haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Политика

20.04.2020 07:56

446 просмотров

0 комментариев

«Усе павінны быць у масках і карыстацца антысептыкамі». Бацькі здзіўлены ўмовамі, на якіх іх дзяцей чакаюць у школах

20 красавіка дзеці павінны вярнуцца да вучобы — так у пятніцу вырашыў Лукашэнка. Мінадукацыі растлумачыла: хто хоча, можа вучыцца дыстанцыйна, астатніх чакаюць у школах. Тут плануюць праводзіць адпаведныя супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы, каб не дапусціць распаўсюджвання каранавіруса. Праўда, некаторыя з іх здзівілі беларускіх бацькоў, піша Tut.by.

«Паважаныя бацькі. У дзяцей, якія прыйдуць у панядзелак у школу, перад урокамі абавязкова памераюць тэмпературу. Увесь дзень — і на ўроках, і на перапынках — дзеці павінны быць у масках. У кожнага з вучняў павінны быць асабістыя антысептыкі для апрацоўкі рук», — такія ці падобныя паведамленні атрымалі ў пятніцу і суботу бацькі вучняў многіх мінскіх школ. У рэдакцыі TUT.BY ёсць больш за дзясятак скрыншотаў паведамленняў ад класных кіраўнікоў у бацькоўскіх чатах з такім зместам. Патрабаванні ад адміністрацый прыйшлі як бацькам першакласнікаў, так і старэйшай школе.

— Мая дачка ў першым класе. Я не ўяўляю, як прымусіць сямігодку ў прынцыпе надзець маску — не тое што праседзець у ёй некалькі гадзін. Аджа яе яшчэ трэба мяняць — ці стане першаклашка за гэтым сачыць? Сама нашу маску, бо мушу ездзіць на працу на грамадскім транспарце, — і ведаю, што ў медыцынскай аднаразовай масцы дастаткова некамфортна дыхаць нават даросламу, не тое што дзіцяці, — распавядае мінчанка Ірына.

Жанчына кажа, што чат іх класа другі дзень гудзе на тэму таго, што іх дзеці — а ў школу ў панядзелак пакуль збіраюцца каля 10 першаклашак з 29 — будуць рабіць з маскамі і антысептыкамі.

— Бацькі смяюцца — але гэта насамрэч не смешна, — што спачатку дзеці вытруць маскамі падлогі, рукі і твар адзін аднаго, потым выпараць у вочы антысептыкі або паспрабуюць іх на смак... Гэта ж дзеці! І хто за гэта будзе адказваць? Каму ўсё гэта трэба?

Аляксандр у нядзелю збіраецца ісці ў аптэку па марлевую маску для сваёй дачкі — васьмікласніцы адной з мінскіх школ.

— Класная напісала: антысептыкі і маскі будзе правяраць на ўваходзе дзяжурны педагог, хто не выконвае правілы — можа быць не дапушчаны да заняткаў. Дачка сёння паспрабавала пахадзіць дома ў медыцынскай — кажа, дыхаць дрэнна і акуляры пацеюць праз хвіліну. Дакладна ведаю, здыме, як толькі выйдзе з майго поля зроку. Купім марлевую, можа, яна лепш «дыхае».

— Наколькі я ведаю, адміністрацыі нашай школы даслалі вельмі расплывістыя рэкамендацыі: маўляў, дзяцей трэба пасадзіць па адным, у сталовай сачыць, каб не кантактавалі з іншымі класамі, усе павінны выконваць масачны рэжым, — распавядае педагог адной са сталічных гімназій на ўмовах ананімнасці. — Вось толькі мне да гэтага часу ніхто не патлумачыў, як пасадзіць па адным клас з 28 чалавек — каб яны ўсе раптам вырашылі 20 чысла пачаць вучыцца вочна. І што такое масачны рэжым, таксама не патлумачылі: хто павінен быць у масках? я? дзеці? і мы, і дзеці? Адміністрацыя папрасіла: папярэдзьце бацькоў, каб у кожнага усё было. У маім 5-м класе на вучобу ў панядзелак, мяркуючы па апытанні у чаце, збіраецца 1 чалавек. Ну, як-небудзь справімся.

У канцы тыдня TUT.BY ў Міністэрстве адукацыі тлумачылі, што па школах сапраўды разаслалі правілы арганізацыі навучальнага працэсу: кожны клас павінен вучыцца ва ўласным кабінеце, рассаджвацца за партамі трэба па адным і карыстацца толькі сваімі прыладамі, на перапынках школьнікам рэкамендуюць пазбягаць цялесных кантактаў, рэгулярна карыстацца антысептыкам і выконваць асноўныя правілы масачных рэжыму. Як гэта ўсё арганізаваць — вырашыць кіраўнік кожнай установы адукацыі.

Нагадаем, пасля таго як па гэтай тэме выказаўся Аляксандр Лукашэнка (ён лічыць, што дзецям пара вяртацца ў школы, Міністэрства аховы здароўя выказвае больш асцярожнае меркаванне), Мінадукацыі прыняла рашэнне, што з панядзелка дзеці вяртаюцца на заняткі. Гаворка ідзе пра тое, што з 20 красавіка школы гатовыя пачаць адукацыйны працэс у ранейшым рэжыме. З гэтага дня пачынаецца чацвёртая чвэрць.
https://nn.by/?c=ar&i=250301

Последние новости