haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Политика

17.12.2019 14:21

504 просмотра

0 комментариев

Мянчук з хваробай сэрца не прыйшоў у ваенкамат. Яму далі 3825 рублёў штрафу

Мінабароны тлумачыць, чаму так атрымалася і што рабіць, каб такога з вамі не адбылося.

Прыроджаная хвароба сэрца

Жыхару Менску Мікалаю Каленіку 22 гады. У 2015 годзе ён атрымаў адтэрміноўку ад войска на два гады, бо мае хваробу сэрца. Сёлета Мікалай акурат трапляў на веснавы прызыў. Маючы на руках позву ў кастрычніку 2018 году, Мікалай пайшоў у ваенкамат праходзіць мэдкамісію. Там у хлопца забралі вайсковы білет, зрабілі УГД і сказалі: «Да службы прыдатны».

«Я быў перакананы, што сына не забяруць у войска, як ён можа быць прыдатны да службы? — дзеліцца са Свабодай Павал, бацька хлопца. — У 20 гадоў ён хацеў паступаць у Акадэмію МУС, яго там забракавалі. Сказалі, што здароўе непрыдатнае. Я яму тады і кажу, давай яшчэ самі праверымся».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларусу-падлетку, які жыве на Кіпры, не далі беларускі пашпарт, бо не адслужыў

Мікалай Каленік на просьбу бацькі пайшоў у паліклініку і зрабіў яшчэ адно УГД самастойна. Яно пацьвердзіла, што прыроджаная хвароба сэрца нікуды не падзелася. Каленікі вярнуліся ў ваенкамат, які прызначыў хлопцу паўторную камісію. Яна зноў прызнала Мікалая прыдатным да службы.

«Я тады скаргу на імя ваенкома напісаў, каб сына ў шпіталі абсьледавалі больш дэталёва, — працягвае Павал Каленік. — Мне з ваенкамата напісалі, што трэба зьвяртацца да галоўнага лекара 3-га клінічнага шпіталя. А прызыў канчаўся ўжо. На 18 красавіка 2019 сына выклікалі ў ваенкамат здаць адбіткі пальцаў. Але сын ня змог прыйсьці: не адпусьцілі з працы. У выніку на яго завялі крымінальную справу за адхіленьне ад службы. Я хадзіў у ваенкамат сам, тлумачыў сытуацыю».

У ваенкамаце Каленікам, кажуць яны, не паверылі. Адбыўся суд, які вырашыў пакараць прызыўніка 3825 рублямі штрафу. Прысуд прызыўнік абскардзіў, разгляд скаргі адбудзецца 10 студзеня ў Менскім гарадзкім судзе. Штрафу Каленікі пакуль не плацілі, спрабуюць яшчэ раз самастойна праверыцца ў дактароў.

Пастанова суду

«Пра такое я падумаць нават ня мог»

«У мяне з сэрцам праблемы з 15 гадоў, — расказвае Свабодзе сам прызыўнік. — Абмяжоўвалі заняткі спортам. У Акадэмію МУС не ўзялі, калі я хацеў паступіць. А тут сказалі ў ваенкамаце, што я годны. Па адным УГД вырашылі».

Мікалай сьцьвярджае, што служыць не адмаўляецца. Аднак кажа, што калі яму з 15 гадоў абмяжоўвалі заняткі спортам, значыць можна падазраваць і непрыдатнасьць да службы ў арміі. Хлопец настойвае, што мэдыцынская камісія падышла да агляду павярхоўна.

«Я там проста ў кабінэце спытаў, як магу аспрэчыць вынікі прызыўной мэдыцынскай камісіі, мне ніхто толкам нічога не патлумачыў, — сьцьвярджае прызыўнік. — Напісаў у свабоднай форме скаргу, якую потым на судзе да матэрыялаў справы не далучылі. Выпісалі мне позвуу 16-га, што я 18-га павінен прынесьці адбіткі пальцаў. Я, калі паступаў у Акадэмію МУС, адбіткі ўжо здаваў. Сказаў, што іх можна там узяць. Яны не пагадзіліся, тады я пайшоў у РУУС, але там ужо было позна і адбіткаў я ня здаў. На наступны дзень трэба было працаваць, я ня мог у ваенкамат прыйсьці».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Наступствы закону аб адтэрміноўках — міграцыя і карупцыя». 7 цытатаў экспэртаў пра беларускае войска

Мікалай таксама наракае на тое, што выклікі ў ваенкамат атрымліваў ня позвай, а праз тэлефон. І прызнаецца, што нават падумаць ня мог, што адмова прыйсьці ў ваенкамат можа абярнуцца крымінальнай справай, судом і вялікім штрафам.

