haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Политика

18.09.2020 12:49

254 просмотра

0 комментариев

Жнівень-верасень — 2020. Мы — сьведкі. «Што, дубінка не дапамагае? Нічога, паяльнік у зад дапаможа». АБНАЎЛЯЕЦЦА

Радыё Свабода зьбірае сьведчаньні ахвяраў міліцэйскага бясчынства на вуліцах, у пастарунках і турмах Беларусі ў жніўні-верасьні 2020 году. Калі падобнае здарылася з вамі ці вы былі сьведкай, напішыце нам пра гэта на адрас: radiosvaboda@gmail.com.

«Што, дубінка не дапамагае? Нічога, паяльнік у зад дапаможа»

Студэнт менскай ВНУ, 21 год:

«12 верасьня каля паловы шостай я стаяў каля мэтро «Плошча Перамогі» і глядзеў на тэлефоне карту, бо зьбіраўся ісьці да сяброў. У гэты час побач было шмат журналістаў. Як я потым даведаўся, у горадзе якраз скончыўся марш. І ў момант, калі я падняў галаву ад тэлефона, да мяне падбеглі людзі ў аліўкавай форме і балаклавах і ўдарылі ў нос. У бус без нумароў мяне пацягнулі з пабітым носам, ішла кроў.

Затрыманьне студэнта зафіксавала «Наша Ніва»

Мяне, як толькі паклалі на падлогу ў бусе, пачалі біць нагамі. Некалькі ўдараў было кулакамі ў твар. Адразу сказалі: «Усё, мы пра цябе ўсё ведаем, ты каардынатар з Польшчы». Гаварылі нейкімі агульнымі фразамі. Было відаць, што спрабуюць запалохаць. Нічога канкрэтнага не прад’яўлялі, казалі, што яны нібыта даўно высочвалі мяне. Настойвалі, каб я ў чымсьці прызнаўся. Спрабавалі запалохаць мяне псыхалягічна, каб я прызнаў, што я нейкі каардынатар. Пры гэтым білі ў нагу, у твар, па галаве, па сьпіне. Хоць я ўжо ня памятаю, як мяне білі па сьпіне, толькі потым знайшоў сінякі ў сябе. Не адчуваў гэтага ад болю і шоку, напэўна.

У аўтобусе мяне паклалі на падлогу паміж сядзеньнямі. З затрыманых я быў там толькі адзін, а сілавікоў пяць. Тэлефон, які заставаўся ў мяне ў правай руцэ, я выключыў і закінуў пад сядзеньне. Яны потым знайшлі яго і сказалі: «Глядзі, які хітры, думаў, ня знойдзем?», і зноў білі. Сказалі, што я «добра падрыхтаваны», раз выключыў тэлефон. Потым пачалі «выбіваць» пароль. Патрабавалі пагрозамі і запалохваньнем. Я не называў пароль ад тэлефона, на што яны адказвалі, што я нібыта «наркаман пад дозай». Білі ўвесь час, я крычаў ад болю, стараліся зламаць нагу. Спрабавалі разблякаваць тэлефон маім адбіткам пальца. Тыцкалі мой палец у мэталічную штучку на чахле тэлефона, прызначаную для магніта ў аўтамабілі. Калі яны зразумелі, што гэта ня «сканэр пальцаў», то пачалі тыцкаць мае пальцы ў камэру.

Потым у нейкі момант «галоўны», які сеў сьпераду буса, дастаў дубінку і сказаў: «Ведаеш, куды табе яе зараз засунем, калі ты ня скажаш пароль? І ў горла, і згвалцім. Ну давайце, пацаны, пачынаем». У гэты час іншыя сілавікі пачалі сьцягваць зь мяне шорты і трусы. Я адбіваўся, як мог. Спадзяваўся, што яны перастануць. Так і адбылося. Усё абышлося запалохваньнямі. Было страшна і непрыемна, але я спрабаваў трымаць сябе ў руках, наколькі гэта магчыма ў такой сытуацыі.

Панявечаны ў міліцыі менскі студэнт. Фота spring96

Палохалі крымінальнай справай і тэрмінам на пяць гадоў. Пыталіся: «Ну што, кепска табе жылося да гэтага?» Я ім спрабаваў давесьці, што я ня ўдзельнічаў у мітынгах, не выкрыкваў лёзунгаў, што пацьвярджае месца майго затрыманьня. Аднак, чым больш аргумэнтавана я спрабаваў растлумачыць ім сваю невінаватасьць, тым больш яны злаваліся і білі мяне.

У нейкі момант надзелі на рукі сьцяжку і зацягвалі ўсё больш і больш. Ад пастаяннага біцьця мне стала кепска. У бусе я ўжо быў страціў прытомнасьць ці быў блізкі да гэтага. Мяне адразу палілі вадой. Я пачуў: «Хлопцы, хлопцы, ня біце пакуль, пачакайце». Мабыць, у іх усё ж нейкія межы ёсьць. Хоць ня ўпэўнены, ці можна назваць гэта межамі з маім дыягназам і іншымі гісторыямі выкраданьняў. Ніяк, акрамя як выкраданьні, гэта не назавеш, гэта грубае парушэньне правоў чалавека.

У нейкі момант аўтобусік спыніўся. Я пачуў: «Пацаны, вытрыце яго». Увесь гэты час у мяне кроў з носу лілася. Яны выціралі мяне маёй жа кофтай, палівалі вадой. Потым пасадзілі мяне на край парога выхаду з буса. У гэты час да мяне падышоў супрацоўнік з камэрай і пачаў задаваць пытаньні: «Што ты каардынаваў? Давай прызнавайся!» На што я сказаў, што я нічога не каардынаваў, я проста ішоў.

Потым вярнуліся ў машыну і зноў пачалі езьдзіць па горадзе. Кіроўца мне сказаў: «Ты ж разумееш, што мы можам так езьдзіць колькі заўгодна?» Зьбіваньне, запалохваньне, пагрозы пры гэтым працягваліся. Напрыклад, казалі: «Такія пачвары, як вы, будзеце рэзаць потым нашых дзяцей». Яны скардзіліся, што на іх ідзе вялікі ціск.

Панявечаны ў міліцыі менскі студэнт. Фота spring96

Быў момант, калі я спрабаваў зь імі пагаварыць па-чалавечы, на што яны адрэагавалі ўсе адназначна: «Ты што, с..ка, нас запісваеш?» Пачалі біць, распранаць і шукаць нейкі мікрафон, на які я іх нібыта запісваў. Казалі, што калі я ўсё ж іх запісваў, то яны мяне знойдуць. Яны вельмі баяцца, каб іх ніхто ніяк не запісаў.

Чыталі навіны ў тэлефоне, абмяркоўвалі, сьмяяліся: «Чулі, пацаны, нам застаўся тыдзень, каб звольніцца зь сілавых структур, інакш нам канец». Усе пасьмяяліся. Відаць, што яны шчыра вераць у дзяржаўную прапаганду пра «каардынатараў зь Літвы і Польшчы».

Пыталіся, ці ёсьць у мяне дзяўчына. Калі я сказаў, што няма, то пачалі называць «заднепрывадным». Зноў пачалі пагражаць згвалтаваньнем. Сказалі: «А давайце яго безь дзяцей пакінем!» Пачалі біць... Добра, што білі не туды.

На мне быў электронны гадзіньнік Samsung. Сілавікі зьнялі яго і сталі глядзець кантакты. Пыталіся пра некаторыя кантакты, чаму так захаваныя. Калі ўбачылі нумар адваката, то зноў пачалі вінаваціць мяне, што я «падрыхтаваны, быў гатовы да гэтага, каардынатар».

