haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Политика

13.04.2020 07:24

254 просмотра

0 комментариев

Адкрыццё выдатнага эканаміста

Прапаганда — гэта як язда на ровары. Варта толькі перастаць круціць колы — і страта раўнавагі (стабільнасці) становіцца фактам, дадзеным веласіпедысту ў вельмі балючых адчуваннях.

У беларускім грамадстве існуе кансэнсус, што 2×2=4. Прынамсі, я быў у гэтым упэўнены да таго часу, пакуль на прасторах інтэрнэта выпадкова не наткнуўся на сайт тэлеканала «Беларусь 1».

Тэлевізар я не ўключаю ўжо шмат гадоў, а тут не ўтрымаўся. Выбарачна паспрабаваў паглядзець перадачы, якія прэтэндуюць называцца аналітычнымі. Не пашкадаваў.

Пачну з рэкламнага слогана, размешчанага на галоўнай старонцы сайта тэлеканала, «які мае найбагацейшыя традыцыі і валодае самымі сучаснымі тэхналогіямі тэлевытворчасці»: «Галоўны тэлеканал краіны „Беларусь 1“ — гэта: самая дакладная і аператыўная інфармацыя пра жыццё краіны, далёкае і блізкае замежжа».

Ну як тут было ўтрымацца! Дакладная і аператыўная інфармацыя заўсёды карысталася павышаным попытам у дзяржаве для народа. Ва ўмовах жа пандэміі, якая ахапіла ўвесь свет, каштоўнасць інфармацыі з такімі характарыстыкамі шматкроць павысілася.

Выпадкова абраў перадачу «Клуб рэдактараў» ад 13 сакавіка. Кампанія, якая брала ў ёй удзел, была не вялікая, але бардзо пажондна — пан вядучы, два паны галоўныя рэдактары дзяржаўных СМІ і ў якасці спецыяльнага госця — «выдатны эканаміст» (характарыстыка ад пана вядучага), доктар навук, загадчык кафедры адной з беларускіх ВНУ.

Абмяркоўваліся чатыры тэмы: каронавірус (як жа сёння без яго), нафта, долар і чорны піяр. Натуральна, не абышлося без рашучай водпаведзі расійскай прэсе, якая рэгулярна гоніць хвалю наконт нахлебніцтва Беларусі. Далей дазволю сабе працытаваць невялікі фрагмент дыскусіі.

Пытанне выдатнаму эканамісту ад пана вядучага: «Дык корміць нас Расія, утрымлівае ці не ўтрымлівае?»

Выдатны эканаміст: «Дапусцім, Беларусь раптам узяла (такога не будзе) і сышла ў NATO, і Расіі давядзецца ствараць групоўку, каб процідзейнічаць NATO ў 400–500 тысяч салдат. Дзе яны набяруць столькі людзей, дзе тэхнікі, і ў колькі гэта стане? Я думаю, па цане гэта абыдзецца ў гадавы ВУП Беларусі, не менш».

Сур’ёзныя пытанні, пагадзіцеся. Аднак перш, чым паспрабаваць знайсці на іх адказы, я вырашыў атрымаць даведку — і патэлефанаваў сябру, спецыялісту па праблемах бяспекі, кіраўніку аналітычнага цэнтра Belarus Security Blog Андрэю Паротнікаву.

На думку эксперта, верхняя мяжа колькасці вайскоўцаў у Беларусі не перавышае 55 тысяч чалавек. Атрымліваецца, што эфектыўнасць аднаго беларускага абаронцы Радзімы амаль на парадак пераўзыходзіць эфектыўнасць расійскага...

Чым абумоўленая такая дыспрапорцыя ў ратным ККД? На ўзроўні фармальнай логікі тут магчымыя два варыянты адказу: або гэта выклікана фантастычным прагрэсам беларускай арміі за апошнія гады, або поўнай дэградацыяй арміі расійскай.

