

Аналягічныя маршы вайскоўцаў адбыліся яшчэ ў некалькіх гарадах Украіны, у тым ліку ў Львове, Мікалаеве, Запарожжы.

Алена Літвінава

https://www.svaboda.org

Последние новости