haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Политика

03.01.2016 14:55

196 просмотров

0 комментариев

Антыгероі 2020 года — чальцы выбарчых камісій

Адыходзіць у гісторыю 2020 год, які даў беларусам прамень надзеі на перамены. Гэты год паказаў шмат прыкладаў надзеі на перамены і зафіксаваў новы стан грамадства.

Увесь свет вось ужо пяты месяц назірае за падзеямі ў нашай краіне, якія пачалі разгортвацца пасля 9 жніўня. Мірны пратэст і жорсткае, гвалтоўнае яго падаўленне сілавікамі з пыткамі пратэстоўцаў у месцах затрымання. Ігнараванне кіраўніком краіны патрабаванняў беларускага народу і шалёная атака на нацыянальныя колеры і сімвалы Беларусі. Прыдумванне новых больш жорсткіх і антыгуманных пакаранняў для нязгодных з хлуснёй і прысваеннем улады.

Мужнасць мірных пратэстоўцаў Беларусі выклікала захапленне ў дэмакратычным свеце. Еўрапейскі Саюз уручыў прэмію Сахарава за 2020 год прадстаўнікам беларускай апазіцыі на чале са Святланай Ціханоўскай. Гэтым дэ-факта прызнана жаданне беларусаў быць вольнымі людзьмі на сваёй зямлі і магчымасць лічыцца еўрапейцамі, а ў перспектыве далучыцца да Еўрапейскага Звязу.

За гэтымі месяцамі змагання за праўду і свабоду, за месяцамі рэпрэсій супраць тысяч удзельнікаў пратэстаў, якія гераічна адстойваюць свой выбар, паволі знікла першапрычына гэтых пратэстаў — фальсіфікацыя выбараў, тое што выклікала абурэнне нашых грамадзян.

Менавіта 9 жніўня участковыя камісіі ў большасці сваёй сфальсіфіцыравалі вынікі падліку галасоў прэзідэнскай кампаніі. Гэта нашы суседзі, вядомыя нам супрацоўнікі райвыканкамаў, работнікі адукацыі, культуры і прадпрыемстваў і г.д. , якіх вылучылі розныя праўладныя арганізацыі, напісалі тыя лічбы, якія ім загадалі напісаць. Потым раённыя, гарадскія, абласныя камісіі зацвердзілі непраўдзівыя вынікі галасавання. Цэнтрвыбаркам жа на чале з нязменнай Лідзіяй Ярмошынай паведаміў, што Аляксандр Лукашэна атрымаў больш 80% галасоў. Між тым па ўсіх апытаннях і ацэнках, як мінімум, калі б участковыя камісіі лічылі галасы, а вышэйстаячыя камісіі аб’ектыўна разглядалі пратаколы, то мусіў быць другі тур галасавання. Толькі не для аб’ектыўнага падвядзення вынікаў галасавання яны ствараліся. Ды і колькасць назіральнікаў абмежавалі заднім ходам да пяці, калі кампанія была ўжо на фінішы, а ў першую пяцёрку назіральнікаў на ўчастках запісаліся праўладныя асобы.

Так было і ў Гарадку. Толькі на Гагарынскім участку Святлане Ціханоўскай налічылі рэальна 360 галасоў выбаршчыкаў, бо тут была прадстаўніца Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Таццяна Гаравая. Пры гэтым у асноўны дзень Ціханоўская перамагла кіраўніка краіны, атрымаўшы 54,1%. На суседнім жа Зарэчанскім участку ў СШ № 2 ёй напісалі толькі — 40. Як і далей амаль ва ўсіх камісіях. У выніку за Лукашэнку па раёну запісалі 12906 галасоў — 88,8%.

Праблема ж палягала ў тым, што па традыцыі ўсіх кампаній мінулага дзесяцігоддзя члены камісіі не лічаць галасы, а толькі сарціруюць бюлетэні. Высокі гонар падліку яны, насуперак рашэнню Цэнтрвыбаркама, ускладаюць на старшыню і сакратара. Вось так рэальна адкрываецца шлях для маніпуляцыі волевыяўленнем беларусаў.

Між тым па правілах захавання пярвічных бюлетэняў ад участковых камісій яшчэ не прайшло 6 месяцаў. І калі б улада мела праўду пра сваю перамогу, то яна магла б публічна з удзелам грамадскасці яшчэ ў жніўні пералічыць усе бюлетэні. Толькі такой праўды ў яе няма. Таму і працягваецца здзек з беларускага народу ў якога адабралі права выбару.

І адказны за гэта тыя члены ўчастковых камісій, нашы з вамі суседзі, якія без сумлення аддалі стосы бюлетэняў старшыні і сакратару камісіі, каб тыя «палічылі»... на калькулятары. Так аднойчы мне заявіла адна старшыня камісіі, якая да гэтага часу старшынствуе на ёй.

Ці навучыць нашых антыгерояў кроў і слёзы 2020 году, якія палілі беларускую зямлю — вялікае пытанне.

Як казаў наш класік Анатоль Вярцінскі: "Ад велічы да ганьбы — адзін крок"

Леанід Гаравы

Последние новости