haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Политика

18.10.2019 13:53

172 просмотра

0 комментариев

Выбары як гульня з нулявой сумай

Усе спартыўныя гульні — гэта гульні з нулявой сумай. Калі форвард вашай улюбёнай каманды забівае камандзе суперніка гол — каманда суперніка яго прапускае. І як бы ні стараліся форварды, сума забітых і прапушчаных мячоў (апошнія варта лічыць са знакам «мінус») будзе роўная нулю.

Аналагічная гісторыя і з балансам перамогаў і паразаў. Ён сыходзіцца заўсёды — і тым адрозніваецца ад балансу дэбету і крэдыту ў бухгалтара-пачаткоўца.

А ці можна ўявіць сабе гульню, у якой выйграюць абодва ўдзельнікі? Безумоўна. Жылі-былі, напрыклад, два сябры — паэт і аматар выразаць свістулькі. У першага быў сцізорык, але не было асадкі. У другога ж, наадварот, была асадка, але не было сцізорыка. Пасля непрацяглых перамоваў сябры вырашылі здзейсніць абмен. З фармальнага пункту гледжання нічога не змянілася. Абмен нічога не дадаў, аднак ён ператварыў два бескарысныя прадметы ў два карысныя. У выніку і паэт, і аматар выразаць свістулькі засталіся ў выйгрышы, дый не толькі яны. Паэт атрымаў магчымасць пісаць вершы ў альбомы каханых паненак, а аматар выразаць свістулькі таксама не застаўся ў накладзе. Ён зарэгістраваўся рамеснікам і за сціплую плату стаў забяспечваць усіх аматараў пасвістваць сваімі немудрагелістымі вырабамі.

Гэты, здавалася б, прыватны выпадак ілюструе сутнасць рынкавай эканомікі, заснаванай на ўзаемавыгадным абмене. Пра маштабы абмену мы можам меркаваць паводле справаздачаў Сусветнай гандлёвай арганізацыі. Яго міжнародны складнік вырас у 2018 годзе да $ 19,7 трыльёна. У бягучым годзе такі абмен павінен быў павялічыцца яшчэ на 1,2%. Сціпленька. І віной таму — гандлёвая вайна паміж ЗША і Кітаем

А як наконт палітыкі? На жаль, тут не ўсё так адназначна. Растлумачу на прыкладзе, запазычаным у расійскага палітолага Барыса Макаранкі: «Савецкая мадэль развіцця спарадзіла не вядомы раней феномен: індустрыяльнае, гарадское, адукаванае грамадства без інстытутаў рынку і прыватнай уласнасці, без канкурэнцыі як у эканоміцы, так і ў палітыцы».

Ключавое слова ў цытаце — «канкурэнцыя». Строга кажучы, пры яе адсутнасці пра палітыку можна казаць толькі ўмоўна, аднак жа казаць можна, і гэта вялікі прагрэс у параўнанні з савецкім перыядам у развіцці беларускай дзяржаўнасці.

За чый кошт банкет?

У аўтарытарных палітычных рэжымах, якія імітуюць дэмакратычныя выбары, вынікі галасавання можна прадказаць загадзя. Гэта важная, але не адзіная іх асаблівасць. Выбары, як гульню з нулявой сумай, мабыць, па значнасці можна смела паставіць на другое месца. На практыцы гэта азначае, што пераможца атрымлівае ўсё ці амаль усё. Прыгадаем парламенцкія выбары 2016 года, калі ў склад Палаты прадстаўнікоў былі дапушчаныя дзве апазіцыянеркі — Ганна Канапацкая і Алена Анісім. Колькасць дапушчаных магла быць і большай, але справа не ў колькасці. Выбары ад гэтага не сталі б выбарамі, бо рашэнне наконт пераможцаў прымалі не выбаршчыкі.

Часы мяняюцца, і вось ужо з Палаца Незалежнасці загучалі словы, здольныя ўсяліць надзею: «Будучы парламент павінен быць лепшы за гэты. Калі будзе такі ж ці горшы, значыць, няма развіцця. Таму, не ў крыўду дэпутатам будзе сказана, павінны прыйсці людзі лепшыя, якія, калі гэта трэба будзе (вылучана. — Рэд.), павядуць рэспубліку наперад».

Няўжо ў Палацы Незалежнасці задумаліся пра будучыню Беларусі, а заадно і пра нашу з вамі? І няхай сёння патрэбы ў парламенце, здольным весці рэспубліку наперад, яшчэ не сфарміраваліся, але хто дасць гарантыю, што такое з ёй (з патрэбай) не здарыцца паслязаўтра? Руплівы гаспадар рыхтуе санкі летам, а калёсы зімой, таму будучы парламент «павінен стаць дыскусійнай пляцоўкай для дыялогу дэпутатаў з рознымі палітычнымі поглядамі, якія пры гэтым падзяляюць галоўныя прынцыпы: незалежнасць краіны, стабільнае развіццё і рост дабрабыту беларускага народа».

Цяперашні рост дабрабыту без развіцця сёння ўжо не задавальняе архітэктараў «беларускай мадэлі». Звернемся да статыстыкі. Рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва за студзень-ліпень павялічыліся на 7,1%, а эканоміка падрасла толькі на 1,3%. За чый кошт банкет? Можа, за кошт амерыканскага мільярдэра Ілана Маска, які падарыў адзінаму палітыку (АП) электрамабіль «Тэсла»? Наўрад ці. Як адна ластаўка не робіць вясны, так і адзін электрамабіль не здольны павысіць даходы 9,5 мільёна беларусаў на статыстычна значную велічыню. Асобна ўзятаму беларусу — калі ласка, усім разам — не ўпэўнены, хоць чаго толькі ў гэтым жыцці не здараецца.

