haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Политика

22.04.2020 14:45

343 просмотра

0 комментариев

Ленін і яго рэвалюцыя насуперак Марксу. Мара, якая аказалася монстрам. Марксізм заходні і марксізм усходні

Грамадства, як пісаў Карл Маркс, «не можа пераскочыць цераз натуральныя фазы развіцця». Пра заходні і ўсходні марксізм піша Анатоль Сідарэвіч. Прапануем увазе матэрыял Анатоля Сідарэвіча, які магчыма прачытаць у часопісу «Наша Гісторыя» за красавік. У шчодры на анекдоты савецкі час расказвалі і такі: «Пецька пытаецца ў Чапаева: „Васілій Іванавіч, ты бутэльку гарэлкі можаш выпіць?“ — „Лёгка!“ — адказвае Чапай. — „А дзве?“ — „І дзве магу“. — „А цэлую скрынку?“ — „Ну...“ — „А дзве скрынкі?“ — „Не, Пецька, гэта толькі Ленін можа“»....


ПРАФЕСІЙНЫ РЭВАЛЮЦЫЯНЕР ЛЕНІН

З тае прычыны, што дзеці носяць, як правіла, бацькава прозвішча, перш спынімся на продках Леніна з бацькавага боку. Дзедам Леніна быў сын прыгонных сялян, астраханскі кравец і мешчанін Мікалай Васільевіч... Не, не Ульянаў, а Ульянін, бо такое прозвішча мелі ягоныя бацька і дзед. Праўда, Мікалай Васільевіч чамусьці стаў пісацца Ульянінавым, а ўжо сын яго, Ілья Мікалаевіч, быў запісаны як Ульянаў.

Мікалай Васільевіч Ульянін-Ульянінаў ажаніўся з Ганнай Аляксееўнай Смірновай, дачкой астраханскага мяшчанскага старасты, які паходзіў з абруселых калмыкаў. Іх сыну Ільі, які рана застаўся без бацькі, удалося з дапамогаю брата скончыць Казанскі ўніверсітэт і даслужыцца да рангу правадзейнага стацкага дарадчыка, што адпавядала чыну генерал-маёра і давала права на патомнае дваранства.

З боку маці продкамі Леніна былі габрэі, шведы і немцы.

Мошка (Мойша) Бланк у мястэчку Стараканстанцінаў (укр. Старокостянти́нів) быў вядомы неспакойным характарам. Торы ён не прытрымліваўся і сваіх сыноў, Абеля ды Ізраіля, аддаў не ў хедэр, а ў расійскую школу. Пішуць, што пасля смерці жонкі Мойша Бланк і зусім прыняў праваслаўе. Гандляр алкаголем, ён адправіў сваіх сыноў вучыцца ў Медыка-хірургічную акадэмію. Каб вучыцца ў гэтай установе, Абэль з Ізраілем ахрысціліся і сталі Дзмітрыем і Аляксандрам.

Аляксандр Бланк атрымаў кваліфікацыю медыка-хірурга і акушэра ды ажаніўся з Ганнай Іванаўнай Гросшопф, дачкою чыноўніка Ёгана Готліба (Івана Фёдаравіча) Гросшопфа і шведкі Ганны Беаты (Ганны Карлаўны) Эстэд. Доктар Бланк даслужыўся да чыну надворнага дарадчыка (падпалкоўніка), што таксама давала права на патомнае дваранства. З часам ён стаў уладальнікам маёнтка Какушкіна непадалёк ад Казані.

Сям’я ў Аляксандра Бланка была немалая. Адну з дачок ахрысцілі Марыяй. У 1863 г. хатняя настаўніца Марыя Аляксандраўна Бланк выйшла замуж за выкладчыка матэматыкі Іллю Мікалаевіча Ульянава. У 1869 г. муж і жонка Ульянавы пераехалі ў Сімбірск (цяпер Ульянаўск), а ў наступным годзе ў іх нарадзіўся сын Уладзімір.

Уладзімір Ульянаў быў чацвёртым, але не апошнім дзіцем у сям’і. Перад ім нарадзіліся Ганна, Аляксандр і Вольга, а пасля яго — Вольга, Мікалай, Дзмітрый і Марыя. Двое дзяцей (першая Вольга і Мікалай) памерлі немаўлятамі, а другая Вольга — ужо дзяўчынай.

