haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Политика

25.11.2019 14:40

90 просмотров

0 комментариев

Чаму Захад ідзе насустрач, а Лукашэнка стаіць на месцы

Вашынгтон і Брусэль расчараваныя тым, што ў новай Палаце прадстаўнікоў няма ніводнага апазыцыянэра.

Сьцісла

  • На Захадзе не чакалі, што ў новай Палаце прадстаўнікоў ня будзе ніводнага апазыцыянэра.
  • Адрэагавалі ня толькі АБСЭ і Эўразьвяз, але і некаторыя заходнія дзяржавы.
  • Лукашэнку пайшлі насустрач, але ад гэтага ён не «дэмакратызаваўся».
  • Аналітыкі прагназуюць, што рэзкіх рухаў у дачыненьні да беларускага кіраўніка ня будзе ні ў Вашынгтоне, ні ў Брусэлі.

За пару-тройку тыдняў да выбараў у Палату прадстаўнікоў я сустракаўся зь некалькімі дыпляматамі з краінаў Эўразьвязу, якія стала працуюць у Беларусі. Размовы адбыліся на іхныя запрашэньні, пры кубачку кавы.

Ужо тады мяне зьдзівіла галоўнае пытаньне: колькі апазыцыйных дэпутатаў гэтым разам прапусьцяць у парлямэнт? Болей за тое, некаторыя суразмоўцы цікавіліся, хто канкрэтна, на мой погляд, заменіць Ганну Канапацкую і Алену Анісім у Авальнай залі? З гэтага вынікала: дыпляматы не сумняюцца, што апазыцыя ў новым складзе палаты зьявіцца абавязкова.

/**/ /**/
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Апазыцыі няма. Як ішоў дзень галасаваньня за дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў

Тым большым стала расчараваньне. Схаваць яго было няпроста нават дасьведчаным дыпляматам. Так, праз два дні пасьля абвяшчэньня афіцыйных вынікаў выбараў амбасадар Францыі Дзідзье Канэс сустракаўся з групай беларускіх экспэртаў. Дыплямат казаў, што ніхто, вядома, не патрабаваў ад кіраўніка Беларусі, каб ужо назаўтра пасьля выбараў у краіне ўсталявалася дэмакратыя. Аднак хоць на крок, няхай нават невялікі, у гэтым кірунку Эўразьвяз спадзяваўся.

На наступны дзень прэсавы сакратар міністэрства Эўропы і замежных справаў Францыі агучыў заяву:

«Мы прынялі да ведама вынік парлямэнцкіх выбараў у Беларусі 17 лістапада 2019 году і адсутнасьць незалежнага і апазыцыйнага кандыдата ў складзе новай Палаты прадстаўнікоў. Як мы рэгулярна нагадваем у рамках нашага двухбаковага палітычнага дыялёгу, паляпшэньне сытуацыі з правамі чалавека і дэмакратычнымі свабодамі ў Беларусі ёсьць асноўным фактарам разьвіцьця нашых двухбаковых адносінаў і паглыбленьня адносінаў паміж Беларусьсю і Эўрапейскім Зьвязам».

/**/ /**/
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Гарэлка, парушэньні і «Міс Беларусь». Што замежная прэса піша пра выбары

Расчараваныя вынікамі выбараў і ў Вялікай Брытаніі. Афіцыйны Лёндан заклікаў беларускае кіраўніцтва працаваць над ліквідацыяй праблемаў, выяўленых падчас выбараў, і «ўмацоўваць дэмакратыю ў Беларусі».

Дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэо падкрэсьліў, што высновы незалежных назіральнікаў «выклікаюць вялікую занепакоенасьць». «Мы шкадуем, што ў парлямэнце ня будуць прадстаўленыя альтэрнатыўныя галасы», — адзначыў ён.

Не прызнала выбары ў Палату прадстаўнікоў адпаведнымі міжнародным стандартам і АБСЭ. А замежнапалітычная служба Эўразьвязу заявіла, што Беларусь «змарнавала магчымасьць правесьці выбары паводле міжнародных стандартаў».

/**/ /**/
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

АБСЭ: Выбары ў Беларусі не адпавядалі міжнародным стандартам

Асабліва зьвяртае на сябе ўвагу рэакцыя Вялікай Брытаніі і Францыі. І Парыж, і Лёндан сёлета не абмежаваліся агульнай эўрапейскай заявай, як гэта было, напрыклад, на выбарах-2016. І гэта сыгнал для афіцыйнага Менску.

Завышаныя спадзяваньні

Стаўленьне Захаду да Беларусі пачало істотна зьмяняцца яшчэ ў 2015 годзе. Гэта зьвязана зь вядомай пазыцыяй Лукашэнкі што да расейскай агрэсіі супраць Украіны, ягонымі ініцыятывамі ў якасьці пасярэдніка і вылучэньня Менску як пляцоўкі для перамоваў. Вашынгтон і Брусэль выключылі з афіцыйнага лексыкону згадкі пра «апошняга дыктатара Эўропы». Пытаньні правоў чалавека і дэмакратычных зьменаў адышлі на далёкую пэрыфэрыю. На пярэдні плян выйшла іншае — не перашкаджаць Лукашэнку балянсаваць паміж Расеяй і Захадам, як мага далей адвесьці яго ад крамлёўскага ўплыву.