Мяне даставілі ў РУУС Першамайскага раёну. Калі я ішоў у будынак, то кульгаў, таму што сілавікі адбілі мне нагу. Яны крычалі, каб я не кульгаў. Сілавікі сказалі мне, што гэта я сам упаў, калі яны затрымлівалі мяне. У РУУС у іх спыталі, ці супраціўляўся я, на што яны сказалі, што сам зваліўся спачатку.

Панявечаны ў міліцыі менскі студэнт. Фота spring96

Супрацоўнікі міліцыі ў аддзяленьні таксама пагражалі мне. Адзін зь іх сказаў: «Што, пацаны, пароль ад тэлефона не гаворыць? А дубінка не дапамагае? Нічога, паяльнік у зад дапаможа». У самім аддзяленьні сілавікі асьцярожнічаюць у сваіх дзеяньнях. Магчыма, таму, што камэры там вісяць. Пагрозы шапталі на вуха. Напрыклад: «Калі ня скажаш пароль, то ты адсюль ня выйдзеш». Часта на ногі мне там наступалі. Але, калі хапалі за валасы і білі ў патыліцу, то спынялі адзін аднаго: «Цішэй, тут ня бі».

Калі тэлефанавалі дзяжурнаму на тэлефон і, мабыць, пыталіся, ці дастаўлялі кагосьці ў Першамайскае, ён адказваў: «Сюды нікога не прывозілі, нікога не дастаўлялі». Пры гэтым там было дакладна дзьве дзяўчыны, якіх таксама абвінавачвалі ва ўдзеле ў мітынгу. Але іх сілавікі не чапалі: наадварот, жартавалі і заляцаліся да іх.

Калі мяне павёў адзін з супрацоўнікаў у прыбіральню, то спытаў: «Цябе калі-небудзь мачалі ва ўнітаз галавой? А хочаш?» Мне так рукі сьціснулі сьцяжкай тады, што я ня мог нават зрабіць іх «лодачкай», каб памыцца. Я ня мог рукі сагнуць, зь іх пастаянна выцякала вада. Мяне выціралі капюшонам маёй жа кофты. Спробы запалохваньня былі пастаянна. Я часта прасіў лекара, часта казаў, што мне дрэнна. На гэта яны адказвалі: «Скажы пароль — будзе лекар». Гулялі ў «добрага і дрэннага міліцыянта», прычым гэта мог быць адзін і той жа чалавек: спачатку біць, а потым запэўніваць, што ўсё добра.

У той час, як мяне сілавікі білі, запалохвалі, пагражалі, на ногі наступалі, за валасы трымалі, міліцыянты зь Першамайскага РУУС нават не глядзелі ў мой бок і не падыходзілі. Яны проста бязьдзейнічалі.

У РУУС сілавікі і міліцыянты спрабавалі даведацца мой пароль ад тэлефона. Былі фразы: «Вось у нас вельмі добрыя хакеры, яны твой тэлефон узламаюць, так што, калі ты ня скажаш цяпер па-добраму, то будзе па-дрэннаму».

Сілавікі абмяркоўвалі пры мне, што можна мне «прыпісаць» артыкул 205 Крымінальнага кодэксу («Крадзеж»), што я нібыта скраў у аднаго зь іх свой жа электронны гадзіньнік і тэлефон, раз я пароль не называю, то магчыма, гэта ня мой тэлефон. Магчыма, гэта быў жарт, але ўспрымаў гэта я тады не як жарт. Казалі, што я абколаты, наркаман нейкі, у стане алькагольнага апʼяненьня.

Панявечаны ў міліцыі менскі студэнт. Фота spring96

Калі «зялёныя чалавечкі» пакідалі РУУС, то сказалі міліцыянтам не выклікаць мне хуткую дапамогу, бо я нібыта сымулянт. У прытомнасьць мяне прыводзілі антысэптыкам: пырскалі на рукі, на ватку і на скроні. У бусе і ў міліцыі яшчэ ціснулі на сківіцу, каб я апрытомнеў. У РУУС прынесьлі мне шалік, прамочаны чымсьці, казалі: «Дыхай, дыхай». Але я ўсё слабей і слабей успрымаў інфармацыю звонку. «Хуткую» ўсё ж такі выклікалі пасьля таго, як убачылі, што я ўжо ледзь сяджу на крэсьле, звальваюся.

Папрасілі, каб «хуткая» ехала хутчэй і зь мігалкамі, а мяне ў гэты час трымалі, каб я ня ўпаў. Калі выклікалі «хуткую», то мяне паклалі на падлогу і глядзелі, каб са мной нармальна было ўсё.

Калі прыехала «хуткая», то міліцыянтаў цікавіла, ці не сымулюю я. Лекары сказалі, што трэба забіраць мяне. Міліцыянты ў гэты час спрабавалі датэлефанавацца свайму начальніку, каб спытаць у яго, ці забіраць мой тэлефон. Потым супрацоўнікі міліцыі сказалі, што калі цяпер не скажу пароль, то потым мне давядзецца вяртацца ў гэтае аддзяленьне. Аднак адказаць у мяне не было сіл, я проста ляжаў паўпрытомны. У выніку мне кінулі мой парваны заплечнік, увесь у крыві, і тэлефон.

Цяпер я ў лякарні. Мне паставілі дыягназ: чэрапна-мазгавая траўма, кровазьліцьцё ў мозг сярэдняй ступені цяжкасьці, пералом носа, множныя гематомы і пашкоджаньні на целе«.

Spring96.org

«У амапаўскім мікрааўтобусе я раптам пазнала свайго ўчастковага»

Ніна, 47 гадоў, Менск:

«10 жніўня ў вялікім натоўпе я стаяла каля станцыі мэтро «Пушкінская». Падчас разгону пратэстоўцаў забавілася і мяне схапілі амапаўцы.

Заштурхалі ў мікрааўтобус, у якім я раптам убачыла свайго ўчастковага. Ён быў у шаломе, але бяз маскі, так што я яго адразу пазнала. І ўзрадавалася. Мы зь ім даўно знаёмыя, ён мяне добра ведае. Вось, думаю, ён мяне зараз адпусьціць. Я ж нічога такога не рабіла. Але не адпусьціў. Наогул, мне здалося, што гэта ўжо нейкі іншы чалавек. Кажа, паедзеце з усімі, адказвайце за свае справы.

10 жніўня на станцыі мэтро «Пушкінская»

Мяне прывезьлі ў Фрунзэнскае РУУС. Пункт збору затрыманых зрабілі ў спартовай залі. Мне, як і ўсім, начапілі за сьпінай кайданкі, паставілі каля сьценкі на калені і тыцнулі тварам у падлогу. Я ўжо потым, калі вызвалілася, паспрабавала прыняць дома такую позу — ня выйшла. Больш за іншых мне запомнілася супрацоўніца органаў Крысьціна.

10 жніўня на станцыі мэтро «Пушкінская»

Побач са мной стаяў на каленях хлопец. Падымаць галаву было нельга, але я старалася паглядзець. У мяне сын там, на «Пушкінскай», быў, дваццаць шэсьць гадоў, і я баялася ўбачыць яго тут. Дык вось гэтая Крысьціна біла хлопца палкай. Па галаве, па нагах, па руках. Ён крычаў. Потым ён перастаў крычаць. Напэўна, болевы шок або страціў прытомнасьць. Я чую, за сьпінай хтосьці кажа: «Ён усё, адкінуўся». А другі: «Давай дабівай, і выцягваем». Яна зноў пачынае біць гэтае нежывое цела, потым яго выцягваюць.

Калі мне сказалі: «Давай на допыт», я ўстаць не змагла. Спачатку мяне штурхалі нагамі, потым усё ж такі паднялі і падвялі да стала. Першае пытаньне было: «Колькі вам заплацілі?» Кажу: «Мне ніхто нічога не плаціў». Я цяпер разумею: калі ім усе так адказвалі, яны яшчэ больш лютавалі, шалелі. «Ну ты, б..ь, сука, скаціна, — яны з намі не размаўлялі нармальна, там быў роў на ўсю гэтую спартзалю, — Ты што, не зразумела, што ў цябе пытаюцца?! Колькі табе заплацілі?»