У сям’і Ульянавых быў культ маці. Так пісаў стары бальшавік Георгі Саламон (сапр. прозвішча Ісецкі). Магчыма, гэты культ склаўся таму, што бацька (інспектар, а потым і дырэктар народных вучылішчаў Сімбірскай губерні) часта бываў у раз’ездах і не надаваў сям’і ўвагі гэтак, як маці. Пасля смерці бацькі (Леніну было толькі 15 год) культ маці толькі ўмацаваўся.

Як часта бывае ў вялікай сям’і, адны дзеці сябруюць міжсобку больш, другія — менш. У Валодзі Ульянава былі у сям’і аб’ект пакланення (Аляксандр) і сяброўка (малодшая Вольга).

Аляксандр Ульянаў быў адораны малады чалавек. Стаўшы студэнтам прыродазнаўства ў Санкт-Пецярбургскім унівесітэце, ён за працу аб беспазванковых атрымаў на трэцім курсе (1886) залаты медаль, але праз год яго жыццё абарвалася. Як і многія маладыя людзі таго часу, Аляксандр Ульянаў стаў рэвалюцынерам... Лічыцца, што смерць брата прадзвызначыла жыццёвы шлях Уладзіміра Ульянава.

Страціўшы брата-рэвалюцыянера, а потым і сястру Вольгу, Уладзімір зблізіўся з Ганнай. Што тычыцца брата Дзмітрыя і сястры Марыі, то на іх правадыр бальшавікоў глядзеў звысоку.

Можна думаць, што ў адоранага Уладзіміра Ульянава выпрацавалася комплекс выдатніка. Адсюль яго грубае стаўленне да апанентаў, схільнасць абзываць іх дурнямі, ідыётамі, як Розу Люксембург, даваць ім крыўдныя мянушкі і да т. п. Амаль геній грубасці, казаў пра яго філосаф Мікалай Бярдзяеў. Ленін не шкадаваў нават родных. Даведаўшыся, што доктара Дзмітрыя Ульянава прызначылі народным камісарам аховы здароўя ў Крыме, ён выказаў абурэнне: «Гэтыя ідыёты, відаць, хацелі дагадзіць мне і прызначылі Міцю. Яны не заўважылі, што хоць мы з ім носім адно і тое ж прозвішча, ён проста звычайны дурань, якому самы час толькі пячатныя пернікі жаваць».

Таму не дзіўна, што ў Леніна, як адзначаў Георгі Саламон, не было сяброў. Зрэшты, не сябар, а сяброўка ў Леніна была — рэвалюцыянерка Інэса Арманд.

Былі ў Леніна і аднадумцы, але да аднадумцаў у яго быў інструментальны падыход. Ленін не верыў у агульначалавечыя каштоўнасці і лічыў мараль пустой справай, калі яна ігнаруе барацьбу класаў. І з гэтага гледзішча (карысны чалавек для справы ці не карысны) ён і ставіўся да паплечнікаў і аднадумцаў.

Так, адной з прычын яго разрыву з бацькам расійскай сацыял-дэмакратыі Георгіем Пляханавым было тое, што Ленін патрабаваў выдаліць з рэдакцыі газеты «Искра» тых, хто мала піша. А Пляханаў не мог вось так кінуць старых таварышаў.

Другой прычынай разрыву з Пляханавым была ленінская маральная непераборлівасць.

Маральныя якасці чалавека асаблівага значэння для яго не мелі. Яго мала хвалявала, з якіх крыніц папаўняецца партыйная каса; галоўнае — што папаўняецца. А крыніцы гэтыя бывалі і крымінальныя. Дастаткова згадаць хоць бы знакаміты экс (так скарачалі слова «экспрапрыяцыя»), арганізаваны Іосіфам Сталіным у Тыфлісе.

Зрэшты, рабункамі і разбоем займаліся не адны бальшавікі, але на бальшавіках і дасюль вісяць падазрэнні ў забойствах сваіх прыхільнікаў з багатых людзей.

Вядома, што цэнтрам збройнага паўстання ў Маскве (снежань 1905 г.) была мэблевая фабрыка Мікалая Шміта. Сам Шміт (пляменнік яшчэ аднаго фундатара бальшавікоў — мільянера Савы Марозава) даваў на рэвалюцыю немалыя сумы. Напрыклад, на куплю зброі для гэтага паўстання ён ахвяраў 20 тыс. рублёў. Трапіўшы за краты, Шміт, чалавек з няўстойлівай псіхікай, як яго характарызавалі псіхіятры, выдаў людзей, якім даваў грошы і якія бралі ўдзел у паўстанні. Пасля гэтага ў Шміта здарылася псіхічнае расстройства, і яго перавялі ў шпіталь. А неўзабаве прыйшла вестка што ён скончыў жыццё самагубствам, але даволі незвычайным спосабам: разбіў шкло і асколкам перарэзаў сабе горла. У забойстве фабрыканта падазравалі і ахранку, і бальшавікоў. На паплечніку Леніна, Леаніду Красіну, і дасюль вісіць падазрэнне, што гэта ён забіў Саву Марозава.

