haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Политика

27.02.2020 15:12

414 просмотров

0 комментариев

УВАГА! «Злачынцы» з неўстаноўленых арганізацый зрабілі падлетка злачынцам. Так працуе СІСТЭМА

Сямнаццацігадовы Уладзіслаў Шаркоўскі доўгі час шукаў працу. У інтэрнэце яму прапанавалі стаць кур’ерам і развозіць аромаміксы і сумесі для курэння. Хлопец пагадзіўся — і трапіў у пастку.

Надзелі кайданкі, білі, аказвалі ціск

— Нейкая неўстаноўленая асоба даслала майму дзіцяці паведамленне наконт працы па распаўсюджанні легальных сумесяў для курэння. Пісалі, што трэба будзе перанесці тавар з аднаго месца ў іншае. Я чытала перапіску — ён некалькі разоў удакладняў, ці не забаронена гэта, яму адказвалі, што ўсё законна, — распавядае мама Уладзіслава Ірына Шаркоўская.
Уладзіслаў пагадзіўся на працу. Хлопцу стала дапамагаць сяброўка. З 1 па 16 сакавіка 2018 года маладыя людзі паспелі зрабіць некалькі даставак прадастаўленага ім пафасаванага рэчыва. Увечары 16 сакавіка Уладзіслава затрымалі, калі ён вяртаўся дадому.
Маці даведалася пра гэта толькі праз пяць гадзін, каля дзвюх ночы, хаця пра затрыманне непаўнагадовага бацькам павінны былі паведаміць адразу.
— Прычым проста пазванілі, сказалі: «Ваш сын затрыманы», і ўсё. Я спытала, за што, мне сказалі — за наркотыкі. У мяне — ступар. Калі я крыху адышла, зразумела — трэба туды ехаць. Перазваньваю, пытаюся, дзе ён знаходзіцца, а мне адказваюць: «Вам раніцай патэлефануюць».

Аказалася, што Улада адвезлі ў РУУС Савецкага раёна, дзе паўтара сутак яго не кармілі, ён спаў на голай бетоннай падлозе. Як пазней даведалася маці, сына ў гэты час білі, аказвалі псіхалагічны ціск. Пад ціскам ён напісаў прадыктаваную распіску, нібыта ён прызнаецца ў здзяйсненні злачынства. Усе пратаколы на яго таксама былі складзеныя ў гэты час. З хлопцам у той час не было не толькі законнага прадстаўніка, але і адваката, і педагога-псіхолага (яго ўдзел абавязковы ў справах, датычных непаўнагадовых) — адпаведна, усе ўзятыя ў яго паказанні не маюць юрыдычнай моцы. Але ў выніку ўсё абвінавачанне было пабудаванае менавіта на тых матэрыялах.
— Калі я прыйшла на наступны дзень, дзіця прывялі ў кайданках. Я ўзняла гвалт — чаму непаўнагадовага трымаюць у кайданках, ён нават дакументы не можа падпісаць! Наш бясплатны адвакат адказаў, што яго лічаць злачынцам і гэта нармальна, — распавядае маці.
З гэтай нагоды нядаўна жанчына звярнулася да кіраўніка Міністэрства ўнутраных спраў Юрыя Караева з просьбай аб асабістым прыёме, аднак ёй адмовілі.

«Сакрэтная інфармацыя» і «неўстаноўленыя асобы»