Мінабароны: Мікалай Каленік мог сам аспрэчыць рашэньне камісіі праз суд

Кансультант аддзелу прызыву на вайсковую службу галоўнага арганізацыйна-мабілізацыйнага ўпраўленьня Генэральнага штаба Узброеных сіл Андрэй Мурашоў на просьбу Свабоды пракамэнтаваў сытуацыю з прызывам Мікалая Каленіка. Па словах прадстаўніка Мінабароны, суду і штрафу можна было б пазьбегнуць, калі б прызыўнік дзейнічаў згодна з нормамі беларускага заканадаўства.

«Рашэньне аб катэгорыі годнасьці грамадзян па стане здароўя, могуць яны служыць ці ня могуць, прымаюць толькі пэўныя лекары, прызначаныя рашэньнем мясцовага органа ўлады, — сказаў прадстаўнік Мінабароны Андрэй Мурашоў. — Іншыя лекары ня могуць гэтага зрабіць. Бяз розьніцы, з камэрцыйнай яны клінікі альбо зь дзяржаўнай. Яны могуць толькі дыягназ выставіць. Урачы, прыцягнутыя да вайскова-ўрачэбнай экспэртызы, ужо могуць прымяніць канкрэтны дыягназ і вызначыць ступень прыдатнасьці да службы.

Ніхто не сумняваецца, што ў грамадзяніна Каленіка ёсьць пэўнае захворваньне. Гэта пацьвярджаецца ўсімі дасьледаваньнямі. Аднак гэтае захворваньне ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі, якія дзейнічаюць у Беларусі па стане на 2019 год, не перашкаджае праходжаньню вайсковай службы. У нас існуе 12 графаў абмежаваньня па стане здароўя, у адпаведнасьці зь якімі прызыўнікі могуць служыць у пэўных войсках. У выпадку з грамадзянінам Каленікам графа вельмі высокая, трэцяя. Гэта значыць, што ён нават можа служыць у памежных альбо ўнутраных войсках».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Беларусь можа ганарыцца, што дала сьвету такога чалавека». Загінулага ў Малі легіянэра ўзгадвае саслужывец

Як расказаў Андрэй Мурашоў, беларускае заканадаўства прадугледжвае форму абскарджаньня вынікаў прызыўных мэдкамісій, якія праводзяцца ваенкаматамі. Для гэтага неабходна альбо зьвярнуцца са скаргай непасрэдна ў вышэйшую камісію (абласнога альбо менскага гарадзкога ваенкамата), альбо падаць скаргу ў суд. У такім выпадку прызыўніка ня могуць забраць на службу ў арміі, пакуль скарга ня будзе разгледжаная ў адпаведных інстанцыях.

«Згодна з вынікамі мэдыцынскага агляду рашэньне аб прызыве альбо непрызыве Мікалая Каленіка на службу ў войску павінна была прымаць прызыўная камісія, — расказвае Андрэй Мурашоў. — На тэрміновую службу альбо на службу ў рэзэрве. Ён на гэтае паседжаньне не зьявіўся. Прайшоў мэдкамісію, а ўсе іншыя мерапрыемствы прызыву праігнараваў і больш у вайсковы камісарыят не зьяўляўся. Менавіта гэтым дзеяньням была судом дадзеная прававая ацэнка. Варта было прыйсьці на паўторнае паседжаньне прызыўной камісіі, заявіць скаргу на яе рашэньне аб прызыве ў войска і, калі б прызыўная камісія не пагадзілася зь ягонай скаргай, зьвярнуцца альбо ў тэрытарыяльную прызыўную камісію, альбо ў суд. Тады б грамадзяніна Каленіка паўторна абсьледавалі ўрачы абласнога ўзроўню. Але ён не прыйшоў на паседжаньне камісіі. Яго чакалі да апошняга дня прызыву, і толькі тады зьвярнуліся ў праваахоўныя органы, па выніках працы якіх суд аштрафаваў прызыўніка».

Па словах кансультанта Мінабароны Андрэя Мурашова, выпадкі, калі прызыўнікі абскарджваюць рашэньні мэдыцынскіх камісій, зусім ня рэдкія. А вось далейшы лёс Мікалая Каленіка пакуль невядомы і будзе залежаць ад рашэньня суду вышэйшай інстанцыі, у якім прызыўнік абскарджвае штраф. Калі яго пакінуць без зьменаў, то ў вясновы прызыў Мікалая Каленіка не прызавуць з прычыны наяўнасьці судзімасьці. Трапіць у войска, пры адсутнасьці мэдыцынскіх супрацьпаказаньняў, ён зможа толькі пасьля пагашэньня судзімасьці.

Сталі сьведкам падзеі? Зьнялі эксклюзіўнае фота ці відэа? Дасылайце ў Тэлеграм нашаму рэдактару

@SvabodaBelarus Ананімнасьць гарантуем
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Думалі, што буду зьліваць інфармацыю Nexta». Як служыць у войску айцішнік, які змагаўся з законам «аб адтэрміноўках»

Алесь Пілецкі

https://www.svaboda.org/a/30328646.html

Последние новости