haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Политика

19.05.2020 21:16

218 просмотров

0 комментариев

«Ганьба — ісці і даказваць». Медыкі па ўсёй краіне не атрымалі даплаты за каронавірус

Далёка не ўсе медыкі, якія працуюць ва ўмовах эпідэміі каронавіруса, пабачылі ў разліковых лістках за красавік даплаты, абяцаныя Лукашэнкам. У некаторых заробак не толькі не павялічыўся, а нават паменшыўся. У рэдакцыю belsat.eu звярнуліся фельчары, тэрапеўты, эпідэміёлагі з розных рэгіёнаў, каб мы дапамаглі разабрацца, куды падзеліся надбаўкі і ці варта іх чакаць у будучыні.

З пачатку траўня медычныя работнікі па ўсёй Беларусі пачалі атрымліваць выплаты з прэміяй, замацаванай указам кіраўніка краіны № 131 «Аб матэрыяльным стымуляванні работнікаў аховы здароўя». Згодна з дакументам, бонус прызначаецца ўсім, хто працуе з каронавіруснай інфекцыяй — ад кіроўцаў, санітарак і ліфцёраў да вузкіх спецыялістаў. Надбаўкі вызначае кіраўнік установы з удзелам камісіі, якую складаюць кіраўнікі структурных падраздзяленняў.

Hавiны

Штодня ў больніцы Берасця паступае каля 80 інфікаваных каронавірусам

2020.05.18 16:53

Сума штомесячнай узнагароды — 300–4000 рублёў — залежыць, паводле тлумачэння ўказу Міністэрствам аховы здароўя, ад «узроўню небяспекі, ступені нагрузкі і адказнасці». На практыцы гэта азначае, што медыкі, якія працуюць у «брудных зонах» з інфікаванымі ўвесь час, атрымліваюць прэзідэнцкую даплату ў вызначаным памеры за месяц працы. А што рабіць адмыслоўцам, чые ўстановы не былі перапрафіляваныя выключна пад каронавірусных пацыентаў?

«А нуль рублёў не хочаце?»

Раман (імя змененае па просьбе суразмоўцы) працуе фельчарам хуткай дапамогі ў адным з абласных цэнтраў. Перавозіў заражаных каронавірусам яшчэ ў сакавіку, калі ў Беларусі эпідэмія толькі пачыналася. За працу з інфікаванымі ён не атрымаў ні рубля. Усё праз тое, што брыгады перавозяць «магчыма інфікаваных» і людзей з «пацверджаным дыягназам».

«Пацверджаныя» — тыя, чые тэсты або аналізы паказалі наяўнасць віруса. У гэтых выпадках санстанцыя ці паліклініка выклікаюць брыгаду для перавозу інфікаванага ў шпіталь або ў самаізаляцыю. Працаўнікі станцыяў хуткай медычнай дапамогі дыягназаў не ставяць, а тэсты не заўсёды даюць станоўчы вынік, таму шмат хворых з COVID-19 не рэгіструюцца. Да таго ж, адказныя за ахову здароўя чыноўнікі не агучваюць звестак пра заражаных у рэгіёнах.

У Беларусі сярод постсавецкіх дзяржаваў і краінаў-суседак самы высокі паказнік пацверджаных выпадкаў COVID-19 на мільён чалавек. Паводле Лукашэнкі, пасля параду Перамогі ў Менску ўзровень захворвання на пнеўманію зменшыўся ўдвая, аднак большая частка беларусаў у афіцыйныя звесткі не верыць.

Штодзённы прырост інфікаваных на амаль 1000 чалавек сведчыць, што з COVID-19 маюць дачыненне тысячы працаўнікоў аховы здароўя па ўсёй краіне. Раман упэўнены, што розніцы паміж дактарамі, фельчарамі, санітарамі ды кіроўцамі няма і даплата належыць кожнаму:

«Мы ўсе дыхаем аднолькава заражаным паветрам. Носім на сабе хворых, завозім у рэанімацыю. Гэта несправядліва, бо медыкі хуткай, тэрапеўты ў паліклініках — першыя, хто рызыкуе штодня і кожную працоўную змену. Забіраем чалавека і не ведаем, з каронавірусам ён ці не. На выклікі з непацверджаным каронавірусам нам не выдаюць супрацьчумных касцюмаў. Рызыка заразіцца большая. Цяпер абсалютна ўсе працуюць ва ўмовах цяжкай эпідэмічнай сітуацыі».

У рэдакцыю belsat.eu трапілі разліковыя лісткі медычнага персаналу больніцаў і паліклінік з розных гарадоў ды вобласцяў, і яны істотна адрозніваюцца.

Найменшыя даплаты атрымалі ці не атрымалі наагул работнікі раённых паліклінік. У Баранавічах медыкам хуткай выдалі бонус ад Лукашэнкі, а ў Маларыце, Салігорску, Берасці, Горадні дадатковыя грошы атрымалі адзінкі.

Суразмоўцы «Белсату» абураюцца, што кіраўніцтва патрабуе ад іх «афіцыйнага пацверджання кантакту з ковіднымі пацыентамі», і дадаюць, што гэта ганьба і сорам для чыноўнікаў ды іхнага кіраўніцтва:

«Дакладных звестках пра колькасці хворых і ахвяраў каронавіруса няма. Як нам даказаць, што мы маем кантакты не са звычайнаю пнеўманіяй? Яны вылічваюць гадзіны і хвіліны. Сорам. У дзяржаўным тэлебачанні гучаць напышлівыя словы, што кожны месяц медыкі ў шпіталях, паліклініках, службах хуткай дапамогі, лабараторыях атрымліваюць акрамя заробку надбаўкі 300–4000 рублёў. Гэта хлусня!»

