haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Политика

27.03.2021 20:49

327 просмотров

0 комментариев

Пераможца спаборніцтва сярод жывёлаводаў Злучаных Штатаў Амерыкі

Ці чулі вы калі-небудзь такі выраз: «Пераможца спаборніцтваў сярод жывёлаводаў» ЗША ці Германіі? Такое пытанне задае Георгій Станкевіч, які пражывае ў вёсцы Старыя Ранчыцы Бешанковіцкага раёна і дзеліцца сваімі думкамі на сайце http://beshankovichy.by

З афіцыйных крыніцаў: «По итогам работы в 2020 году 85 лучших животноводов Витебской области награждены почетными грамотами и благодарностями.»

Дык ці чулі вы калі-небудзь такі выраз: «Пераможца спаборніцтваў сярод жывёлаводаў» ЗША ці Германіі?

Некалі ў сваім юнацтве я працаваў у Нямеччыне ў аднаго фермера. І магу вам аўтарытэтна заявіць, што ні разу не чуў ад яго пра нейкія «спаборніцтвы» сярод жывёлаводаў Германіі. Такое там проста немагчыма, а чаму так, мы паспрабуем разабрацца.

У былым Савецкім Саюзе і сённяшняй Беларусі чыноўнікаў — хоць гаць гаці. Іхні любімы занятак такі: падлічваць, ці шмат сяляне-калгаснікі накасілі, надаілі, намалацілі. Каб тады прыехаць на поле ці на ферму і «пераможцу» даць прэмію — дадатак да мізэрнага заробка, які значна ніжэйшы за чыноўніцкія аклады.

У Германіі ўсё не так. Там няма арміі чыноўнікаў, якія б паразітавалі на фермерах. Няма і арміі ідэалагічных работнікаў «давай-давай!», якія б тлумачылі «правільны» курс Ангелы Меркель. За 4 месяцы, што я працаваў у фермера, на ягоную ферму, дзе было больш за 1000 галоў свіней, завітвалі выключна тыя, каго ён сам запрашаў: выключна пастаўнікі кармоў і ветэрынары. Аніводнага начальніка з ліку тых, хто забяспечвае «продовольственную безопасность Германии» там ніколі не было.

Проста ў дасканалай сістэме сельскай гаспадаркі Германіі няма тых, хто б на дзяржаўным аўтамабілі за дзяржаўны аклад, які значна вышэйшы за заробак фермера, прыязджаў да таго фермера і вучыў яго, як яму трэба «правільна» працаваць.

Тое не дзіва, што сам фермер не мае патрэбы ў аніякіх падачках з барскага стала. Так, ён шмат працуе, але ніяк не больш за нашых механізатараў і жывёлаводаў. Але ж заробкі ў Беларусі і Германіі непараўнальныя: нават наёмны работнік зарабляе ў Германіі штодзень не менш за 100 еўра. Ды што заробкі — лад жыцця і ягоны ўзровень у Нямеччыне вышэйшы на парадак.

У гады вайны мой бацька правёў у нямецкай няволі тры гады. Падчас свайго наведвання Германіі ў 1991-м я знайшоў сям’ю, дзе ён працаваў. У 1993-м годзе мы з бацькам гасцявалі ў той сям’і цэлы тыдзень. Бацька быў уражаны, як перамянілася Германія ў лепшы бок.

У той вёсцы, дзе ён быў падчас вайны, праз 50 гадоў не было дамоў, якія б мелі непрывабны выгляд. Каля кожнай хаты ўсё выбрукавана, стаяць два-тры аўтамабілі, зразумела, не патрыманыя. Усе дарогі, нават палявыя, у немцаў асфальтаваныя.

Узгадваю, як аднойчы за сталом бацька прамовіў немцам такія словы: «Мы вас калі-небудзь дагонім, мо гадоў праз 100.»

Праз амаль 30 гадоў, што мінулі з таго часу, аніякіх зрухаў у лепшы бок у Беларусі не адбылося. Усе тыя ж лядашчыя хаты, усё тыя ж дарогі, усё тыя ж пераможцы спаборніцтваў. Мусіць, усё ж мы іх не дагонім. Бо бяжым зусім у іншы бок.

Г.Станкевіч, фота з сайта https://vitvesti.by/obshestvo/v-vitebske-chestvovali-luchshikh-zhivotnovodov-oblasti.html


Последние новости