Калі ўжо гаворка пайшла пра Шміта, дык у яго засталіся спадкаемцы: малодшы брат і дзве сястры. І бальшавікі дамагліся, каб юны брат адмовіўся ад спадчыны, а да сясцёр накіравалі партыйных жаніхоў — Мікалая Андрыканіса і Віктара Таратуту. Калі адзін партыец сказаў Леніну, што Таратута — адпеты нягоднік, Ленін адказаў яму:

— Тым ён і добры, што ні перад чым не спыніцца. Вось вы, скажыце, маглі б за грошы пайсці на ўтрыманне да багатай купчыхі? Не? І я не пайшоў бы, не змог бы сябе перасіліць. А Віктар пайшоў. Гэта чалавек незаменны.

Не верачы ў агульначалавечыя каштоўнасці, Ленін, давялося чытаць, жыў палітыкай 24 гадзіны на суткі. Гэта, бадай, можна патлумачыць тым, што ў яго не было здольнасцяў да нейкага іншага роду дзейнасці. Яго спроба весці гаспадарку ў маёнтку (акрамя Какушкіна, Ульянавы мелі яшчэ Алакаеўку ў Самарскай губерні) была няўдалай. Не склалася ў яго і прафесійная кар’ера. Працуючы памочнікам прысяжнага паверанага (так у Расіі называлі адвакатаў), ён выйграў толькі адну справу, прадетам якой быў крадзеж на 10 капеек. Кінуўшы прафесійную дзейнасць, ён стаў прафесійным рэвалюцыянерам. І дасягнуў поспеху: узначаліў Расію.

Жыць палітыкай 24 гадзіны на суткі Леніну, пэўна, давала тое, што ён з Надзеяй Крупскай не меў дзяцей. Хто ведае, як склаўся б лёс і самога Леніна, і Расіі, калі б у іх былі дзеці.

Палітычная кар’ера Леніна ўдалася, магчыма, і таму, што ён не рызыкаваў сваім жыццём і здароўем. Так, трапіўшы ў ссылку, ён нават не падумаў уцякаць з яе, як тое рабілі іншыя рэвалюцыянеры. Наадварот, 3 гады ссылкі сталі для Леніна своеасаблівым жыццём на дачы. З ім побач была нявеста, якая там, у ссылцы, стала жонкаю. У іх была работніца, якая варыла, мыла і прыбірала. Выпісаўшы сабаку, маючы зброю, Ленін хадзіў на паляванне, прыносіў дзічыну. Ульянавы куплялі ў сялян бараноў і цялят, і ў іх заўсёды быў сыты стол. Ленін так распаўнеў, што цешча, якая прыехала праведаць дачку і зяця, міжволі прамовіла: «Эк вас разнесло, Владимир Ильич!».

Больш ссыльным і вязнем ён не быў. Ён ведаў: палітык, калі ён хоча стварыць арганізацыю і кіраваць ёю, павінен быць на волі. Таму ў 1900 г. перабраўся за мяжу.

Прыехаўшы ў Расію толькі ў лістападзе 1905 г., ён не быў героем рэвалюцыйных падзей. Героямі былі Леў Троцкі і Аляксандр Парвус, якіх арыштавалі, правялі праз «Кресты», Петрапаўлаўскую крэпасць, «Предварилку» ды адправілі ў Сібір. Большую частку свайго знаходжання на тэрыторыі Расійскай імперыі Ленін правёў у Фінляндыі ў даволі камфортных умовах, выязджаючы то ў Стакгольм, то ў Капенгаген, Берлін і Лондан, то ў Штутгарт. Калі ў снежні 1907 г. яму давялося пакінуць Расію ды ісці па лёдзе Батнічнай затокі, на ўсім шляху яго суправаджалі праваднікі, ён меў прытулак у надзейных людзей і добрае харчаванне. Праўда, не абышлося без нечаканкі: на апошнім адрэзку шляху лёд пад Леніным трэснуў і ён ледзь не патануў. Але гэта была сапраўды нечаканка. Сам Ленін на небяспеку не нарываўся.

