haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Политика

20.01.2020 18:45

812 просмотров

0 комментариев

З Расіяй будзе мяжа? На мяжы Гарадоцкага раёна памежнікі робяць ямы на вясковых дарогах і усталявалі бетонныя слупы

На расійскай мяжы Гарадоцкага раёна расійскімі памежнікамі сістэматычна перашкаджаюцца вясковыя дарогі, што вядуць на тэрыторыю Невельскага раёна. А каля в. Халіпы Межанскага сельсавета дарогу на Невельшчыну перакрываюць бетонныя слупы.

У мінулым засталіся тыя часы, калі паміж Беларуссю і Расіяй не было спрэчак па памежных пытаннях. Пры гэтым расійскі бок безпадстаўна абвіначвае беларускія улады вуснамі намесніка старшыні камісіі Дзярждумы К.Затуліна: "«вопрос о границе встал после того, как Беларусь, не посоветовавшись с Россией, открыла безвизовый въезд на свою территорию для большого количества стран».

Быццам гэты высокі чыноўнік у справах СНД не ведае, што Указ аб увядзенні бязвізавага рэжыму для грамадзян 80 краін Лукашэнка падпісаў 9 студзеня 2017г., А тры загады аб усталяванні памежнай зоны на тэрыторыі Пскоўскай, Смаленскай і Бранскай абласцей былі падпісаны дырэктарам ФСБ Аляксандрам Бортнікавым яшчэ 29 снежня 2016г.

Тады ў Маскве свае крокі тлумачылі «кардынальным змяненнем сітуацыі ў свеце» і «рэзкім ростам рызык, звязаныя з тэрарыстычнымі, міграцыйнымі пытаннямі». Можа, так яно і было. Але сама ж Расея ў аднабаковым парадку, без узгадненьня з Беларуссю ўводзіла бязвізавы рэжым у Санкт-Петербурге яшчэ ў траўні 2009г., затым, у красавіку 2017г., пры ўездзе ва Уладзівасток для грамадзян 18 краін. Менск не пярэчыў: гэта звычайная практыка для актывізацыі бізнесу і турызму, якая ў абедзвюх краінах ўкараняецца даволі асцярожна.

Якое ж дачыненне ўсё гэта мае да грамадзян Гарадоцкага раёна? А самае непасрэднае, бо дзеля вырашэння памежнага пытання расійскія памежнікі перакапваюць вясковыя дарогі з Гарадоцкага раёна, якія спрадвеку вялі на Невельшчыну з часоў Вялікага Княства Літоўскага. Так на мяжы лета-восені былі перакапаны дарогі пасля вёсак Ламаносава, Жукава, Прудка, Лугаўскіх на мяжы ў Невельскім раёне. Праўда, зацікаўленыя грамадзяне з дапамогай бульдозераў гэтыя ямы зраўнялі. Да наступнага часу іх утварэння расійскімі памежнікамі.

Найбольшая ж перашкода для грамадзян, якія маюць патрэбу для працы ва Ўсвятах, расійскімі памежнікамі створана пасля в. Халіпы. Тут на расійскім баку абсталяваны стацыянарны пункт нагляду, а таксама ў дарогу ўкапаны чатыры бетонныя слупы. Пры гэтым слупы укапаны так, што толькі малалітражка можа са складанасцямі праехаць, а ні джып, ні грузавік праехаць не здольны.

Колькі яшчэ прастаяць гэтыя слупы — пакажа час. Таксама час пакажа, ці будуць расійскія памежнікі такіму слупамі перакрываць дарогі пасля вёсак Ламаносава, Жукава, Прудка, Лугаўскія.

Відавочна, што гэтыя слупы не ўпісваюццца ў Саюзную дамову паміж нашымі краінамі. Але колькі яна яшчэ будзе існаваць?

Л. Антонаў

Последние новости