haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Политика

18.01.2020 08:02

231 просмотр

0 комментариев

«Правадыр апэрацыі расейскага ўплыву на Беларусь — сам Лукашэнка»

Як палітычныя зьмены ў Расеі паўплываюць на беларуска-расейскія адносіны? Якая стратэгічняя мэта Крамля ў дачыненьні да Беларусі і ці мяняецца яна з часам? На гэтыя ды іншыя пытаньні адказваюць палітычныя аналітыкі Ягор Лебядок і Андрэй Елісееў.

Сьцісла:

  • Елісееў: Мэханізм транзыту ўлады Пуціна ніяк не зьніжае інтэграцыйныя рызыкі для Беларусі.
  • Елісееў: У чым рызыка працэсу паглыбленай інтэграцыі на ўмовах Крамля? У тым, што ўсё будзе ісьці ня так яўна і заўважна, як пры пазбаўленьні фармальнай незалежнасьці.
  • Елісееў: Беларускі транзыт улады адбудзецца хутчэй не па расейскім, а па таджыцкім варыянце.
  • Лебядок: У нас 25 гадоў вымываўся нацыянальны падмурак. І нічога ўзамен не далі, акрамя «стабільнасьці».
  • Лебядок: «Лукашэнка — гэта праект барацьбы з будучым».
<a href="https://w.soundcloud.com/player/?url=http%3A%2F%2Fapi.soundcloud.com%2Ftracks%2F744955879&amp;amp;amp;color=%23ff5500&amp;amp;amp;auto_play=false&amp;amp;amp;hide_related=false&amp;amp;amp;show_comments=true&amp;amp;amp;show_user=true&amp;amp;amp;show_reposts=false&amp;amp;amp;show_teaser=true«>SoundCloud</a>

Цыганкоў: Чаму падзеі ў Расеі выклікалі такое вялікае абмеркаваньне ў Беларусі, чаму гэта істотна?

Елісееў: Відавочна, што Расея, ад якой Беларусь надзвычай залежыць эканамічна і палітычна, выклікае інтарэс у беларусаў. Тут галоўнае — гэта «праблема 2024», погляд, што ўвесь працэс інтэграцыі нібыта грунтуецца на мэце, каб Пуцін забясьпечыў сваю ўладу. Я лічу, што гэта быў няслушны погляд. Гэтая схема разглядалася Крамлём, але не была прыярытэтнай, бо там было шмат незразумелых складнікаў.

Шырэйшая і доўгатэрміновая мэта Крамля была — незваротна прывязаць Беларусь. Таму для Беларусі інтэграцыйныя рызыкі нікуды ня зьніклі. Калі Беларусь перавядзе сваё заканадаўства на расейскія нормы, то вельмі хутка ператворыцца ў марыянэткавую дзяржаву.

Андрэй Елісееў

Лебядок: У нас перабольшвалі «варыянт 2024». Але гэта быў толькі адзін з варыянтаў, які яшчэ канчаткова не адпаў. Бо калі ўважліва пачытаць пуцінскую прамову — то там амаль нічога пэўнага не сказана, нейкія прапановы і намёкі.

Асноўная мэта — інкарпарацыя Беларусі — як была, так і застаецца. Каб ацаніць, што адбываецца сёньня, варта глянуць на гэта ў гістарычным аспэкце. Яшчэ ў 1992 годзе, адразу пасьля распаду СССР, тагачасны міністар замежных спраў Расеі Козыраў зрабіў такую прамову на Радзе міністраў АБСЭ: «Зона былога СССР ня можа разглядацца як зона поўнага прымяненьня нормаў АБСЭ... Мы будзем цьвёрда настойваць, каб былыя рэспублікі СССР неадкладна ўступілі ў новую канфэдэрацыю альбо фэдэрацыю».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Шрайбман vs Фядута: «З прычыны падзей у Расеі Лукашэнка адкладзе свой адыход ад улады»

Цыганкоў: Такіх цытатаў можна прывесьці шмат, пачынаючы ад 19-га стагодзьдзя. Ці маюць яны непасрэднае дачыненьне да цяперашняй сытуацыі? Ці вы хочаце даказаць, што магістральнае імкненьне расейскай палітыкі заўсёды было ў гэтым кірунку?

