haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Политика

29.05.2020 15:38

326 просмотров

0 комментариев

Ужо абураюцца, але пакуль баяцца. Некалькі высноў пра пачатак выбарчай кампаніі

Беларусь абуджаецца. Здаецца, гэта галоўная выснова, якая дакладна перадае атмасфэру выбарчай кампаніі. Што стала для многіх вялікай неспадзяванкай.

Сьцісла:

  • Прэзыдэнцкія выбары заўсёды былі чыньнікам, які палітызаваў грамадзтва. Але тое, што адбываецца цяпер, значна перасягае ўсе папярэднія кампаніі.
  • Найперш, адбылося абвастрэньне сацыяльна-эканамічных праблем, падзеньне ўзроўню жыцьця, відавочны крызіс беларускай мадэлі. І тое, што на мове афіцыйнага ідэалягічнага канструкту называецца «стабільнасьцю», грамадзтва пачало ўспрымаць як безнадзейнасьць.
  • Паводзіны ўладаў падчас пандэміі сталі важным каталізатарам грамадзкага незадавальненьня. Яны чарговым разам засьведчылі, што нават у крытычны момант улада ў прынцыпе ня здольная на шчырую размову з народам.
  • Пакуль няма ніякіх прыкметаў эрозіі рэжыму, распаду сыстэмы, расколу эліт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Жыхары Гомля сталі ў чаргу, каб падпісацца за Сьвятлану Ціханоўскую. ВІДЭА

Прэзыдэнцкія выбары заўсёды былі чыньнікам, які палітызаваў грамадзтва. Але тое, што адбываецца цяпер, значна перасягае ўсе папярэднія кампаніі. Чаму так здарылася?

Мой калега Сяргей Навумчык ужо пісаў пра фэномэн Сяргея Ціханоўскага. Ён адзначыў, што папулярны цяпер блогер, у прынцыпе, ня кажа нічога новага. Пра згаданыя ім праблемы беларускага грамадзтва чвэрць стагодзьдзя казала апазыцыя, пісалі незалежныя мэдыі. Але дасюль тое мала каго чапляла.

Ці тую ж ідэю трэцяй сілы, паміж уладай і апазыцыяй, у мінулым ня раз спрабавалі выкарыстаць розныя палітычныя сілы. Самы сьвежы прыклад — кампанія «Гавары праўду» ў 2015 годзе зь лёзунгам «Мірныя перамены». Але тады гэта не працавала.

А цяпер раптам «стрэліла», прычым адначасова з розных ствалоў.

Тут супалі адразу многія фактары. Найперш, адбылося абвастрэньне сацыяльна-эканамічных праблем, падзеньне дабрабыту, відавочны крызіс беларускай мадэлі. І тое, што на мове афіцыйнага ідэалягічнага канструкту называецца «стабільнасьцю», грамадзтва пачало ўспрымаць як безнадзейнасьць. Магчыма, гэтая ідэалягема «стабільнасьці» пасыпалася б яшчэ ў 2015 годзе, але тады сытуацыю закансэрваваў «украінскі сындром», трагічныя падзеі ў паўднёвых суседзяў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Сустрэча зь Ціханоўскім і Статкевічам ля Камароўкі. ФОТАРЭПАРТАЖ

Усясьветная пандэмія перакрыла сотням тысяч беларусаў магчымасьць ехаць на заробкі за мяжу. То бок традыцыйныя кляпаны выпусканьня сацыяльнай пары аказаліся закрытыя.

Увогуле, паводзіны ўладаў падчас пандэміі сталі важным каталізатарам грамадзкага незадавальненьня. Адмова ад забароны масавых мерапрыемстваў на тле карантыну ва ўсіх суседніх дзяржавах, скандальная рыторыка Лукашэнкі, відавочныя маніпуляцыі з колькасьцю захварэлых і памерлых абурылі шмат каго зь непалітызаванай публікі. Моцна незадаволенымі аказаліся мэдыкі, якія прынялі на сябе галоўны ўдар каранавірусу, настаўнікі, якім давялося рабіць двайную працу (школа плюс дыстанцыйнае навучаньне), раззлаваныя бацькі.