І ўлетку 1917 г., калі яго абвінавацілі ў працы на нямецкі генштаб, Ленін не стаў рызыкаваць, як Троцкі, і не пайшоў за краты ў якасці падследнага. Яго жыццё на нелегальным становішчы было не вельмі прыемным, але нельга сказаць, што ён адчуваў у нечым нястачу. У яго заўсёды была ахова. Падштурхоўваючы ў кастрычніку 1917-га таварышаў на рашучыя дзеянні, дакараючы тых, хто, як Леў Каменеў ды Рыгор Зіноўеў, выказваўся супраць збройнага паўстання, сам Ленін стаяў наводдаль ад цэнтру падзеяў. Практычнае кіраўніцтва захопам улады ў Расіі ўзяў на сябе Троцкі. Ленін з’явіўся ў Смольным інстытуце, які займалі бальшавікі, толькі тады, калі яго свабодзе і жыццю нішто не пагражала.

З 25 кастрычніка 1917 г. стыль і рытм жыцця Леніна кардынальна памяняўся. Раней ён жыў жыццём вольнага мастака: час працы і адпачынку амаль цалкам залежалі ад яго настрою. Цяпер жа яму належала хадзіць на службу, удзельнічаць у пасяджэннях, мітынгах, прымаць хадайнікаў і выслухоўваць даручэнцаў, штодня вырашаць дзясяткі пытанняў. Яшчэ на пачатку сусветнай вайны ўзяўшы курс на ператварэнне яе ў вайну грамадзянскую, ён у студзені 1918-га разгонам Устаноўчага сходу такую вайну пачаў. Цяпер ён і яго партыя сталі ўзурпатарамі і, каб уратаваць жыццё, трэба было ўтрымаць уладу, а каб утрымаць уладу, належала наводзіць на праціўнікаў жах.

Калі быў разагнаны Устаноўчы сход, у Леніна здарыўся востры прыступ істэрыкі: ён доўга і бесперапынна смяяўся. «У тую ноч, — прызнаваўся Мікалай Бухарын, — мы баяліся, што страцім яго». Другі прыступ істэрыкі здарыўся ў ліпені 1918-га — пасля так званага мецяжу левых эсэраў.

Вядомы бальшавік і лекар Аляксандр Багданаў убачыў у паводзінах Леніна адзнакі ненармальнасці. У Леніна назіраліся перапады настрою: засяроджаны, педантычны, стрыманы, ён мог упасці ў раж і, палемізуючы з апанентамі, крычаць, не выбіраць слоў і выразаў, жэстыкуляваць, а потым наступала дэпрэсія. Псіхіятры называюць гэта цыклафеліяй, або біпалярным афектыўным расстройствам. Пры гэтай хваробе, кажуць медыкі, трэба чакаць паражэнне сасудаў галаўнога мозгу.

Грамадзянская вайна, вонкавыя пагрозы прымушалі Леніна з усіх сілаў трымацца, мабілізаваць сябе, але ўжо ў 1921-м у стане яго здароўя наступіў пералом: ён усё больш і больш адчуваў патрэбу ў адпачынку.

Гісторыя хваробы Леніна засакрэчана дасёння. З таго, што вядома, нарадзіліся тры версіі адносна прычыны яго смерці. Першая — прагрэсіўны паралюш, хвароба сіфілітычнага паходжання — аспрэчваецца, хоць паводзіны Леніна ў немалой меры адпавядаюць гэтаму дыягназу. Другая прычына смерці — атэрасклероз сасудаў галоўнога мозгу — пярэчанняў не выклікае. Лічыцца, што гэта спадчынная хвароба. Бацька Леніна памёр ад яе ў 54 гады, а сам Ленін — у пяцьдзясят тры. Аднак маці Леніна памерла ад такой хваробы ў 81 год. Нарэшце, некаторыя лічаць, што ў момант ранення Леніна 30 жніўня 1918 г. была траўмавана сонная артэрыя і з часам стала так, што спыніўся прыток крыві ў мозг. Аднак два гады таму на сайце lenta.ru з’явілася публікацыя, у якой спецыяліст на падставе выяўленых дакументаў сцвярджае, што Ленін хварэў на менінгаваскулярны сіфіліс галаўнога мозгу, і кажа, што побытавы сіфліс быў у тагачаснай Расіі і Еўропе распаўсюджанай хваробай (https://lenta.ru/articles/2018/02/28/lenin/). На яго хварэлі і дзеці.

Палітычная кар’ера Леніна удалася. Яму ўдалося прыйсці да ўлады, вялікай крывёю народаў Расіі ўтрымаць яе. Але пад канец жыцця ён вымушаны быў прызнаць, што яго погляд на сацыялізм быў памылковы, што яго партыя стварыла ў Расіі дзяржаўны капіталізм. Нешта паправіць ён ужо не мог, хоць і хацеў.