Парлямэнцкія выбары 2016 году з уручэньнем дэпутацкіх мандатаў Анісім і Канапацкай нібыта пацьвярджалі слушнасьць такой тактыкі. У Менск зачасьцілі высокія заходнія і амэрыканскія чыноўнікі, афіцыйныя дэлегацыі пачалі наведваць Палату прадстаўнікоў, тым самым фактычна легітымізуючы тыя выбары.

/**/ /**/
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Каб не дэпутацтва, грошай зарабіла б у пяць разоў больш». Канапацкая і Анісім аб працы ў Палаце прадстаўнікоў

Незадоўга да выбараў-2019 Польшча зьняла свае патрабаваньні аб павелічэньні колькасьці консульскіх супрацоўнікаў у Беларусі. А гэта была апошняя перашкода ў спрашчэньні візавага рэжыму і зьмяншэньні цаны шэнгенскіх візаў для Беларусі да 35 эўраў. Не засталіся ўбаку і ЗША. Амэрыканцы працягнулі «замарозку» санкцыяў да Беларусі не на 12 месяцаў, як звычайна, а на 18.

Не забыліся і пра самалюбства Лукашэнкі. Для яго арганізавалі афіцыйны візыт у Аўстрыю, прычым кіраўнікі гэтай дзяржавы паведамілі, што візыт узгаднілі зь Эўразьвязам. На чарзе паездка Лукашэнкі ў Латвію.

Акрылены такімі зьменамі, у Вене беларускі кіраўнік сьмела казаў пра дыктатуру ў Беларусі. Ён спрабаваў пераканаць аўдыторыю ў тым, што ягоны аўтарытарызм — гэта гарантыя стабільнасьці. А значыць, дзеля захаваньня стабільнасьці зь ім ня трэба змагацца. Наадварот, дыктатуру можна ігнараваць або нават падтрымліваць:

«Мяне тут шматлікія журналісты, палітыкі папракалі: у вас аўтарытарызм, дыктатура... Я ім адразу кажу: вы бізнэсоўцаў сваіх запытайцеся, ці іх гэтая дыктатура задавальняе».

/**/ /**/
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка ў Вене: Беларусь больш адкрытая, чым вы

Палата прадстаўнікоў без апазыцыі — гэта і вынік таго, што на Захадзе заўчасна паверылі ў «перавыхаваньне» Лукашэнкі. Ня той гэта чалавек, якога можна схіліць на шлях дэмакратыі, нават невялічкімі крокамі. Парлямэнт без апазыцыі — яскравае гэтаму сьведчаньне.

Чаго чакаць далей

Лукашэнка, думаю, будзе па-ранейшаму праводзіць сваю палітыку балянсаваньня. Магчымаму ціску з боку Крамля супрацьпаставіць вядомае: будзеце ціснуць — павернем на Захад. На заклікі Вашынгтону і Брусэлю адказ таксама вядомы: будзем шчыльней з Расеяй.

А на апэратыўныя заявы дэмакратычнага сьвету Лукашэнка адказаў яшчэ 17 лістапада, калі заявіў, што «не прывык парыцца» праз рэакцыю з-за мяжы.

/**/ /**/
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Шрайбман: Апазыцыйныя дэпутаты — як матылькі, па якіх заўсёды можна ляпнуць тапкам

Беларускія аналітыкі, якія ўжо выказаліся наконт магчымай далейшай рэакцыі ЗША і Эўропы, не чакаюць адтуль рэзкіх рухаў. Напрыклад, Арцём Шрайбман піша:

«Ізаляцыя Менску ўжо некалькі гадоў на Захадзе асацыюецца з выштурхоўваньнем яго ў зону ўплыву Масквы. Стратэгічны інтарэс — не зашкодзіць Беларусі балянсаваць паміж цэнтрамі сілы — як мінімум з 2015 году пераважвае для Захаду клопат пра дэмакратычныя ідэалы ў краіне».

У пацьверджаньне гэтай думкі адна інсайдэрская навіна. Намесьніку міністра замежных справаў Беларусі Алегу Краўчанку падчас ягонага знаходжаньня ў Вашынгтоне паведамілі: амэрыканскі амбасадар зьявіцца ў Менску да лета наступнага году. Гэта вялікая нечаканасьць. Бо той жа Краўчанка яшчэ пару месяцаў таму заяўляў, спасылаючыся на складанасьць і працягласьць працэдуры ўзгадненьня кандыдатуры амбасадараў у ЗША, што на гэта спатрэбіцца прынамсі гады два.

/**/ /**/
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Беларусь і Захад толькі робяць выгляд». Фінскі экспэрт пра адносіны Менску з ЭЗ, Расеяй і Кітаем

Чаму так засьпяшаліся ў ЗША? Чалавека, які паведаміў мне навіну, я спытаў: ці гэта зьвязана з прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі? У адказ пачуў, што зусім не праз гэта сьпешка. У Вашынгтоне няма сумневу, каго абвесьцяць прэзыдэнтам у Менску ў 2020-м.

«Для ЗША цяпер куды важней, каб Беларусь зноў цалкам не схілілася да Крамля», — падкрэсьліў мой суразмоўца.

Выглядае, што Шрайбман і многія ягоныя калегі маюць рацыю.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Уладзімер Глод

https://www.svaboda.org/a/30290769.html

Последние новости