Усё гэта наклалася на страту ўладамі манаполіі на інфармацыю, зьяўленьне новых мэдыя, якія вельмі эфэктыўна выкарыстоўваюцца апанэнтамі існага рэжыму.

Як вядома, любая рэвалюцыя — гэта найперш вынік неадэкватнасьці ў дзеяньнях улады. Пэрсаналісцкі рэжым, пазбаўлены зваротнай сувязі з грамадзтвам, проста запраграмаваны на грубыя памылкі. Пандэмія толькі паскорыла гэты працэс. Гаворка ня толькі пра абуральныя заявы Лукашэнкі (наконт памерлых, папрокі на адрас мэдыкаў), але і пра парадна-бравурны тон дзяржаўных мэдыя, якія гаварылі пра велізарныя посьпехі беларускай мэдыцыны на тле шматлікіх паведамленьняў пра сьмерці і пра значныя праблемы ў мэдычных установах. Усё гэта стварала ўражальны кантраст і чарговым разам засьведчыла, што нават у крытычны момант улада ў прынцыпе ня здольная на шчырую размову з народам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пікет за Ціханоўскую стаў самым масавым у Магілёве з 1994 году. ФОТА

На гэтым тле і былі абвешчаныя прэзыдэнцкія выбары. На дадатак да ўсяго, на палітычнай сцэне зьявіліся новыя твары: Сяргей Ціханоўскі, Віктар Бабарыка, Валер Цапкала. Яны, можа, і ня лепшыя за лідэраў апазыцыі, але — сьвежыя. У гэтым таксама іх перавага.

Дарэчы, плянуючы зьмяніць урад у такі напружаны момант, Лукашэнка ў пэўным сэнсе рызыкуе выклікаць незадаволенасьць намэнклятуры. Ужо зьявіліся меркаваньні, што прэм’ер Сяргей Румас пасьля адстаўкі можа перайсьці ў каманду Віктара Бабарыкі. І іншыя былыя чальцы ўраду таксама стануць свабоднымі ад абавязаньняў перад кіраўніком дзяржавы. Хутчэй за ўсё, гэта пустыя домыслы. (Але падобныя домыслы пра тое, што апазыцыя зьбіраецца ўступіць у перамовы з прэм’ерам Сяргеем Сідорскім, падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году так моцна напужалі Лукашэнку, што ён яшчэ да інаўгурацыі пасьпяшаўся адправіць таго ў адстаўку).

Пакуль няма ніякіх прыкметаў эрозіі рэжыму, распаду сыстэмы, расколу эліт. Бюджэтнікі паслухмяна падпісваюцца ў падтрымку Лукашэнкі. Калі абураюцца, то выключна ананімна, наадрэз адмаўляючыся называць свае прозьвішчы. Мэдыкі ўпарта маўчаць наконт рэальнай сытуацыі ў мэдычных установах. Ня кажучы ўжо пра сілавікоў. Гэта сьведчыць пра тое, што атмасфэра страху нікуды ня зьнікла.

Цяпер выказваецца шмат меркаваньняў, што Беларусь пасьля гэтай кампаніі ўжо ня будзе такая, як раней, чым бы ні скончыліся выбары. Што перамены не спыніць і інш.

Я ў гэтым сэнсе больш скептычны. Бо ня першы раз чую падобныя размовы. І пасьля акцый «недармаедаў» 2017 году таксама так казалі. На мой погляд, калі ўладам зноў удасца загнаць актыўнасьць грамадзтва толькі ў сацыяльныя сеткі, прымусіць прыняць чарговым разам «элегантную перамогу» з 80%, то сытуацыя зноў замарозіцца на пяць гадоў — да наступных выбараў.

Валер Карбалаевіч

https://www.svaboda.org/a/30641636.html

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Последние новости