КРАХ ЛЕНІНІЗМУ,

або РЭВАЛЮЦЫЯ НАСУПЕРАК МАРКСУ

Калі, бывае, чуеш ад людзей з дыпломамі, што ў кастрычніку 1917-га да ўлады ў Расіі прыйшлі марксісты, што яны тое, што яны гэта, адчуваеш няёмкасць за іх, асабліва за тых, хто атрымаў дыпломы ў СССР. Быццам гэта не яны вывучалі марксісцка-ленінскую філасофію, быццам не яны ішлі «пад сцягам марксізму-ленінізму, пад кіраўніцтвам камуністычнай партыі наперад, да перамогі камунізму» (афіцыйны лозунг, які вісеў, бадай, у кожным сельскім клубе над сцэнай). За марксізм без дадатку «ленінізм» у Савецкім Саюзе кідалі за краты.

Лічыцца, што тэрмін «ленінізм» увёў Іосіф Сталін. Паводле Сталіна, ленінізм — гэта марксізм эпохі імперыялізму і пралетарскай рэвалюцыі, творчае развіццё марксізму ў дастасаванні да новых умоў. З пункту гледжання артадаксальных марксістаў, ленінізм — гэта рэвізія марксізму і нават яго скажэнне.

Відавочны факт: са з’яўленнем ленінізму адбыўся падзел марксізму на заходні і ўсходні. Ленін — заснавальнік усходняга марксізму. З ленінізму выраслі сталінізм, мааізм, хаджаізм і іншыя таталітарныя плыні. Ленінізм вырас з ранняга марксізму і з расійскага народніцтва. Праўда, у той час, калі жыў Ленін, не былі апублікаваныя эканамічна-філасофскія рукапісы Маркса 1844 г., якія, як і позні марксізм, зрабілі немалы ўплыў на станаўленне заходняга марксізму.

Вось цяпер, калі мы збольшага правялі адрозненне паміж ленінізмам і марксізмам (а грунтоўнае даследаваннне належыць расійскаму акадэміку Тэадору Ойзерману), давайце задамо пытанне: няўжо Ленін не чытаў І том Марксавага «Капіталу»? Быць таго не можа. Няўжо Ленін не звярнуў увагу на прадмову да 1-га нямецкага выдання «Капіталу», у якой чорным па белым напісана, што грамадства «не можа ні пераскочыць цераз натуральныя фазы развіцця, ні адмяніць апошнія дэкрэтамі»?

Такімі натуральнымі фазамі развіцця грамадства з’яўляюцца першабытная, рабаўладальніцкая, феадальная і капіталістычная грамадска-эканамічныя фармацыі. У нетрах капіталістычнага ладу выспела вучэнне аб сацыялізме/камунізме (адзначым у дужках, што Карл Маркс і Фрыдрых Энгельс так і не правялі пунктуальнае адрозненне паміж сацыялізмам і камунізмам, і з гэтага скарыстаюць усходнія марксісты).

Для Маркса і Энгельса відавочна было, што сацыялізм магчымы толькі ў перадавых краінах. І артдаксальны марксіст Георгі Пляханаў лічыў, што «сацыялістычны лад мае прынамсі дзве перадумовы: 1) высокую ступень развіцця прадукцыйных сіл (гэтак званай тэхнікі); 2) вельмі высокі ўзровень свядомасці ў працоўным насельніцтве краіны».

Пра які сацыялізм можна было гаварыць у Расіі — у краіне, дзе адначасна суіснавалі і капіталізм, і дакапіталістычныя формы грамадскага ладу, уключаючы першабытную, у краіне, дзе амаль тры чвэрці насельніцтва не ўмелі чытаць і пісаць? Той жа Пляханаў, крытыкуючы ленінскі намер здзейсніць сацыялістычную рэвалюцыю, пісаў: «Расія церпіць не толькі таму, што ў ёй ёсць капіталізм, але таксама і таму, што ў ёй недастаткова развіты капіталістычны спосаб вытворчасці».

На што спадзяваўся Ленін, калі вярнуўшыся ў Расію ў красавіку 1917-га, абвясціў свае знакамітыя тэзісы?

Галоўны адказ я прыхаваю на пасля, а цяпер адзначу, што не толькі Ленін упэўнена глядзеў наперад. Калі вестка пра падзенне царызму дайшла да Злучаных Штатаў Амерыкі, у Нью-Ёрку адбыўся такі дыялог:

«— Прыйшла тэлеграма, што ў Пецярбургу кабінет Гучкова — Мілюкова. Што гэта значыць?