І тут я зразумела, што трэба заткнуцца, проста замаўчаць. Яны ўзялі мой тэлефон. «На якія каналы падпісаная?» Вядома, на ўсё. Праштудзіравалі ўвесь мой тэлефон. На мітынгах была, усё здымала. Кампрамату цэлая куча. Потым ім спатрэбіліся нечага мае SIM-карткі. Але, каб адкрыць мой тэлефон, патрэбен такі ключык. У мяне яго не было. І тут гэтая Крысьціна пачала біць тэлефон дубінкай, пакуль ён не разваліўся. Дасталі дзьве сімкі і флэшку.

Потым яна мне кажа: «Так, здымай станік». Поўна АМАПу, спартзаля... Я стаю ў кайданках, рукі ззаду. «Гадаўка, здымай станік!» Я спрабую ззаду пад кашулю залезьці і разумею, што рукі сшэрхлі, я не магу іх падняць. «Здыміце ёй кайданкі!» І зноў: «С..а, здымай!» Разумееце, у мяне шокавы стан! Я не разумею, што мне рабіць. І яна сама залазіць мне пад кашулю, праз рукаў выцягвае станік, шпурляе на стол.

Ва ўсіх жанчын, з кім я ў камэры потым сядзела, станікаў не было. Ці то яны баяліся, каб мы на іх не павесіліся, ці то проста прыніжэньне такое... Дзяўчаты, якія прыяжджалі потым на Акрэсьціна зь іншых РУУС — зь імі такога не было.

Потым нас кінулі ў камэру. Сярод нас былі дзьве жанчыны з Бараўлянаў, зь дзіцячага анкалягічнага цэнтру. Абедзьве ў водпуску, ехалі дапамагаць, надзелі белыя майкі з чырвонымі крыжамі сьпераду і ззаду, узялі мэдыкамэнты. Іх выцягнулі з машыны — «Вы едзеце дапамагаць бандытам!».

Яшчэ адна жанчына ехала з працы на сваёй машыне, наогул ні ў чым ня ўдзельнічала. Заехала ў супэрмаркет купіць прадукты, спынілася на сьвятлафоры. Пайшоў АМАП, потым мітынгоўцы. Я, кажа, спынілася, каб іх прапусьціць. І раптам, кажа, бачу — да мяне ляцяць чорныя. Я ад страху заблякавала дзьверы. Яны разьбілі ўсю яе машыну, выцягнулі саму. Яна паказвала нам у камэры — уся сіняя, на галаве гематомы, яе білі аб асфальт галавой. Яе потым звадзілі на суд на Акрэсьціна, далі 15 сутак за непадпарадкаваньне патрабаваньням.

І ў РУУС, і потым на Акрэсьціна былі людзі з розных падразьдзяленьняў. Калі мне цяпер кажуць: гэта быў АМАП або гэта быў «Алмаз», «нашы мясцовыя так не рабілі», я адказваю: «Хлопцы, калі б я там не была...» Я бачыла там звычайную нашу міліцыю, я магу адрозьніць, не дурная.

Назаўтра нас сабралі зноў у той самай спартовай залі. Я сярод затрыманых была шостая ў чарзе, і ўжо да 12-й гадзіны мяне адвялі ў камэру. А што рабілася потым ноччу — гэта быў проста жах. Усе сьцены і падлога былі раніцой залітыя крывёю. Нам: «Хутка-хутка, рукі на плечы!» і сказалі, што павязуць у Жодзіна. Але адвезьлі на Акрэсьціна. З аднаго пекла ў другое. Таму што тым, хто трапіў у Жодзіна, пашанцавала, да іх ставіліся паблажліва.

Турма на Акрэсьціна

На Акрэсьціна нас, жанчын, было 60 чалавек. Хлопцаў было нашмат больш. Іх білі так, што проста перадаць не магу. Іх прымушалі сьпяваць гімн. Іх прымушалі крычаць «Я люблю АМАП!». Твары ў хлопцаў былі апухлыя, у крыві. Іх кудысьці групамі адводзілі, як мы здагадаліся — на суд. Таму што проста туды, на Акрэсьціна, прыяжджалі судзьдзі. Мы думалі, будуць даваць штрафы. Але не, давалі суткі, ад 8 і больш.

Гадзін да адзінаццаці вечара мы стаялі ў двары. Хлопцаў кудысьці адводзілі, а мы стаялі, замярзалі. Я была ў адной кашулі, і ўсе так. А ў адзінаццаць нам зноў сказалі: «Хутка, рукі на плечы, бягом-бягом», дубінкамі падганялі, завялі ў дворык. Цяпер я разумею, што гэта дворык для выгулу зьняволеных, такая вялікая круглая камэра, уверсе сетка замест даху, люк унізе для туалету, і ўсё. Мала таго, што мы дзень мерзьлі ў двары, тут нас яшчэ на бэтон кінулі. Мы проста клаліся адна на адну, каб сагрэцца. Некаторыя дзяўчаты пачалі стукаць, прасіць вады. Прыйшоў адзін, сказаў: «Сьціхніце. Калі яшчэ якая б...дзь пастукае, кінем гранату». Мы, дарослыя жанчыны, пачалі прасіць дзяўчатак: «Давайце трываць, будзе толькі горш».

Але пачалося іншае пекла. Усю ноч празь верх (неба ж адкрытае) мы чулі, як білі хлопцаў. Іх проста забівалі. Мы чулі лясканьне дубінак і лямант, крыкі. Мяне пытаюцца, ці моцна хлопцаў нашых білі. Я адказваю: іх ня білі — іх проста забівалі. Там было шмат маладых жанчын і дзяўчат — па васямнаццаць-трыццаць гадоў. Мне ўжо пад пяцьдзясят, псыхіка ўстаялася. Але і ў мяне проста ехаў дах. Я рыдала, заціскала вушы: гэта было немагчыма трываць.

Потым пад раніцу, ужо пачынала днець, прыйшоў нейкі мужчына, адчыніў дзьверы і зноў «бегма-бегма», падганяючы, нас разьвялі па камэрах. Потым я даведалася, што замест нас туды на бэтон завялі 160 мужчын, якіх прывезьлі з розных РУУС гораду.

Турма на Акрэсьціна

Я спачатку не баялася. Гаварыла пад дыктафон і пад камэру, называла сябе адкрыта. Але цяпер страх вярнуўся. Вось тая жанчына, якую з машыны выцягнулі, яна стала скаргі падаваць. Трое сутак зь пятнаццаці яна адседзела, потым ёй да пяці скінулі. Мы, з кім сядзелі, цяпер стварылі групу, маем зносіны. Я таксама адразу напісала тры заявы са скаргамі: ў Фрунзэнскае РУУС, у Сьледчы камітэт і ў Генпракуратуру. Але не падала іх, інтуіцыя падказала. Дачка мне кажа: «Мама, ты чаму не адносіш скаргі?» Ды таму, што бачым: усе заявы пацярпелых вяртаюцца ў Сьледчы камітэт! Тыя выдзіраюць потым кожнага пацярпелага, хто падаў заявы, пачынаюць шукаць на яго ўсялякі кампрамат і заводзяць крымінальныя справы паводле 93-га артыкулу, ад 5 да 15 гадоў. Я не хачу сесьці на восем гадоў!«

«У аўтазаку яны сабе надзелі адгазьнікі, а нам пусьцілі газ»

Аляксей Новік, праграміст, Менск:

Аляксей Новік

«9 жніўня ў раёне 6-7 вечара я выехаў з Уручча, дзе жыву, на адрас, дзе я зарэгістраваны, у раёне Інстытуту культуры, каб прагаласаваць. Я прыехаў на ўчастак № 54 на вуліцы Артылерыстаў, гэта інтэрнат пэдагагічнага ўнівэрсытэту). Я прагаласаваў і чакаў выніковага пратаколу. Недзе каля 9 вечара яго вывесілі і я сфатаграфаваў. Там была перамога дзейнага прэзыдэнта зь вялікай перавагай. Хоць на маім участку я бачыў, што ўся шкляная тумба была проста засыпаная бюлетэнямі, складзенымі гармонікам. Мяне гэта моцна ўразіла: як так можа быць?

