haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Политика

24.05.2020 20:50

396 просмотров

0 комментариев

Трэцяя памылка Лукашэнкі ў гэтай перадвыбарнай кампаніі

Ён наагул шмат памылак зрабіў — і не дзіўна: дваццаць пяць гадоў цябе ніхто не смее паправіць, паказаць табе, нават намякнуць, што ты чагосьці не ведаеш. Усе, хто мог гэта рабіць, былі выдушаныя ім жа самім з улады ў першыя паўтара гады, прычым настолькі эфектыўна, што астатнія самі ж і перакаваліся на ўсім скаку — абы ацалець.

Але падчас гэтай, ледзь распачатай перадвыбарнай кампаніі, кандыдат у кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі паспеў зрабіць тры буйныя памылкі.

Першая. Фактычна аднаасобна вызначаючы правілы гульні, Аляксандр Лукашэнка хацеў выпіць чару папярэдняй кадэнцыі, што называецца, да дна. З майго пункту гледжання, гэта можна тлумачыць як адкрытую гатовасць зрабіць наступныя прэзідэнцкія выбары датэрміновымі — і гэта мэсідж не столькі нам, беларусам, якіх ён па-ранейшаму лічыць не суверэнам краіны, а яго асабістымі падданымі. Гэты мэсідж адрасаваны знешнім гульцам, ад якіх ён залежыць. І хоць тады, калі мэсэдж гэты быў адпраўлены, аб каронавірусе нават кітайскія кажаны не ведалі, умовы для перавыбрання дзеючага кіраўніка беларускай дзяржавы, з пункту гледжання развіцця эканомікі, і тады былі не лепшымі. Ціск Расеі не быў накіраваны на інкарпарацыю Беларусі (хрэн яна цяпер Беларусь змагла б пераварыць); яна дамагалася выдалення «любімай мазалі», якой даўно ўжо з’яўляецца Аляксандр Рыгоравіч. А ўжо цяпер і зусім сітуацыя пагоршылася. Увогуле, як ужо шмат хто пісаў, пераабрацца колькі-небудзь праўдападобна становіцца ўсё складаней.

Мітынг каля Камароўскага рынку ў Менску. Сотні людзей падпісваюцца за рэгістрацыю Святланы Ціханоўскай кандыдатам у прэзідэнты. Фота: VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Па-другое. Трэба было пераступіць праз сябе і змяніць Ярмошыну на пасадзе ЦВК. Але Лідзія Міхайлаўна — ака"Баршчаварка«) — гэта ўжо амаль дыягназ. Ён да яе прывык. Пуцін замяніў некалі «чараўніка» Чурава спадарыняй Памфілавай з амаль беласнежнай у тыя часы рэпутацыяй. Гэта дазволіла яму змікшыраваць шмат якія моманты. Адпраў Лукашэнку пасля парламенцкіх выбараў Ярмошыну на пенсію — і захад апладзіраваў бы, і ўнутры краіны многія б падумалі, што і сапраўды наступіў разгул дэмакратыі. Зараз знаходжанне ЦВК у статусе рондаля з дрэнна звараным баршчом распаляе і без таго складаную сітуацыю.

Сяргей Ціханоўскі на акцыі 24 траўня. Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Трэцяя памылка канчаткова праявіла сябе сёння. Здавалася, можна вытруціць яшчэ на стадыі ўсходаў насенне незадаволенасці, не зарэгістраваўшы цэлы натоўп кандыдатаў у кандыдаты ад Статкевіча і што з імі. Можна арыштаваць і пасадзіць на суткі блогера Ціханоўскага. Можна падарваць знутры праймерыз «традыцыйнай» апазіцыі — той, што «ціха сам з сабою...». Але гэта толькі ў тым выпадку, калі ты сапраўды перакананы, што народ цябе любіць, што твае прыхлябалы сапраўды кажуць табе праўду, і калі на самой справе ў краіне ўсё добра.

А ў краіне — усё добра?

І першы, і другі Майдан ва Украіне ўтварыліся зусім не таму, што гэтага захацела «традыцыйная» апазіцыя, прадстаўленая (у адрозненне ад нашай) у парламенце і г. д. Проста людзей задалбала ўлада. І думка пра тое, што яшчэ некаторы час прыйдзецца трываць гэтую ўладу, якая замінае жыць замест таго, каб дапамагаць; трываць абыякавасць чыноўнікаў і дэпутатаў, якія ўспамінаюць пра грамадзянаў толькі напярэдадні выбараў; трываць хлусню, якая зліваецца з тэлеэкранаў каналаў, што фінансуюцца ўладай і працуюць на ўладу... Увогуле, першы Майдан быў выкліканы спробай Кучмы пакінуць у якасці пераемніка Віктара Януковіча.

Другі Майдан справакавала глупства таго ж Януковіча, які палічыў, што ўкраінцы — быдла, якіх улада можа весці туды, куды хоча яна, а не яны. Разварот ад Еўропы да Расеі на поўным разгоне ўрадавага картэжу справакаваў дзеянне «падушкі бяспекі» — той самы «Еўрамайдан», «рэвалюцыю годнасці». І гэтая «падушка бяспекі» задушыла дзейную ўкраінскую ўладу.

Прыбраўшы з бюлетэняў усіх радыкалаў, Ярмошына не прыбрала прычыну незадаволенасці. Улада сапраўды дастала ўсіх. І сённяшні мітынг, у які ператварыўся руцінны збор подпісаў каля Камароўкі — сведчанне таго, што наперадзе нас можа чакаць нешта значна больш масавае, чым зімовая Плошча 2010 года. І значна больш жорсткае — але на гэты раз з абодвух бакоў.

Віктар Бабарыка. Фота: VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum

Мая жонка — мудрая жанчына. Калі мы з ёй абмяркоўвалі, якога чорта Лукашэнкі так учапіўся ў парад пасярод пандэміі, яна раптам сказала:— Слухай, а можа, ён адчувае, што гэта будзе яго апошні парад?

Можа, і сапраўды: апошні парад надыходзіць? Калі казаць, вядома, у фігуральным сэнсе гэтага слова.

І тут я падумаў пра Бабарыку.

Блін, добры быў бы пераемнік. Усіх бы задаволіў.

Аляксандр Фядута/ІР belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Последние новости