Лебядок: Так, ёсьць пэўная лінія. 1995 год — Мытны саюз, 1997 год — дамова аб «саюзе Беларусі і Расеі», якая ў 1999 годзе трансфармуецца ў дамову аб стварэньні «саюзнай дзяржавы». І калі ў першай дамове размова ішла аб стварэньні саюзу дзяржаў, то ў 1999-м ужо сказана пра стварэньне адзінай дзяржавы. Мэта гэтая ў Расеі нікуды не падзелася.

Ягор Лебядок, архіўнае фота

Цыганкоў: Ці можна сказаць, што цяпер Расея прымяняе не прамыя, а гібрыдныя мэтады інтэграцыі?

Елісееў: «Гібрыдная вайна» — тэрмін, які ўжываецца ўсімі і часам не да месца. «Інфармацыйныя войны» былі яшчэ ў антычнасьці. Але цяпер гэты тэрмін набыў пасьля падзеяў у Данбасе вялікае выкарыстаньне ў розных кантэкстах.

У чым рызыка гэтага працэсу паглыбленай інтэграцыі на ўмовах Крамля? У тым, што ўсё будзе ісьці ня так яўна і заўважна, як пры пазбаўленьні фармальнай незалежнасьці. Краіна захоўваецца на палітычнай мапе сьвету, мае сьцяг, кіраўніка. Але рэальныя паўнамоцтвы паступова пераходзяць у Маскву. Таму, нават калі ў будучым краінай будзе кіраваць самы прафэсійны ўрад у сьвеце, то ён так будзе зьвязаны дамовамі з Масквой, што проста акажацца недзеяздольным.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Чаго чакаць Беларусі ад «гібрыднай інтэграцыі»

Цыганкоў: Але менавіта кіраўніцтва Беларусі ў значнай ступені само выступіла ініцыятарам працэсу «інтэграцыі». Ці зразумела яно на сёньня ўсе небясьпекі, нават для сябе, ад гэтага працэсу?

Лебядок: Думаю, што збольшага зразумела. Але ж разуменьня ўжо недастаткова. Трэба рабіць пэўныя захады, на якія, магчыма, і рэсурсаў ня хопіць — эканамічных, дыпляматычных, інфармацыйных. Але, напрыклад, у інфармацыйнай сфэры ўсё аддадзена на Расею.

Непасрэдны правадыр апэрацыі расейскага ўплыву на Беларусь — сам Лукашэнка. У такіх апэрацыях што трэба зрабіць — зьнішчыць падмурак асобы, супольнасьці, нацыі, на якую ўзьдзейнічаюць. У нас 25 гадоў вымываўся нацыянальны падмурак. І нічога ўзамен не далі, акрамя «стабільнасьці».

Вэктару разьвіцьця краіны ў Беларусі, у адрозьненьне ад Расеі, увогуле няма. Куды мы рухаемся? Нікуды, у Лукашэнку. Дык ён калісьці пойдзе з жыцьця. Цяпер ён гэта разумее, але зрабіць нешта за год-два вельмі складана.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Беларусі могуць увесьці пасаду віцэ-прэзыдэнта, каб палегчыць транзыт улады, — былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду

Цыганкоў: Як апошнія расейскія падзеі могуць паўплываць на варыянты транзыту ўлады ў Беларусі?

