haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Политика

01.03.2020 07:40

192 просмотра

0 комментариев

Навошта Лукашэнку адзяржаўленыя прафсаюзы?

Паводле задумы ўлады, адзяржаўленыя прафсаюзы ў Беларусі мусяць кантраляваць палітычную ляяльнасьць працоўных.

Сьцісла

  • Лукашэнка ў сваім выступе на зьезьдзе ФПБ ўхіліўся ад адказаў на вострыя пытаньні, зрабіўшы выгляд, нібы нічога не адбываецца.
  • Адзяржаўленыя прафсаюзы Беларусі не абараняюць сацыяльных і працоўных правоў наёмных работнікаў.
  • ФПБ ёсьць перажыткам савецкай таталітарнай сыстэмы. Яе задача палягае ў забесьпячэньні палітычнай стабільнасьці і ляяльнасьці працоўных калектываў.
  • Лукашэнка абвясьціў правядзеньне пэнсійнай рэформы пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.

Чакалася, што выступ Александра Лукашэнкі на зьездзе прафсаюзаў будзе знакавым, што ён выкладзе найвастрэйшыя праблемы, якія паўсталі перад краінай у пачатку 2020 году. Як будуць разьвівацца далей беларуска-расейскія адносіны? Якія зьмены патрэбна рабіць у эканамічнай палітыцы у зьвязку з гэтым? На пачатку году заўважна ўпалі заробкі бюджэтнікаў. Людзі ўстрывожаныя і чакаюць тлумачэньняў. Дзе, як не на зьездзе прафсаюзаў, можна выкласьці асноўныя парамэтры сацыяльнай палітыкі ў агляднай пэрспэктыве? І ўвогуле пара абазначыць тэзісы перадвыбарчай праграмы дзейнага кіраўніка.

Аднак Лукашэнка не адказаў на гэтыя вострыя пытаньні, зрабіўшы выгляд, нібы нічога не адбываецца.

У выступе гучалі звыклыя заявы пра тое, што ў краіне ідзе «сацыяльны дыялёг», няма канфліктаў, найперш у галіне працы. Лукашэнка даводзіў, што «ў Беларусі працоўныя абаронены як ні ў якой іншай краіне». І ўсё гэта, маўляў, дзякуючы ролі прафсаюзаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Чаму расьце даляр і калі гэта скончыцца. Тлумачым з экспэртам

І ў гэтым адрозьненьне Беларусі ад іншых краінаў. Лукашэнка кажа:

«У Эстоніі толькі 5% работнікаў ёсьць чальцамі прафсаюзаў, у Літве 8%, у Польшчы 13% — і гэта называецца „дэмакратыяй“. У выніку прафсаюзы пазбаўленыя магчымасьці выступаць паўнавартасным бокам сацыяльнага партнэрства. Руйнуецца сыстэма трыпартызму і ў цэлым сацыяльнага балянсу ў грамадзтве... У Беларусі такі ахоп — больш за 93%».

Аднак насамрэч функцыя прафсаюзаў у Беларусі палягае зусім не ў абароне сацыяльных і працоўных правоў найманых работнікаў. Якраз з гэтай справай усё дрэнна. Сыстэма тэрміновых працоўных кантрактаў, якая дамінуе у краіне, робіць працаўнікоў безабароннымі перад адміністрацыяй, што характэрна для эпохі «дзікага капіталізму». На гэта рэгулярна зьвяртаюць увагу міжнародныя арганізацыі. Апошнія 20 гадоў сытуацыю з правамі працоўных у Беларусі практычна штогод абмяркоўваюць на міжнародных канфэрэнцыях працы ў Жэнэве. Краіну восем разоў уносілі ў спэцыяльны параграф Міжнароднай арганізацыі працы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Навошта Лукашэнку патрэбен Усебеларускі народны сход

Адзяржаўленыя прафсаюзы ў Беларусі выконваюць зусім іншую функцыю. Гэта рэшткі савецкай таталітарнай сыстэмы. Задача ФПБ — кантраляваць палітычную ляяльнасьць працоўных (У дадатак да іншых структураў, якія займаюцца тым жа). Таму і патрэбны усеагульны ахоп сяброўствам у дзяржаўных прафсаюзах нават у прыватных кампаніях. Калі ў СССР прафсаюзы былі «школай камунізму», то ў сёньняшняй Беларусі ФПБ — школа аўтарытарызму.

Вельмі адметным быў склад прэзыдыюму VIII зьезду ФПБ. Туды былі абраныя Аляксандар Лукашэнка, прэмʼер-міністар Сяргей Румас, кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сергеенка і старшыня Беларускага прафсаюзу работнікаў галін прамысловасьці Мікалай Кавальчук. З чатырох чалавек трое — найвышэйшыя дзяржаўныя чыноўнікі. І ніякіх там перадавых сьлесараў, камбайнэраў ці даярак, як тое было ў савецкія часы.

Дарэчы, нават у Расеі, Казахстане чальцамі прафсаюзаў ёсьць толькі 30-35% работнікаў, а не 93%, як у Беларусі. Бо там ужо значна большая доля недзяржаўнага сэктару ў эканоміцы і менш савецкай палітычнай спадчыны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка паабяцаў разабрацца з фактамі нясвоечасовай выплаты заробкаў

Яшчэ два невялікія сюжэты з выступу Лукашэнкі. На 2020 год пастаўленая задача, каб заробак настаўніка дасягнуў 100% ад сярэдняга заробку ў краіне, а лекара — 150%. На тле падзеньня усіх валавых паказьнікаў у першыя месяцы новага году, як і заробкаў бюджэтнікаў, такая заява выглядае трохі дзіўна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка анансаваў пэнсійную рэформу — пасьля прэзыдэнцкіх выбараў

Таксама кіраўнік Беларусі анансаваў пэнсійную рэформу: «Пэнсійная сыстэма ў тым выглядзе, у якім мы яе сёньня бачым, аджыла. Нам пасьля прэзыдэнцкіх выбараў (я буду ці хто-небудзь з вас) усё роўна прыйдзецца гэтым займацца».

Пакуль незразумела, у якім кірунку Лукашэнка зьбіраецца рэфармаваць пэнсійную сыстэму. Сёньня Фонд сацыяльнай абароны мае вялікі дэфіцыт і ня ў стане з сваіх рэсурсаў плаціць цяперашнія памеры пэнсіяў. Але дасюль Лукашэнка катэгарычна адмаўляў якія-хаця перамены ў гэтай сфэры. Але, як вядома, рэформы пачынаюцца тады, калі заканчваюцца грошы. Гэта акурат беларускі выпадак.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка прыгразіў вярнуць фіксаваныя цэны на сацыяльна значныя прадукты харчаваньня

https://www.svaboda.org

Валер Карбалевіч

Последние новости