1. Самаідэнтыфікацыя
І ў ХХІ стагоддзі нацыянальная мова працягвае заставацца галоўным складнікам ідэнтычнасці сучаснага чалавека. Паспрабуйце дзе-небудзь у Францыі, Італіі ці Грузіі патлумачыць мясцовым жыхарам, што іх нацыянальная мова не вартая вывучэння, паколькі ёсць больш «распаўсюджаная» ангельская.
2. Бяспека
Прадстаўнікі беларускіх дыяспар па ўсім свеце актыўна пераходзяць на беларускую мову, паколькі ўсвядомілі, што размаўляць па-расейску пасля пачатку вайны ва Украіне — мовэтон. Больш за тое, у некаторых выпадках беларуская мова ў публічнай камунікацыі ёсць гарантыяй, што вас не ўспрымуць як агрэсара.
Дарэчы, люксембургская мова, напрыклад, стала адраджацца ў перыяд акупацыі падчас ІІ Сусветнай вайны, калі мясцовыя жыхары не хацелі атаясамлівацца з акупантамі і таму размаўлялі на сваім дыялекце.
3. Ключ да іншых моваў і культур
Беларуская мова мае больш за 70% агульнай лексікі з украінскай мовай. Трошкі менш — з польскай, славацкай, чэшскай і іншымі славянскімі мовамі. Інакш кажучы, калі ўявіць шматнацыянальнае славянскае застолле, то беларусы маглі б смела гаварыць на сваёй мове без перакладчыка, пра што толькі могуць марыць носьбіты «вялікай і магутнай». Акрамя гэтага, беларускамоўным людзям прасцей вывучаць нямецкую і ангельскую мовы, паколькі вялікі пласт нашай мовы — гэта супольная з еўрапейскімі мовамі лексіка, якая трапіла да нас яшчэ ў часы Сярэднявечча. Словы «дах», «гандаль», «фарба», «разынкі» многія еўрапейцы зразумеюць без перакладчыка.
4. Атрымліваць доступ да ўнікальнага кантэнту
Носьбіты беларускай мовы, якія не баяцца карыстацца ёй штодня, атрымліваюць дасяг да неабмежаванага і ўнікальнага кантэнту, які пастаянна ствараецца тысячамі таленавітых аўтараў, літаратараў і журналістаў. Сярод беларускамоўных беларусаў — лаўрэаты прэстыжных сусветных і еўрапейскіх літаратурных прэмій, топавыя кінарэжысёры і выбітныя журналісты. Словам, калі чалавек свядома адмаўляецца ад беларускай мовы, то ён пазбаўляецца аграмаднага пласту інфармацыі, створанай беларусамі для беларусаў.
5. Быць беларусам
Ну, і, самае галоўнае, валоданне беларускай мовай дазваляе сябе адчуваць утульна ў супольнасці суайчыннікаў, дзе б вы не знаходзіліся. Беларуская мова — гэта такі своеасаблівы маркер, які вылучае нас на фоне іншых. Калі размаўляеш па-ангельску ці па-расейску, то ты можаш быць кім заўгодна (нараджэнцам Ганконгу ці расейскай Волагды), але менавіта беларуская прывязвае нас да канкрэтнай геаграфічнай і ментальнай прасторы, якая называецца Беларусь.
І ўвогуле, калі ўжо гаварыць пра перамены ў школьнай адукацыі, то паўстае пытанне, навошта ўвогуле вывучаць расейскую мову, якая імкліва страчвае пазіцыі ва ўсім свеце і пры нашым жыцці мае ўсе шансы пераўтварыцца ў аналаг сучаснай «латыні».