— Што заўтра будзе міністэрства Мілюкова — Керанскага.

— Вось як! А потым?

— А потым — потым будзем мы».

На пытанні адказваў Леў Троцкі — чалавек, надзелены многімі талентамі і да таго ж асабістай мужнасцю. Менавіта гэты дуумвірат (Ленін і Троцкі) адыграе вырашальную ролю ў кастрычніку 1917-га.

Ленін і Троцкі ведалі, на чым яны могуць сыграць. У Расіі было два вострыя і надзённыя пытанні: мір і зямля. Часовы ўрад быў няздольны вырашыць іх. Ленін абяцаў і мір, і зямлю.

Па меры таго, як разгортваліся падзеі, абвастралася і нацыянальнае пытанне, і Ленін паабяцаў «неадкладнае (немедленное) аднаўленне поўнай свабоды для Фінляндыі, Украіны, Беларусі, для мусульманаў і г. д.».

Ён шмат чаго абяцаў: роспуск арміі і замену яе ўсеагульным узбраеннем народа, выбарнасць чыноўнікаў... Зрэшты, гэта былі даволі папулярныя ў той час пастулаты. Як і ўвядзенне рабочага кантролю.

Асобна стаяла пытанне аб уладзе, бо гэта — галоўнае пытанне ўсякай палітычнай рэвалюцыі. Калі Леніна нехта называе творцам савецкай мадэлі, то саветы рабочых, салдацкіх, сялянскіх і інш. дэпутатаў прыдумаў не ён. Саветы — гэта дзецішча Парвуса і Троцкага. Калі ў Цюрых да Леніна прыйшла вестка аб адрачэнні Мікалая ІІ і калі Ленін паверыў у яе, ён адразу ж запатрабаваў правядення дэмакратычных выбараў... у Петраградскую гарадскую думу, але піцерскія рабочыя, сацыял-дэмакраты (меншавікі) і сацыялісты-рэвалюцыянеры ўспомнілі Пецярбургскі савет рабочых дэпутатаў 1905 г. і пачалі выбары на заводах і фабрыках. Бальшавікі, як і ў 1905 г., з’арыентаваліся ў сітуацыі толькі пасля таго, як з’арыентаваўся Ленін.

У ленінскіх адносінах да саветаў ў 1917 г. было некалькі перыядаў. Наступіў быў час, калі бальшавікі знялі лозунг «Уся ўлада саветам!». Гэта здарылася пасля путчу 3–5 ліпеня, калі бальшавікі паспрабавалі захапіць уладу, але ў выніку Ленін мусіў перайсці на нелегальнае становішча.

Драма Расіі была ў тым, што іншыя левыя партыі не разумелі ўсю небяспеку Леніна і бальшавізму для маладой дэмакратыі. Здаецца, толькі адзін Пляханаў адэкватна ацэньваў пагрозу, якая сыходзіла з бальшавіцкага стану, але Часовы ўрад не прыслухаўся да яго і не ўчыніў належныя захады на поўніцу. Такія захады ў жніўні паспрабавалі ўчыніць правыя сілы і войска на чале з генералам Лаўрам Карнілавым. І гэта сыграла на руку бальшавікам. Левыя ўбачылі ў выступленні Карнілава пагрозу контррэвалюцыі, і бальшавікі цяпер сталі для іх меншым злом. Пазіцыі бальшавікоў у саветах умацаваліся, а на чале Петраградскага савета стаў Троцкі. Лозунг «Уся ўлада саветам!» зноў быў на парадку дня.

Леніна і Троцкага яднала тое, што з Марксавай працы «Класавая барацьба ў Францыі» (1850) яны ўспрынялі тэзіс аб перманентнай рэвалюцыі. І калі Ленін са Швейцарыі пачаў атакаваць газету «Правда» сваімі «Письмами из далёка», яе рэдактары Сталін і Вячаслаў Молатаў не маглі зразумець, што яму трэба. Царызм зрынуты, партыя легалізавалася, цяпер наступае этап дэмакратычнай рэспублікі, і патрабуецца працяглы час, каб Расія стала індустрыяльнай дзяржавай, каб рабочы клас склаў у ёй большасць і такім чынам былі створаны перадумовы для пераходу да сацыялізму. Таму яны адны лісты Леніна не публікавалі, а іншыя добра-такі рэдагавалі. У Сталіна і Молатава быў чыста сацыял-дэмакратычны, позне- і заходнемарксісцкі падыход да справы. Ленін жа (і Троцкі) лічылі, што рэвалюцыя не павінна спыніцца на буржуазна-дэмакратычным этапе, а перарасці ў рэвалюцыю пралетарскую.

