Але ўлада, паперабіраўшы, выносіла аднолькавы негалосны вердыкт — не годны. Ну не адшукваўся ў Беларусі пісьменнік, які адпавядаў бы і талентам сваім, і грамадзянскай пазіцыяй патрабаванням улады.
І вось нешта ў лесе здохла — пісьменнік такі нарэшце знайшоўся. Як знаходзіцца сякера пад лавай. Бо шукаць Мікалая Чаргінца — а ён і займеў доўгачаканае званне — асаблівай патрэбы не было. Мікалай Іванавіч заўсёды, што называецца, пад рукой — і ў Савеце Рэспублікі засядаў, і дзяржкамісіяй па маралі кіраваў, і прыўладным Саюзам пісьменнікам да апошняга часу руліў.
Трэба прызнаць, што сярод сваіх васямнаццаці папярэднікаў — народных пісьменнікаў і паэтаў — ён наўрад ці будзе прыняты да агульнага гурта. Справа ў тым, што новы народны за ўсё жыццё не напісаў ніводнага твора на роднай мове беларускага народа, ён на ёй нават двух слоў звязаць не можа (прынамсі, у публічнай прасторы беларускай мовай ніколі не карыстаўся). То ад імя якога народа Мікалай Чаргінец сабраўся выступаць? Якіх культурных каштоўнасцяў быць глашатаем? І ў каго паднімецца рука паставіць на адну паліцу чаргінцоўскія міліцэйскія дэтэктывы і, напрыклад, «Людзі на балоце» Івана Мележа ці «Знак бяды» Васіля Быкава?
А ставіць у пэўных сітуацыях прыйдзецца — званне абавязвае. І тут можна толькі пашкадаваць тых жа школьных бібліятэкарак, чыя кніжная гаспадарка неўзабаве папоўніцца творамі новага народнага. Бо ім давядзецца ўсё ж неяк засцерагаць школьнікаў ад раскіданых па яго раманах сцэнак. Скажам, разгортвае бібліятэкарка кнігу Чаргінца, а там — інтымныя падрабязнасці з жыцця прэзідэнта. Амерыканскага, вядома ж. І ўсё апісана з такім веданнем справы, як быццам аўтар са свечкай стаяў над гаспадаром Авальнага кабінета ды яго каханкамі. Прашу прабачэння за пікантную цытату, але з песні слова не выкінеш:
«Идя за ней, он подумал: «А может, трахнуть ее?». Качая бедрами, она медленно стала приближаться к столу. «Стерва, — подумал Макоули, — она же знает, что я сейчас любуюсь ее фигурой, этими аппетитными ляжками! Смотри, как приоткрыла губы, они явно чего-то хотят!». Моника мгновенно прижалась к нему всем телом, и он почувствовал, как она все сильнее прижимается к его члену, который тут же зашевелился. «Кажется, стрелка компаса стала чувствовать север, — улыбнулся Макоули. — А ты чувствуешь?» — «О да! » — И рука Моники нежно погладила по ширинке его брюк. Гимеев нож Джона готов был лопнуть от приятного напряжения, и он тихо сказал:
«Ты — сверху!»
Цытаты як цыкады — зазначыў адзін трапны ў вызначэннях класік, іх чуваць далёка. Вось і падобныя цытаты з Чаргінца, дзякуючы інтэрнэту, чутны і бачны паўсюль, хоць ты вушы затыкай і вочы зашорвай. Ды што цытаты — увесь раман «Тайны Овального кабинета», названы некаторымі крытыкамі парнаграфічным (і, як бачым, небеспадстаўна), знаходзіцца ў вольным доступе.
Бедныя беларускія школьнікі! Дагэтуль яны, праходзячы інтымную лірыку, нудзіліся над «Яварам і калінай» Купалы ды круцілі насамі, спрабуючы ўнюхаць, чым «Пахне чабор» Броўкі. А інтым, аказваецца, можа быць і такім — і таксама ж ад народнага пісьменніка, проста, як выглядае, больш сексуальна заклапочанага. Ён і без звання пралез у школьную праграму, а са званнем усіх празаікаў і паэтаў па гэтай лініі ўраз за пояс заткне.
Як ні дзіўна, схільнага да пахабшчыны Чаргінца вельмі абураюць кнігі з падобным, на яго гледзішча, зместам. Калі быў забаронены фотаальбом, выпушчаны ў свет выдавецтвам «Логвінаў», Мікалай Іванавіч накінуўся на яго з імпэтам сярэдневяковага інквізітара. Маўляў, забаранілі — «и поделом, потому что пошлятина», а выдавецтва «опустило книгу ниже плинтуса». Што ж, у чужым воку і стрэмка навідавоку, а ва ўласным і бервяно не відно.