Елісееў: У палітычным сэнсе разьвіцьцё Беларусі найбольш нагадвала цэнтральнаазіяцкі варыянт. Пакуль пытаньне транзыту знаходзіцца ў ценю інтэграцыйных перамоваў як болей прыярытэтных для Лукашэнкі. Наўрад ці Лукашэнка будзе мудрыць, у яго будуць больш тапорныя мэтады. Тут хутчэй будзе нейкі варыянт, блізкі да таджыцкага. Там у 2016 годзе адбыўся рэфэрэндум па зьменах у Канстытуцыю. Галоўныя былі статус лідэра нацыі і зьмяншэньне ўзроставага цэнзу да 30 гадоў, каб дазволіць сыну Рахмона балятавацца.

Нешта падобнае можа быць і ў Беларусі. Калі Лукашэнка сумняецца, што прэзыдэнтам стане ягоны сын, то нейкі новы орган можа быць створаны, які будзе замыкаць на сябе кіраваньне вэртыкальлю.

Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Ці магчыма, што Лукашэнка пра транзыт улады зусім не задумваецца? А тыя канстытуцыйныя зьмены, якія ён ужо абвяшчаў неаднаразова, задуманыя зусім для іншага?

Лебядок: У мяне менавіта такая думка. Ня бачу, навошта яму ўвогуле гэты транзыт. Пакуль ёсьць сыстэма «выбараў», то можна і самому заставацца колькі заўгодна, калі ўсё добра працуе. У прынцыповай зьмене ўлады ў Беларусі я ня бачу вялікага сэнсу для Лукашэнкі.

Цыганкоў: Ці могуць зьмены ва ўладных структурах у Расеі трохі даць перапынак, перадышку Беларусі — бо новаму ўраду Расеі трэба будзе час, каб разабрацца ў справах?

Елісееў: Ёсьць кансэнсус у кіроўных колах Расеі наконт стаўленьня да Беларусі, і наўрад ці гэта зьменіцца.

Наконт канстытуцыйных зьменаў у Беларусі. Гэты працэс можа і паскорыцца, бо Лукашэнка вымушаны думаць наперад.

Лебядок: Трэба будзе глядзець, якія прапановы будуць вылучаныя па зьменах беларускай Канстытуцыі і ці будуць яны мець нейкую сувязь з інтэграцыяй. У Расеі ўсе тыя, хто «адказваў» за інтэграцыю, засталіся, нікуды ня зьніклі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хто будзе выбіраць Лукашэнку прэзыдэнтам у 2020 годзе? Народ ці толькі дэпутаты?

Цыганкоў: Які мэдыйны эфэкт ад пераменаў у Расеі, уплыў на грамадзкую думку ў Беларусі? «Нават у Расеі ўжо думаюць пра перадачу ўлады, а ў нас усё бязь зьменаў» — могуць сказаць беларусы. Ці будзе Лукашэнка гэта ўлічваць?

Елісееў: Магчыма, каб стварыць нейкую «бачнасьць» зьменаў, можа пачацца фіктыўны працэс абмеркаваньня нейкіх прапановаў. У беларускім грамадзтве вельмі высокія пэсымістычныя настроі, асабліва сярод моладзі, беларусы чакаюць пераменаў. Але што на гэта можа адказаць Лукашэнка, які хоча бясконца заставацца пры ўладзе?

Лебядок: Калісьці разумны беларус сказаў: «Лукашэнка — гэта праект барацьбы з будучым». Натуральна, я вельмі сумняюся, што могуць быць нейкія кардынальныя зьмены ў кірунку дэмакратызацыі Беларусі. Але нейкія штуршкі могуць быць. Напрыклад, «продаж» эўрапейцам адмены сьмяротнага пакараньня, каб паказаць, якія мы прыгажуны. Але толькі такія зьмены, якія не зьмяншаюць ягонай улады.

Сталі сьведкам падзеі? Зьнялі эксклюзіўнае фота ці відэа? Дасылайце ў Тэлеграм нашаму рэдактару

@SvabodaBelarus Ананімнасьць гарантуем

Віталь Цыганкоў

https://www.svaboda.org/a/30383503.html

Последние новости