Але нешта мне падказвае, што параўноўваць крутасць дзвюх армій Саюзнай дзяржавы — справа няўдзячная. Прычыну дыспрапорцыі варта шукаць у «выдатным эканамісце», абцяжараным пачуццём адказнасці перад ідэалагічнай і іншымі вертыкалямі.

Пра ролю культурнага героя

«Веды, якія не змяняюць паводзінаў, бескарысныя», — сцвярджае ізраільскі гісторык Юваль Харары, кнігі якога разыходзяцца шматмільённымі накладамі. Канчатковая мэта прапаганды якраз — змяненне паводзінаў. Пры гэтым зусім не абавязкова пад паводзінамі ра­зумець набор пэўных учынкаў. Хутчэй наадварот: у нашы дні правільныя паводзіны азначаюць поўную адмову ад якой-небудзь самастойнай актыўнасці.

Гэта на досвітку савецкай улады Ленін разважаў пра «жывую творчасць масаў». Правадыр сусветнага пралетарыяту быў схільны падзяляць «асноўную памылку інтэлігенцыі», г. зн. веру ў здольнасць народа, калі яго вызваліць ад прыгнёту начальства і эксплуататараў, самастойна наладзіць сваё жыццё. Канкрэтнае ўвасабленне гэтай ідэі палягала ў ідэалізацыі Саветаў.

Аднак правадыр, калі сутыкнуўся з хаосам, спароджаным «трыумфальным шэсцем савецкай улады», быў вымушаны павярнуцца на 180 градусаў і заявіць, што «Саветы і дыктатура сумяшчальныя». Вынікам развароту і стала палітыка ваеннага камунізму.

Сталінская індустрыялізацыя запатрабавала максімальнай мабілізацыі энергіі масаў, але пад жорсткім кантролем «Ордэна мечаносцаў». Не выпадкова ў сацыялогіі савецкае грамадства прынята называць «грамадствам мабілізацыйнага тыпу». Перабудова падвяла рысу пад такім грамадствам. Таму не толькі беларускі, але практычна ўсе постсавецкія рэжымы (краіны Балтыі, зразумела, мы не лічым) спрабуюць сёння падтрымліваць стабільнасць не за кошт энергіі насельніцтва, а за кошт яго пасіўнасці.

Галоўная задача прапаганды пры гэтым зводзіцца да доказу адсутнасці адказу на пытанне: «Калі не ён, то хто?» Зразумела, што ў кожнай постсавецкай рэспубліцы знайшоўся свой «ён». У поўнай адпаведнасці з роляй культурнага героя ў міфалогіі, «ён» творча пераўтварае свет, лепіць яго з першабытнага (г.зн. постперабудовачнага) хаосу. Натуральна, з улікам нацыянальных асаблівасцяў канкрэтных рэспублік.

«Міф, — сцвярджае расійскі гісторык Уладзімір Булдакоў, — вырастае на глебе агульнага страху перад варожым асяроддзем». Не ўпэўнены, што «выдатны эканаміст» знаёмы з гэтым выказваннем, але тое і не трэба. Яго 400–500 тысяч расійскіх вайскоўцаў, неабходных для замены 55 тысяч беларускіх вайскоўцаў — тыповы прыклад канструявання варожага акружэння. На фоне такой арыфметыкі любыя размовы пра нахлебніцтва выглядаюць недарэчнымі.

Ад атамнага стагоддзя да інфармацыйнага

Аднак працягну цытаваць Харары: «Веды, якія змяняюць паводзіны, хутка губляюць актуальнасць». Гэтая азбучная ісціна знаёмая кожнаму прапагандысту нават і без падказкі ізраільскага гісторыка. Прапаганда — гэта як язда на ровары. Варта толькі перастаць круціць колы — і страта раўнавагі (стабільнасці) становіцца фактам, дадзеным веласіпедысту ў вельмі балючых адчуваннях.

