haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Происшествия

03.05.2019 08:44

824 просмотра

0 комментариев

Закапалі жыўцом, бо кахаў школьніцу? Падрабязнасці трагедыі ў Полацку, дзе падлеткі забілі мужчыну

22 красавіка каля аднаго з прыватных дамоў па вуліцы Ціміразева ў Полацку знайшлі цела 26-гадовага Рамана Цыро. Хлопца закапалі ў двары хаты, дзе ён жыў разам з бацькамі.

Пазней затрымалі і траіх падазраваных — ім 16, 17 і 20 гадоў (прычым старэйшы хлопец паспеў збегчы ў Расію).

Маці забітага сцвярджае: трое хлопцаў вырашылі пакараць Рамана за тое, што ён сустракаўся са школьніцай.

Раман Цыро

Раман Цыро, як кажуць пра яго знаёмыя, «вёў асацыяльны лад жыцця». Нідзе не працаваў. Жыў за кошт бацькоў, якія зараблялі няшмат: мама працуе прадаўцом у кіёску «Белсаюздрука», бацька — дворнік у школе.

Раман часам выпіваў, бацькоў не слухаў. Больш за тое — бывала, што нават падымаў руку на свайго бацьку. Апошнім часам маці ўсё сварылася з Раманам: маўляў, досыць вадзіць сяброў у хату! Але сын не звяртаў увагі на яе словы.

Уначы 21 красавіка Раману пазванілі знаёмыя хлопцы: Вадзім, Слава і Юра. Папрасілі ўзяць таксі і заехаць за імі, сказалі, што ёсць размова. Раман так і зрабіў, пасля ўсе разам яны прыехалі да яго дахаты. Было ўжо каля 2-й гадзіны ночы. Ці быў у іх алкаголь, невядома.

Маці Рамана не было дома, яна начавала ў сваёй старэйшай дачкі. А бацька хлопца ціхенька сядзеў у сваім пакоі, каб не справакаваць канфлікт.

Пазней бацька пачуў шум. Але выходзіць з пакою ён не рашыўся. Неўзабаве яму падалося, што кампанія выйшла на вуліцу. Бацька ўключыў тэлевізар і лёг спаць, спадзяючыся, што п’яныя маладзёны разам з Раманам проста сышлі.

Насамрэч, у гэты час яго сына забівалі на вуліцы.

Раніцай 22 красавіка бацька Рамана прачнуўся і ўбачыў кроў на падлозе дома, заўважыў, што табурэтка разламаная. Кроў была і ў двары дома. На падворку, дзе раней расла трава, усё было перакапанае.

Сына ў хаце не было.

Але бацька вырашыў, што гэта не яго справы і пайшоў на працу. Ён падумаў, што Раман проста яшчэ не вярнуўся пасля начных загулаў.

Пазней прыехала Валянціна, мама Рамана. Жанчына пабачыла кроў і пазваніла дачцэ, сястры Рамана. Калі прыехала сястра, была ўжо каля трох гадзін дня.

Разам жанчыны вырашылі пакапаць у двары, дзе была свежая зямля. Кажуць, што адразу званіць у міліцыю баяліся: маўляў хваляваліся, што іх аштрафуюць за лжывы выклік.

Трохі пакапаўшыся ў яме, сястра Рамана натыкнулася на яго руку. Тады ўжо пачалі званіць міліцыянтам.

Яма была глыбокай — 1,3 метра. Раман быў закапаны седзячы на каленях. Ён увесь быў збіты, сваякі кажуць, што ў хлопца былі зламаныя рэбры, «чэрап увесь пераламаны, а ў носе прабітая дзірка».

Чым дакладна білі мужчыну, невядома. Суседзі кажуць, што плот каля дома быў зламаны, на падворку ў крыві валялася піла. Хтосьці сцвярджае, што Рамана білі і рукамі, і ўсімі прадметамі, якія былі побач, рыдлёўкай і нават рондалем.

Сярод суседзяў і сваякоў Рамана ходзяць размовы, што хлопца закапалі яшчэ жывым. У лёгкіх нібыта знайшлі пясок, то бок хлопец спрабаваўу зямлі дыхаць. Але афіцыйна гэта пакуль не пацвярджаецца — вынікі экспертызы будуць гатовыя толькі праз месяц.

