haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Политика

26.01.2020 10:19

263 просмотра

0 комментариев

Гуана па ўнутрырасійскіх цэнах

Рабіць цукерку з гаўна нескладана, але пры захаванні як мінімум дзвюх умоваў. Першая — аб’ектыўная: яго павінна быць шмат, і хтосьці на яго павінен мець манаполію. Другая — суб’ектыўная, звязаная з раздзелам лінгвістыкі, які вывучае паходжанне словаў — гэта значыць, з этымалогіяй.

Першую ўмову каментаваць патрэбы няма, чаго не скажаш пра другую. Калі верыць руска-нямецкаму лінгвісту Максу Фасмеру, у славянскія мовы слова «гаўно» прыйшло з санскрыту — «*guwou-», што азначала «бык», буйная рагатая жывёла, быдла. Далёкага сваяка гэтага слова лёгка распазнаць у старажытнарускім слове «говя́до» (ад праславянскага «*govędo»), «бык». Такім чынам, зыходная сыравіна для цукерак — гэта банальны каравяк, каровіна ляпёшка, і туды ў гады басаногага юнацтва многім беларусам даводзіліся наступаць.

Для масавай вытворчасці цукерак слова з падобнага радаводу малапрыдатнае. Іншая справа, калі каравяк замяніць на памёт марскіх птушак і падабраць для яго прыгожае замежнае слова, напрыклад, «гуана» (ад іспанскага «guano»). Такая замена дазваляе бескарыснае для айчынных шыротаў слова напоўніць карысным, з пункту гледжання сельскай гаспадаркі, зместам. У прыватнасці, значнай колькасцю злучэнняў азоту (да 9%) і фосфару (каля 13%).

У XIX стагоддзі нараджэнню першай сыравіннай звышдзяржавы свет быў абавязаны акіянічнай плыні, якая прыносіла да астравоў Чынча, што належалі Перу, вялікую колькасць рыбы. Рыбай харчаваліся птушкі. Птушкі выраблялі гуана. Такі вось кароткі, але лагічны ланцужок.

За сорак гадоў эксплуатацыі краіна-манапаліст экспартавала 13 мільёнаў тонаў гуана на 13 мільярдаў долараў (сучасных, зразумела). Пра вынік гэтага надзвычай прыбытковага бізнесу добра распавяла расійская журналістка Юлія Латыніна: «На жаль, гэтая неверагодная, фантастычная манаполія так і не дапамагла Перу стаць звышдзяржавай. Усе грошы, якія атрымала Перу, сышлі ў кішэні чыноўнікаў. Яны не павялічылі ў Перу колькасці працоўных месцаў. Яны ніяк не трансфармаваліся ў вынаходніцтвы і тэхналагічныя інавацыі, якімі тады фантанаваў Захад. Дзіўна — але той самы недахоп рабочых рук, які ў Еўропе і ЗША прывёў да імклівага ўкаранення машынаў, у Перу, менавіта дзякуючы манаполіі, прывёў да адраджэння рабства і скрайняй прымітывізацыі працы. Прывезці дармовых рабоў, прычым яшчэ і атрымаўшы на гэта субсідыі ад ураду, ва ўмовах манаполіі было прасцей, чым вынаходзіць экскаватар».

Алгарытм распрацоўкі гуана ў Перу быў неўзабаве паспяхова скарыстаны ў Бразіліі пры здабычы соку гевеі, з якога рабілі каўчук. Невялікая купка абраных квітнела, хоць і нядоўга. Крыж на прыроднай манаполіі, як і ў першым выпадку, паставіла навука, што здолела прапанаваць танныя тэхналогіі вытворчасці сінтэтычнага каўчуку.

Паветра скончыцца раней за нафту

«Каменны век скончыўся не таму, што скончыліся камяні», — справядліва заўважыў у 2000 годзе міністр нафтавай прамысловасці Саудаўскай Аравіі шэйх Закі Яман. Па гэтай жа прычыне скончыцца і стагоддзе вуглевадародаў. У якім канкрэтна годзе рост спажывання нафты зменіцца зніжэннем і што паслужыць таму прычынай — ветракі або сонечныя батарэі, — сёння сказаць складана. Сярод экспертаў няма адзінага меркавання, але ў тым, што людзі сярэдняга веку да гэтай падзеі дажывуць, сумнявацца не даводзіцца.

Калі ў 1970-х гадах нафта забяспечвала 50% сусветнага попыту на энергарэсурсы, дык сёння — менш за 30%. Нарвегія, лідар па колькасці электрамабіляў (24% усяго аўтапарка), абвясціла план забароны продажу аўтамабіляў без электрарухавіка з 2025 года, а Германія — з 2030-га. Францыя і Вялікабрытанія паставілі сваёй мэтай поўную электрыфікацыю дарожнага транспарту да 2040 года. Спіс будучых непрыемнасцяў для нафтавых каралёў лёгка можна працягнуць.

Самі нафтавыя каралі пра свае невясёлыя перспектывы здагадваюцца, і таму актыўна інвестуюць у «зялёныя тэхналогіі», бо сёння не трэба быць Настрадамусам, каб зразумець, што пры цяперашніх аб’ёмах выкідаў у атмасферу вуглякіслага газу на планеце раней за нафту скончыцца паветра.

Варта адзначыць яшчэ адну лакальную падзею: у бліжэйшыя некалькі гадоў праз натуральныя прычыны — выпрацоўка старых радовішчаў, нізкі ўзровень інвестыцый у геолагаразведцы і адсутнасць сучасных тэхналогій — у Расіі пачнецца падзенне здабычы нафты.