Паўзы прапагандзе супрацьпаказаныя не толькі таму, што, парушаючы законы прыроды, яе колы здольныя круціцца паводле прынцыпу Perpetuum Mobile. Не, з законамі прыроды ўсё ў парадку. Бесперапыннасць жа руху забяспечваецца за кошт бюджэтных сродкаў, г. зн. сродкаў, якія канфіскуюцца «дзяржавай для народа» з кішэняў гэтага самага народа. А займацца гэтым не стамляецца кожная дзяржава.

Дваццатае стагоддзе было прынята называць «атамным», дваццаць першае — інфармацыйным. Адпаведна, і перамога ў супрацьстаянні паміж фізікамі і лірыкамі пачала схіляцца на карысць лірыкаў. «Аналагічна капіталізму і камунізму, — тлумачыць Харары, — дэмакратыі і дыктатуры з’яўляюцца па сутнасці канкуруючымі механізмамі збору і аналізу інфармацыі. Дыктатарскія рэжымы выкарыстоўваюць цэнтралізаваныя метады, а дэмакратыі аддаюць перавагу размеркавальным. У апошнія дзесяцігоддзі дэмакратыі вырваліся наперад, таму што ва ўнікальных умовах канца XX стагоддзя размеркавальная апрацоўка даных аказалася эфектыўнейшай».

У мінулым, аднак, больш дзейснай была цэнтралізаваная. Прыкладаў гэтаму ў гісторыі мноства. У прыватнасці, таму была зруйнаваная Рымская Рэспубліка і ўлада перайшла ад сената ў рукі імператара-аўтакрата. Аналагічны пераход мы мелі магчымасць назіраць у Беларусі ў 1994 годзе.

Верхам на любімым кані

Аднак часы мяняюцца. У год першых прэзідэнцкіх выбараў большасць беларусаў рашуча пакрочыла ў мінулае, але вярнуцца ў яго так і не здолела. У гісторыі, калі што і паўтараецца, дык выключна ў выглядзе фарсу. Меў рацыю стары Геракліт (жыў у 544–483 гадах да н.э.), які папярэджваў пра немагчымасць двойчы ўвайсці ў адну і тую ж раку.

Практычна поўная цэнтралізацыя грамадска значнай інфармацыі ў руках дзяржавы на савецкі ўзор сёння недасяжная. Але, як у вядомым анекдоце, немагчымасць пакахаць усіх жанчын не адмяняе імкнення да максімальнага задавальнення патрэбы ў сексуальнай разнастайнасці. Сустрэча адзінага палітыка (АП) з кіраўнікамі вядучых дзяржаўных СМІ, якая адбылася 11 лютага, гэтую ісціну пацвердзіла.

Кіраўнікі дзяржаўных СМІ ў Беларусі пазбаўленыя самастойнасці. Яны — усяго толькі даручэнцы, што і пацвердзіў АП у пачатку свайго выступу: «Надышоў момант абмеркаваць выкананне даручэнняў, дадзеных вам у тым ліку і падчас прызначэння».

АП канстатаваў геапалітычную нестабільнасць у свеце і ў «нашым рэгіёне» ды сеў на свайго любімага каня з мянушкай «Інфармацыйная бяспека»: «Падтасаваныя факты, фэйкі, дыпфейкі, так званая постпраўда, калі аўдыторыяй умела маніпулююць, наўмысна адводзячы ад сапраўды важных праблем, — гэтая і іншая інфармацыйная атрута падобная да хімічнай зброі. Ці тое яшчэ будзе».

Прароцтва спраўдзілася. У выкананні «выдатнага эканаміста» на тэлеканале «Беларусь 1» увесь гэты пералік і быў прадэманстраваны гораду ды свету. Мяркую, не першы і не апошні раз.

Сяргей Нікалюк

https://novychas.by/palityka/adkryccjo-vydatnaha-ekanamista

Последние новости