У пачатку 10-й я рушыў дадому. Выйшаў на плошчу Мясьнікова, там дзе Дом фота. На вуліцы Савецкай стаяла вайсковая тэхніка, грузавікі, у якіх сядзелі салдаты. Калі я выйшаў на Гарадзкі Вал, Раманаўскую Слабаду, я там убачыў нешта накшталт ваенных дзеяньняў. Уяўлялася, што ідзе нейкі захоп, спэцапэрацыя дзеля захопу, я ня ведаю, бандфармаваньняў ці нечага такога.

А на самым скрыжаваньні стаяў АМАП са шчытамі. І, калі шчыты рассоўваліся пасярэдзіне, адтуль выбягалі іншыя амапаўцы, ужо ня так моцна экіпаваныя, і за тры мэтры ад сваёй шчытавой загароды раскладвалі свае ці то гранаты, ці то фаервэркі. Тыя шумелі, круціліся, сьвяціліся і потым выбухалі. І была такая дымавуха. Дыму рабілася ўсё больш і больш. Людзі скандавалі, і я ня бачыў, каб нехта там кідаўся камянямі, выкочваў сьметніцы. То бок ніякіх барыкад з боку мітынгоўцаў не было.

Празь нейкі час АМАП стаў ужо не выкладваць гэтыя гранаты, а кідаць у натоўп. Яны сталі ўзрывацца проста пасярод мітынгоўцаў. Было вельмі шмат дыму, таму мой кругагляд складаў 20-40 мэтраў. І я ўбачыў людзей, якія ляжаць на траве. Адзін мужчына гадоў 45-50 ляжаў на траве, і ў яго была цалкам разарваная майка ці кашуля, і рваныя раны былі на грудзях, яны крывавілі. І людзі зьбегліся, рвалі зь сябе майкі, каб накрыць гэтыя раны.

А за тры мэтры ляжала яшчэ дзяўчына, яна не падавала ніякіх прыкметаў жыцьця. Можа быць, яна страціла прытомнасьць ад гэтага шуму. У яе былі разарваныя джынсы, штаніна, і відаць былі рваныя раны, кроў. Твары ў людзей былі разьбітыя, мабыць, траплялі аскепкі ад гэтага ўсяго. І я толькі сёньня, празь нейкі час, стаў усьведамляць, што мне, відаць, вельмі пашанцавала, бо мяне нішто не закранула.

Далей вайскоўцы станавіліся на адно калена, бралі вінтоўкі, прыкладвалі іх да пляча і пачалі страляць у людзей. Людзі пабеглі ў сквэр Адама Міцкевіча хавацца. І было відаць, што вось трапляе куля ў чалавека, яна яго зьбівае з ног. Чалавек падае і спрабуе далей адпаўзаць.

Пазьней я даведаўся, што ўжываць гумовыя кулі дазволена толькі па нагах, руках. Але яны мэтанакіравана... Ужо на Акрэсьціна я бачыў кулі ў сьпінах, у жыватах, і я разумеў, што гэта рабілася сьвядома.

Ад сполаху я зразумеў, што ісьці назад на плошчу Мясьнікова я не магу, бо спыніліся гэтыя бусы, мікрааўтобусы. І атрымліваецца, што за мной таксама — гэты сквэр Адама Міцкевіча. І я забег, а там сьцены, вельмі высокія, Валадарка. Я бачыў, як людзі ад моцнага страху спрабавалі залезьці на сьцяну, бо ня ведалі, як схавацца.

А чаму я стаў хавацца — бо запусьцілі пярцовы газ і я адчуў, што пачынаю задыхацца і траціць прытомнасьць.

Я проста ўпаў у траву, адпоўз у бэзавы куст, скруціўся абаранкам. Я разумеў, што тут два варыянты: знойдуць ці ня знойдуць.

Празь нейкі час тыя вайскоўцы ўзялі ліхтарыкі. Гэта нагадвала нешта зь фільмаў пра Другую сусьветную вайну, як працавала гестапа, СС і падобныя. Яны пайшлі ўсярэдзіну сквэру. Гэта была жудасная карціна, бо яны зь ліхтарыкамі выгледжвалі і вылоўлівалі людзей, якія там схаваліся.

Я ляжаў у траве і чуў, як білі чалавека, вельмі моцна білі. І пасьля, я так разумею, ён ужо ня мог ісьці і яны яго валаклі. Берцы, я ляжу ў траве, і берцы за паўтара мэтра ідуць міма мяне, і ногі чалавека проста цягнуцца. Яны крычалі: «Мы вас пераб’ём, усіх змагароў!»

Мінуў нейкі час, і наступіла цішыня. І я стаў бачыць, што нейкія цені мільгаюць. Значыць, апроч мяне, былі яшчэ людзі, якія змаглі неяк схавацца. Бо гэта жудасная карціна была. Недзе ламіліся ў дзьверы кавярні, недзе званілі ў дамафон — усё, каб неяк схавацца.

Я вырашыў, што буду заставацца да самай раніцы. Але людзі сказалі, што тыя вернуцца і будуць рабіць зачысткі. Таму трэба сыходзіць. Я набраўся сьмеласьці, устаў, абтрос усю вопратку.

Крыкі мітынгоўцаў былі чуваць з боку Нямігі. Таму я не адважыўся туды ісьці і вырашыў ісьці вуліцаю Валадарскага наверх, да праспэкта. Якое было маё зьдзіўленьне, калі я выйшаў да галоўпаштамту, а там яшчэ разоў у дзесяць болей АМАПу. Я ад страху палез у заплечнік, дастаў нейкія дакумэнты, паперы свае і зрабіў выгляд, што я іх разглядаю. Зьняў зь сябе байку, каб не даваць ніякага сыгналу, што ў мяне прыкрыты твар ці нешта яшчэ. Я, наадварот, пастараўся цалкам разьняволіцца. Я нават наўмысна падышоў да міліцэйскага патруля і спытаўся, як мне быць у гэтай сытуацыі, ці магу я неяк выехаць у бок Уручча. Ён мне сказаў: рухайцеся ўздоўж праспэкта і там зможаце недзе ўзяць таксі.

І я спакойна рухаўся ад галоўпаштамта да самага цырка. Я іду ўздоўж праспэкта, вельмі шмат аўтазакаў туды-сюды езьдзіць. Увесь праспэкт быў разрэзаны на такія кавалкі — праз кожныя 200 мэтраў стаяў АМАП, ад аднаго боку пераразаў праспэкт да другога. І я праходзіў празь іх. Яны расступаліся, і я ішоў далей. І вось ужо калі я спусьціўся да скрыжаваньня Янкі Купалы і Незалежнасьці, там стаяў жоўты грамадзкі аўтобус і таксама была амапаўская загарода, я падышоў да міліцыянта і сказаў, што мне трэба ехаць у бок Уручча, не магу злавіць таксі, інтэрнэту няма. На што ён мне сказаў, што табе далей ужо нікуды ехаць ня трэба. І ўсё. Мяне пасадзілі ў жоўты аўтобус.

