haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Происшествия

04.05.2020 17:22

592 просмотра

0 комментариев

67-гадовага мінчука з каранавірусам пакінулі дома на ізаляцыі — і праз некалькі дзён знайшлі мёртвым

1 мая ў кватэры на вуліцы Берута ў Мінску знайшлі памерлым 67-гадовага Віктара Новака. У мужчыны быў каранавірус, ён знаходзіўся на самаізаляцыі.

Цела айчыма знайшла Любоў, дачка яго жонкі Алены. Яна распавяла «Нашай Ніве» падрабязнасці:

«Спачатку захварэла мама. Кашаль з макроццем пачаўся, тэмпература высокая... Яна выклікала доктара на дом, паставілі дыягназ «трахеіт». Але лепш не станавілася, і праз тры дні я ўгаварыла маму выклікаць хуткую. Гэта было 5 красавіка. Маму адвезлі ў бальніцу, там зрабілі рэнтген — двухбаковая пнеўманія. Зрабілі і аналіз на каранавірус — ён быў станоўчы.

У выніку мама ўжо месяц у бальніцы. Ёй капаюць антыбіётыкі, давалі і лекі ад малярыі, але толькі некалькі дзён, бо яны далі ўскладненні на сэрца. Цяпер маме лепш, чым першапачаткова, але здымкі ўсё яшчэ дрэнныя. Ёй рабілі яшчэ два тэсты на «карону» — яны ўжо адмоўныя.

Як яна заразілася — невядома. Звычайная пенсіянерка, на працу не хадзіла. Можа, у краме ці грамадскім транспарце, не ведаю.

Калі маму забралі, айчыму, дзядзьку Віцю, зрабілі тэст на каранавірус. Тэст быў станоўчы. Ён адчуваў сябе нармальна, і яго пакінулі на самаізаляцыі дома.

Віктар і Алена Новак

Тыдзень таму айчыму зрабілі паўторны тэст. Вынікі пакуль не ведаем. Дзесьці 29 красавіка ён перастаў выходзіць на сувязь. Ён выпіваў часам, падумалі — можа, зноў выпіў... На наступны дзень датэлефанавацца зноў не змаглі, і 1 мая я паехала праверыць, як ён. Знайшла ў кватэры мёртвым...

У яго была гіпертанія, гадоў сем таму быў мікраінсульт. Але што стала прычынай смерці, пакуль не ведаем. Пасведчання аб смерці яшчэ няма.

Калі я зайшла ў кватэру і ўбачыла цела, то падыходзіла да яго. Потым казала дактарам, што кранала яго. Але яны спыталі проста, як я сябе адчуваю. Нармальна? Ну і добра.

Калі я знайшла цела, патэлефанавала 103. Але цяпер хуткая да мёртвых ўжо не прыязджае, толькі да жывых, таму мне сказалі тэлефанаваць у мясцовую паліклініку. Прыйшла доктарка з паліклінікі. Яна ў кватэру нават не заходзіла, стоячы на ​​парозе, выпісала эпікрыз. Спытала, ці быў каранавірус? Быў, адказваю. Яна зноў жа нічога не сказала, ці трэба мяне правяраць.

Потым прыехала міліцыя ў ахоўных балахонах. Ім далі загад у кватэру не заходзіць. Адзін з міліцыянтаў папрасіў прабачэння і сказаў, што мне давядзецца сфатаграфаваць кватэру, абстаноўку, цела, становішча, у якім яно ляжыць... Я сфоткала на свой тэлефон, потым скідвала міліцыянту фатаграфіі па вайберу.

Сёння цела айчыма будуць крэміраваць. Мы там нават не можам прысутнічаць з-за таго, што ў яго быў каранавірус. Усё робіцца ў закрытай труне, без сваякоў. І прах можна забраць толькі праз 10 дзён, калі ў чалавека быў каранавірус — такія цяпер правілы".
https://nn.by/?c=ar&i=251119

Последние новости