haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Политика

22.07.2020 14:20

379 просмотров

0 комментариев

10 гадоў Беларусь ня чула такіх крытычных выступаў на дзяржаўным тэлеканале

У цэлым уражаньні ад выступу альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзыдэнты даволі добрыя. Новыя тэхналёгіі дазваляюць не чытаць па паперках, як тое было падчас ранейшых прэзыдэнцкіх кампаній.

Нявопытнасьць і неспрактыкаванасьць кандыдатаў выявілася ў тым, што фактычна ніводзін ня выкарыстаў свой час (30 хвілін) напоўніцу. Чэрачань і Дзьмітрыеў гаварылі па 25 хвілін, Ціханоўская — 15 хвілін. Канапацкая скарыстала ўсе 30 хвілін, але адзін і той жа тэкст прамовіла спачатку на беларускай, а потым — на расейскай мове. Гаварыць два разы адно і тое ж — гэта пэўная зьнявага аўдыторыі.

Усе даволі сьмела крытыкавалі ўладу. Усе акцэнтавалі ўвагу на тым, што прыхільнікаў зьмены прэзыдэнта ў краіне — большасьць.

Сьвятлана Ціханоўская пакінула нечакана добрае ўражаньне. Можа, якраз таму, што ад яе мала хто чакаў удалай прамовы. Яна расьце як асоба проста на вачах. Прамова была дастаткова тэхналягічная. Яна ня стала казаць пра сваю перадвыбарчую праграму. Бо сваю задачу на пасадзе прэзыдэнта зводзіць толькі да таго, каб правесьці новыя справядлівыя выбары. У такім разе праграма не патрэбная. І атрымліваецца, што галасы за яе — гэта галасы не за кандыдата Ціханоўскую, а супраць Лукашэнкі. Таму яна больш увагі аддавала тым захадам, якія трэба рабіць падчас самой працэдуры галасаваньня. Таксама яна рабіла акцэнт на асабістыя эмоцыі, маральны аспэкт гэтай кампаніі, што зь яе вуснаў гучала пераканаўча.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«У Лукашэнкі вельмі нізкі рэйтынг». Што Ціханоўская сказала ў сваім першым выступе на тэлевізіі. ВІДЭА

Ганна Канапацкая сьвядома апэлявала да традыцыйнага апазыцыйнага электарату, значная частка якога падчас гэтай кампаніі аказалася неангажаваная. Беларуская мова, эўрапейскі выбар, выхад з Саюзнай дзяржавы і АДКБ, вяртаньне нацыянальнай сымболікі (пра гэта, дарэчы, казаў і Чэрачань) — гэта спроба трапіць у фокус чаканьняў людзей з пасьлядоўна дэмакратычнымі каштоўнасьцямі. А потым можна будзе прэтэндаваць на тое, каб прадстаўляць беларускую апазыцыю ў кантактах з Захадам. Гэта сьвядомы разьлік.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ганна Канапацкая зьвярнулася да выбарнікаў на дзьвюх мовах у сваім першым выступе на тэлевізіі

Сяргей Чэрачань прапанаваў лібэральную эканамічную праграму, дэмакратычныя рэформы, выступіў талкова, зразумела, папулярна. Але неяк трохі акадэмічна. Не хапала нейкай шчырасьці, эмоцый.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Бізнэс-інкубатары, рэформы і прыватызацыя. Што Сяргей Чэрачань сказаў на БТ

У гэтым сэнсе Андрэй Дзьмітрыеў быў больш тэхналягічны. Ягоная крытыка палітыкі Лукашэнкі была сыстэмная, але пры тым яна нагадвала шчырую размову з выбаршчыкамі. Ён апэляваў да сваіх сустрэч зь людзьмі, прыводзіў іх выказваньні. Што выглядала даволі прывабна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Стары прэзыдэнт нічога ня можа нам прапанаваць». Андрэй Дзьмітрыеў зьвярнуўся да выбарнікаў

Увогуле, 10 гадоў Беларусь ня чула такіх крытычных выступаў на дзяржаўным тэлеканале. І гэта моцна кантраставала з тым, што казаў сёньня Лукашэнка ў Гомлі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пра што сказалі і пра што прамаўчалі кандыдаты. Разважаюць рэжысэр Андрэй Курэйчык і аналітыкі Свабоды

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі (на 13 лепеня) праваабаронцы налічылі больш за 700 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. 129 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, 252 чалавекі аштрафавалі.

Валер Карбалевіч

https://www.svaboda.org/a/30740035.html

Последние новости