Там былі яшчэ іншыя людзі, у іх былі зьвязаныя рукі. Мне рук ня зьвязвалі. Яны пыталіся, ці ёсьць іншаземцы? І я асабіста чуў, што быў грамадзянін Турэччыны, грамадзянін Швайцарыі і яшчэ адзін Расейскай Фэдэрацыі.

Быў я там усяго пяць хвілін, бо да жоўтага аўтобуса пад’ехаў аўтазак. І яны сказалі: перабягайце ў аўтазак, прычым хутка. Бо кожная замінка — і адразу пачыналася дубіна. Я зразумеў, што ўжо ніхто ня будзе тлумачыць, пры якіх абставінах затрымалі. Размаўляць ня варта ўвогуле. Я зразумеў, што трэба выконваць тое, што табе кажуць. Таму я хутка забег у аўтазак. Яны спрабавалі мяне закінуць, але я пастараўся самастойна забегчы. Аўтазак уяўляў зь сябе, як многія ведаюць, вось гэтыя «стаканы». Мяне кінулі ў адзін са «стаканаў», нас было чатыры чалавекі, два хлопцы і грамадзянін Турцыі. Сесьці там усім немагчыма, таму адзін сядзеў, а трое стаялі.

Нядоўга стаяў аўтазак. Ён пачаў рухацца празь пяць-дзесяць хвілін. У праходзе аўтазака ляжала дзяўчына, бо я чуў жаночыя галасы. Яны яе білі нагамі і казалі такія рэчы, што «мы там пусьцім па кругу». Пасьля яны сказалі, што мы цяпер будзем забаўляцца, гэта было чуваць. Яны самі надзелі адгазьнікі, я так разумею, і пусьцілі газ.

Аўтазак паехаў, мы пачалі задыхацца. А са мной у гэтым «стакане» ехаў хлопец, у яго былі зламаныя рукі. Таму ён ня мог ні стаяць, ні неяк трымацца. Таму мы яго бралі за плечы, каб неяк зафіксаваць, бо аўтазак машына вялікая і, калі там на дарозе «ляжачы паліцэйскі», яна моцна трасецца.

Мы пачалі шукаць нейкія шчылінкі, дзірачкі, бо машына едзе і вецер, мы яго хапалі, каб хоць неяк дыхаць.

Ехалі мы нядоўга, напэўна, 30-40 хвілін. Я ніколі ня быў на Акрэсьціна і ня ведаў, як яно выглядае. Таму, нават трапіўшы туды, я ня ведаў, дзе я. Калі мы прыехалі, адчыніўся аўтазак і пражэктары такія яркія-яркія былі. І яны зрабілі калідор з амапаўцаў і сабак ад аўтазака да сьцяны. Сабакі брахалі вельмі моцна і станавіліся на заднія лапы. Нам трэба было нахіліцца, рукі за сьпінай, і бегчы да гэтай сьцяны.

Прыблізна гэта 20-30 мэтраў. І вось калі ты бяжыш, бачыш гэтае лясканьне зубоў, і праз аднаго ляцяць дубінкі, цябе б’юць у гэты момант. Да сьцяны трэба было вельмі хутка ўстаць на калені. Зь мяне зьдзерлі байку. Байку кінулі ў такі вазок, як у крамах, туды згружалі ўсе рэчы.

Мы сталі на калені, рукі трэба было падняць угору. Яны адразу спыталі, ці ёсьць іншаземцы? І вось гэтага турка, ён стаяў справа ад мяне, яны яго за каршэнь і адцягнулі.

Кожныя 10-15 хвілін прыяжджалі машыны, выгружалі людзей. Таму нам трэба было рухацца ўздоўж сьцяны вельмі хутка. У мужчыны зьлева ад мяне пачалася гістэрыка, ён плакаў, ня мог супакоіцца, і за гэта яго білі. Многія гублялі сланцы, і відаць было, што людзі там хто без абутку, хто бяз майкі, хто ў адных трусах стаялі. І калі мы рухаліся ўздоўж гэтай сьцяны, на сьцяне відаць былі плямы крыві. У людзей былі расьсечаныя галовы, насы.

Я стопрацэнтна сьцьвярджаю, што ўся гэтая жорсткасьць, якая была, яна плянавалася. Бо калі мы стаялі каля сьцяны, нам крычалі, што Ціханоўская зьехала, Цапкала зьехала. «Наглядзеліся сваіх тэлеграмаў? Мала свабоды? Мы вам гэтую свабоду пакажам». А я шчыра кажу, што тэлеграм-канал «Нехта» я ня ведаў. Даведаўся, толькі ўжо выйшаўшы з Жодзіна.

Аляксей Новік

Я сам заканчваў юрыдычны факультэт БДУ, магістратуру і сам пісаў дысэртацыю на юрфаку і прадбачыў сваю добрую будучыню. Дысэртацыю пісаў пры навукова-дасьледчым цэнтры пракуратуры і хацеў далей ісьці ў пракуратуру, працаваць. Але заўсёды задаваўся пытаньнем, чаму на першым курсе ў першы сэмэстар паставілі канстытуцыйнае права. Мы яшчэ такія, ну разумееце — 11 кляса і першы курс адразу, яшчэ і не студэнты, так скажам. Ужо ў магістратуры я зразумеў, што самыя такія пытаньні, як аб’яўленьне імпічмэнту, перавыбраньне, перагляд, як уладкаваная судовая сыстэма, заканадаўчая, выканаўчая — гэта трэба «праехаць» вельмі хутка, каб не запаміналася, не высьпявала і гэтак далей. І з 2005 году ў мяне пазыцыя: я ня веру дзейнай уладзе, і так, праваахоўныя органы так дзейнічаюць і дзейнічалі заўсёды.

З майго курсу, з майго патоку я ня ведаю ніводнага, хто працуе ў праваахоўных органах. Сваякі ёсьць. Але лёс аднаго сваяка закончыўся тым, што спачатку яму павесілі мэдаль у Палацы Незалежнасьці, а пасьля пасадзілі на два гады хатняга арышту. Ён у сьледчых працаваў.

Праведзена вялікая праца начальствам праваахоўных органаў. Бо ад АМАПу было толькі адно пытаньне: «Колькі вам заплацілі, на каго вы працуеце?» Адзін сказаў: «Нам яшчэ трэба вылавіць тры тысячы ўкраінцаў, якія бегаюць недзе там па лясах, па балотах». Гэта значыць, праваахоўныя органы і дзейная ўлада былі гатовыя, што выбары ідуць не паводле іх сцэнару. Улада разумела, што яна прайграе на гэтых выбарах, і таму рыхтаваліся ад самага пачатку да жорсткага задушэньня гэтых мітынгаў. Гэта цяпер у інфармацыйных крыніцах мы чытаем, што некаторыя супрацоўнікі праваахоўных органаў расказваюць, што яшчэ ў чэрвені іх рыхтавалі, расказвалі, што «прыйдуць новыя — і вас усіх павесяць на дрэвах». Вывозілі ў палі, падпальвалі пакрышкі, дзялілі на сваіх і на мітынгоўцаў і адпрацоўвалі гэта ўсё. Адпаведна, да 9–11 жніўня яны былі гатовыя.

Ці гатовы я дараваць? Павінны ўва мне быць нейкія трыгеры, каб я мог дараваць. Але я не знаходжу гэтага ў сабе. І калі я скажу, што гатовы дараваць, то я падману самога сябе. Я за тое, каб быў справядлівы суд; каб гэта не было масава, каб гэта было вельмі дыфэрэнцавана і тонка. Чаму? Бо калі нас перавозілі зь ЦІП на Акрэсьціна ў Жодзіна, адзін з амапаўцаў заступіўся за мяне. Таму што калі іншы амапавец даведаўся, што я праграміст (я, шчыра кажучы, не разумею, чаму яны ад гэтага зьвярэюць), ён мяне схапіў за шыю, пачаў біць у жывот, па вушах, па галаве. І другі амапавец яго адцягнуў«.