Не паболела, а паменела

Валерыя (імя змененае па просьбе суразмоўцы) працуе загадчыцай аддзялення прафілактыкі адной з паліклінік Горадні. Доктарцы зменшылі адсотак за «інтэнсіўнасць працы», праз што яна страціла 130 рублёў. Паводле дзяўчыны, адміністрацыя абгрунтоўвае гэта тым, што медычныя агляды былі часова спыненыя і не было належнай нагрузкі. Валерыя працуе на паўстаўкі ўчастковым тэрапеўтам. Даплатаў яна не пабачыла:

«У мяне быў кантакт з ковіднаю пацыенткай. Адміністрацыя вызначыла мяне ў кантакты другога ўзроўню. Пазней даведалася яшчэ пра двух пацверджаных ковіднікаў, з якімі кантактавала. Але ніхто нічога не заплаціў. Ні за месяц, ні за канкрэтныя дні. Пра самаізаляцыю маўчу: працуем у штатным рэжыме».

Hавiны

Работнікам сацыяльных арганізацыяў, якія працуюць з COVID-19, дадуць надбаўкі

2020.05.18 21:31

Працаўніца аднаго з эпідэміялагічных цэнтраў Аксана (імя змененае па просьбе суразмоўцы) з калегамі не атрымала прэміі:

«Нам сказалі палічыць перапрацоўкі, бо мы цяпер працуем нон-стоп. Нічога пра даплаты за працу з COVID-19 не сказалі, у разліковым лісце няма нават згадкі аб працы з каронавірусам. Урэзалі таксама значную частку надбавак. Абяцалі даплаціць і ў сакавіку, і паводле новага ўказу ў красавіку. Па выніку — нуль за працу з раніцы да ночы ды ў выходныя».

«Незадаволеных няма»

Мы запыталі галоўных дактароў розных медычных установаў пра скаргі падначаленых у сувязі з нявыплатаю абяцанай прэміі.

Кіраўнік Гарадзенскай абласной станцыі хуткай медычнай дапамогі Аляксандр Байгін зняпраўджвае інфармацыю, што не заплаціў працаўнікам. Паводле яго, асноўная маса выклікаў не каронавірусныя, таму ёсць незадаволеныя. І заверыў, што прэмія дойдзе да кожнага, хто яе заслужыў:

«Што маглі — заплацілі ўсім. Гэта датычыць тых, хто перавозіў пацверджаны COVID-19. Цяпер збіраем інфармацыю ад установаў, ці былі пацыенты з непацверджаным дыягназам, якія аказаліся інфікаванымі. Хтосьці раздувае на пустым месцы. Усе нашыя ведаюць, што ім заплацяць. Будзе міжразліковая выплата яшчэ цяпер, а можа, у наступным заробку ў чэрвені».

Hавiны

Бельгійскія медыкі зладзілі «калідор ганьбы» для прэм’еркі краіны

2020.05.18 19:14

Галоўная бухгалтарка Гарадской паліклінікі № 5 Горадні Галіна Церашко распавяла, што выплаты маюць прыйсці на гэтым тыдні:

«Мы ўвогуле пакуль нікому нічога не плацілі. Падаем ведамасці ў камісію. Як толькі ўхваляць, мы заплацім. Нашыя працаўнікі цярплівыя, яны ведаюць, што атрымаюць, і чакаюць. Яны самі збіраюць пацверджанні працы з ковіднікамі. Бо гэта ўсё ж грошы. Выплацім, а праз два гады прыйдзе праверка з дзяржкантролю, пракуратура. Самі разумееце, якая сітуацыя».

Паводле галоўнага доктара Берасцейскага шпіталю хуткай дапамогі Вадзіма Галаўко, магчыма, сродкі на даплаты яшчэ не вылучылі з бюджэту:

«Наша больніца — „чыстая зона“. Пакуль у нас не было даплатаў. Некаторыя медыкі працуюць кругласутачна ў супрацьчумных касцюмах, яны атрымаюць выплаты. Цяпер збіраюцца звесткі. Сістэма новая, а ўсё новае патрабуе часу. Пераплаціш камусьці, пасля са сваёй кішэні будзеш аддаваць».

Hавiны

У Менску заразіліся каронавірусам 90 працаўнікоў «хуткай дапамогі». Відэа

2020.04.17 13:50

Старшыня гарадзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюзу работнікаў аховы здароўя Уладзіслаў Галяк сказаў, што да яго са скаргамі ніхто не звяртаўся.

«Не можа быць, што не даплачваюць. Трэба разбірацца з кожным канкрэтным выпадкам. Нам ніхто не скардзіўся, што не даплацілі. Мы ўсё хутка адсочваем. Калі хтосьці хоча звярнуцца — няхай да нас звяртаецца, разбяромся», — пракаментаваў ён.

Галоўныя дактары Жодзінскага раённага шпіталю, Менскага гарадскога клінічнага шпіталю № 5, Столінскага раённага шпіталю ад каментароў адмовіліся.

***

Калі вы медык і не атрымалі надбаўку за працу з ковід-пацыентамі, ды хацелі б падзяліцца сваёй гісторыяй, пішыце нам на пошту BELSAT.EU@GMAIL.COM

ДР belsat.eu

Последние новости