Не ў каня корм

Чвэрць стагоддзя гісторыі беларускай мадэлі — гэта чвэрць стагоддзя бесперапынных спробаў стаць у адзін шэраг з нафтавымі дзяржавамі, якія атрымліваюць даход не за кошт працы грамадзян, а за кошт прыроднай рэнты. Прывяду цытату з тэксту паслання, з якім адзіны палітык (АП) звярнуўся да народа і дэпутатаў у 2011 годзе: «Мне здаецца, што нафта ў нас усё ж такі ёсць. А калі ёсць нафта, то не можа быць, каб не прарвала газам. Вучонага прэм’ера (Мясніковіча. — Рэд.) мы ўзялі, акадэміка. Ён адчувае адказнасць і будзе глядзець, што ў нас там робіцца пад тоўшчай зямлі. Не можа быць такога, каб чалавек шукаў і не знайшоў».

Аказваецца, можа. Нават такі рэдкі сплаў станоўчых якасцяў, зафіксаваны АП у адной асобе (вучоны, акадэмік, які адчувае адказнасць), спадзяванняў не спраўдзіў: газам не прарвала. Што да нафты, то яе здабыча ў Беларусі топчацца на месцы на працягу ўжо многіх гадоў: калі ў 2011 годзе здабылі 1 681 000 тон, то ў 2018 годзе — 1 670 000.

«Вучоным бывае пудзель», — неяк справядліва заўважыў сваім калегам вялікі фізік Леў Ландау. Сябе ж нобелеўскі лаўрэат лічыў навуковым работнікам. Ён не прэтэндаваў на здольнасць глядзець за тым, што ў нас там робіцца пад тоўшчай зямлі. Яго цікавілі працэсы на ўзроўні мікрачасцін, у чым ён быў паспяховы.

З 2011 па 2018 год колькасць беларускіх ландау, што займаліся навуковымі даследаваннямі і распрацоўкамі, скарацілася на 12,1% (з 31 194 да 27 411 чалавек), а падача заявак на патэнтавыя вынаходніцтвы — на 70,5% (з 1871 да 547)! Пры гэтым фінансаванне навукі са сродкаў рэспубліканскага бюджэту павялічылася з 0,25% да 0,39% ВУП. Корм атрымаўся не ў каня. Вось такая адна з базавых характарыстык беларускай мадэлі!

Можна колькі заўгодна ганарыцца высокім месцам у глабальным індэксе чалавечага развіцця (50-е сярод 189 краін у 2019 годзе), і нават фіксаваць гэты поспех у рэзалюцыях Усебеларускіх народных сходаў, але звязаць на практыцы індэкс чалавечага развіцця з развіццём эканомікі не атрымаецца. Апошняя калі і дэманструе рост, дык выключна за кошт спрыяльнай знешняй кан’юнктуры.

Беларуская мадэль мае патрэбу ў прамых датацыях, а не ў патэнтах. Будуць датацыі — будзе і магчымасць у беларускіх спажыўцоў набываць апошнія мадэлі электронных прыбамбасаў у масавых колькасцях. У сваю чаргу, датацыі дазваляюць беларускім бізнесоўцам імпартаваць абсталяванне, з дапамогай якога толькі і магчымы пераход да новых пакаленняў тэлефаніі. Таму барацьба за захаванне расійскіх датацый была і застаецца краевугольным каменем палітыкі АП.

Не дзеля карысці, а выключна дзеля роўных умоваў

4 снежня 2019 года на сайце Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў раздзеле «Аналітыка» быў змешчаны артыкул «Палова беларусаў выступае не за саюзніцкія, а за партнёрскія адносіны з Расіяй». Гэта наш «адказ Керзану» на даследаванне Цэнтра прасторавага аналізу міжнародных адносін МДІМА, што было апублікаванае ў лістападзе.

Паводле даследаванняў маскоўскіх сацыёлагаў, больш за палову беларусаў (57,6%) выказаліся за саюзніцкія адносіны паміж Беларуссю і Расіяй, а каля траціны (31,8%) — за партнёрскія (агулам — амаль 90%).

Расійскай сацыялогіі беларусы супрацьпаставілі сваю: «Паводле даследавання 2019 года, 49,9% грамадзян краіны лічаць, што Беларусь павінна быць незалежнай дзяржавай і будаваць свае адносіны з Расіяй на аснове міжнародных дамоваў (што можна класіфікаваць як „партнёрскія адносіны“). Пры гэтым 36,1% рэспандэнтаў лічаць, што дзве краіны павінны ўзаемадзейнічаць адна з адной па прынцыпе раўнапраўнага саюза са стварэннем наднацыянальных органаў кіравання („саюзніцкія адносіны“), а колькасць прыхільнікаў уваходжання Беларусі ў склад Расіі ў 2019 года склала толькі 7,7%».

Зразумець адрозненні ў выніках апытанняў няпроста, бо прыведзеныя працэнты атрыманыя пры адказах на розныя пытанні. Адзін прыклад: падтрымка саюзніцкіх адносін не раўназначная жаданню ўваходжання ў склад Расіі. Хіба АП выступае супраць Саюзнай дзяржавы? Але дзе і калі ён выказваўся за дэнансацыю саюзніцкай дамовы? Наадварот, ён рэгулярна выступае за яе падтрымку.

Безумоўна, большасць беларусаў хоча жыць у Саюзнай дзяржаве, якая забяспечвала б нам «роўныя ўмовы», г.зн. унутрырасійскія цэны на расійскае гуана, не прэтэндуючы пры гэтым на фарміраванне наддзяржаўных органаў. Але ж у такой дзяржаве мы жывем ужо 20 гадоў.

Сяргей Нікалюк
https://novychas.by/palityka/huana-pa-unutryrasijskih-cenah

Последние новости