«Белсат»

«Яны абрэзалі мне валасы і загадалі іх жэрці»

Аляксей Курачоў, 20 гадоў, студэнт:

Аляксей Курачоў

«12 жніўня я быў дома ў бацькоў дзяўчыны і ў пэўны час вырашыў вяртацца дадому. Бачу — ідзе працэсія пратэстоўцаў. Я падумаў, што не магу не паглядзець на такую выдатную праяву.

Пайшоў зь імі. Мы прайшлі недалёка ад Камароўкі, павярнулі, абышлі раён. Акцыя насіла выключна мірны характар, і ўсё, што там было — песьні, анэкдоты — карацей, весялосьць рознага пляну бязь нейкай шкоды дзяржаве або каму-небудзь зь людзей. У нейкі момант прыяжджае раварыст, таксама з гэтай працэсіі, і кажа, што сюды едуць аўтазакі. Людзі паціху пачынаюць разыходзіцца хто куды.

Я таксама вырашыў канчаткова на сёньня — я вельмі стаміўся тады — што пайду дадому. Ну, і ў нейкі момант бачу: бяжыць калёна людзей праз гэтыя двары, і за імі ідзе нейкая дзяўчынка. Я некалькі разоў спытаў у дзяўчынкі: «Там міліцыя?» Яна маўчыць. І тут ззаду на мяне накідваецца нейкі чалавек. Адзінае, што я пра яго памятаю, гэта яго шэрая кофта. Ён быў досыць моцны, загадаў мне: «Рукі за сьпіну». Я заклаў рукі за сьпіну, ён перацягнуў мне рукі, нагнуў нізка і вядзе. З-за дома, які побач, выбеглі тры цалкам экіпаваныя амапаўцы, мне прыляцела па твары берцамі. Потым астатнія двое пачалі мяне біць дубінамі. Я кажу: «Хлопцы, я не супраціўляюся». Яшчэ пару ўдараў яны нанесьлі, падхапілі пад рукі. З дамоў крычаць: Што вы робіце? Амапаўцы адказваюць: Ды яны хутка будуць вам «кактэйлі Молатава» ў вокны кідаць. А людзі кажуць: Пра што гаворка, якія «кактэйлі Молатава»? Але яны бачаць мой целасклад і бачаць цалкам экіпаваных агрэсіўных амапаўцаў — ну, вядома, гэта досыць маляўніча ілюстравала абсурднасьць іх словаў.

Карацей, мяне закінулі ў аўтазак. Там 8–10 чалавек сядзіць цалкам экіпаваных амапаўцаў, мяне называюць «підарам» і садзяць на калені. Адразаюць мне валасы ці то брытвай, ці то нажом, я ня ведаю, але гэта было па адчуваньнях: нацягнулі валасы і нечым іх адрэзалі. Сказалі: «Мордай у падлогу». Я лёг, мяне пачынаюць біць ужо па азадку, па нагах. Кажуць: «Жары валасы». Я маўчу, яны кажуць: «Жары валасы», я маўчу. Яны кажуць: «Складай валасы ў кішэню». Я склаў валасы ў кішэню. Яны забіраюць у мяне тэлефон, працягваюць мяне біць. Я спрабую закрывацца, але яны рукі мае фіксуюць, проста б’юць і б’юць па тых самых месцах. Задаюць пытаньні нейкія, кшталту: «Хто табе заплаціў?» Я кажу: «Мне ніхто не заплаціў». Яны кажуць: «Хто твой каардынатар?» Я кажу: «У мяне наогул няма ніякага каардынатара, я толькі чытаю тэлеграм-каналы».

Аляксей Курачоў у шпіталі хуткай мэдычнай дапамогі ў Менску. Фота: Вадзім Заміроўскі, TUT. BY

Адзін з гэтых амапаўцаў у гэты час гартае мой тэлефон — я ня ведаю, як ён яго разблякаваў, як ён разблякаваў мой тэлеграм, але ён нейкім чынам гэта зрабіў і кажа: «Ты мяне ўсё больш і больш злуеш». Я пытаю: «Чаму?» Ён кажа: «Ты чаму пішаш свайму сябру такое паведамленьне підарскае?» А я яму напісаў: «Дабранач, братка». Адзін з гэтых супрацоўнікаў дастаў дубіну і зафіксаваў яе ў мяне паміж ягадзіцамі, кажа: «Хочаш, мы зь цябе зараз пеўніка зробім?» Я кажу: «Не хачу». Іншыя б’юць. Гэта чаргуецца з падобнымі пытаньнямі пра тое, колькі мне заплацілі — гэта ў іх самая галоўная такая ідэя, што мне нехта заплаціў грошы.

Потым яны ў мяне спыталі, дзе я вучуся, дзе працую, што скончыў. Я ім усё гэта расказаў. Яны задаюць пытаньні, потым пачынаюць біць. Б’юць-б’юць-б’юць, потым у нейкі момант спыняюцца, задаюць пытаньні, адказваю, б’юць-б’юць-б’юць. Сказалі прасьпяваць гімн рэспублікі. Я прасьпяваў. Выявілася, што я ня ведаю другі куплет. У нас рэжым мала хто любіць, чалавек у гэтай ідэалёгіі ня ўдзельнічае, то бок дзяржава для многіх чыста фармальная. Многія перастаюць неяк сябе зь ёю асацыяваць, я сябе абсалютна зь ёю не асацыюю. Але я дакладна ведаю, што мая радзіма — гэта Беларусь, але канкрэтна з дадзеным рэжымам, дзяржавай я сябе ніколькі не асацыюю. І ў сувязі з гэтым не лічу патрэбным зьвяртаць увагу на такія атрыбуты, як гімн. Ім вельмі гэта не спадабалася, і яны за гэта мне асобна выдалі як сьлед. І яны б’юць па тых самых месцах, яны ведаюць, па якіх месцах ужо білі, гэта вельмі балюча, проста невыносна балюча. Ну, паралельна неяк зьдзекуюцца — нагамі твар прыціскаюць — усякае такое. Мы прыблізна хвілін 40 вандравалі ў аўтазаку ў такім рэжыме.

Мы кудысьці прыяжджаем. У аўтазак заходзіць чалавек у балаклаве, кажа: «Расказвай усю праўду, усё як ёсьць. Калі будзеш нешта хлусіць, я цябе пакіну сам-насам з гэтымі джэнтльмэнамі. Хто табе заплаціў грошы? Хто твой каардынатар?» Я кажу: «Мне ніхто грошай ніякіх не плаціў. Я чытаю тэлеграм-каналы, каардынатара ў мяне такога, якога я магу расказаць, наогул няма. Такіх каардынатараў не існуе ў прыродзе».

Пасьля гэтага мяне з аўтазака выкінулі і падхапілі адзін спэцназавец і адзін амапавец. Тое, што гэта спэцназавец, я зразумеў, калі расказваў гэта свайму адвакату. Я яму апісаў яго форму, ён сказаў, што гэта спэцназ быў. Гэты спэцназавец мне даў у вуха, ён мне сказаў, што мяне расстраляюць. Я першы раз яму нічога не адказаў, і пасьля гэтага ён мне празь нейкі час даў у вуха, і пасьля гэтага ў мяне маўленьне парушылася. Я пачаў мармытаць. Я спрабаваў нешта сказаць, у мяне не выходзіла нічога. Я вымаўляў словы, але неяк вось так, у такім духу.