Стварыўшы ў 2005 годзе прыўладны Саюз пісьменнікаў і заняўшы ў захопленым Доме літаратара кабінет, дзе раней сядзелі Максім Танк і Ніл Гілевіч, Мікалай Чаргінец як мог і дзе мог піхаў палкі ў колы саюзу-канкурэнту, шмат разоў зняважліва выказваўся на адрас «не своих» пісьменнікаў. Мне і сёння прыгадваецца, як перажываў нябожчык Васіль Якавенка, калі Чаргінец публічна звінаваціў яго і Уладзіміра Арлова ў тым, што яны «хотят переименовать улицы именами фашистов, в том числе Кубэ». Вось так квэцнуў без усякіх на тое падстаў і далей пайшоў — другіх квэцаць. Падобнай квацаніны ў шматлікіх чаргінцоўскіх інтэрв’ю — «БЕЛАЗ» з прычэпам.
А яшчэ ў тым «БЕЛАЗе» — тоны і тоны літаратурнай прадукцыі. Пачытаеш — мова пластмасавая, нежывая, прычасана-правільная, як быццам не чалавек пісаў, а камп’ютарная праграма. Чытво гэткае адпаведна і ўспрымалася калегамі-пісьменнікамі. Па-свойму паказальны факт: Мікалая Чаргінца ў свой час, нягледзячы на высокі міліцэйскі чын, не прынялі ў Саюз пісьменнікаў. Падчас абмеркавання на прыёмнай камісіі падняўся адзін з самых аўтарытэтных празаікаў Іван Пташнікаў і заявіў (яго словы зафіксаваны ва ўспамінах удзельнікаў абмеркавання): «Вельмі паважаю міліцыю і вельмі люблю чытаць дэтэктывы, але вось гэта (меўся на ўвазе стос кніг Чаргінца) ніякага дачынення да літаратуры не мае». Сказаў — як звязаў. І таварышу генералу было паказана на дзверы.
Думаю, што праз пэўны час адстаўным генералам Чаргінцом у імкненні заняць танкаўскі кабінет рухала яшчэ і прага рэваншу: ах, вы мяне за дзверы выставілі, а я праз акно ўлезу і сяду ў старшынёўскае крэсла. Улез і сеў. І сядзеў амаль сямнаццаць гадоў, ва ўсім падпяваючы ўладзе, нават у адбельванні людажэра Сталіна. Адчуўшы ў высокіх кабінетах адпаведныя павевы, Чаргінец тут жа выказаўся: «Мне импонирует его взвешенность во многих вопросах. И потом посмотрите, как он относился к писателям. С величайшим вниманием и почтением».
Дзясяткі беларускіх пісьменнікаў расстраляны ў Курапатах — вось такое сталінскае «внимание». Сотні беларускіх пісьменнікаў прайшлі праз ГУЛаг, многія там засталіся навечна — вось такое сталінскае «почтение».
Ведае пра гэта Чаргінец? Вядома ж, ведае. Але за такія веды ганаровага звання ў сённяшняй Беларусі не атрымаеш.
Паказальным бачыцца і тое, што народным пісьменнікам Мікалай Чаргінец стаў менавіта цяпер, калі русіфікацыя Беларусі дасягнула найвышэйшай кропкі, калі беларуская культура фактычна разгромлена, калі многія пісьменнікі сядзяць у турме ці выпхнутыя ў эміграцыю, калі адзінай меркай любога таленту стала сабачая адданасць уладзе. Тут Чаргінец, кажучы яго мовай, сапраўды «преуспел». За што і быў аддзячаны.
Як пісаў Янка Брыль пра аналагічную сітуацыю яшчэ за савецкім часам: «Дадуць Героя — будзеш і герой. У гэтым усё — каб далі». А Пімен Панчанка, дачуўшыся, што званне народнага сабраліся даць шматтомнаму графаману і даносчыку, пайшоў да Петруся Броўкі і заявіў: «Калі яму дадуць, я адмоўлюся, і ты адмовішся, бо гэта ж ганьба!»
Як яны там, у нябеснай Беларусі, — васямнаццаць па-сапраўднаму народных — перажываюць сённяшнюю ганьбу? Можа, таксама вырашылі адмовіцца ад дыскрэдытаванага найвышэйшым указам звання?
Міхась Скобла
Публікацыя з № 52 газеты «Народная Воля». Падпісацца на газету.