haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Политика

18.07.2020 16:24

286 просмотров

0 комментариев

Штабы аб’ядналіся. Галоўнае пытаньне — ці ўдасца аб’яднаць электарат?

Інфармацыя пра аб’яднаньне штабоў Віктара Бабарыкі, Валера Цапкалы і Сьвятланы Ціханоўскай, сёньняшняя сумесная прэсавая канфэрэнцыя Марыі Калесьнікавай, Сьвятланы Ціханоўскай і Веранікі Цапкалы выклікалі пэўны энтузіязм у палітызаванай публікі. Гэтая падзея дала падставу меркаваць, што яшчэ нічога ня скончана, як шмат хто палічыў, барацьба працягваецца.

Сьцісла

  • Сцэнар аб’яднаньня ўсіх альтэрнатыўных кандыдатаў супраць Лукашэнкі мала рэальны.
  • Аб’яднаць штабы прасьцей, чым аб’яднаць электарат.
  • Электарат Ціханоўскіх, Бабарыкі і Цапкалы адрозьніваецца.
  • Заява пра ролю Ціханоўскай у выпадку перамогі на выбарах прагучала мімаходзь, хоць на гэтым варта было зрабіць акцэнт.
  • Да трох жанчын могуць быць прэтэнзіі, але ўвесь разьлік — на падтрымку грамадзянскай супольнасьці, якая ствараецца на нашых вачах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Штабы Бабарыкі, Цапкалы і Ціханоўскай аб’ядналі сілы — заклікалі галасаваць і назіраць за выбарамі

Зразумела, аптымальным варыянтам для праціўнікаў дзейнага рэжыму было б аб’яднаньне штабоў Бабарыкі, Цапкалы і чатырох зарэгістраваных альтэрнатыўных кандыдатаў вакол аднаго прэтэндэнта і адзінага сцэнару. Тады б рэалізавалася простая схема: «Народ супраць Лукашэнкі».

Але, гледзячы па ўсім, такі варыянт мала рэальны. Хоць бы з адной простай прычыны. Улады не хавалі, што прыпісалі Ганьне Канапацкай, Сяргею Чэрачню і нават трошкі Андрэю Дзьмітрыеву подпісы. Тут быў разьлік і на тое, каб дыскрэдытаваць іх у вачах пратэставага электарату, і на тое, каб стварыць нейкі, няхай і слабы, але кручок.

І аб’яднаньне штабоў Віктара Бабарыкі, Валера Цапкалы і Сьвятланы Ціханоўскай, і настроі значнай часткі палітызаванай публікі скіраваныя на падтрымку Сьвятланы Ціханоўскай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Галоўны вораг не рэжым, а нявера ў перамогу». Штабы Бабарыкі, Цапкалы і Ціханоўскай далі супольную прэс-канфэрэнцыю. ВІДЭА

Але справа ў тым, што аб’яднаць штабы прасьцей, чым аб’яднаць электарат. А вось тут якраз ёсьць пэўная праблема. Бо электарат, з аднаго боку, Сьвятланы Ціханоўскай (і Сяргея), а з другога боку — Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы, адрозьніваецца.

Прыхільнікі Ціханоўскіх — гэта людзі, якія кіруюцца прынцыпам: «Хто заўгодна, толькі ня Ён». Прыхільнікі Бабарыкі і Цапкалы — гэта грамадзяне, якія арыентаваныя на рацыянальны выбар, яны б хацелі бачыць на пасадзе прэзыдэнта эфэктыўнага мэнэджэра (то бок Бабарыку або Цапкалу), а ня хатнюю гаспадыню. Да таго ж Сьвятлана ўвесь час прэзэнтавала сябе як тэхнічнага кандыдата. Яна казала, што не прэтэндуе на пасаду прэзыдэнта, а ўдзельнічае ў кампаніі толькі дзеля маральнай падтрымкі свайго мужа. І вось нечакана для сябе яна аказалася на вастрыні агульнанацыянальнага пратэсту.

Цяпер галоўнае пытаньне — ці ўдасца каналізаваць увесь пратэставы патэнцыял у электаральную падтрымку Сьвятланы Ціханоўскай? Як пераканаць прыхільнікаў Бабарыкі і Цапкалы, што галасаваньне за Ціханоўскую — гэта ня толькі голы пратэст, але і рацыянальны выбар?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ціханоўская — наш прэзыдэнт? Аналітыкі аб прэзыдэнцкай кампаніі пасьля аб’яднаньня

Першы крок у гэтым кірунку быў зроблены на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі. Там прагучала заява, што функцыя Сьвятланы Ціханоўскай на пасадзе прэзыдэнта (калі раптам такое здарыцца) зводзіцца да вызваленьня палітзьняволеных і правядзеньня новых дэмакратычных выбараў. Усяго толькі. Але гэта было сказана як бы мімаходзь. А на гэтым трэба было б рабіць акцэнт.

Зразумела, з паліттэхналягічнага гледзішча ёсьць шмат прэтэнзій да гэтых прыгожых жанчын. На што разьлік, калі галасы ня лічаць? Ці варта выходзіць на вуліцу? Але гэтыя людзі ўпершыню ўдзельнічаюць у рэальнай палітыцы. І на іх зваліўся вялізны цяжар адказнасьці, якую яны хоць як, але нясуць. І тут увесь разьлік на падтрымку грамадзянскай супольнасьці, якая спантанна ствараецца на нашых вачах падчас гэтай кампаніі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Валер Карбалевіч



https://www.svaboda.org/a/30733469.html

Последние новости