haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Происшествия

11.03.2019 13:54

1054 просмотра

0 комментариев

Трагедыя: «Вользе далі мёртвае дзіця, яна абняла яго, пацалавала і самлела. Больш яна не апрытомнела»

Трагічная гісторыя адбылася ў Салігорску ў пачатку сакавіка. 38-гадовая Вольга Усік паўтара года таму выйшла замуж. Праблем са здароўем Вольга не мела, хранічных захворванняў таксама.

Вольга зацяжарыла — гэта было яе першае дзіця.


«Яна здавала аналізы і ляжала ў Мінску на абследаванні ў пачатку цяжарнасці — усё ж узрост. Але ўсе было нармальна. Праблем ніякіх не знайшлі, — распавяла „Нашай Ніве“ Паліна, стрыечная сястра Вольгі. — Пасля праходзіла абследаванні. Таксама ніякіх праблем дактары не бачылі».

Нараджаць Вольга мусіла ў канцы сакавіка.

«4 сакавіка Вользе зрабілі УГД. Дактары сказалі, што ў малога слаба б’ецца сэрца, — узгадвае Паліна. — Сястра пайшла па дактарах. 5 сакавіка ўдзень ёй званілі, яна казала, што хадзіла па кабінетах. А пад вечар Вользе дактары паведамілі, што ў малога сэрца не б’ецца, ён памёр унутры яе.

Дактары сказалі, што трэба тэрмінова выклікаць роды, каб пазбавіцца мёртвага дзіцяці».

У той жа вечар дактары выклікалі штучныя роды. Вольга нарадзіла мёртвае дзіця. Гэта быў хлопчык.

Вользе далі малога, яна абняла яго, пацалавала і самлела. Больш яна не апрытомнела.

«Мы дакладна не ведаем, што здарылася. Ходзяць чуткі, што быў разрыў маткі, але дактары гэта нібыта абвяргаюць.Сваякі кажуць, што Вользе рабілі пераліванне крыві, шмат крыві прывозілі ў аперацыйную, — распавядае Паліна. — Вядома, што раніцай 6 сакавіка ў Салігорск тэрмінова прыбылі дактары з Мінска, да Вольгі. Я не ведаю дакладна, што яны там рабілі... Бачыла толькі ўжо пасля цела сястры, напэўна, стаяла куча кропельніц, бо ў яе былі сколатыя рукі і ногі...

6 сакавіка ноччу Вольга памерла».

Па словах сястры, да родаў Вользе ставілі дыягназ — перадэклампсія. Гэта праблемы з артэрыяльным ціскам. Але гэты дыягназ дастаткова бяспечны пры належным доглядзе дактароў.

А ў заключэнні аб смерці стаіць атанічны крывацёк і вострая жалудачкавая недастатковасць. То бок быў крывацёк з маткі і не вытрывала сэрца.

«Мёртвае дзіця забралі ў Мінск, сказалі, праз месяц будуць вынікі аналізаў, — кажа сястра Вольгі. — 7 сакавіка цела дзіцяці аддалі сваякам».

8 сакавіка дзіця разам з мамай пахавалі ў адной труне.

«Перад сям’ёй нават не выбачыліся. Выдалі заключэнне аб смерці — і ўсё. На кантакт з сям’ёй ніхто з медыкаў не выходзіў, — сцвярджае Паліна. — Муж Вольгі цяпер нібыта не тут знаходзіцца. Гістэрык няма. Але ён у шоку. Аддаў здаровую цяжарную жонку дактарам, а вярнулася два трупы».

«Наша Ніва» звяжацца з дактарамі і Міністэрствам аховы здароўя ў панядзелак, каб яны расказалі, чаму здарылася такая трагедыя.

УШ

https://nn.by

Последние новости