Гэтыя двое мяне падвялі да афiцэраў, тыя пытаюцца: «Расказвай усё ад свайго нараджэньня, што рабіў, як тут апынуўся». Я ім кажу: «Я вам раскажу ад сёньняшняга вечара». Апісаў ім усю тую самую гісторыю, як апынуўся тут. Яны пытаюцца: «Ён што, пад наркатой?» А амапавец кажа: «Так, ён пад наркатой, нейкія вочы ў яго, калі мы яго злавілі, былі шкляныя». Хоць пра гэта ніякай гаворкі не ішло дагэтуль. Яны адзін у адным падтрымліваюць вось гэтую ідэю, што яны ловяць наркаманаў, праплачаных. Яны адзін у адным, ня ведаю, сьвядома ці несьвядома, але падтрымліваюць гэтую ідэю — салідарныя ў тым, што сапраўды ўсе там наркаманы. Хоць я так нешта мармытаў пасьля таго ўдару спэцназаўца ў вуха.

Далей мяне зноў яны падхапілі, спэцназавец і амапавец, якія мяне туды прывялі. І спэцназавец загаварыў гэтую сваю любімую пагрозу, што мяне расстраляюць. Я кажу: «Не расстрэльвайце мяне». Ён кажа: «Цябе па законе расстраляюць, мы цябе расстрэльваць ня будзем». Пасьля гэтага амапавец сказаў, што гэта былі яшчэ кветачкі — тое, што ў мяне было ў аўтазаку. Але гэта кветачкамі цяжка назваць.

Уздоўж дарогі стаяў аўтазак, таксама крыху перад ім — іншы аўтазак, а ўздоўж іх — гэта значыць паміж мордай аднаго аўтазака і задам другога — яшчэ аўтазак, ён дзьвярыма стаіць. І мне амапавец кажа: «Табе зараз дастанецца, як гэтаму тоўстаму». Я чую адтуль крыкі чалавека. Яны мяне закідваюць у гэты аўтазак, там мяне піхаюць у канец аўтазака, а ў гэтым часе некалькі цалкам экіпаваных амапаўцаў зьбіваюць гэтага чалавека. Яму прыблізна гады 22, напэўна, можа, 20. Яго б’юць-б’юць-б’юць, проста малоцяць, часам задаюць пытаньні кшталту: «Які пароль ад тэлефона?» Потым б’юць, пытаюцца: «Дзе ты працуеш?» Ён кажа: «Працую там і там». Яго месяць-месяць-месяць. І ён празь нейкі час гэтага зьбіцьця кажа: «Мужыкі, я ўжо крычаць не магу». А яму кажуць: «Не крычы, значыць». І працягваюць яго біць. Я ня ведаю, нейкі час яго яшчэ ў такім рэжыме зьбівалі, потым выкінулі з аўтазака. Пасьля чаго да мяне падыходзіць амапавец, б’е мне берцамі па твары, загадвае: «Мордай у падлогу».

Я так зразумеў, што гэта быў катавальны аўтазак. У гэтым аўтазаку ад мяне ўжо нічога не хацелі — ні даведацца, дзе мой каардынатар, ні храна. Яны менавіта проста зьбівалі. Ну проста паклалі мяне і пачалі некалькі чалавек мяне біць па тых самых месцах, па якіх мяне білі яшчэ ў першым аўтазаку. Боль невыносны, я пачаў крычаць, пачаў выгінацца. Ну і паралельна мой крык перадражніваў адзін малады амапавец, тыпу: «Так-так». Гэта сьведчыць аб тым, што чалавек чагосьці не разумее, адназначна чагосьці не разумее. Ну і мяне так зьбіваюць нейкі час, я крычу. Ніякага дыялёгу, нічога ім ужо ад мяне ня трэба, гэта значыць было чыстае катаваньне. Проста катаваньне, я ня ведаю, зь якой мэтай. Але гэта мэтанакіравана стаяў катавальны аўтазак, па яго разьмяшчэньні, па тым, што там рабілася, можна было зразумець, што ён менавіта для гэтых мэтаў — для катаваньняў і зьбіцьця.

Цяпер я разумею, што яны ў прынцыпе і забіць могуць. Яны могуць выпадкова забіць. Мяне перасталі біць, калі я ўжо перастаў крычаць: я сэкундаў 10, можа, не крычаў, яны мяне працягвалі зьбіваць. І я чуў гісторыю, калі яны дубінамі па галаве білі некалькі разоў. Іх ніхто не кантралюе, а іх дурасьці і злосьці хопіць для таго, каб чалавека забіць«.

«Граната трапіла ў грудзі, аскепак прайшоў празь лёгкае»

Аліна, жонка 30-гадовага Рамана Зайцава:

«9 жніўня ён пайшоў на мітынг са сваімі сябрамі, а раніцай апынуўся ў рэанімацыі. Проста ў грудзі прыляцела сьвятлашумавая граната, а яе аскепак працяў скуру і моцна зачапіў лёгкае. На шчасьце, цяпер Раман ужо ачуўся і настроены на папраўку.

Раман Зайцаў зь сям’ёй, фота onliner.by

Усе папярэднія дні я была побач з мужам у Менску. Цяпер прыйшлося на некалькі дзён зьехаць дадому, у Горкі. Тое, што Раман прыйшоў у прытомнасьць, лекары называюць цудам.

Са словаў мэдыкаў, яго стан здавальняючы. Рома ўжо можа есьці, крыху гаворыць і сядзіць. Нам давалі мінімальны шанец на ачуньваньне.

Мы жывем у Горках, але ў сталіцы Рома зарэгістраваны як ІП, тут ён працуе. Таму цалкам лягічна, што ён мог апынуцца на вячэрнім мітынгу ў Менску. Разам зь сябрамі ён вырашыў выйсьці на мірны пратэст і паглядзець, што адбываецца на вуліцах.

Раман Зайцаў, фота onliner.by

Ён быў далёка ў натоўпе — дакладна не наперадзе ўсіх. Калі да людзей пачалі падвозіць вадамёты, ён зразумеў, што пара сыходзіць. Рушыў наперад, каб забраць сваіх таварышаў. У гэты момант яму ў грудзі прыляцела сьвятлашумавая граната.

Рому экстрана шпіталізавалі, зрабілі апэрацыю і паклалі на ШВЛ. Да таго ж аказалася, што яму разарвала фалангі двух пальцаў на руцэ, а сам ён атрымаў чэрапна-мазгавую траўму другой ступені.

Ірваныя раны яму ўжо зашылі, апёкі загояцца — ёсьць магчымасьць усё гэта выправіць хірургічна. Самае балючае пытаньне датычыцца лёгкага: яго вельмі моцна закранула. Цяпер на грудзях у Ромы дзіркі, яны не зарастуць, яму давядзецца рабіць перасадку скуры.

Раман Зайцаў, фота onliner.by

Пра тое, што ён паранены і знаходзіцца ў вайсковым шпіталі, я даведалася ад сястры з Чэхіі. Інтэрнэт у Беларусі не працаваў, і мне расказалі па тэлефоне. Сястра ўбачыла фатаздымак Ромы ў сацсетках. Яна да канца не была ўпэўненая, што гэта ён, — спадзявалася, што на здымку нехта іншы. Спытала ў мяне, дзе Рома. Я сказала, што ён плянаваў быць дома. Яна ж дадала, што ў камэнтарах ужо пачалі пісаць: на фота — Раман Зайцаў. Пад фота былі згаданыя кантакты лякарні. Я набрала нумар — і мне пацьвердзілі: муж знаходзіцца на апэрацыі.

Пакуль Раман быў у рэанімацыі, нікога са сваякоў да яго не пускалі. У мяне быў абсалютны шок і нявера ў тое, што адбылося.