Вярнуўшыся ў Расію, Ленін змог давесці сваю рацыю большасці бальшавікоў і прыцягнуць на бок партыі мільёны жыхароў Расіі. І дзейнічалі не так лагічныя аргументы (адукаваныя марксісты ведалі, што Маркс пісаў у прадмове да «Капітала» ў 1867 г. — праз 17 год пасля «Класавай барацьбы ў Францыі»), як тое, што ў руках Леніна былі сродкі, дзякуючы якім ён мог утрымліваць пад сваім кантролем і «Правду», і іншыя партыйныя выданні. Ён мог звяртацца да партыйнай масы цераз галовы сябраў Цэнтральнага Камітэта. Да таго ж сябраў ЦК ды іншых партыйных функцыянераў ён паставіў на «довольствие».

Не будзем тут спыняцца на пытанні, адкуль у Леніна ўзяліся вялікія сродкі, а звернем увагу на іншае. Ленін добра засвоіў урокі рэвалюцыі 1905 г. і зрабіў выснову: калі ты хочаш прыйсці да ўлады, то павінен дамагчыся, каб войска трымала нейтралітэт або перайшло на твой бок. Вось чаму Ленін у сваіх красавіцкіх тэзісах запісаў слова «братанне» — братанне расійскіх і нямецкіх жаўнераў. Быў узяты курс на разлажэнне арміі і флоту. А тут яшчэ дапамаглі дэмакраты, якія дамагліся скасавання ў Расіі (у краіне, якая ваюе!) смяротнай кары, у тым ліку і ў войску. І бальшавікі будуць агітаваць супраць вяртання гэтай меры. І калі ў ліпені 1917 г. войска яшчэ было на баку Часовага ўраду, то ў кастрычніку ад яго заставалася толькі назва.

Ленін (і Троцкі) ішлі на захоп улады і таму, што былі знаёмыя з яшчэ адным тэзісам Карла Маркса і Фрыдрыха Энгельса, а Маркс і Энгельс сацыяльны прагрэс у Расіі звязвалі з рэвалюцыяй, якая будзе падтрымана рэвалюцыяй у Заходняй Еўропе. Такім чынам, Ленін і Троцкі разлічвалі на дапамогу рабочага класа Еўропы, перш за ўсё нямецкага, які не мог не выступіць супраць Гоэнцолернаў.

Рэвалюцыя ў Нямеччыне адбылася толькі праз год пасля бальшавіцкага перавароту, але нямецкія сацыял-дэмакраты ані не думалі пераймаць сацыяльна-палітычныя эксперыменты бальшавікоў. Па-першае, яны хацелі пабудаваць перш-наперш дэмакратычную рэспубліку. Па-другое, яны памяталі, што пісаў позні Энгельс. А ён пісаў, што дэмакратычная рэспубліка з’яўляецца своеасаблівай формай дыктатуры пралетарыяту. Энгельс нават супраць манархіі не выступаў катэгарычна. Ён хацеў толькі, каб дынастыя нічога не магла рабіць супраць народа і каб рэальная ўлада належала народным прадстаўнікам.

Усё гэта ды іншае ні Ленін, ні Троцкі прыняць не маглі. Сваёй палемікай з нямецкай сацыял-дэмакратыяй (перш-наперш з Карлам Каўцкім, якога Ленін абазваў рэнегатам) яны канчаткова правялі рысу памід заходнім і ўсходнім марксізмам. Але гэта не азначае, што паміж бальшавікамі і сацыялістамі Захаду вырас непераадольны мур. Бальшавікі ўтрымаліся ва ўладзе і таму, што левыя на Захадзе выступалі супраць інтэрвенцыі сваіх урадаў у расійскія справы. Раз, казалі яны, большасць працоўных у Расіі падтрымала бальшавікоў, то ваяваць з бальшавікамі азначае ваяваць з рабочымі і сялянамі. А гэтага не дапускае сацыялістычная этыка.

