haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Политика

26.06.2020 17:14

509 просмотров

0 комментариев

Сэнсацыя? З шасці ўключаных прадстаўнікоў апазіцыйных партый па Беларусі два ўвайшлі ва ўчастковыя камісіі Гарадка

Прадстаўнікоў апазыцыйных партый ва ўчастковых камісіях зараз у пяць разоў меней, чым на выбарах 2015 году: калі тады было 30 прадстаўнікоў, то ў 2020 годзе толькі ШЭСЬЦЬ на ўсю Беларусь. 24 чэрвеня скончылася фармаваньне ўчастковых выбарчых камісій, якія непасрэдна арганізуюць галасаваньне і падлічваюць галасы. Усяго створана 5723 камісій, у іх склад увайшло 63 347 чалавек.

Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» ў складзе экспэртаў Беларускага Хэльсынскага камітэту і праваабарончага цэнтру «Вясна» апублікавала аналітычную справаздачу аб назіраньні за фармаваньнем участковых выбарчых камісій (УВК).

Адзначаецца, што ў сувязі з эпідэміяй COVID-19 пагоршыліся ўмовы для назіраньня за фармаваньнем УВК, бо пастанова ЦВК ад 8 траўня не прадугледзела прысутнасьці на паседжаньнях прадстаўнікоў грамадзкіх аб’яднаньняў, як гэта было на папярэдніх выбарах. Некаторым назіральнікам адмовілі без аб’ектыўнага абгрунтаваньня.

У палове выпадкаў, калі паседжаньні органаў па фармаваньні УВК праходзілі онлайн, прадстаўнікі кампаніі мелі цяжкасьці ў назіраньні праз кепскую якасьць трансьляцый, або наогул ня мелі такой магчымасьці, бо трансьляцыі не было. Часам замест онлайн-трансьляцыі выстаўляўся відэазапіс.

Паводле назіральнікаў, пры фармаваньні камісій быў відавочны дыскрымінацыйны падыход выканкамаў да прадстаўнікоў апазыцыйных партый: з 545 вылучаных у склад УВК увайшлі 6 чалавек (1,1%), у той час як з 3844, вылучаных праўрадавымі партыямі, у склад камісій увайшлі 3717 чалавек (96,7%).

У камісіі ўключаныя амаль усе прадстаўнікі, вылучаныя пяцьцю праўладнымі арганізацыямі: БРСМ, «Белай Русьсю», Саюзам жанчын, Саюзам вэтэранаў, Фэдэрацыяй прафсаюзаў Беларусі (96,9% ад вылучаных).

Агульная колькасьць прадстаўнікоў апазыцыйных партый у камісіях склала 6 чалавек, або 0,009% ад агульнага складу чальцоў УВК, што ў пяць разоў меней, чым на папярэдніх прэзыдэнцкіх выбарах 2015 году.

Адсутнасьць у выбарчым заканадаўстве гарантый уключэньня ў склад выбарчых камісій прадстаўнікоў, вылучаных усімі палітычнымі суб’ектамі, як і раней, робіць магчымым адвольны і дыскрымінацыйны падыход у дачыненьні да апазыцыйных партый і рухаў.

У гэтай сувязі нечаканай выглядае сітуацыя ў Гарадоцкім раёне, дзе з чатырох вылучаных прадстаўнікоў ад Віцебскага камітэта БСДП(Грамада) два прадстаўніка Алёна Дзейнека і Таццяна Гаравая, сябры БСДП, ўключаны ва ўчастковыя камісіі: Баграмянаўскую і Гагарынскую адпаведна. Яшчэ адзін прадстаўнік ад БСДП – Аляксандр Шчамлёў уключаны ва ўчастковую камісію, якая размяшчаецца ў аграгарадку Амбросавічы Шумілінскага раёна. Усяго абласны камітэт БСДП вылучыў ва ўчастковыя камісіі па вобласці – 19 сваіх прадстаўнікоў. Гэта мусіць “лепшы” вынік у краіне сярод апазіцыйных структур.

Л. Антонаў

Последние новости