Разумееце, у нас двое дзяцей: сыну пяць, а дачцэ няма і годзіка, і ў мяне нават не было сіл імі займацца. Я ня бачыла ўсе гэтыя фатаздымкі і не магла паверыць, што гэта адбылося з намі. Незнаёмыя людзі адразу сталі прапаноўваць нам збор грошай, а я проста хацела, каб нас не чапалі, пакуль ня высьветліцца сытуацыя. Мне здавалася, што сьвет паваліўся і сэнсу існаваць ужо няма. Так, нават нягледзячы на тое, што ў мяне двое дзяцей.

Раман Зайцаў, фота onliner.by

Калі Раману стала лепш і ён змог расплюшчыць вочы, яго перавялі ў хірургію. На наступны дзень ён папрасіў тэлефон і сам патэлефанаваў мне. Ён вельмі ціха і слаба казаў. Сказаў: «Здароў, гэта я». Вельмі перажывае за нас, паўтарае, што вельмі нас любіць. Ну ён жа не вінаваты, што ўсё так атрымалася... Рома пайшоў, як і іншыя людзі, на мірны мітынг — пасьвяціць ліхтарыкам і выказаць сваю пазыцыю. Ніхто ня ведаў, што гэта акалічнасьць пераверне ўсё наша жыцьцё.

Пакуль лекары не даюць ніякіх прагнозаў наконт будучыні Рамана. «Жыць будзе, калекам не застанецца», — вось іх словы, якія дораць мне вялікую надзею.

Раман Зайцаў з жонкай Алінай, фота onliner.by

Сёньня я стэлефанавалася з доктарам, які яго лечыць, але мне нічога выразнага не паведамілі. Людзі працягваюць зьбіраць нам грошы на рэабілітацыю. Зразумела, што пад гэтым словам маюцца на ўвазе ня простыя фізпрацэдуры. У нас будзе вельмі доўгі шлях аднаўленьня — хлопец малады, яму трэба жыць і ўтрымліваць сям’ю. Разумееце, я сем гадоў проста жыла «за мужам» — нават самыя элемэнтарныя пытаньні вырашаў ён.

Дагэтуль не разумею, чаму супраць натоўпу было вырашана ўжыць сьвятлашумавыя гранаты. Так робяць толькі ў вайну: «Ну падумаеш, пару чалавек пацярпелі». А як далей будзе жыць гэты чалавек і яго сям’я, нікога не хвалюе. Але ж так быць не павінна! Калі я вяртаюся дадому з палаты Рамана, мяне вельмі моцна накрывае. Я плачу, зьбіраю волю ў кулак і іду далей. А што яшчэ мне застаецца рабіць?«

onliner.by

«Між сабой яны выхваляліся, што для іх забава — гвалціць затрыманых дзяўчат»

Алег Сьвістун, 46 гадоў, генэральны дырэктар швэдзкай кампаніі Silver energy (Вялікі Камень), Менск:

Алег Сьвістун

«Хачу паказаць вам фрагмэнт майго цела. Гэта тое, што засталося ад пабояў, учыненых з 9 да 10 жніўня, на дзясяты дзень (сёньня 20 жніўня).

Каля Палацу спорту мы сутыкнуліся з АМАПам і ўнутранымі войскамі. Нас тады ўжо разагналі і частка людзей перамясьцілася ў раён вуліцы Багдановіча, была ўжо поўнач. Яны пашыхавалася: калёна спэцвойскаў, бранятэхнікі, вадамётаў, ужывалі ўдушлівы, паралітычны газ, разрыўныя сьветлавыя гранаты, магутныя шумавыя гранаты і пачалі ўжываць агрэсію да мірных людзей.

Калі здарылася замірэньне так званае, я выйшаў да гэтых шчытоў абсалютна адзін, падняўшы рукі ўгору, паказваючы, што ня маю ніякай агрэсіі, проста хацеў спыніць усё гэтае бясчынства. І кажу: «Вы проста паглядзіце, што адбываецца перад вамі. Вашы дзеці, бацькі, сёстры, браты... Вы нявечыце мірны народ, такі, як і вы». І папрасіў, каб выйшаў іхны камандзір.

Пасьля гэтага недзе праз хвіліну шчыты расступіліся і група захопу з чатырох чалавек мяне схапіла і зацягнула да сябе туды ў тыл. Пасьля гэтага пяць ці восем амапаўцаў павалілі мяне на дол і пачалі біць. Недзе на працягу пяці хвілін зьбівалі дубінкамі, ботамі па галаве, па целе. Далей закінулі ў аўтазак, дзе два амапаўцы дубінкамі сваю справу давяршылі.

Нас прывезьлі на Акрэсьціна. І калі мы выходзілі, ужо стаяў шэраг з двух радоў амапаўцаў з дубінкамі, і нас праганялі праз гэты шэраг. І кожны стараўся як мага больш балюча ўдарыць, прычым не шкадавалі ні дзяўчат, ні хлопцаў.

У камэры нас было 23 чалавекі прыкладна на 16і мэтрах. Празь пяць хвілін адчыняецца невялікае вакно ў дзьвярах для прыёму ежы, і празь яго нам упырскваюць удушлівы газ. Маючы пэўны досьвед, я сказаў людзям, каб хутка мачылі кашулі, майкі і затулялі твар. Ты задыхаесься, ванітуе, і такое адчуваньне, што ўсе вантробы праз рот выскачаць. Гэта ўсё працягвалася дзьве гадзіны. Пік быў, калі нас у камэры было 43 чалавекі. І прыпадкі эпілепсіі, і страты прытомнасьці. Вельмі шмат людзей не вытрымлівалі такога жорсткага абыходжаньня. Былі там і мэдыкі, у гэтым ІЧУ, якія пасьля нам казалі, што хацелі аказаць нам дапамогу, але ім проста не давалі гэтага зрабіць.

Алег Сьвістун, пабоі

Асабіста я бачыў мяхі цёмныя, якія выносілі. Я не магу сьцьвярджаць, бо ня бачыў зьмесьціва гэтых мяхоў, але вельмі было падобна, што там маглі быць палеглыя. І тыя калецтвы, што я бачыў, яны былі надзвычай цяжкія, гэта было відаць адразу.

Я там прабыў чатыры дні, і на пяты дзень адчыняюцца дзьверы, нас выводзяць у калідор, заходзіць мужчына, які прадстаўляецца намесьнікам міністра ўнутраных справаў Барсуковым і грае нейкі свой спэктакль: дае слова афіцэра, што празь дзьве гадзіны нас выпусьцяць.

З 10 на 11 я знаходзіўся ў камэры над гэтым карным дворыкам, куды з аўтазакаў прыводзілі людзей, дзе іх ставілі на калені і білі доўгі час, пасьля зьмяшчалі ў прагулачныя дворыкі ІВС. Дык тая жорсткасьць, зь якой амапаўцы білі гэтых людзей, абыякавасьць супрацоўнікаў, якія ўсё гэта бачылі і сьмяяліся з гэтага, — гэта ўсё проста ўражвала. Было адчуваньне, што я ўвогуле на нейкай іншай плянэце, у нейкім вельмі злым сьвеце. Пра Беларусь я ўвогуле ня мог падумаць, што ў нас такое магчымае. Тое, што яны ў калідоры размаўлялі, не саромеліся, што для іх было забавай гвалтаваць затрыманых дзяўчат, гэта, вядома, жахліва.

Два дні людзі былі без харчаваньня. На трэці дзень бохан хлеба на 20-30 чалавек — гэта лічылася нормай.

У дворыку на 30 квадратных мэтрах умудраліся ўтрымліваць да 140 чалавек на працягу 24-27 гадзін. Не давалі ні вады, ні схадзіць у прыбіральні. Выдавалі плястыкавыя бутэлькі для таго, каб чалавек мог справіць патрэбу".

ІНШЫЯ СЬВЕДЧАНЬНІ

https://www.svaboda.org/a/30837969.html


Последние новости