Вядома, бальшавікі ўтрымалі сваю ўладу не толькі дзякуючы «карысным ідыётам» (ленінскі тэрмін) на Захадзе. Працоўныя, асабліва сяляне, баяліся, што Белая армія, вярнуўшы старыя парадкі, забярэ ў іх зямлю. І Ленін на гэтым добра спекуляваў. Праўда, ад прынцыпу ўсенароднага ўзбраення, як і ад выбарнасці чыноўнікаў, давялося адмовіцца. Чырвоная армія перамагла не толькі таму, што яе натхнялі словы палітычных камісараў: для падняцця яе баявога духу Троцкі адрадзіў у Расіі рымскія дэцымацыі і ўвёў «заградительные отряды». (У час нямецка-савецкай вайны гэтае «ноў-хаў» выкарыстае Сталін.)

Утрымалі бальшавікі ўладу і таму, што і белыя, і апаненты бальшавікоў з левага лагеру адштурхнулі ад сябе леваарыентаваную эліту нацыянальных меншасцяў, і бальшавікі даволі паспяхова выкарысталі гэта. Безумоўнай заслугай Леніна з’яўляецца стварэнне Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. І хоць Сталін ды яго наступнікі ўсяк абмяжоўвалі аўтаномію рэспублік, стварэннем СССР быў закладзены падмурак для будучых 11 незалежных дзяржаў (акрамя самой Расіі і краін Балтыі).

Безумоўна, важным сродкам утрымання ўлады быў тэрор, які можна параўнасць хіба што з апрычнінай Івана Жахлівага. Ленін не адмовіўся ад тэрору як сродку ўтрымання ўлады і кіравання і пасля заканчэння грамадзянскай вайны. Мала таго, менавіта пасля сканчэння вайны ён, як пісаў гісторык Абдурахман Аўтраханаў, увёў асаднае становішча ў самой бальшавіцкай партыі. На ўвазе маецца рэзалюцыя Х з’езду РКП(б) аб адзінстве партыі (1921). У партыі былі забароненыя фракцыі і групоўкі. Практычна стала немагчымаю ўнутрыпартыйная дыскусія, бо двух і большую колькасць сябраў партыі, якія смелі выказваць асобны погляд на рэчы, адрозны ад думкі большасці і асабліва кіраўніцтва, лёгка маглі абвінаваціць калі не ў фракцыйнасці, дык у групаўшчыне.

Такім чынам, Ленін заклаў асновы таго, што пазней назвалі сталінізмам, калі тэрор як асноўны сродак трымання ўлады і правядзення вызначанай правадыром палітычнай лініі ўжо стасаваўся і да сябраў партыі. З’яўленню сталінізму спрыяла і кадравая палітыка Леніна. Не жадаючы празмернага ўмацавання пазіцый Троцкага, ён на ключавыя пасады расставіў яго апанентаў. І калі пад канец жыцця ён прапаноўваў з’езду партыі падумаць аб перамяшчэнні Сталіна з пасады генеральнага сакратара, было ўжо позна.

Калі ж вярнуцца назад, да пачатку гэтага тэксту, то можна меркаваць, што пад канец жыцця Ленін усвядоміў: рацыю мелі тыя, хто казаў і пісаў пра непадрыхтаванасць Расіі да сацыялізму. Можна канстатаваць таксама, што Ленін не ведаў Расію так, як яго апаненты. І ў сваіх апошніх працах ён, пішучы, што сацыялізм — гэта лад цывілізаваных кааператараў, прызнаваў, што якраз цывілізацыі Расіі бракуе. Ён мусіў прызнаць таксама, што лад, створаны бальшавікамі, не што іншае як дзяржаўны капіталізм.

Ён спадзяваўся, што «цывілізаванню» Расіі, пераходу ад дзяржаўнага капіталізму да сацыялізму паслужыць новая эканамічная палітыка, асноўныя контуры якой выпрацавалі меншавікі і якую Ленін прыняў толькі пасля таго, як у мэтазгоднасці такой палітыкі яго пераканалі Троцкі і масавыя збройныя выступленні сялян. Аднак ягонаму спадзяванню, што з Расіі нэпаўскай будзе Расія сацыялістычная, не наканавана было здзейсніцца. Расія (СССР) так і заставалася краінай з дзяржаўным капіталізмам, з новым класавым падзелам і нават з элементамі рабаўладальніцкага (ГУЛаг да сярэдзіны 1950-х) і феадальнага (калгасы да 1966 г.) ладу. Яна, нягледзячы на індустрыялізацыю, ліквідацыю непісьменнасці і пэўныя дасягненні ў навуковай галіне, па-ранейшаму заставалася (і застаецца) краінай догоняющей цывілізацыі.

Можна ўпэўнена казаць, што ленінізм пацярпеў крах.

Анатоль Сідарэвіч, сацыял-дэмакрат, гісторык, старшыня ЦРК БСДП(Грамада)

Последние новости