Увогуле, па словах Ірыны Шаркоўскай, за два гады давялося змяніць пяць адвакатаў. Жанчына пры дапамозе праваабаронцаў знайшла шэраг парушэнняў як беларускага, так і міжнароднага заканадаўства ў справе сына, аднак ніхто з адвакатаў не хацеў разбірацца з гэтым.
Да суда Улада і іншых непаўнагадовых чамусьці адправілі ў жодзінскую турму, і там на іх адразу апранулі робы, хаця прысудаў яшчэ не было. З імі пастаянна сядзелі дарослыя асуджаныя, хаця па законе яны не могуць знаходзіцца ў камеры з непаўнагадовымі. У Жодзіна Улад перанёс прыступ язвы, і з пігулак яму давалі толькі «Но-шпу». Бацькам з вялікімі цяжкасцямі ўдалося перадаць сыну іншыя лекі.
У выніку Уладзіслава Шаркоўскага асудзілі на 10 гадоў калоніі па 4 частцы артыкула 328 Крымінальнага кодэкса (Незаконныя з мэтай збыту выраб, перапрацоўка, набыццё, захоўванне, перавозка або перасылка або незаконны збыт наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх прэкурсораў або аналагаў, учыненыя арганізаванай групай). Ірына лічыць прысуд свайму сыну непрапарцыйна жорсткім, і што фактычна яго асудзілі за сувязь па інтэрнэце з «неўсталяванай асобай». У справе Уладзіслава не фігуруюць лабараторыі або лабараторнае абсталяванне, няма грашовых узнагарод, рахункаў, вялікай вагі, ён не з’яўляецца вытворцам, перавозчыкам рэчываў у краіну, арганізатарам наркатрафікаў, стваральнікам інтэрнэт-рэсурсаў...
— За чацвёртую частку праваахоўнікі атрымліваюць нашмат большыя прэміі і «зорачкі», чым за трэцюю, — перакананая Ірына.
У справе Уладзіслава пасля вынясення прысуду застаецца шмат пытанняў. Ірына Шаркоўская спрабавала даведацца, ці закрылі інтэрнэт-краму, з якой сыну даслалі паведамленне. Але на ўсе запыты жанчыне кажуць, што гэта сакрэтная інфармацыя. У той жа час яна ведае — крама працягвае працаваць. Хаця за паўгода да затрымання Улада была арыштаваная і пасля асуджаная група дарослых, звязаных з дзейнасцю гэтай жа крамы.
Ва ўсіх матэрыялах справы і ў прыгаворы суда ўказана, што Уладзіслаў Шаркоўскі з’яўляецца ўдзельнікам арганізаванай і кіраванай неўсталяванай асобай групы. Аднак следства так і не змагло даказаць наяўнасць устойлівай кіраванай арганізаванай групы, роўна як не змагло высветліць імёны іншых удзельнікаў гэтай групы, іх колькасць. Асобы дарослых, якія ўцягнулі маладых людзей у супрацьпраўную дзейнасць, следства таксама не высветліла. Такім чынам, з удзельнікаў «арганізаванай групы» не ўстанавілі і не пакаралі нікога, апроч Уладзіслава і яго сяброўкі, якую таксама асудзілі на 10 гадоў калоніі.

«Парушэнняў не выяўлена»

Цяпер Улад Шаркоўскі адбывае пакаранне ў ПК-22 у Івацэвічах («Воўчыя норы»), паколькі на час вынясення прысуду яму ўжо споўнілася 18 гадоў. З верасня хлопец пайшоў вучыцца на зваршчыка. Улада нярэдка пазбаўляюць званкоў родным без тлумачэння прычын. Але ў сярэднім па тэлефоне з сынам удаецца паразмаўляць тры разы ў месяц.
— Па законе на званок даецца 15 хвілін, але максімальны час, які нам удалося паразмаўляць, — восем хвілін. Асуджаны сам павінен вызначаць час спынення размовы, але я пастаянна чую падчас тэлефанаванняў: «Шаркоўскі, кладзі трубку», — распавядае Ірына.
Больш за 11 гадоў Улад прафесійна займаўся таэквандо, у яго было добрае здароўе. Але на момант затрымання ён хварэў — была тэмпература, балела горла. І больш за два месяцы, пакуль знаходзіўся перад судом у СІЗА і ў жодзінскай турме, ён не мог атрымаць ніякай медыцынскай дапамогі. Праз гэта ў хлопца развіўся цэлы букет хранічных хвароб. З-за інфекцыі ў горле з’явіўся нарост, які не даваў дыхаць і глытаць. Больш за год давялося дабівацца, каб правялі аперацыю і выдалілі яго. Восенню 2019 года на дапамогу прыйшла міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International, якая аб’явіла тэрміновую акцыю ў падтрымку Уладзіслава.
Улад пісаў скаргі, каб на аператыўнікаў, якія яго збівалі, завялі крымінальную справу. Але ў гэтым яму адмовілі.
Каля васьмі месяцаў Ірына дабівалася магчымасці пазнаёміцца з матэрыяламі праверкі адносна збіцця сына. Жанчына была ў генеральнага пракурора Аляксандра Канюка, які абяцаў разабрацца з парушэннямі. Па выніку яна атрымала адказ, што парушэнняў не выяўлена. Разам з іншымі маці-328 Ірына дамагалася сустрэчы з кіраўніком дзяржавы. Спачатку ім прыходзілі адпіскі, што кіраўнік краіны заняты, а цяпер увогуле нічога не прыходзіць. «Нас ігнаруюць», — кажа жанчына.

