haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Политика

13.12.2019 15:14

397 просмотров

0 комментариев

Віцебск: суддзя Ганна Ігнаценка і два штрафы для «Белсата» за відэасюжэт пра жыхароў вёскі Шэвіна, якія не пайшлі галасаваць

Суд Віцебскага раёна аштрафаваў журналістаў-фрылансераў Алену Шабуню і Змітра Лупача амаль на 2 тысячы рублёў паводле артыкула 22.9 КаАП.

Суддзя Ганна Ігнаценка 12 снежня прызнала журналістаў вінаватымі ў парушэнні заканадаўства аб СМІ — за супрацу з замежным медыя без акрэдытацыі ў беларускім міністэрстве замежных спраў.

Паводле рашэння суда, Зміцер Лупач мусіць сплаціць у дзяржказну штраф у памеры 42 базавых велічынь, Алена Шабуня — 32 базавыя велічыні.

Справа пра выбары і дарогу для вяскоўцаў

16 лістапада на тэлеканале «Белсат» быў паказаны відэасюжэт пра жыхароў вёскі Шэвіна, якія адмовіліся ісці на мінулыя парламенцкія выбары з-за даўняй і нявырашанай праблемы. Пратэст вяскоўцаў быў звязаны з тым, што ніводзін дэпутат не дапамог сталым ужо людзям дамагчыся маленькай саступкі — дазволу на праход па тэрыторыі санаторыя «Лётцы». Раней яны хадзілі па дарозе ўздоўж плота ў суседнія Малыя Лётцы, дзе ёсць крама, аптэка, пошта і чыгуначная станцыя. Цяпер праход закрылі, і вяскоўцам даводзіцца дабірацца па дарозе, якая на тры кіламетры даўжэй.

Увага журналістаў была вельмі дарэчы, сказала на судзе старэйшына вёскі Антаніна Зайцава:

— Мы куды толькі не звярталіся — і ў віцебскія газеты, і на АНТ, і ў праграму «Времечко». Карэспандэнты прыязджалі, здымалі, запісвалі, але ніводзін сюжэт пра наша гора так і не выйшаў. Адзінае выключэнне — «Белсат», і то над людзьмі, якія хацелі нам дапамагчы, зладзілі судзілішча!

Алена Шабуня: «Суддзя паводзіла сябе скрайне зняважліва»

Працэс над журналістамі вяла суддзя Ганна Ігнаценка. На думку Алены Шабуні, паводзіны суддзі былі абуральныя:

— Суддзя не задаволіла ніводнага хадайніцтва, у тым ліку на ўдзел у працэсе сябра ГА «БАЖ», праваабаронцы Паўла Левінава. Яна не давала гаварыць, перабівала, рабіла недарэчныя заўвагі, пагражала. А калі я папрасіла зрабіць перапынак і пайшла да старшыні суда, каб падаць на яе скаргу, суддзя ўжо была там і пра нешта раілася. Верагодна, і рашэнне пра тое, як нас пакараць, яна не прымала самастойна.

Журналістка пяць разоў заяўляла адвод суду, і штораз суддзя канстатавала, што для гэтага няма падставаў.

Паводзіны суддзі Ганны Ігнаценка абурылі і журналістаў, якія прыйшлі асвятляць працэс. А Паўла Левінава яна ўрэшце выдаліла з залы суда, бо ён неаднаразова звяртаў увагу на памылкі падчас разгляду адміністрацыйнай справы.

Зміцер Лупач: «Хоць суд і знаходзіцца на вуліцы Праўды, але праўды ў ім няма»

Алену Шабуню паводле арт. 22.9 КаАП сёлета судзілі другі раз, а для Змітра Лупача працэс у Віцебску стаў ужо чацвёртым. І самым працяглым, кажа журналіст:

— Самы кароткі суд у мяне працягваўся 23 хвіліны, а гэты ажно чатыры гадзіны. Суддзя блыталася ва ўласных словах, зацягнула знаёмства з пісьмовымі дакументамі, і адзінае, што было добра — гэта поўны прагляд праграмы «Аб’ектыў», дзе быў наш сюжэт. Паўгадзіны ўсе глядзелі навіны, прычым было відаць, што гэта цікава і самой суддзі. Але канчатковы вынік быў прадказальны: два штрафы. Мне большы, як «рэцыдывісту», Алене на 10 базавых меншы.

Зміцер Лупач адзначае і яшчэ адну асаблівасць. Пэўна, таму, што сюжэт тычыўся выбараў, адміністрацыйную справу супраць журналістаў распачалі і скончылі ў рэкордна кароткі тэрмін. Сюжэт выйшаў 16 лістапада, а ўжо назаўтра міліцыянты пачалі шукаць сведак. Не прайшло і месяца, як было абвешчана судовае рашэнне.

Павел Левінаў: «Пастанову будзем абскарджваць»

На думку праваабаронцы Паўла Левінава, якога выдалілі з пасяджэння, суддзя прадэманстравала не толькі прававую непісьменнасць, але і слабае веданне працэсуальнага заканадаўства, таму зрабіла шмат памылак падчас пасяджэння.

Павел Левінаў

Што да вынікаў, то Павел Левінаў гатовы дапамагчы ў абскарджванні пастановы:

— Алена Шабуня і Зміцер Лупач рэалізоўвалі сваё права на свабоду выказвання ўласнага меркавання, і за рэалізацыю гэтага права іх караюць. Пра якую прававую дзяржаву тады можна казаць? Скарга будзе пададзена ў Віцебскі абласны суд, а калі гэты орган не верне сітуацыю ў прававое поле, то журналісты будуць вымушаныя звярнуцца ў вышэйшыя інстанцыі, аж да Камітэта ААН па правах чалавека.

Последние новости