На дварэ — эканоміка ведаў. «Беларуская мадэль» рэагуе на яе шляхам скарачэння колькасці арганізацый, якія выконвалі навуковыя даследаванні і распрацоўкі (у 2011 годзе — 501, а ў 2018 годзе — 455), і зніжэннем колькасці персаналу, занятага навуковымі даследаваннямі і распрацоўкамі (у 2011 годзе — 32 194 чалавекі, а ў 2018 годзе — 27 411). Але калі першы паказчык за сем гадоў скараціўся на 9%, а другі — на 15%, то колькасць выдадзеных патэнтаў на вынаходніцтвы за той жа перыяд знізілася на 58% (з 1 474 да 625).

Ці яны, ці краіна

Злыя языкі сцвярджаюць, што асаблівых надзей наконт руху наперад мець не варта. Адзін з такіх языкоў належыць расійскаму палітыку Леаніду Гозману. Вось як ён абгрунтоўвае свой песімізм: «А яшчэ ў будучыні нас чакаюць хаатычныя, як у курыцы з адсечанай галавой, дзеянні па ўтрыманні ўлады — нічога іншага каманду прэзідэнта ўжо не цікавіць. <...> У любым выпадку, нічога станоўчага гэты рэжым у краіне не здзейсніць — і не цікава гэта ім, дый немагчыма — практычна любыя разумныя крокі ўступаюць у супярэчнасць з іх асабістымі інтарэсамі. Бо такую сістэму яны пабудавалі — гульня з нулявой сумай, выйграюць ці яны, ці краіна».

Што ж, пагодзімся. Будучыня за хаатычнымі рухамі, але пакуль адпрацаванаму да дробязяў алгарытму правядзення выбараў нішто не пагражае, што і было пацверджанае яшчэ 17 траўня на нарадзе па арганізацыі і правядзенні парламенцкіх выбараў. Цытую: «Патрабаванні да правядзення выбарчай кампаніі нязменныя. Гэта павінны быць сумленныя, справядлівыя выбары, без надуманых абмежаванняў, каб ні ў каго не было сумневаў у іх легітымнасці».

Статыстыка фармавання ўчастковых выбарчых камісій пацвярджае, што заяўленыя 17 траўня патрабаванні будуць рэалізаваны ў поўным аб’ёме. Каб не стамляць чытачоў, колькасць партый, якія вылучылі сваіх прадстаўнікоў у склад участковых выбарчых камісій, рэдукую да чатырох (глядзі табліцу).

Нічога нечаканага не адбылося. Чарговыя парламенцкія выбары абяцаюць быць справядлівымі — зрэшты, як і ўсе папярэднія. Вось такая асаблівасць беларускіх выбараў: адказныя за іх правядзенне кіруюцца не законам, а справядлівасцю. І хто іх у гэтым асмеліцца папракнуць? Яны дзейнічаюць у поўнай адпаведнасці з указаннем АП: «Усё ў законах не прапішаш. І калі дзесьці не хапае заканадаўчай базы — дзейнічай па справядлівасці. Справядлівасць вышэйшая за закон заўсёды, калі на тое пайшло. Бываюць несправядлівыя законы, а само паняцце справядлівасці (можна сказаць, філасофскае паняцце) абсалютнае. Таму зыходзіць трэба заўсёды з гэтага».

Тыя, хто прэтэндуе на статус асабліва разумных, мне запярэчаць: маўляў, справядлівасць у кожнага свая. Я ведаю, але ці гэта штосьці мяняе? Мы жывем у Беларусі, а не ў Еўропе, дзе «ўсё сціснута, усё задымлены, усё брудна, людзі труцца адзін аб аднаго». У нас чысценька, прасторна, і ў такіх умовах няма сэнсу хапаць адзін аднаго за грудкі з мэтай высвятлення, чыя справядлівасць справядлівейшая.

З АП не паспрачаешся — «паняцце справядлівасці абсалютнае», прычым не столькі ў філасофскім сэнсе, колькі ў практычным. Гаворка, зразумела, ідзе пра «нашу справядлівасць», г.зн. пра справядлівасць, крыніцай якой з’яўляецца сам АП. Каб патлумачыць такі нюанс, звернемся па дапамогу да культуролага Ігара Якавенкі: «Па справядлівасці ёсць шанец урваць тое, што хочацца. А па законе — атрымліваеш толькі тое, што належыць».

І да закона, які ў Беларусі, што дышаль, можна падыходзіць выбарачна. Аднак выдаткі пры гэтым будуць істотна вышэйшымі, чым пры вырашэнні праблем па справядлівасці. У прыватнасці, «наша справядлівасць» наўпрост звязаная з пазіцыяй чалавека ва ўладзе, што істотна спрашчае жыццё тым, хто надзелены правам прымаць рашэнні.

У якасці прыкладу рэкамендую зноў звярнуцца да табліцы. Чаму ад адных партый праз сіта раённых адміністрацый у склад участковых выбарчых камісій праходзіць каля 100% кандыдатаў, а ад другога — каля 6%? Ды таму, што адны партыі — праўладныя, а другія — апазіцыйныя. Паводле закону? Не, не па закону. Але ўсё ў законе не прапішаш, дый гэтага і не трэба рабіць.

Сяргей Нікалюк

https://novychas.by

Последние новости