Валянціна Цыро, маці Рамана, распавяла «Нашай Ніве», што яе сына забілі праз дзяўчыну. Раман сустракаўся з 16-гадовай дзяўчынай. Тая вучылася ў 10 класе. Але, запэўнівае маці, адносіны ў іх былі платанічныя.

«Рома яе любіў, паважаў. Але яны сустракаліся, як хлопчык з дзяўчынкай. Яна прыйдзе да нас пасядзіць, кавы хіба вып’е... А 9-й вечара дамой хадзіла заўсёды, бо ёй мама казала ў 21:30 быць ужо дома. У нас ніколі не начавала, наколькі я ведаю.

Уражанне ў мяне ад гэтай дзяўчыны было добрае. А цяпер ужо я і не ведаю...», — кажа Валянціна.

Валянціна прысутнічала на следчым эксперыменце з удзелам аднаго з затрыманых. Кажа, што хлопцы прыехалі да яе сына, каб той адмовіўся ад сваёй 16-гадовай дзяўчыны:

«Гэта не была п’яная бойка. Я думаю, яны ўжо ведалі, на што ішлі. Яны прыехалі. Прымушалі Рамана напісаць распіску, што ён адмаўляецца ад дзяўчыны. Раман, канечне, нічога пісаць не захацеў».

Тады Рамана пачалі збіваць.

Цяпер маладзейшыя хлопцы скідваць віну на свайго старэйшага сябра, які ўцёк у Расію, — Вадзіма Сцельмаха.

Вядома, што ў хаце Раман Цыро сядзеў на табурэтцы. Калі адмовіўся напісаць распіску, яго пачалі біць.

«Вадзім з трох удараў яго выключыў», — распавёў адзін з падазраваных, сцвярджае маці Рамана.

Раман страціў прытомнасць. Яго вывалаклі з хаты на падворак. Там працягнулі біць.

Цяпер малодшыя кажуць, што біў Рамана толькі Вадзім, старэйшы. А пасля прымусіў іх капаць яму.

Невядома, наколькі іх словы праўдзівыя. Вядома толькі, што пасля Рамана скінулі ў яму і дабівалі ўдарамі рыдлёўкі па галаве. Пасля прысыпалі зямлёй, а зверху цэментам, які стаяў у двары.

«На наступны дзень адзін з іх пайшоў на вучобу. Дзе быў другі, я не ведаю. Але неўзабаве іх знайшлі. Іх вылічылі праз таксі і праз званкі, яны ж званілі сыну», — кажа маці Рамана.

Малодшых падазраваных затрымалі ў Полацку. 20-гадовы Вадзім паспеў з’ехаць у Расію. Праўда, яго затрымалі ў падмаскоўным горадзе Істра. Цяпер вырашаецца пытанне аб экстрадыцыі.

Але што ж здарылася паміж Раманам і яго «сябрамі»? І прычым там яго адносіны з дзяўчынай?

«Наша Ніва» знайшла тую самую школьніцу, сяброўку Рамана. Але дзяўчына адказала, што нічога не ведае.

«Так, я была знаёмая з тымі маладзейшымі хлопцамі, але не блізка. У нас жа тут адзін раён — усе адзін аднаго ведаюць. Але чаму яны пайшлі да Рамана і білі яго, я не ўяўляю. Ніхто з трох хлопцаў раней да мяне не заляцаўся», — запэўніла дзяўчына.

Таксама яна паведаміла, што паміж ёй і Раманам ніякіх рамантычных стасункаў не было.

«Мы былі не пара, а проста сябры», — сказала яна.

Паліна, дзяўчына Вадзіма Сцельмаха, старэйшага з падазраваных, кажа, што не чула, каб напярэдадні ў Вадзіма былі нейкія канфлікты з Раманам Цыро. Рамантычных пачуццяў да школьніцы, з якой сябраваў Раман, Вадзім нібыта не меў. Што падштурхнула яе бойфрэнда на забойства, Паліна сказаць таксама не можа.

«Са мной ён быў заўсёды нармальны і адэкватны», — сказала дзяўчына.

УШ
https://nn.by

Последние новости