Замест жорсткага пакарання — прафілактыка

Міжнародны цэнтр грамадзянскіх ініцыятыў «Наш дом» у 2018 годзе аб’яднаў групу маці непаўнагадовых, якіх асудзілі па 328-м артыкуле, у суполку «Дзеці-328». Цяпер у ёй больш за 50 чалавек, там можна папрасіць дапамогі. Удзельнікі суполкі звярталіся да беларускіх уладаў і ў міжнародныя структуры, каб дамагчыся справядлівасці адносна прысудаў сваіх дзяцей.
— Мы спрабавалі звяртацца са скаргай на МУС наконт адсутнасці прафілактыкі злачынстваў, звязаных з наркотыкамі. Але ў выніку мы ж і засталіся вінаватымі, таму што не навучылі сваіх дзяцей. Яшчэ і цяпер, калі прыходзім да кагосьці з чыноўнікаў на прыём, чуем папрокі. Хаця ёсць закон, паводле якога МУС павінна праводзіць прафілактыку сярод дзяцей. Але ў школах заўжды казалі толькі пра тое, што можна купіць наркотык і стаць залежным, і ніколі не распавядалі, якім чынам дзяцей уцягваюць у такія злачынствы. Пра гэта сталі казаць толькі пасля нашага суда, — зазначае Ірына Шаркоўская.
Жанчына перакананая, што яе сын, як і многія іншыя непаўнагадовыя, асуджаныя за наркотыкі, трапіў у пастку. Ён стаяў на ўліку ў службе занятасці, але ніхто не хацеў браць на працу непаўнагадовага. У той час у сям’і было складанае становішча, і Улад хацеў проста дапамагчы бацькам. А праваахоўнікі, на думку Ірыны, замест таго, каб правесці прафілактыку, адразу ўжылі карныя механізмы, не зважаючы на абставіны справы.
— Калі б нас адразу выклікалі і ўсё патлумачылі, мы што, не змаглі б данесці да дзіцяці, што гэта супрацьзаконна? — задаецца пытаннем жанчына. — Чаму б не перагледзець справы нашых дзяцей і не перакваліфікаваць іх?

Таксама Ірына зазначае, што многія нормы беларускага заканадаўства ў адносінах да непаўнагадовых састарэлі, і іх неабходна перагледзець. Да таго ж нашая краіна не прытрымліваецца ратыфікаваных ёй міжнародных актаў, у прыватнасці, Канвенцыі аб правах дзіцяці, што прызналі беларускія праваабаронцы.

Закладнікам сістэмы можа стаць кожны

Актывісткі супольнасці «Дзеці-328» нядаўна звярнуліся ў ААН і ў пасольствы 33 краін з просьбай стаць на абарону правоў беларускіх дзяцей і неадкладна адрэагаваць на шматлікія парушэнні нормаў міжнароднага права ў Беларусі. Яны акцэнтуюць увагу на тым, што з 2014 года, з прыняццем у краіне Дэкрэта кіраўніка дзяржавы № 6, антынаркатычнае заканадаўства стала больш жорсткім.
«У прыватнасці, падлеткі, асуджаныя па ч. 4 арт. 328 КК РБ, застаюцца пазбаўленымі права на ўмоўна датэрміновае вызваленне, да іх не ўжываліся амністыя-2019 і зніжэнне ніжняга парога пакарання. Пры гэтым кваліфікуючымі прыкметамі дадзенай часткі, звязанай са збытам наркатычных сродкаў, з’яўляюцца наяўнасць арганізаванай групы або лабараторнага абсталявання. Беларускае правасуддзе фактычна «адкідае» гэтыя прыкметы, мяркуючы дастатковай падставай для вынясення абвінаваўчых прысудаў узгадванне нейкіх «неўстаноўленых» асоб (якімі з’яўляюцца сапраўдныя арганізатары наркабізнесу).
Так, падлеткі становяцца ахвярамі «неўстаноўленых» падбухторшчыкаў — злачынцаў, якія прапануюць «легальны» заробак у інтэрнэце. У многіх выпадках рэсурсы, якія займаюцца супрацьзаконнай дзейнасцю, не блакуюцца праваахоўнымі органамі. На хітрыкі злачынцаў трапляюцца новыя ахвяры, якіх лёгка вылічыць і асудзіць на каласальны тэрмін», — падкрэсліваецца на сайце Міжнароднага цэнтра грамадзянскіх ініцыятыў «Наш дом».
Актывісткі зазначаюць, што шматлікія звароты да беларускіх уладаў вынікаў не даюць.
«Між тым, нашы дзеці і мы з’яўляемся закладнікамі дадзенай сітуацыі, якая вядзе да непапраўных наступстваў — а гэта зламаныя лёсы падлеткаў і іх сем’яў, а таксама асобасная дэградацыя. Бо ўмовы ўтрымання ў папраўчых установах не толькі не набліжаныя да прыстойных, а з’яўляюцца абразлівымі для чалавечай годнасці. Велізарныя тэрміны знаходжання нашых дзяцей у падобных установах не пакідаюць ні найменшага шанцу для іх далейшай рэсацыялізацыі ў нашым грамадстве», — канстатуюць маці.
На думку Ірыны Шаркоўскай, да праблемы непрапарцыйна асуджаных непаўнагадовых неабходна прыцягнуць як мага большую ўвагу грамадства, бо толькі сумесная салідарнасць дапаможа змяніць сітуацыю. Таму што ў дзяржаве, дзе пагарджаюць правамі чалавека, ахвярай сістэмы можа стаць кожны.
Дзіяна Серадзюк

Последние новости